Пра Дамініканскую сям'ю і Трэці Ордэн св. Дамініка

Mar 10, 2013 12:04



Скапірую сюды артыкул а. Рамана Шульца OP пра Дамініканскую сям'ю і Трэці Ордэн св. Дамініка, бо спасылкі на старым сайце часопісу Ave Maria стала б'юца і курочацца. У дадзены момант артыкул ляжыць па спасылцы, але-ж ня ўпэўнены, што змагу зноўку яго тамака знайсці, закрыўшы старонку. Таму -- copy-paste...

ДАМІНІКАНСКАЯ СЯМ’Я







Святы Дамінік.
Дамініканскі ордэн - гэта...

Дамінікане - гэта ордэн прапаведнікаў (лац.: Ordo Praedicatorum, скарочана: OP), або ордэн Абвяшчальнікаў слова Божага. Найпрасцей перадаць мэту існавання ордэну трыма словамі: laudare, benedicere, praedicare (лац). Такім чынам, дамінікане пакліканыя да таго, каб праслаўляць Бога (laudare), благаслаўляць людзей (benedicere) і прапаведаваць сваім жыццём і словам Евангелле (praedicar).

Праслаўляць Бога, благаслаўляць людзей могуць толькі тыя асобы, у чыіх душах жыве Божая любоў. Гэтая любоў да Бога і людзей з’яўляецца таксама крыніцай атрымання ласкі прапаведніцтва. Гэтую рысу дамініканскага ордэну найлепей перадае лацінскае выслоўе: «Contemplare! Contemplata allis tradere», што значыць: «Сузіраць слова Божае і перадаваць іншым людзям плён гэтага сузірання». Кантэмпляцыя, або сузіранне, гэта дар Духа Святога. Вось сутнасць гэтага дару: чалавек, які любіць Божае слова, захоўвае яго ў сэрцы і разважае над ім, дазваляе Божаму слову пранікаць у глыб сваёй істоты і перамяняць яе. Выходзячы з ачышчанага і напоўненага Духам Святым сэрца такога чалавека, гэтае Слова з незвычайнаю моцай пранікае ў глыбіню сэрцаў іншых людзей.

Варта памятаць, што слова Божае - гэта не нешта, а ХТОСЬЦІ - жывы Бог, якога мы сустракаем, калі з вераю бярэм у рукі кнігу Святога Пісання. Гэтае Слова - Езус Хрыстус, так кажа пра сябе: Я - Дарога і Праўда, і Жыццё (Ян 14,6). Ідучы гэтаю Дарогай, мы ідзем да Праўды, якая дае нам Жыццё.

Што такое Трэці Дамініканскі Ордэн?

Трэці Ордэн (ці інакш: Дамініканскія Фратэрні) - гэта супольнасць свецкіх асобаў, прывабленых Жывым словам (гэтым КІМСЬЦІ - Словам Айца). Іх мэта: сузіраючы слова Божае, дазволіць мудрасці Святога Пісання агарнуць розум, каб пасля несці з сабою гэтае Слова паўсюль, куды толькі накіроўвае Божы Провід - у сем’і, навучальныя установы, на працу. Свецкія дамінікане становяцца апосталамі Хрыста ў сваіх жыццёвых асяродках у той ступені, у якой дазваляюць Евангеллю ўплываць на сябе: фармаваць мысленне, словы і ўчынкі.

Для такой супольнасці, акрамя сведчання Евангелля жыццёвым прыкладам, важнай з’яўляецца малітва за свет і асабліва за тых людзей, якія яшчэ не пазналі Бога і Яго Любоў. Найбольшы плён мае малітва штодзённага ўдзелу ў святой Імшы, калі гэта не перашкаджае выкананню іншых абавязкаў, напрыклад, абавязкаў жонкі, маці, мужа, бацькі. Асобы, якія належаць да Дамініканскіх Фратэрняў, удзельнічаюць таксама ў Літургіі Гадзінаў, што называецца таксама малітвай Брэвіярыя: ютрані і нешпарах. Гэта штодзённая малітва Касцёла, якой моляцца не толькі святары, законнікі і законніцы, але ўсё часцей і свецкія людзі.

