Ці можна займаць пазіцыю без пазіцыянавання? Можна не пазіцыянаваць сябе, а проста каб быць?
Пісаць не з намёкамі на глыбакадумнасць, а глыбакадумна?
Можна што-небудзь запосціць у ЖЖ так, каб ніводнаму чалавеку не прыйшла да галавы думка, што пост цягне за сабой пабочны семантычны шлейф?
Ці можна ў сацсетках так паказаць людзям свой/чужы/любы фотаздымак, каб без падтэксту было (тыпу "я тут прыгожая" ці "ў мяне добры густ", "глядзіце, з кім я знаюся", "глядзіце, дзе я жыву, сплю, п'ю каву", "а паглядзіце, я тут на фоне (загадзя перад тым спланаванага і старанна ўчыненага) творчага хаосу") // альбо ўспрымаць чыюсьці выяву, не беручы пад увагу магчымыя сэнсавыя "выдаткі"? Ці сама дзея - выкладанне на ўсеагульны агляд - ужо падразумявае гэтыя "падтэксцікі"? І нават калі хто адкрыта "плюе на ўсіх вас" - гэта ж таксама пазіцыянаванне, звернутае да некага для чагосьці. Блін.
Дзе ўзяць гэты "нулявы градус", "нейтральнае пісьмо"? Ці гэта магчыма толькі тады, калі камунікаванне ідзе тэт-а-тэт тут і цяпер?
А твор мастацкі? У вас было калі такое ўражанне, што аўтар праз героя не вельмі добра прыхаваным чынам пазіцыянуе сябе ("які я таленавіты", "я такі таленавіты, што аж не ведаю, як пра гэта лепш напісаць, каб ніхто не сумняваўся, што я такі сапраўды таленавіты"). І гэта ўсё - на паверхні, так на паверхні, што аж ЦЬФУ! Поза, поза, поза, поза...
А дзе ж твая сапраўдная пазіцыя?
Яно б то нічога, але ці ў мяне нешта з успрыманнем, ці аб'ектыўныя змены якія вакол адбыліся: "падтэксты", "позы", "пабочныя шлейфы" набылі дзіўную празрыстасць. Гэта смешна, дзіўна і страшна. Эх, дзе той блаславёны час, калі ты быў малы і дурны, калі ўсё ўспрымалася за чыстую манету?