Пра што мы кажам, калі кажам пра каханьне

Sep 08, 2007 20:04

Пераклаў другое апавяданьне Рэйманда Карвэра. Як на маю думку, адно з найлепшых у яго. Перакладаць Карвэра месцамі дужа цяжка празь ягоны нібыта аж занадта просты стыль, наўмысныя шурпатасьці, недагаворанасьці і паўторы. Спадзяюся, што я ня вельмі сапсаваў гэты тэкст.



ПРА ШТО МЫ КАЖАМ, КАЛІ КАЖАМ ПРА КАХАНЬНЕ

Мой сябар Мэл МакГініс усё гаварыў і гаварыў. Ён кардыёляг, і таму часам яму такое дазваляецца.

Мы ўчацьвярых сядзелі за сталом у яго на кухні, папіваючы джын. Сонечнае сьвятло запоўніла пакой празь вялікае вакно каля ракавіны. Тут былі Мэл, я, ягоная другая жонка Тэрэза - мы яе звалі Тэры - і мая жонка Лора. Тады мы жылі ў Альбукерку, але ўсе мы пераехалі туды зь іншых мясьцінаў.

На стале стаяла вядзерка зь лёдам. Бутэлькі з джынам і тонікам хадзілі па крузе, і мы неяк пераскочылі на тэму каханьня. Мэл лічыў, што сапраўднае каханьне - гэта каханьне духоўнае, любоў. Ён расказваў, як пяць гадоў правучыўся ў сэмінарыі перш чым паступіў у мэдычны інстытут. Казаў, што дагэтуль лічыць тыя гады ў сэмінарыі найважнейшымі ў сваім жыцьці.

А Тэры сказала, што той мужык, зь якім яна жыла да Мэла, так яе кахаў, што нават спрабаваў забіць. Потым яна апавяла: “Аднойчы ўвечары ён мяне зьбіў. Ён цягаў мяне за ногі па залі. Усё паўтараў: “Я кахаю цябе, кахаю цябе, сука ты”. Цягаў і цягаў мяне, а я ўсё білася галавой аб розныя штукі”. Тэры абвяла нас вачыма: “Ну што паробіш з такім каханьнем?”

Тэры худая, ажно кашчавая жанчына з прыгожым тварам, цёмнымі вачыма і даўгімі каштанавымі валасамі. Яна заўсёды любіла насіць бірузовыя каралі і даўгія завушніцы-падвескі.

“Божа мой, не кажы абы-што. Гэта не каханьне, і ты гэта разумееш, - запярэчыў Мэл. - Я ня ведаю, як гэта назваць, але каханьнем такое дакладна не назавеш”.

“Кажы што хочаш, але я ведаю, што тое было каханьне, - сказала Тэры. - Для цябе яно мо й гучыць па-вар’яцку, але ўсё адно праўда. Людзі розныя, Мэл. Так, часам ён, можа, і паводзіў сябе як псіх. Згода. Але ён кахаў мяне. Мо па-свойму, але ён мяне кахаў. Там было каханьне, Мэл. Не кажы, што не было”.

Мэл цяжка выдыхнуў. Ён узяў шклянку і павярнуўся да нас з Лорай. “Гэты мужык гразіўся мяне забіць. - Мэл дапіў і пацягнуўся да бутэлькі з джынам. - Тэры - рамантык. Яна верыць у прынцып “хто любіць, той лупіць”. Тэры, лапачка, не глядзі на мяне так”. Мэл пацягнуўся праз стол, кончыкамі пальцаў пагладзіў Тэры па шчацэ і ўсьміхнуўся ёй.

“Вось ён просіць прабачэньня”, - прамовіла Тэры.

“Прабачэньня за што? За што мне прасіць прабачэньня? Я проста ведаю тое, што ведаю, вось і ўсё”.

“Увогуле, чаго мы раптам пачалі пра гэта размаўляць? - сказала Тэры. Яна ўзяла шклянку і адпіла зь яе. - У Мэла заўсёды каханьне ў галаве, праўда, любы?” Яна ўсьміхнулася, і я падумаў, што тэма закрытая.

“Проста я б не назваў паводзінаў Эда каханьнем. Вось і ўсё, што я меў на ўвазе, любая”, - прамовіў Мэл. “А вы як думаеце? - зьвярнуўся ён да нас з Лорай. - Па-вашаму гэта падобна да каханьня?”

