(no subject)

Feb 19, 2014 22:08

Союз Писателей Беларуси издал книгу рассказов моего деда. Я планирую их здесь потихоньку выкладывать. Читайте, наслаждайтесь, комментарии приветствуются.
Если кому захочется купить экземпляр с автографом автора, обращайтесь.

БОРТКА

З дыпломам урача ў кішэні, з светлымі марамі і планамі ў душы я ехаў працаваць на Глыбоччыну ў сельскую бальніцу.
Яшчэ ў аўтобусе даведаўся ад пасажыраў, што бальніца месціцца крыху наводшыбе ад вёскі, ля самага касцёла - некалі былы ксяндзоў дом. Я ўжо і сам бы знайшоў яе, але некалькі пасажыраў - жыхароў вёскі - паслужліва ўзахвоціліся правесці мяне аж да самай бальніцы. Яны, пэўна, здагадваліся, што гэта да іх едзе малады доктар, і ўсяляк стараліся дагадзіць мне. Старыя жанчыны, яшчэ ў аўтобусе, голасна, з яўным намерам, каб пачуў і я, узяліся расказваць пра свае хваробы, крадком пазіраючы на мяне. Мусіць, за доўгае жыццё яны навучыліся беспамылкова ўгадваць людзей.
  Белы будынак бальніцы стаяў на ўзгорку вялікага ўтравелага пляца ў засені старых дрэў і блізка туліўся да страмкаверхага касцёла.
  У бальніцы, відаць, мяне таксама чакалі: і на лаўках пад разгалістымі кустамі бэзу, і ў калідорах сядзелі бальнічныя работнікі ў белых накрухмаленых халатах, з цікаўнасцю запаглядалі хворыя.
  Пазнаёміўшыся з персаналам, агледзеўшы палаты, хворых, свой пакойчык, дзе мне належала жыць, выйшаў паглядзець бальнічны сад. Хоць і быў ён і занадта стары, але выглядаў пладавітым і даволі экзатычным. Абышоўшы старасвецкія кусты бэзу, я прыкмеціў недалёк старую жанчыну ў сінім бальнічным халаце, падпяразаную матузом з бінту і ў белай хустцы-пялёнцы, завязанай шчыльна пад бараду і на шыю. Мяне ўразіла тое, што бабуля поўзала на каленях вакол старой сухабокай яблыні і абмацвала навокал траву. Паназіраўшы, здагадаўся, што яна шукала так яблыкі-паданкі. Можна было толькі падзівіцца з такога яе занятку, калі крыху воддаль на дрэвах аж ламаліся сукі ад яблыкаў; ірві сабе колькі хочаш, а тут, на сухабокай яблыні, яны блішчалі дзе-нідзе.
  Знайшоўшы яблык-паданік, жанчына выцірала яго аб крысо халата, потым доўга пакручвала перад самым тварам, як усё роўна цешачыся, а потым ужо клала ў пагібаную алюмініевую місачку, што стаяла побач на траве.
Быў якраз час абеду. Усе хворыя ўжо канчалі палуднаваць, і я наважыў вярнуцца ў бальніцу, папытацца ў медсясцёр, чаму ніхто не паклікаў абедаць гэту жанчыну. Але якраз падышла да старой бальнічная кухарка Вера. Яна крыху яшчэ пастаяла, нібы заглядзеўшыся на жанчыну, потым усміхнулася, як сама сабе, прыкметна бліснуўшы залатым зубам, і ўжо тады паторгала бабулю за рукаў. Тая, як усё роўна гэтага толькі і чакала, нязграбна, але даволі ўвішна падхапілася на ногі, падхапіўшы і місачку з яблыкамі, якая ўжо была поўная і стаяла ў яе каля калень. Незанятай рукой старая ўсё старалася злавіць Верыну руку. Нарэшце, злавіўшы, паднесла яе да сваіх вуснаў і пацалавала. А потым, схіліўшы галаву, як у паклоне, неяк скасавурыўшыся, працягнула кухарцы місачку з яблыкамі.