Штодзённая малітва Трэцяга Ордэну вылучаецца асаблівым духам пакуты. Гэтая пакута выяўляецца ў практыкаванні розных формаў аскезы, такіх як пост і цярплівае прыманне штодзённых цяжкасцяў і цярпенняў з любові да Хрыста, даверлівае ахвяраванне іх у інтэнцыі навяртання грэшнікаў. Гэтая малітва і пакута - дары Духа Святога, бяруць выток са шчырага спачування чалавечым бедам: жыццю ў граху і ў далечыні ад Божай любові.








Святая Кацярына
з Сіены.
У чым асаблівасць Трэцяга Дамініканскага Ордэну?

Асаблівасць Трэцяга Дамініканскага Ордэну грунтуецца на веданні Святога Пісання, Традыцыі (Credo) i Навукі Каталіцкага Касцёла (Magisterium). Веданне і пастаяннае вывучэнне гэтых трох крыніцаў, якія ўдакладняюць і дапаўняюць адна адну, з’яўляючыся вынікам дзеяння Духа Святога, даюць удзельнікам Дамініканскіх Фратэрняў здольнасць усё глыбей і прыгажэй размаўляць з Богам, а таксама ўсё глыбей і прыгажэй размаўляць з людзьмі пра Бога.

Ордэн св. Дамініка вылучаецца яшчэ тым, што ў ім сузіранне Божага слова адбываецца таксама праз разважанне над таямніцамі святога Ружанца, быццам праз сэрца Марыі. Дамінікане - своеасаблівыя «спецыялісты» па Ружанцы, якія ведаюць шмат спосабаў гэтай малітвы. Ружанец, як і чалавек, складаецца з «цела і душы. «Целам» ружанцовай малітвы з’яўляюцца словы, якія мы прамаўляем (Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому...), а «душою» - разважанне і сузіранне слова Божага, якое захоўваецца найперш ў Евангеллі. Як чалавек не можа жыць без душы, так і сапраўдная малітва на ружанцы не можа існаваць без разважання і сузірання. Гэтаму майстэрству можа навучыць толькі Дух Святы ў школе Марыі, уважлівымі вучнямі якой з’яўляюцца браты і сёстры Дамініканскіх Фратэрняў.

Месца Трэцяга Ордэну ў Дамініканскай Сям’і

Дамініканская Сям’я - гэта вялікая міжнародная супольнасць мужчынскіх і жаночых ордэнаў і жаночых кангрэгацыяў, якія жывуць духам святога Дамініка. У пачатку XIII ст. ён заснаваў мужчынскую кантэмпляцыйна-дзейную апостальскую манаскую супольнасць i жаночую кантэмпляцыйную манаскую супольнасць.З гэтых дзвюх пачатковых формаў з цягам часу з’явілася шмат іншых супольнасцяў і кангрэгацыяў, якія Дух Святы паклікаў да існавання ў Касцёле і якія імкнуліся да жыцця ў дамініканскай духоўнасці. З гэтай агульнай духоўнасці бяруць выток сямейныя (братэрскія і сястрынскія) адносіны паміж айцамі (так называюць звычайна законнікаў, якія атрымалі сакрамэнт святарства), братамі, кляўзуровымі сёстрамі-манашкамі і сёстрамі-законніцамі шматлікіх кангрэгацыяў. Да дамініканскага ордэну належаць таксама свецкія асобы, якія жывуць згодна з харызматам святога Дамініка, так званы Трэці Ордэн.

