Пераклаў апошняе з трох апавяданьняў Рэйманда Карвэра для супольнага праекту на замову Паўла Касьцюкевіча. Хіба што самае змрочнае і зусім не каляднае.
ВАННА
У суботу ў абед маці паехала на машыне ў пякарню ў гандлёвым цэнтры. Прагледзеўшы ў папцы-каталёгу фатаздымкі тартоў, прымацаваныя да старонак скотчам, яна замовіла шакалядны, улюбёны торт яе дзіцяці. Торт, які яна выбрала, быў аздоблены касьмічным караблём і пускавой пляцоўкай пад россыпам белых зорак. Імя СКОЦІ будзе напісанае цукровай глязурай на зялёным фоне, нібы назва касьмічнага карабля.
Пекар задумліва слухаў, пакуль маці казала яму, што Скоці спаўняецца восем гадоў. Ён быў ужо немалады, гэты пекар, і насіў дзіўны фартух -- цяжкі, з шлейкамі, якія ішлі яму пад пахі, вакол сьпіны, а потым ізноў перакрыжоўваліся зьпераду, дзе былі завязаныя ў вельмі тоўсты вузел. Ён усё выціраў рукі аб фартух, слухаючы жанчыну, і ягоныя вільготныя вочы сачылі за яе вуснамі, пакуль яна вывучала ўзоры тартоў і гаварыла.
Ён даў ён час выбраць, ён нікуды не сьпяшаўся.
Маці выбрала торт з касьмічным караблём і пакінула пекару сваё імя і тэлефонны нумар. Торт будзе гатовы ў панядзелак раніцай, будзе яшчэ досыць часу да абеду, калі яны плянавалі адзначыць народзіны. Гэта ўсё, што пажадаў сказаць пекар. Ніякіх жартаў, проста кароткая размова, абмен самай неабходнай інфармацыяй, нічога непатрэбнага.
***
У панядзелак ранкам хлопчык ішоў у школу. Ён быў разам зь іншым хлопчыкам, яны перадавалі адзін аднаму пакет з бульбянымі лусьцікамі. Хлопчык, у якога былі народзіны, стараўся хітрыкамі даведацца ў другога, што той падрыхтаваў яму ў падарунак.
На скрыжаваньні, не паглядзеўшы наўкола сябе, хлопчык зрабіў крок з ходніку і яго адразу ж зьбіла машына. Ён упаў на бок, галавой у рышток, а ягоныя ногі засталіся на дарозе, рухаючыся, нібы ён лез на сьценку.
Другі хлопчык стаяў з пакетам чыпсаў. Ён думаў, ці варта даесьці ўсё тут, ці ісьці далей у школу.
Хлопчык, у якога былі народзіны, ня плакаў. Але ён больш не хацеў размаўляць. Ён нічога не адказаў, калі другі хлопчык спытаўся ў яго, што адчуваеш, калі цябе зьбівае машына. Хлопчык, у якога былі народзіны, падняўся і пайшоў назад, дадому, а другі памахаў яму на разьвітаньне і пабрыў далей у школу.
Хлопчык, у якога былі народзіны, расказаў маці, што здарылася. Яны разам сядзелі на канапе. Яна трымала ягоныя рукі на сваіх каленях. Менавіта гэта яна рабіла, калі хлопчык пацягнуў рукі на сябе і лёг на сьпіну.
Натуральна, сьвяткаваньня не адбылося. Замест гэтага хлопчык быў у шпіталі. Маці сядзела ля ягонага ложка. Яна чакала, калі хлопчык прачнецца. Бацька пасьпяшаўся прыехаць са свайго офісу. Ён сеў побач з маці. Цяпер яны абое чакалі, калі хлопчык прачнецца. Яны чакалі некалькі гадзінаў, а потым бацька паехаў дадому, каб памыцца ў ваньне.
Мужчына паехаў са шпіталю на машыне дадому. Ён ехаў па вуліцах хутчэй, чым было варта. Дагэтуль ягонае жыцьцё ішло добра. Была праца, бацькоўства, сям’я. Ён быў удачлівы і шчасьлівы. Але цяпер ад страху яму хацелася вымыцца ў ваньне.