“Я тут ня дам рады, - адказаў я яму. - Я таго чалавека нават ня ведаў. Толькі чуў неяк, як імя ягонае згадвалі. Таму не скажу. Тут трэба ведаць дэталі. Але мне здаецца, ты маеш на ўвазе, што сапраўднае каханьне абсалютнае”.

“Так, тое каханьне, пра якое я кажу. З такім каханьнем чалавек не спрабуе некага забіць”.

Лора далучылася да размовы: “Я нічога ня ведаю пра Эда ці пра тую сытуацыю. Але хто можа судзіць чужое жыцьцё?”

Я крануў Лорыну руку і яна мне хуценька ўсьміхнулася. Узяў Лорыну далонь. Яна была цёплая, пазногці дагледжаныя, ідэальна наманікюраныя. Я абхапіў пальцамі яе шырокае запясьце і гэтак трымаў.

***

“Калі я сышла, ён выпіў пацучынага яду, - працягвала Тэры. Яна склала рукі, абхапіўшы локці далонямі. - Яго завезьлі ў шпіталь у Санта Фэ. Мы там жылі, прыкладна за пятнаццаць кілямэтраў. Яго ўратавалі. Але дзяснам ягоным быў капец. Адышлі ад зубоў. Ад таго часу ўсе зубы тырчэлі, як іклы. Божачкі”. Тэры хвіліну сядзела нерухома, а потым расчапіла рукі і ўзяла сваю шклянку.

“Чаго толькі людзі ня зробяць!” - прамовіла Лора.

“Ён ужо выйшаў з гульні, - сказаў Мэл. - Ужо мярцьвяк”.

Мэл падаў мне сподачак са скрылікамі лайму. Я ўзяў адзін, выціснуў сабе ў напой і памяшаў пальцам кубікі лёду ў шклянцы.

“Далей горш, - працягвала Тэры. - Ён стрэліў сабе ў рот. Але й тут ён лажануўся. Бедны Эд”. Тэры пахістала галавой.

“Нічога сабе, бедны Эд, - прамовіў Мэл. - Небясьпечны маньяк”.

Мэлу тады было 45 гадоў. Высокі, цыбаты, з кучаравымі мяккімі валасамі. Ягоны твар і рукі пакрыліся карычневым загарам за часы гульняў у тэніс. Калі ён быў цьвярозы, ягоныя жэсты, усе ягоныя рухі былі дакладныя, вельмі асьцярожныя.

“Але ж ён мяне кахаў, Мэл. Прызнай хаця б гэта, - сказала Тэры. - Вось і ўсё, чаго я прашу. Ён не кахаў мяне так, як ты, гэтага я не кажу. Але ён мяне кахаў. Гэта ты можаш прызнаць, праўда?”

“А што ты мела на ўвазе, што ён лажануўся?” - спытаўся я.

Лора нахілілася наперад і паставіла локці на стол, трымаючы шклянку абедзьвюма рукамі. Яна кідала позіркі то на Мэла, то на Тэры, і чакала са зьбянтэжаным выразам на адкрытым твары, нібы дзівілася, што нешта такое магло адбывацца са знаёмымі людзьмі.

“Як ён лажануўся, калі скончыў самагубствам?” - спытаўся я зноў.

“Я вам раскажу, што адбылося, - сказаў Мэл. - Ён узяў пісталет. Купіў быў сабе такую штуку 22-га калібру, каб палохаць мяне і Тэры. Сур’ёзна, увесь час пагражаў. Вам варта было б паглядзець, як мы тады жылі. Як уцекачы. Я нават сам купіў пісталет. Можаце паверыць? Такі чалавек, як я? Але гэта праўда. Купіў для самаабароны і трымаў у бардачку ў машыне. Часам мне даводзілася выходзіць з кватэры ўначы. Каб паехаць на дзяжурства, разумееце? Тады мы з Тэры яшчэ не пажаніліся, і мая першая жонка засталася ў доме зь дзецьмі, з сабакам, з усім барахлом, а мы з Тэры жылі тут, у гэтай кватэры. Дык вось, часам мяне выклікалі пасярод ночы, і даводзілася ехаць на працу ў шпіталь а другой ці а трэцяй гадзіне. На паркоўцы цемра была, дык я ўвесь потам абліваўся, пакуль да машыны дабіраўся. Ніколі ня ведаў, ці раптам ён ня выскачыць з кустоў ці з-за нейкай машыны і не пачне страляць. Разумееце, ён быў вар’ят. Мог падкласьці нейкую бомбу, усё што заўгодна. Увесь час набіраў мой працоўны нумар, казаў, што яму трэба пагутарыць з доктарам МакГінісам, а як ператэлефаную, дык заўсёды чую: “Сучын ты сын, твае дні палічаныя”. Такія во штучкі. Страшна было, скажу я вам”.