Дамініканская Сям’я налічвае некалькі тысяч чалавек ва ўсім свеце, якія падтрымліваюць адзін аднога малітвай, жыццёвым сведчаннем, духоўным кіраўніцтвам і супольнай працай у розных накірунках апостальства (напісанне, пераклад і выданне кніг, артыкулаў; выкладанне, правядзенне канферэнцыяў, рэкалекцыяў, казанняў і г.д.). Асабіста я не магу ўявіць сабе, напрыклад, як ўзяцца за справу, не маючы за плячыма малітоўнай падтрымкі маіх братоў у кляштары, Фратэрні свецкіх дамініканаў у Віцебску і кляўзуровых сясцёр-манашак трох польскіх кляштараў.

Для чаго існуе Трэці Дамініканскі Ордэн?

Асобы, пакліканыя Духам Святым да ўдзелу ў Дамініканскай Фратэрні (гэта «пакліканне ў пакліканні»), праз пэўны час складаюць шлюбы. Гэта нясе з сабою абавязак малітвы, пакуты, добрасумленнага выканання сваіх сямейных і прафесійных абавязкаў і таксама заклік да апостальства і супрацоўніцтва з усім ордэнам у рэалізацыі місіі прапаведавання праўды, Veritas. У гэтым слове таксама ўвасоблена мэта існавання і паклікання ўсёй Дамініканскай Сям’і, і сярод іншых, безумоўна, і ўдзельнікаў Дамініканскіх Фратэрняў.

Трэба адзначыць, што браты і сёстры Фратэрняў OP сістэматычна ўдзельнічаюць у фармацыйных сустрэчах і рэкалекцыях для таго, каб няспынна ўзрастаць у праўдзе перад Богам, перад сабою і бліжнімі. А жыць у праўдзе, Veritas, значыць жыць у пакоры. Пакора ж - гэта найперш праўда пра Бога, і толькі з праўды пра Бога (праўдзівых сустрэчаў з Ім) узнікае праўда пра чалавека. Пазнанне гэтай Veritas, пазнанне ласкі пакоры перад Богам, сабою і бліжнімі - гэта мэта, да якой імкнецца малітва, фармацыя, гэта праца над сабою ў жыцці ўдзельнікаў Фратэрняў OP. Толькі пакорным Бог дае ласку, без якой немагчыма быць сведкамі Евангелля ў свеце і рэалізоўваць дамініканскае пакліканне. Вось такім чынам, праз Veritas, Бог заклікае свецкіх дамініканаў прыйсці да тых людзей, з якімі не могуць сустрэцца іншыя асобы з Дамініканскай Сям’і: святары, сёстры дамініканкі, кляўзуровыя сёстры-манашкі. Трэці Ордэн існуе для таго, каб сярод яго ўдзельнікаў ўзрастала колькасць пакорных людзей, якія жывуць у Veritas. Падтрыманыя Божай ласкай, яны імкнуцца падтрымаць кожнага чалавека, якога сустракаюць, дзеяннем і словам, а таксама малітвай і пакутай набліжаюць і прапаведуюць Валадарства Божае, адначасова заклікаючы да навяртання.

Найбольш вядомай свецкай дамініканкай была св. Кацярына з Сіены (+1380 г.), доктар Касцёла, апякунка Еўропы; апошні благаслаўлёны тэрцыярый на сённяшні час - Пётра Фрасаці (+1925 г.), узор для моладзі. Гэта асобы, якія з палаючым сэрцам і думкамі дазволілі, каб іх накіроўваў Дух Святы, і здолелі дасканала ажыццявіць ідэалы дамініканскай духоўнасці, унесці ў асяродак свайго жыцця і ў гісторыю шмат дабра і святла Божай Мудрасці.