Ён прыпаркаваўся каля дому. Ён сядзеў у машыне, спрабуючы прымусіць ногі працаваць. Малога зьбіла машына, і цяпер ён у шпіталі, але ўсё будзе ў парадку. Мужчына выйшаў з машыны і падышоў да дзьвярэй. Брахаў сабака, і зьвінеў тэлефон. Ён зьвінеў увесь час, пакуль мужчына адчыняў дзьверы і абмацваў сьцяну, каб уключыць сьвятло.
Ён падняў слухаўку. Ён сказаў: “Я толькі што зайшоў!”
“Тут торту не забралі”.
Вось што сказаў голас на другім канцы тэлефоннай лініі.
“Што вы кажаце?”
“Торт, -- сказаў голас. - Шаснаццаць даляраў”.
Муж трымаў слухаўку ля вуха, спрабуючы нешта зразумець. Ён сказаў: “Я пра гэта нічога ня ведаю”.
“Вось толькі ня трэба”, -- сказаў голас.
Муж паклаў слухаўку. Ён пайшоў на кухню і наліў сабе віскі. Ён патэлефанаваў у шпіталь.
Стан дзіцяці застаўваўся такі самы.
Пакуль вада лілася ў ванну, мужчына намыліў твар і пагаліўся. Ён быў у ваньне, калі зноў пачуў тэлефон. Ён вылез з ванны і пасьпяшаўся праз дом, паўтараючы “дурань, дурань”, бо яму б не давялося гэтага рабіць, калі б ён застаўся ў шпіталі. Ён падняў слухаўку і выгукнуў: “Алё!”
Голас сказаў: “Усё гатова”.
***
Бацька вярнуўся ў шпіталь пасьля поўначы. Жонка сядзела ў крэсьле каля ложка. Яна паглядзела на мужа, а потым ізноў на дзіця. З апарата над ложкам зьвісала бутэлька, а ад бутэлькі да дзіцяці ішла трубка.
“Што гэта?” - спытаў бацька.
“Глюкоза”, -- сказала маці.
Муж паклаў руку жонцы на патыліцу.
“Ён прачнецца”, - сказаў ён.
“Я ведаю”.
Празь нейкі час мужчына сказаў: “Едзь дадому, а я тут падзяжуру”.
Яна адмоўна пахістала галавой. “Не”.
“Праўда, -- сказаў ён, - зьезьдзі дадому ненадоўга. Табе няма чаго хвалявацца. Ён проста сьпіць”.
Дзьверы адчыніла мэдсястра. Яна кіўнула ім, падышоўшы да ложка. Дастала з-пад коўдры левую руку хлопчыка і паклала пальцы на пульс. Паклала руку назад пад коўдру і нешта напісала на аркушы, што вісеў над ложкам.
“Як ён?” - спыталася маці.
“Стабільна, -- адказала мэдсястра. - Хутка прыйдзе доктар”.
“Я якраз казаў, хай бы яна паехала дадому і крыху адпачыла, -- сказаў мужчына. - Калі прыйдзе доктар”.
“Хай едзе”, -- сказала мэдсястра.
Жанчына сказала: “Паглядзім, што скажа доктар”. Яна паднесла руку да вачэй і нахіліла галаву.
Мэдсястра сказала: “Вядома”.
***
Бацька назіраў за сынам, за тым, як крыху надзімаліся і зьдзімаліся маленькія грудзі пад коўдрай. Цяпер яму было страшней. Ён пачаў пахістваць галавой. Ён казаў сабе - малы ў парадку, замест таго, каб спаць дома, ён сьпіць тут. Няма розьніцы, дзе спаць.
***
Зайшоў доктар. Ён павітаўся за руку з мужчынам. Жанчына паднялася з крэсла.
Доктар прывітаўся з жанчынай кіўком: “Эн... давайце паглядзім, у якім ён стане”. Ён падышоў да ложка і памацаў хлопчыку запясьце. Адцягнуў адно павека, потым другое. Адгарнуў коўдру і паслухаў сэрца. Паціскаў пальцамі розныя месцы на хлопчыкавым целе. Падышоў да краю ложка і ўважліва праглядзеў аркуш на сьцяне. Зірнуў на гадзіньнік, нашкрабаў нешта на аркушы, а потым павярнуўся да хлопчыкавых маці з бацькам.
Доктар быў прыгожы мужчына. Ягоная скура была вільготная і загарэлая. Ён быў у касьцюме-тройцы, яркім гальштуку, а на манжэтах кашулі меў запінкі.