“Мне ўсё яшчэ шкада яго”, - прамовіла Тэры.

“Гучыць кашмарна, - сказала Лора. - Але што дакладна адбылося, калі ён застрэліўся?”

Лора працуе сакратаркай у юрыдычнай фірме. Мы пазнаёміліся па працоўных кантактах. Перш чым самі зразумелі, гэта ператварылася ў заляцаньні. Ёй 35, яна за мяне на тры гады маладзейшая. Мы ня толькі закаханыя - нам неяк камфортна і прыемна быць разам, узаемная сымпатыя і ўсё такое. Зь ёй лёгка.

***

“Дык што здарылася?” - спыталася Лора.

Мэл адказаў: “Ён стрэліў сабе ў рот у сваім пакоі. Нехта пачуў стрэл і сказаў адказнаму за дом. Яны прыйшлі з запасным ключом, пабачылі, што здарылася, і выклікалі хуткую. Я якраз быў на працы, калі яго прывезьлі - жывога, але ўжо безнадзейнага. Ён пражыў яшчэ тры дні. Галава распухла і была ўдвая большая за нармальную. Я да таго часу нічога падобнага ня бачыў і, спадзяюся, ніколі не пабачу. Калі Тэры пра гэта даведалася, дык захацела ісьці даглядаць за ім. Мы нават пасварыліся. Я не хацеў, каб яна яго такога бачыла. Лічыў, што ёй ня варта было на яго глядзець, і дагэтуль так лічу”.

“І хто ў вашай спрэчцы перамог?” - спыталася Лора.

“Я была зь ім у пакоі, калі ён памёр, - адказала Тэры. - Ён не прытомнеў, але я зь ім сядзела. Ён больш нікога ня меў блізкага”.

“Ён быў небясьпечны, - сказаў Мэл. - Калі ты гэта называеш каханьнем, пазбаў мяне такога каханьня”.

“Гэта было каханьне. Так, для большасьці людзей такое выглядае ненармальна. Але ён быў згодны за яго памерці. І памёр”.

“Я ні ў якім чортавым разе не назаву такое каханьнем. Ніхто ня ведае, навошта ён гэта зрабіў. Я шмат самагубстваў бачыў, і хрэна хто ведае, навошта яны гэта рабілі”.

Мэл заклаў рукі за карак і адкінуўся ў крэсьле. “Мяне такое каханьне не цікавіць. Калі гэта каханьне, пазбаўце мяне такога каханьня”.

Тэры сказала: “Мы жылі, увесь час баючыся. Мэл нават склаў тастамэнт і напісаў у Каліфорнію брату, які некалі служыў у спэцназе. Патлумачыў яму каго шукаць, калі нешта зь ім здарыцца”.

Потым Тэры адпіла са сваёй шклянкі і дадала: “Але Мэл кажа праўду, мы жылі, як уцекачы. Страшна было. Мэл баяўся, праўда, любы? Я нават аднойчы патэлефанавала ў паліцыю, але ад іх не было ніякага толку. Яны сказалі, што ня могуць нічога зрабіць пакуль Эд нешта ня ўчыніць. Хіба ня сьмешна?”

Тэры пераліла рэшткі джыну сабе ў шклянку і патрэсла бутэльку. Мэл падняўся, падышоў да буфэта і прынёс яшчэ адну.

***

“Ну, мы зь Нікам ведаем, што такое каханьне, - сказала Лора. - Маю на ўвазе, для нас”. Яна штурхнула сваім каленам маё. “Цяпер ты пэўна павінны нешта сказаць,” - Лора ўсьміхнулася, паглядзеўшы на мяне.

Каб адказаць, я ўзяў Лорыну руку і паднес сабе да вуснаў. Вельмі тэатральна пацалаваў ёй руку. Усіх гэта насьмяшыла.

“Нам пашанцавала”, - прамовіў я.

“Ну, сябры, - сказала Тэры, - годзе ўжо. Ад вас ужо нудзіць. У вас, халера, дагэтуль мядовы месяц. Вы яшчэ ў ружовых акулярах, таму і хваліцеся. Але пачакайце. Вы колькі ўжо разам? Ну колькі? Год? Больш за год?”

