нэндза Міядзакі

Feb 01, 2010 12:08

Міядзакі апавядае нам прыгожыя гісторыі пра дзетак, якія жывуць у гармоніі з прыродай, або ведаюць як жыць у гармоніі з ёй. «Тотара» - праграмны твор, дзе можна ў шчыльную пазнаёміцца з ягонай метафізікай. Сам Тотара - хто ён? Тотара - гэта добрае дабро. Гэта дабро без ніякіх акалічнасцей і апасродкаванасцей. Ён дабро таму што дабро. Таму ў яго няма рэфлексіі і мовы. Яна яму проста не патрэбна. Невядома, магчыма ў яго ёсць нейкая звышрэфлексія, але яўна яна не суадносіцца з сусветам людзей. Адзіныя, хто здольныя ўспрымаць гэтае Добрае Дабро - дзеці, якія не з'яўляюцца людзьмі ў поўным сэнсе гэтага слова. Дзеці не прайшлі стадыю сацыялізацыі і зло цывілізацыі не перастварыла іх на пачварны механізм спажывання. Асабліва добра гэта бачна на самых маленькіх, такіх як Мэй, якая яшчэ знаходзіцца на стадыі мімесісу. Дзеткі, толькі гэтыя маленькія анёльчыкі здольныя ўратаваць сусвет ад злоснай цывілізацыі людзей. О, як мы любім Хаяо за гэта. Дзеці, усе мы былі калісьці гэткімі ж анёлкамі. Ніколі не выкідвалі яйкі з птушыных гняздзечак, ніколі не саўгалі ў дупу рапухам палачак, ніколі не палілі іх у агні. НЕ, мы былі акурат такімі, як гэта паказвае добры казачнік Міядзакі. А затым злая сацыялізацыя прымусіла дзетак увайсці пачварны сусвет грамадскай вытворчасці і ўсе мы сталі не толькі прагматыкамі і цынікамі, але і неўротыкамі (таму з такой цеплынёй і прымаем ягоныя фільмы). Міядзакі - структураліст. Структура, якая вызначае натуральнае і гарманічнае жыццё, гэта Прырода. Калі чалавек жыве па Прыродзе, паводле ейнай мэтазгоднасці, яе генеральнага пляну Добрага Дабра, то і творыцца Добрае Дабро. Але структуры, як вядома, не выходзяць на вуліцы. Як жа так здарылася, што адзін элемент яе - чалавек - ўзяў і выйшаў? І стварыў уласную структуру - цывілізацыю і горад (на націскам на тэхнолёгічным развіцці і паўсямеснай аб'ектывацыяй духу, што прывяло да эколёгічнай катастрофы). І ў гэтай структуры ёсць рэфлексія - тое, чаго няма ў Добрага Дабра - Тотара, Прыроды. Для таго каб чалавеку стаць Добрым Дабром, з'яднацца з прыродай, трэба жыць не ў горадзе, вучыцца ў універсітэце, актыўна дзейнічаць у разнастайнай сацыяльнай практыцы (парадокс да?), а яшчэ быць дзяўчынкай з кароткай стрыжкай:) Але насамрэч трэба вырвацца з кіпцюроў структуры Цывілізацыя і вярнуцца ў кіпцюры структуры Прырода, або вынайсці сродак з дапамогай якога гэтыя структуры будуць гарманічна суіснаваць (знайсці экалагічна чыстую вытворчасць дзеля любога віду сацыяльнай практыкі, што безумоўна не магчыма, таму што «экалагічна чысты» такая ж самая наіўная ідэалізацыя дзеля пэўнага часавага прамежку). Таму дзеці такія і анёлкі, таму што цалкам у структуру грамадскай вытворчасці яны яшчэ не ўвайшлі і могуць вярнуцца ў структуру Прыроды, дзе ад іх рэфлексіі (вылучэння сябе і свайго Я з прыроды) не патрабуецца. І ва ўсім гэтым мне бачыцца вялікая наіўная ілюзія. Прырода храм? Ці прырода сварачы цэх? Мне падаецца, кожны з адказаў у любым выпадку наіўная ідэалізацыя.
Previous post Next post
Up