Маці казала сабе - ён толькі што прыйшоў аднекуль, дзе было шмат публікі. Яму далі нейкі адмысловы мэдаль.
Доктар сказаў: “Няма з чаго радавацца, але й няма чаго хвалявацца. Ён мае прачнуцца даволі хутка”. Доктар ізноў паглядзеў на хлопчыка: “Мы даведаемся больш, як будуць гатовыя аналізы”.
“Божачкі”, -- сказала маці.
Доктар сказаў: “Часам бывае такі стан”.
“То бок вы не назвалі б гэта комай, так?” -- бацька дапытліва глядзеў на доктара.
“Не, гэтага слова я не хацеў бы ўжываць, -- сказаў доктар. - Ён сьпіць. Гэта аднаўляе арганізм. Цела робіць тое, чаго патрабуе”.
“Гэта кома, -- сказала маці. - Такі від комы”.
“Я б так не казаў”, -- сказаў доктар.
Ён узяў жанчыну за рукі, пагладзіў іх, а потым паціснуў руку яе мужу.
***
Жанчына паклала пальцы на лоб дзіцяці і нейкі час так трымала. “Прынамсі, у яго няма тэмпэратуры, -- сказала яна. - Ня ведаю. Памацай ты”.
Мужчына памацаў хлопчыку лоб: “Мне здаецца, што ён такі й павінен быць”.
Жанчына яшчэ крыху пастаяла, кусаючы вусны. Потым падышла да свайго крэсла і села.
Муж сеў у крэсла побач. Ён хацеў ёй нешта яшчэ сказаць, але цяжка было вырашыць, што ж гэта мае быць.
Ён узяў яе руку і паклаў сабе на калені. Так ён адчуваў сябе лепш, адчуваў, нібы ён кажа ёй нешта. Так яны сядзелі нейкі час, гледзячы на хлопчыка, не размаўляючы. Час ад часу ён сьціскаў ёй далонь, пакуль яна не забрала рукі.
“Я малілася”, -- сказала яна.
“І я, -- сказаў бацька. - Я таксама маліўся”.
***
Вярнулася мэдсястра і праверыла кропельніцу.
Зайшоў нейкі доктар і павітаўся, назваўшы сваё імя. Гэты доктар быў у красоўках.
“Мы звозім яго ўніз, каб зрабіць яшчэ здымкі, -- сказаў ён. - І яшчэ трэба зрабіць сканаваньне”.
“Сканаваньне?” - пераспытала маці. Яна стаяла паміж новым доктарам і ложкам.
“Гэта нічога страшнага”, -- сказаў доктар.
“Божачкі”, -- сказала яна.
Зайшлі два санітары. Яны прыкацілі нейкі перасоўны ложак. Яны зьнялі з хлопчыка кропельніцу і пераклалі яго на гэты ложак.
***
Ужо ўзышло сонца, калі хлопчыка, у якога былі народзіны, прывезьлі назад. Маці і бацька зайшлі сьледам за санітарамі ў ліфт, а потым у пакой. Бацькі зноўку занялі свае месцы каля ложка.
Яны чакалі ўвесь дзень. Хлопчык не прачнуўся. Ізноў прыйшоў доктар, ізноў агледзеў хлопчыка і сышоў, сказаўшы тыя самыя словы. Прыходзілі мэдсёстры. Прыходзілі дактары. Прыйшоў лябарант і ўзяў аналіз крыві.
“Не разумею”, -- сказала маці лябаранту.
“Доктар загадаў”, -- адказаў той.
Маці падышла да вакна і паглядзела на паркоўку. Машыны з уключанымі фарамі пад’яжджалі і ад’яжджалі. Яна стаяла ля вакна, паклаўшы рукі на падваконьне. Яна казала сабе - нешта да нас прыйшло, нешта цяжкае.
Ёй было страшна.
Яна пабачыла, як спынілася машына і ў яе села жанчына ў доўгім паліто. Яна ўявіла, што гэта яна - тая жанчына. Яна ўявіла, што гэта яна зьяжджае адсюль у нейкае іншае месца.
***
Зайшоў доктар. Ён выглядаў больш загарэлым і здаровым, чым калі. Ён падышоў да ложка і аглядзеў хлопчыка. Ён сказаў: “Усе паказьнікі ў парадку. Усё добра”.
