Кнігі-2012, не прайшло і трох месяцаў :)

Mar 16, 2013 14:14

Калі сядзіш у аэрапорце, а рэйс затрымліваюць надоўга, дык самы час падвесьці кніжныя вынікі мінулага году, хай сабе ўжо сакавік:)

1. Пакуль некаторыя людзі дзяліліся найлепшымі кнігамі, я сваю любімую дачытваў трэці раз. Калісьці двойчы браў у бібліятэцы, а летась ня вытрымаў і купіў «Гісторыю Эўропы» Нормана Дэйвіса.

Дзядзька зрабіў тытанічную працу, аб’яднаўшы ў адным томе пунктырны агляд ад палеаліту да 1992 году і маленькія гістарычныя фрэскі (у тым ліку пра БНР і Мірскі замак) так, што гэта цікава чытаецца як адно цэлае - смачны кактэйль з гісторыі і антрапалёгіі. Дэйвіс часам падае розныя погляды на адну падзею, але пры гэтым звычайна не саромеецца напісаць, які погляд ён лічыць правільнейшым і чаму. Памылкі ў такім выданьні непазьбежныя, і нават я тое-сёе заўважыў, аднак агульнага ўражаньня гэта не псуе. Таксама заўважныя польскія сымпатыі аўтара, што ня дзіва, бо ён адмысловец менавіта ў гісторыі Рэчы Паспалітай, пра якую напісаў не адну кнігу. Але зноўку ж, калі і ёсьць невялікія перакосы, дык яны не руйнуюць прыгожай будовы.

2. Адкрыцьцё году - Міленка Ергавіч у перакладзе Сяргея Шупы. Пра гэтую кнігу - «Іншала, Мадона, іншала» - пісаў раней у фэйсбуку. Кніга моцная, як мог бы быць альбом кавэраў любімых народных песень добрымі рок-гуртамі.

3. Кніга, якую ня змог дачытаць - зборнік Юрыя Станкевіча «Апладненне ёлупа». Не магу сказаць, што гэта было расчараваньне, бо і ў мінулым зборніку, які чытаў - «Мільярд удараў» - нічога не спадабалася акрамя аднайменнага апавяданьня. Тады агулам уражаньне было як у рэцэнзіі, што некалі напісала Марыйка Мартысевіч на «П’яўку» Але тут была кніжка ў цьвердай вокладцы, а ў зьмесьце - чытанае некалі ў інтэрнэт-раздрукоўцы «Любіць ноч - права пацукоў». Падумаў, што ў гаспадарцы прыдасца. «Любіць ноч...» пакуль не перачытваў, але ўсё астатняе мне падалося амаль мяшанкай са старой амэрыканскай фантастыкі, успамінаў Кастуся Акулы, газэтаў кшталту «Спід-Інфо» і «Совершенно секретно» канца 80-х пачатку 90-х ды цяперашніх правых сайтаў. Падазраю, што акрамя Акулы ўсё гэта ў большай ці меншай ступені ёсьць на сучасным расейскім тэлебачаньні. Як кінасцэнары гэта яшчэ б пайшло, але і ў такім выпадку не зашкодзіў бы добры рэдактар.

4. Найпрасьцей з найлепшым фільмам паводле літаратурнага твору, які чытаў, - за ўвесь год фільмаў пабачыў няшмат, а такі толькі адзін:) Так што безальтэрнатыўна перамагае «Ромавы дзёньнік». Перад тым прачытаў інтэрвію з Дэпам, дзе той тлумачыў, чаму двух герояў у фільме аб’ядналі ў аднаго. Якраз гэта у мяне пярэчаньняў ня выклікала, у адрозьненьне ад канцоўкі, якая нашмат больш патасная і маралізатарская, чым у кнізе Томпсана. Але агулам кнігу не спаганілі - стыль застаўся. Добрыя фільмы заўсёды не трымаюцца за кнігу, а будуюць на яе падмурку нешта сваё ўласнымі цаглінамі - да прыкладу, цытатай амара ў акварыюме: «Людзі адзіныя істоты на Зямлі, якія заяўляюць пра існаваньне Бога, і адзіныя жывыя стварэньні, якія паводзяць сябе так, быццам яго няма».

Тэксты

Previous post Next post
Up