“Амаль паўтара”, - адказала Лора, зачырванеўшыся і ўсьміхаючыся.

“Ну ясна, - сказала Тэры. - Пачакайце крыху”.

Яна падняла шклянку, узіраючыся ў Лору: “Я проста жартую”.

Мэл адкруціў накрыўку з бутэлькі і абышоў стол, трымаючы джын у руцэ.

“Ну сябры, - прамовіў ён. - Давайце вып’ем. Я хачу прапанаваць тост. За каханьне. За сапраўднае каханьне”.

Мы чокнуліся.

“За каханьне”, - сказалі ўсе.

***

Звонку на заднім дворыку забрахаў нейкі з сабакаў. Лісты асіны, што нахілілася да вакна, стукалі аб шыбу. Пасьляпаўдзённае сонца нібы зайшло ў пакой - прасторнае сьвятло, лёгкае і шчодрае. Мы маглі б быць дзе заўгодна, недзе ў зачараваным сьвеце. Мы зноўку паднялі шклянкі і шырока ўсьміхнуліся адно аднаму, як дзеці, якія дамовіліся пра нешта забароненае.

“Я вам раскажу, што такое сапраўднае каханьне, - сказаў Мэл. - То бок дам вам добры прыклад. А потым вы можаце самі рабіць высновы”. Ён наліў сабе яшчэ джыну, дадаў кубік лёду і скрылік лайму. Мы чакалі і пацягвалі нашыя напоі. Лора і я зноўку дакрануліся каленямі. Я паклаў руку на яе цёплае сьцягно ды там і пакінуў.

“Што мы ўсе ўвогуле ведаем пра каханьне? - працягваў Мэл. - Мне здаецца, што мы ў каханьні проста пачаткоўцы. Мы кажам, што кахаем адно аднаго, і гэта сапраўды так, не сумняваюся. Я кахаю Тэры, а Тэры кахае мяне, і вы, сябры, таксама кахаеце адно аднаго. Вы ведаеце, пра якое каханьне я цяпер кажу. Фізычнае каханьне, гэты імпульс, які прыцягвае вас да некага асаблівага, а таксама прыцягненьне да існасьці іншага чалавека, яго ці яе сутнасьці, якая б яна ні была. Цялеснае каханьне і, ну, назавем гэта сэнтымэнтальным каханьнем. Але часам мне цяжка прымірыцца з тым фактам, што, пэўна ж, я кахаў і сваю першую жонку. Але я кахаў яе, ведаю, што так. Таму, напэўна, у гэтым я падобны да Тэры. Да Тэры і да Эда”. Ён задумліва памаўчаў, а потым працягваў: “Быў час, калі я думаў, што кахаю сваю першую жонку болей за самое жыцьцё. Але цяпер я яе ненавіджу. Праўда. Як гэта патлумачыць? Што здарылася з тым каханьнем? Што зь ім здарылася, вось што мне хацелася б ведаць. Хай бы мне нехта сказаў. Потым наконт Эда. Добра, мы зноўку вяртаемся да Эда. Ён так моцна кахае Тэры, што гатовы забіць яе і ў выніку забівае сябе”. Мэл змоўк і крыху глытнуў са сваёй шклянкі. “Вы двое разам васямнаццаць месяцаў і кахаеце адно аднаго. Па вас адразу відаць. Вы гэтым сьвеціцеся. Але вы абое кахалі іншых людзей да таго як сустрэліся. Вы абое былі раней ў шлюбе, як і мы. І нават да таго вы пэўна кахалі іншых людзей. Мы з Тэры разам пяць гадоў, жанатыя ўжо чатыры. І жахлівая рэч, жахлівая рэч у тым, але таксама і добрая рэч, можна сказаць добраславеньне, у тым, што калі б нешта здарылася з адным з нас - прабачце, што я такое кажу - калі б заўтра нешта здарылася з адным з нас, я думаю, што другі нейкі час быў бы ў жалобе, разумееце, але потым той, хто выжыў, ізноў выйшаў бы ў сьвет і зноўку пакахаў, зноўку б меў некага, даволі хутка. Усё гэта, усё гэтае каханьне, пра якое мы кажам, было б толькі ўспамінам. Я кажу няпраўду? Я моцна памыляюся? Бо я хачу, каб вы мяне выправілі, калі я памыляюся. Хачу ведаць. То бок я нічога ня ведаю і першы гэта прызнаю”.

