Пераклад на беларускую вершаў В.Цоя

Oct 14, 2005 11:03

Віктар Цой
Пераклаў з расейскае Сяргей Балахонаў
знойдзена тут: http://nn.by/?theme=lit&article=2005101404


ПАЧАК ЦЫГАРЭТ

Я сяджу і гляджу ў чужое небаз чужога акна

І ніводнае зоркі не магу пазнаць.

Я блукаў па бездарожжы ад відна да відна,

Азірнуўся і пабачыў, што сьледу няма.

Але пакуль я маю пачак цыгарэт,

Не зусім усё так кепска на сёньняшні дзень.

І квіток на самалёт са срэбным крылом,

Што ляціць і пакідае зямлі толькі цень.

І ніхто не хацеў быць вінаватым безь віна,

І ніхто не жадаў рукамі жар заграбаць.

А бяз музыкі на людзях сьмерць як сястра,

А бяз музыкі ня хочацца прападаць.

Але пакуль я маю пачак цыгарэт,

Не зусім усё так кепска на сёньняшні дзень.

І квіток на самалёт са срэбным крылом,

Што ляціць і пакідае зямлі толькі цень.

ГРУПА КРЫВІ

Цёплае месца, ды вуліцам мець

Трэба водціскі нашых ног.

Зоркавы пыл боты нясуць.

Добра ў фатэлі. Коўдра. Камін.

Шчэ націснуць цынгель не пасьпеў.

Сонечны дзень перасычаных сноў.

Рэзус фактар, група крыві,

Мой парадкавы нумар на рукаве.

Пажадай, каб фартунным быў бой.

Пажадай мне не застацца ў гэтай траве,

Не застацца на мураве.

Пажадай мне фартуны.

Ёсьць чым плаціць. Ахвоты няма

Да ўзмогі за кожны кошт.

Прагі няма хоць камусьці на грудзі ставаць.

Я хацеў бы застацца з табой,

Проста застацца з табой,

Ды высокая зорка наноў

Заве ваяваць.

Рэзус фактар, група крыві,

Мой парадкавы нумар на рукаве.

Пажадай, каб фартунным быў бой.

Пажадай мне не застацца ў гэтай траве,

Не застацца на мураве.

Пажадай мне фартуны.

СОНЦА-ЗАРА

Белы сьнег. Шэры лёд.

Люты боль з ран зямлі імкне.

Шматкалёрнаю коўдрай на ёй

Места ў дарожным вязьме.

А над местам тым аблокі плывуць,

Захінаюць нябесны сноп.

А над местам тым жоўты дым.

Месту аж дзьве тысячы год,

Выжытых у промнях зары,

Імя якой Сонца.

І дзьве тысячы год вайна,

Вайна без адметных прычын.

Вайна - бава маладых

І лекі супраць маршчын.

Чырвань - чырвоная кроў.

Праз гадзіну проста зямля.

Празь дзьве на ёй кветкі ў траве,

А праз тры яна зноўку жыве

У праменьні гарачай зары,

Імя якой Сонца.

І вядома, што было так заўжды:

Хто ня помніць ні чыноў, ні імён,

Той гатовы дацягнуцца да зор,

Калі нават навокал сон,

І прапасьці, згарэўшы ў зары,

Імя якой Сонца.

ЗЯЗЮЛЯ*

Песьняў, дагэтуль няствораных, колькі?

Парай, зязюля, як сьлед:

Месьцічам мне быць ці жыць на хутары,

Крыцай ляжаць ці азараць сусьвет?

Сусьвет.

Сонца маё, вачэй не хавай,

Зірні, я сьціснуў далонь у кулак,

І, даўшы мне порах, рады дай,

Што й як…

Хто памкне дарогаю самотнікаў?

Волаты адважныя

На нажы ўскіпелі ў полі ў баях.

Мала хто, унікнуўшы бяспамяцтва,

З розумам ясным здольны цярэбіць Шлях.

Той шлях.

Сонца маё, вачэй не хавай,

Зірні, я сьціснуў далонь у кулак,

І, даўшы мне порах, рады дай,

Што й як…

А дзе ж ты цяпер, воля вольная?

У якіх краях золак залаты вітаеш і з кім?

Хораша з табой ды кепска безь цябе,

Голаў свой ды плечы шматпакутныя пад кій,

Пад кій.

Сонца маё - вачэй не хавай,

Зірні, я сьціснуў далонь у кулак,

І, даўшы мне порах, рады дай,

Што й як…



* Гэты пераклад ахвярую Сяргею Скрабцу.
Previous post Next post
Up