Значэнне Трэцяга Дамініканскага Ордэну ў сучасным свеце

У Айцоў Касцёла існуе такая фармулёўка: таямніца поўні (з лац. misterium lune). Яна апісвае з’яву, якую мы назіраем у прыродзе, каб патлумачыць праўду, істотную для кожнага хрысціяніна, а таксама для свецкіх дамініканаў і дамініканак. Кожны з нас ведае, што поўня не выпраменьвае свайго святла, святло ж, якое дасягае зямлі ўночы з дапамогаю поўні, - гэта адбіткі сонечных промняў. Гэтак жа і чалавек: як Божае стварэнне, ён сам па сабе нічога не мае, а ўсё, што яму ўласціва, атрымаў ад Бога Творцы. Пакліканне чалавека, як і ў прыкладзе з поўняй, якая адлюстроўвае сонечнае праменне, - быць адбіткам Божай славы, жыць дзеля хвалы Божай. І, як поўня, у залежнасці ад свайго становішча адносна сонца, можа быць у зацьменні, станавіцца маладзіком, вострым, як серп, або ветахам, можа быць асветленая на малой частцы, напалову, на большай частцы паверхні, а таксама бывае «ў поўні», так і чалавек праяўляецца адносна Бога. Чалавек, найлепш з’яднаны з Богам, - гэта Марыя, падобная да поўні, якая ўсёй сваёй паверхняй адбівае сонечнае святло. Яна ўсёй сваёй істотай адлюстроўвала і адлюстроўвае Божае святло, і па гэтай прычыне названая Найсвяцейшай. У Ёй няма ніводнага ценю, ніводнай плямкі. І ўсе іншыя святыя - наколькі яны аддалі сябе Богу ва ўжытак, настолькі ў іх жыла і жыве misterium lune, настолькі яны свецяць святлом Божага Сонца (Лк 1, 78).

Такім чынам, варта задаць сабе пытанне: у якой ступені ўва мне спаўняецца misterium lune? Бог, як Сонца, скрытае за гарызонтам свету, мае патрэбу ў сваіх дзецях, каб у цемры ночы, у якой жывуць нашыя сучаснікі, Ён мог карыстацца намі, як сонца - поўняй. Бог хоча, каб мы адлюстроўвалі праменне Яго любові і Мудрасці, якім Ён асвятляе цемру смерці і граху. Кожны ўдзельнік Дамініканскай Фратэрні павінен імкнуцца стаць поўняй, якая адбівае святло як мага большай часткай сваёй паверхні; святло, што з’яўляецца плёнам сузірання і пакорнай Veritas, якая дазваляе праўдзе Евангелля асвятляць усё жыццё. Няхай жыццё ўдзельнікаў Трэцяга Ордэну св. Дамініка будзе пранікнута адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту, сузіраннем слова Божага, глыбокім вывучэннем Veritas, любоўю да Марыі і святых Дамініканскага Ордэну. Гэта дасканалы шлях, які дазваляе душы трываць у Божым святле і цяпле.

Таму адказ на пытанне пра значэнне Трэцяга Ордэну ў сучасным свеце (гэтае пытанне можа сабе задаць любы хрысціянін) залежыць перадусім ад misterium lune ў кожным з нас. Бяда зацемненай поўні! Яна застанецца без ужытку, як соль, якая страціла смак і будзе выкінута прэч на патаптанне людзям (Мц 5,13). Мы жывем, аднак, надзеяй, што празContemplatio і Veritas чалавек дазволіць, каб яго асвятляла святло Сонца праўды, якое не ведае захаду, і праз яго свяціла таксама і бліжнім. Трэба, аднак, памятаць пра тое, што сонечнае святло, адбітае поўняй, часта становіцца прычынаю супраціўлення з боку асобаў, якія выбралі ў сваім жыцці цемру. І, наадварот, яно будзе радасцю для тых, хто пакорна шукае дарогі і праўды, якія вядуць да хрысціянскага жыцця.

Сведчанне хрысціянаў у сучасным свеце падобнае да таго, як бацькі выхоўваюць дзяцей. Дарослыя могуць шмат чаго распавесці сваім малым, але тыя зразумеюць найперш жыццёвы прыклад.

Айцец Раман Шульц OP

dominican, military, belarus, internet, personal

Previous post Next post
Up