“Мэл, калі ласка, - сказала Тэры. Яна пацягнулася і ўзяла яго за запясьце. - Ты ўжо хмялееш? Сонейка? Ты п’яны?”

“Сонейка, я проста размаўляю, - адказаў Мэл. - Добра? Мне ня трэба напівацца, каб казаць тое, што я думаю. Мы ж проста размаўляем, праўда?” Ён утаропіўся ў яе.

“Лапачка, я ж на цябе не наяжджаю”, - прамовіла Тэры.

Яна ўзяла сваю шклянку.

“Я сёньня не на дзяжурстве, - сказаў Мэл. - Дазволь табе нагадаць пра гэта. Я не на дзяжурстве”.

“Мэл, мы цябе любім”, - сказала Лора.

Мэл паглядзеў на Лору. Ён глядзеў на яе так, нібы ня мог прыгадаць яе, нібы яна была іншай жанчынай.

“І я цябе люблю, Лора, - вымавіў Мэл. - І цябе, Нік, цябе таксама люблю. Ведаеце што? Вы ж нашыя сябрукі”.

Ён узяў сваю шклянку.

***

Мэл працягваў: “Я зьбіраўся вам нешта апавесьці. То бок я хацеў давесьці адну рэч. Бачыце, гэта адбылося некалькі месяцаў таму, але дагэтуль цягнецца, і таму нам мела б быць сорамна, калі мы гаворым так, нібыта ведаем, пра што кажам, калі кажам пра каханьне”.

“Ну ўжо, - сказала Тэры. - Не кажы так, нібы п’яны, калі ты ня п’яны”.

“Прытрымай ты язык хоць аднойчы ў жыцьці, - Мэл прамовіў гэта вельмі ціха. - Можаш ты зрабіць мне прыемнае і памаўчаць хоць хвілінку? Дык вось, як я казаў, тут была пара старых, якія трапілі ў аварыю на шашы. Нейкі хлапец у іх урэзаўся, пакецала іх на дробныя шматочкі. Ніхто ня верыў, што яны маюць шанец выкараскацца”.

Тэры паглядзела на нас, потым зноўку на Мэла. Яна выглядала ўстрывожанай, хоць, можа, гэта й занадта моцнае слова.

Мэл пусьціў бутэльку па крузе вакол стала.

“У той вечар я быў на дзяжурстве, - працягваў Мэл. - Быў травень ці, можа, чэрвень. Мы з Тэры толькі былі селі вячэраць, як пазванілі са шпіталю. Якраз здарылася тая штука на шашы: п’яны хлапец, падлетак, засадзіў пікап свайго татулі ў трэйлер гэтай старой пары. Ім было недзе па 75, старым гэтым. Хлапец - яму было васямнаццаць ці дзевятнаццаць - той не дацягнуў да шпіталю. Яму рулём грудзіну прабіла. А вось старая пара засталася ў жывых, ну, вы разумееце, пра што я, ледзь жывыя. Але яны атрымалі поўны наборчык: шматлікія пераломы, унутраныя пашкоджаньні, крывацёкі, гематомы, парэзы, карацей, па поўнай праграме, і пры гэтым кожны яшчэ меў страсеньне мозгу. Стан у іх быў неважнецкі, можаце мне паверыць. І, вядома ж, іхны ўзрост таксама няслаба супраць іх гуляў. Я б сказаў, што старая была ў горшым стане, чым стары. У яе да ўсяго быў яшчэ разрыў селязёнкі і пераломы абодвух каленяў. Але яны сядзелі прышпіленыя, і, ведае Бог, на той час гэта іх уратавала”.

“Народ, ды гэта ж проста рэкляма для Нацыянальнай рады транспартнай бясьпекі, - прамовіла Тэры. - Гэта ж выступае прэсавы сакратар, доктар Мэлвін Р. МакГініс”. Тэры засьмяялася. “Мэл, часам ты перабіраеш. Але я ўсё роўна цябе кахаю, коцю”.

“Лапачка, і я цябе,” - сказаў Мэл.

Ён пацягнуўся праз стол, Тэры насустрач яму. Яны пацалаваліся.

