Доўга-доўга не мог ні як падступіцца да напісання посцікаў пра Менск, бо вельмі шмат фатаздымкаў, ды вельмі неадназначным аказаўся горад. Але ўсё ж такі бяру сябе ў рукі. Запісы будуць у храналагічнай паслядоўнасці, падпарадкаваныя фотаздымкам.
***У сталіцу нашай радзімы ірвануліся мы з жонкай неяк спантанна, напярэдадні Дня Незалежнасці. У планах было наведванне адной фотакрамы, галерэі "Ў" і непасрэднае знаёмства з горадам. Зразумела, за адзін дзень увесь Менск паглядзець проста не магчыма, таму заўвагі, што мы абмінулі, і прапановы, куды трэба "залазіць" у наступны раз вітаюцца:)
Паехалі!
***Напэўна з-за таго, што аснову майго ўяўлення пра Менск складалі "карцінкі" з белтэлебачання, сталіца пачала рашчароўваць з першых хвілін прыбывання ў ёй. Гледзячы ў акно цягніка я пачаў здагадвацца, што малочныя рэкі з шакаладнымі берагамі не абмываюць горад-мару, горад-сад... Замест гэтага патрапілі мы ў коласаўскую Вільню.
***Як толькі выйшлі з цягніка, сталіца з хуткасцю кіношнага маньяка зацягнула жывых людзей пад зямлю. Мы яшчэ не здагадваліся, што гэтае садысцкае жаданне савецкіх горадабудаўнікоў: скіроўваць людзей пад зямлю, будзе нас мучыць увесь дзень.
10:27А далей быў "паштовачны" відарыс - менскія вароты.
***Сам вакзал не аставіў пра сябе ніякага ўспаміну. Няўжо ў сталіцы БССР не зрабілі ніякага эпічнага вакзалу, хаця б кшталту віцебскага?
10:28Затое домік побач спадабаўся сваёй брутальнай простасцю. Люблю такое
***Скіраваліся на Кальварыйскую. Сістэма з валідатарамі ў тралейбусе файная, але гандль білецікамі толькі ў спецыяльных, дарэчы не лепшага выгляду, кіёсках - не. Каб можна было білецікі набыць у любым кіёску ці краме было б лепш.
***Першае філалахічнае назіранне: Аліса ў Менску ўжо не тая...
***Згубілі шмат часу на пошук банкамата "Беларусбанка". Не знайшлі... Затое ў фотакраме набылі "сувенір": CANON 500N, заправілі яго плёначкай і ўзброеныя двума "сапагамі" рушылі выпраўляць першае ўражанне ад горада.
12:10Па нейкай не зусім здаровай традыцыі ўжо не першы раз знаёмства з новым горадам пачынаем з могілак. Кальварыя уразіла, вельмі атмасфернае месца.
12:14Упершыню ў Менску мы адчулі сябе самотнымі і змаглі пагаварыць напаўшэптам
12:48Цэнтр. Кожны беларус павінен зачэкініцца ля дома ўраду, ну ці прынамсі проста зрабіць баянны-бабаянны здымак. Жэстачайшэ не даваць пенсіі тым, хто тут не быў:)
12:48Архітэктурнай перлінай горада героя мы з жонкай адназначна абралі Чырвоны касцёл. Канешне ён не ўпісваецца ў строгую савецкую казарменасць "пляцу" Незалежнасці сваёй рамантычнасцю-раманскасцю. Як не ўпісваюцца асобныя беларусікі-летуценнікі ў сучаснасць:)
12:53
Шэраг малых архітэктурных форм канчаткова ўзнялі нам настрой. Толькі паглядзіце якія выдатныя скульптурныя кампазіцыі! Не модныя ў Яўропах постмадэрнісцкія працы, а простыя і зразумелыя для ўсіх работы. Цікава, адмову беларускага акадэмічнага мастацтва ад постмадэрну можна лічыць постмадэрнам?
13:07
Да гэтага часу мы поўнасцю ўсвядомілі, што нам не падабаецца ў сталіцы. Дапрабачаць мне мянчане, але гэта горад не для людзей. Менск - горад для машын. Усё, пачынаючы ад шматлікіх падземных пераходаў, шырокіх загазованых прашпектаў, шматлікіх законных/незакаонных парковак, П-абразных (!) пераходаў праз скрыжаванні, вулічных кафэ памерам амаль з ходнікі і інш. даюць зразумець, што горад людзям не рады. Прасцей яго праехаць наўпрост, чым пагуляць па ім:)
13.09
Адшукалі будынак, дзе месціўся Савет БНР. Менавіта тут была прынята ІІІ устаўная грамата аб незалежнасці Беларусі. Цікава, калі б мы запыталіся ў мінакоў, чым слаўны гэты дом, колькі б нам адказала?:)
***Праходзячы міма Пішчалаўскага замка, сталі прыгадваць знакамітых людзей, што там сядзелі. Узгадалі (угадалі) рэцэдэвістаў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіч, Алеся Гаруна, Каруся Каганца, Якуба Коласа, да якога выпадкова і незаслужана мы пасадзілі Янку Купалу, а на Максіма Танка забыліся:)
13:14На дзіва ў гэты перад святочны дзень мы зусім не сустрэлі цікавых карчэй, за выключэннем гэтай двушкі
13:16"АДАМ НАШ!" І на гэтай аптымістычнай ноце першая частка нашага шпацыру па Менску заканчваецца.