Маці сказала: “Але ж ён сьпіць”.
“Так”, -- сказаў доктар.
Муж сказаў: “Яна стамілася, яна нічога ня ела”.
“Трэба адпачыць, трэба пад’есьці, Эн”, -- сказаў доктар.
“Дзякуй”, -- сказаў муж.
Ён паціснуў руку доктару, доктар папляскаў іх па плячах і сышоў.
***
“Напэўна, аднаму з нас трэба зьезьдзіць дадому і праверыць, як там усё, -- сказаў мужчына. - Трэба накарміць сабаку”.
“Пазвані суседзям, -- сказала жонка. - Нехта яго пакорміць, калі ты папросіш”.
Яна паспрабавала падумаць хто. Яна заплюшчыла вочы і паспрабавала ўвогуле хоць пра нешта падумаць. Празь нейкі час яна сказала: “Мо я гэта зраблю. Можа, калі я ня буду тут глядзець, ён прачнецца. Можа, ён не прачынаецца, таму што я тут гляджу”.
“Можа быць”, -- сказаў муж.
“Я зьежджу дамому, прыму ванну і пераапрануся”, -- сказала жанчына.
“Думаю, табе варта гэта зрабіць”, -- сказаў мужчына.
Яна ўзяла сваю сумачку. Ён дапамог ёй апрануць паліто. Яна падышла да дзьвярэй і азірнулася. Паглядзела на дзіця, а потым на бацьку. Муж кіўнуў ёй і пасьміхнуўся.
***
Яна прайшла каля працэдурнага кабінэту і, дайшоўшы да канца калідору, павярнула ды ўбачыла маленькую чакальню, дзе ў плеценых крэслах сядзела сям’я - мужчына ў кашулі колеру хакі і ў бэйсболцы, ссунутай на патыліцу, мажная жанчына ў халаце і пантофлях, дзяўчынака ў джынсах, чые валасы былі заплеценыя ў тузіны дзіўнаватых касічак. Сталы ў пакойчыку былі засьмечаныя скамканымі абгорткамі з тонкай паперы, пенапляставым посудам і пакецікамі з сольлю ды перцам.
“Нэльсан, -- сказала мажная жанчына. - Гэта наконт Нэльсана?”
Яе вочы пашырыліся.
“Адкажэце мне зараз жа, -- сказала жанчына, -- гэта наконт Нэльсана?”
Жанчына паспрабавала падняцца з крэсла. Аднак мужчына надзейна трымаў яе за руку.
“Нічога, нічога”, -- сказаў мужчына.
“Прабачце, -- сказала маці. - Я шукаю ліфт. Мой сын тут у шпіталі. Я не магу зайсьці ліфта”.
“Ліфт вунь там”, -- сказаў мужчына, паказаўшы пальцам у правільным кірунку.
“Майго сына зьбіла машына, -- сказала маці. -- Але зь ім ўсё будзе ў парадку. Ён цяпер у шокавым стане, але гэта можа быць і нейкі від комы. Вось што нас найбольш турбуе - гэтая кома. Я ненадоўга ад’еду. Мо ванну прыму. Але мой муж цяпер зь ім. Ён за ўсім сочыць. Спадзяюся, што ўсё памяняецца, пакуль мяне ня будзе. Мяне зваць Эн Вайс”.
Мужчына паварушыўся ў крэсьле. Ён пахістаў галавой.
Ён сказаў: “Бедны наш Нэльсан”.
***
Яна прыпаркавалася каля дому. Сабака выбег з-за дому і стаў бегаць кругамі па траве. Яна заплюшчыла вочы і паклала галаву на руль, услухоўваючыся ў ціканьне рухавіка.
Яна выйшла з машыны і падышла да дзьвярэй. Запаліла сьвятло і наліла грэцца ваду, каб запарыць гарбаты. Адкрыла бляшанку і пакарміла сабаку. Села з кубкам гарбаты на канапу.
Зазьвінеў тэлефон.
“Так! - сказала яна. - “Алё!”
“Місіс Вайс,” - прамовіў мужчынскі голас.
“Так, гэта місіс Вайс. Гэта наконт Скоці?”
“Скоці, -- вымавіў голас. - Наконт Скоці. Можна сказаць, што гэта наконт Скоці, так”.