“Тэры праўду кажа, - сказаў Мэл, зноўку прысеўшы. - Зашпільвайце пасы бясьпекі. Але сур’ёзна, стан у іх быў абы-што, у гэтых старыканаў. Калі я туды прыехаў, хлопец ужо памёр, як я казаў. Яго ўжо паклалі ў кут, на каталку. Я зірнуў на старую пару і адразу ж сказаў мэдсястры з прымальні выклікаць туды нэўроляга, артапэда і пару хірургаў”.

Мэл адпіў са сваёй шклянкі. “Я пастараюся не зацягваць. Карацей, завезьлі мы гэтую пару ў апэрацыйны і пратрахаліся зь імі амаль усю ноч. У іх былі фантастычныя рэзэрвы арганізмаў, у гэтай парачкі. Часам бывае такое. Карацей, мы зрабілі ўсё магчымае і пад раніцу давалі ім шанцы пяцьдзясят на пяцьдзясят, можа для яе трохі меней. Прыйшоў ранак, і вось - яны яшчэ жывыя. Ну, добра, перавялі мы іх у рэанімацыю, там яны два тыдні борсаліся, і ім усё лепей і лепей рабілася, па ўсіх парамэтрах. Так што мы іх у асобную палату паклалі".

Мэл зрабіў паўзу. “Ну, - прамовіў ён, - дапіваем на халеру гэты танны джын і хадзем на вячэру, так? Мы з Тэры знайшлі новы рэстаранчык. Во туды й пойдзем, у гэты новы рэстаранчык, які мы з Тэры знайшлі. Але мы нікуды ня сыдзем, пакуль не дап’ем гэтага таньнюшчага паганага джыну”.

Тэры сказала: “Мы па праўдзе там яшчэ самі ня елі. Але выглядае добра. Звонку, маю на ўвазе”.

“Люблю пад'есьці, - прамовіў Мэл. - Калі б я ўсё пачынаў наноў, я б зрабіўся шэф-кухарам, разумееце? Праўда, Тэры?”

Мэл засьмяяўся. Ён паварушыў пальцам лёд у шклянцы.

“Тэры ведае, - працягваў ён. - Тэры можа вам расказаць. Але я вось што скажу. Калі б я мог вярнуцца празь іншае жыцьцё, у іншы час і ўсё такое, ведаеце што? Я б хацеў вярнуцца рыцарам. Яны былі ў адноснай бясьпецы, надзеўшы панцыр, усю гэтую браню. Было нармалёва рыцарам быць, пакуль не зьявіўся порах, мушкеты ды пісталеты.

“Мэл хацеў бы езьдзіць на кані і трымаць дзіду,” - сказала Тэры.

“Паўсюль вазіць з сабой жаночы шалік,” - далучылася Лора.

“Ці проста жанчыну,” - прамовіў Мэл.

“Як табе ня сорамна,” - сказал Лора.

Тэры спыталася: “А што, калі б ты нарадзіўся прыгонным? Прыгонным у той час ня соладка жылося”.

“Прыгонным ніколі добра не жылося, - сказаў Мэл. - Але па-мойму нават рыцары былі ў некага вэрсалямі. Хіба не такая была сыстэма? Але ў прынцыпе кожны для некага вэрсаль. Хіба ня так? Тэры? Але што мне спадабалася ў рыцарах, акрамя іхных паненак, дык гэта тое, што яны мелі панцыры, разумееце, і іх цяжка было параніць. Машынаў у той час не было, разумееце? Не было п’яных падлеткаў, што табе ў сраку ўразаюцца”.

***

“Васаламі”, - прамовіла Тэры.

“Што?” - спытаўся Мэл.

“Васаламі, - паўтарыла Тэры. - Іх васаламі называлі, а не вэрсалямі”.

“Васалы, вэрсалі, якая нахер розьніца? Ты ж усё адно зразумела, што я на ўвазе меў. Ну добра, я неадукаваны. Кардыёхірург, просты мэханік па сэрцах, але сваю справу ведаю. Іду, корпаюся там, нахер, чыню, што трэба. Бля”.

“Сьціпласьць табе не пасуе”, - сказала Тэры.

“Вось такі ён, просты і сьціплы кастапраў, - далучыўся я да размовы. - Але часам яны задыхаліся ў гэтых панцырах, Мэл. У іх нават інфаркты здараліся, калі было надта сьпякотна, а яны былі надта выматаныя. Я недзе чытаў, што яны падалі з коней і не маглі падняцца, бо былі занадта стомленыя, каб стаяць ува ўсёй гэтай брані. Часам іх уласныя коні капытамі душылі”.

“Гэта жах, - сказаў Мэл. - Жахлівая штука, Нікі. Атрымліваецца, яны проста ляжалі там і чакалі, пакуль нехта не пад’едзе і шашлык зь іх ня зробіць”.

“Нейкі іншы вэрсаль”, - прамовіла Тэры.

“Ага, праўда, - сказаў Мэл. - Нейкі васал пад’яжджаў і пратыкаў іх дзідай у імя міласэрнасьці. Ці ня ведаю, за што яны яшчэ тады нахер змагаліся”.

“Ды за тое ж, за што мы цяпер змагаемся”, - сказала Тэры.

“Нічога не памянялася”, - далучылася Лора. Яе шчокі ўсё яшчэ былі поўныя колеру, вочы блішчэлі. Яна паднесла шклянку да вуснаў.

Мэл наліў сабе яшчэ. Ён уважліва паглядзеў на этыкетку на пляшцы, нібы вывучаючы даўгі шэраг лічбаў. Потым павольна паставіў пляшку на стол і гэтак жа павольна пацягнуўся да бутэлькі з тонікам.

***

“Дык што наконт старой пары? - спыталася Лора. - Ты сваёй гісторыі ня скончыў”.

Лоры ўсё не ўдавалася запаліць цыгарэту. Запалкі тухлі адна за адной.

Сонечнае сьвятло ў пакоі цяпер было іншым, яно мянялася, танчэла. Але лістота за вакном па-ранейшаму зіхацела, і я глядзеў на ўзоры, якія яна стварала на шыбах і на плястыкавай буфэтнай стойцы. Вядома ж, узоры ўвесь час мяняліся.

“Дык што наконт старой пары?” - спытаўся я.

“Пастарэлі, але паразумнелі”, - прамовіла Тэры.

Мэл утаропіўся ў яе.

Тэры сказала: “Апавядай далей, лапачка. Я проста пажартавала. Дык што потым здарылася?”

“Тэры, часам...” - пачаў Мэл.

“Калі ласка, Мэл, - перабіла яго Тэры. - Ня будзь ты заўсёды такі сур’ёзны, коцю. Ты што, жартаў не разумееш?”

“У чым тут жарт?” - прамовіў Мэл.

Ён трымаў шклянку і ня зводзіў вачэй з жонкі.

“Дык што здарылася?” - спытался Лора.

Цяпер Мэл утаропіўся ў яе: “Лора, калі б я ня меў Тэры і не кахаў яе так моцна, і калі б Нік ня быў маім найлепшым сябрам, я б закахаўся ў цябе. Я б цябе скраў, дзетачка”.

“Дакончы сваю гісторыю, - сказала Тэры, - а потым пойдзем у той новы рэстаранчык, добра?”

“Добра, - адказаў Мэл. - На чым я там спыніўся?” Ён паглядзеў на стол і працягнуў аповед.

“Я штодня заходзіў, каб на іх паглядзець, часам два разы на дзень, калі я там усё роўна быў па іншых выкліках. Яны там ляжалі загіпсаваныя і забінтаваныя ад галавы да ног. Ну вы ведаеце, у кіно бачылі. Так яно і выглядала, менавіта як у кіно. Маленькія дзірачкі для вачэй, носа і рота. А ў яе, да ўсяго, яшчэ й ногі былі на расьцяжцы падвешаныя. Ну, мужык вельмі доўга быў у цяжкай дэпрэсіі. Нават калі даведаўся, што жонка выжыве, ён з дэпрэсіі ня выйшаў. Але не з-за аварыі. То бок ясна, што аварыя была прычынай, але тут яшчэ ня ўся гісторыя. Я калі нахіляўся да яго дзіркі для рота, дык ён казаў, што не, маўляў, бяда не ў аварыі, але ў тым, што ён ня можа жонку ўбачыць празь дзірачкі для вачэй. Казаў, што пачуваецца ад гэтага дужа кепска. Можаце сабе ўявіць? Я вам кажу, у гэтага мужыка сэрца разрывалася, бо ён ня мог сваёй чортавай галавы павярнуць і сваю чортаву жонку пабачыць”.

Мэл агледзеўся і пахістаў галавой, нібы ня верачы таму, што зьбіраўся сказаць.

“Цяміце, гэты пярдун стары проста паміраў ад таго, што ня мог глядзець на сваю жонку хераву”.

Мы ўсе глядзелі на Мэла.

“Разумееце, што я кажу?” - прамовіў ён.

***

Магчыма, мы ў той момант былі ўжо крыху п’яныя. Я ведаю, што было ўжо цяжка трымаць рэчы ў фокусе. Сьвятло выцякала з пакою, вяртаючыся праз вакно туды, адкуль прыйшло. Але ніхто не паварушыўся, каб падняцца з-за стала і запаліць лямпачкі.

“Слухайце, - сказаў Мэл, - давайце даб’ем гэты хераў джын. Тут якраз прыкладна засталося па адной порцыі на кожнага. А потым пойдзем есьці. Хадзем у той новы рэстаранчык”.

“У яго дэпрэсія, - прамовіла Тэры. - Мэл, мо выпі таблетку?”

Мэл пахістаў галавой: “Я ўжо ўсе выпіў”.

“Усім нам час ад часу трэба таблетка”, - сказаў я.

“Некаторыя людзі з такой патрэбай нараджаюцца”, - сказала Тэры.

Яна пацерла пальцам нешта на стале. Потым спынілася.

“Пэўна, я пазваню дзецям, - прамовіў Мэл. - Ніхто ня супраць? Пазваню дзецям”.

Тэры спыталася: “А што, калі падыме Марджары? Народ, вы чулі, што мы там казалі наконт Марджары? Любы, ты ж ня хочаш размаўляць з Марджары. Табе ад гэтага яшчэ горш зробіцца”.

“З Марджары я размаўляць не хачу. Але я хачу пагутарыць са сваімі дзецьмі”.

“Тут Мэл кожны божы дзень паўтарае, як ён хоча, каб яна зноўку замуж выйшла. Ці памерла, - сказала Тэры. - Па-першае, яна нас да банкруцтва даводзіць. Мэл кажа, што яна не выходзіць замуж на злосьць яму. Яна мае мужыка, той жыве разам зь ёй і дзецьмі, таму атрымліваецца, што Мэл і яе кавалера фінансуе”.

“У яе алергія на пчол, - сказаў Мэл. - Я малюся альбо каб яна зноўку замуж выйшла, альбо каб яе заджаліў да сьмерці здаравенны рой херавых пчол”.

“Як табе ня сорамна”, - прамовіла Лора.

“Бз-з-з-з-з-з”, - адказаў Мэл, зрабіўшы з пальцаў пчол і бзыкаючы імі каля шыі Тэры. Потым ягоныя рукі ўпалі долу.

“Яна страшны чалавек, - працягваў Мэл. - Часам я ўяўляю, што прыйду да яе апрануты як пчаляр. Ну ведаеце, такі капялюш, як шлем, зь сеткай на ўвесь твар, вялікія рукавіцы, ватнік? Пагрукаюся ў дзьверы і выпушчу ў хату вулей пчолаў. Але сьпярша я, вядома ж, праверу, каб дзяцей дома не было”.

Ён паклаў нагу на нагу. Выглядала, што на гэта ў яго пайшла цэлая вечнасьць. Потым ён апусьціў абедзьве нагі на падлогу і нахіліўся наперад, паклаўшы локці на стол і абхапіўшы далонямі падбародак.

“Відаць, усё ж ня буду званіць дзецям. Відаць, не такая гэта ўжо файная ідэя. Як наконт схадзіць паесьці? Як вам такі плян?”

“Мне падабаецца, - прамовіў я. - Есьці ці ня есьці. Ці працягваць піць. Магу працягваць палёт на захад сонца”.

“Што гэта значыць, любы?” - спыталася Лора.

“Толькі тое, што я сказаў. Значыць, што я магу працягваць. Вось і ўсё, што гэта значыць”.

“Я б сама нешта зьела, - сказала Лора. - Здаецца, ніколі ў жыцьці не была такая галодная. Маеце нешта перакусіць?”

“Зараз дастану сыр і крэкеры”, - адказала Тэры.

Але Тэры проста сядзела на месцы. Яна не паднялася, каб нешта прынесьці.

Мэл перакуліў сваю шклянку. Разьліў яе на стол.

“Джын скончыўся”, - сказаў Мэл.

Тэры спыталася: “Што цяпер?”

Я чуў, як б’ецца маё сэрца. Чуў сэрцы кожнага. Чуў чалавечы шум, які мы рабілі, седзячы там, і ніхто з нас не зварухнуўся, нават калі ў пакоі сьцямнела.

Пераклады

Previous post Next post
Up