  Вера, узяўшы ў адну руку місачку, двума пальцамі другой трымаючы бабулю за рукаў, павяла яе ў абход вялікага бэзавага куста. Бабуля порстка тупала, здавалася, як усё роўна збіраючыся ўцякаць. Параўняўшыся з мураванай агароджай касцёла, крытай чырвонай, у многіх месцах патрэсканай і заімшэлай чарапіцай, Вера навотмаш махнула міскай, і ў траву, як буйны дождж, зашпокалі яблыкі.
  - Чаму хворая не разам з усімі есць? - запытаўся я, выйшаўшы напярэймы.
  - А яна не хворая, - адказала Вера. - Жыве ў бальніцы - і ўсё.
  Падышоўшы бліжэй, я прыкмеціў, што ў бабулі замест вачэй толькі значыліся рыскі глыбока запаўшых павек. У мяне аж шорах пайшоў па целе: старая не толькі была сляпая, але і зусім не мела вачэй.
  У яе быў дробны, надта паморшчаны твар, ніжняя губа закапылена, і здавалася, што старая зажалела і пастаянна збіраецца заплакаць.
  - Раз яна ў бальніцы - то такая ж хворая, як і ўсе, - ціха, стараючыся, каб не пачула жанчына, сказаў Веры.
  - А вы, доктар, можаце ўслых гаварыць пры ёй, - не зрэагаваўшы на маю заўвагу, сказала Вера. - Яна сляпая, глухая і не гаворыць.
  - Хто яна такая, як яе прозвішча?
  - Ды бог яе ведае. Яшчэ як у Патупах была бальніца, дык нехта прывёз яе пасля вайны і кінуў: ні зваць, ні прозвішча толкам ніхто не  ведае, чамусьці ўсе завуць яе Борткай - і ўсё. Пойдзем, Бортачка! - спагадліва прамовіла Вера і, на гэты раз далікатней паторгаўшы старую за рукаў, павяла яе ў бальніцу.
  - А што гэта за яблыкі яна збірае? - сам не ведаючы чаму, пацікавіўся я ў Веры, кіруючыся за імі следам.
  - Гэта яна, мусіць, нам аддзякаваць стараецца за тое, што глядзім і кормім. Я кожны раз іх выкідваю, а яна ўсё роўна збірае.
  Стаялі цёплыя жнівеньскія дні. З самай раніцы і да змяркання Бортка была на дварэ. Ляжала яна ў адной палаце разам з хворымі. Мужчынская і жаночая палаты размяшчаліся на мансардзе. З прасторнага калідора туды, угору, вяла даволі стромкая дашчаная лесвіца. На першым паверсе месціліся кухня, кабінет урача, які адначасова служыў і жыллём доктару, прыёмны пакой, кладоўка ды яшчэ радзільная палата на два-тры ложкі.
  На вуліцу Бортка заўсёды ішла без павадыра. Як толькі пачынала днець - была яна ўжо на нагах. Што наступае раніца, Бортка, пэўна, пазнавала па цеплыні сонечных праменняў, якія з акна першым чынам траплялі на яе ложак. Устаўшы, яна адразу ішла мыцца ў калідор, дзе для хворых быў прыбіты да сцяны масіўны алюмініевы мыцельнік. Выцершыся сваім ручніком, адразу брала сваю місачку і кіравалася на вуліцу. I - хай добрае надвор'е, хай дождж - была там датуль, пакуль Вера ці хто з бальнічных работнікаў або хворых не прыводзілі яе назад у бальніцу.
  Чамусьці вабіла Бортку адно і тое ж месца - бальнічны сад. Усё лета шукала яна там яблыкі-паданкі. А калі не знаходзіла ці яшчэ не прыходзіла ім пара - рабіла букецікі. Звычайна яны былі з травы, з палявых кветак, нярэдка ўперамешку з крапівай. Надараліся ў букеціках і жоўтыя дзьмухаўцы, і белыя рамонкі, і шарсткаваты падбел, і яшчэ якія-небудзь дзікія кветкі. Бортка перавязвала ўсё гэта былінкай пырніку, і букецікі атрымліваліся складныя, бухматыя і нават прыгожыя. Адзін букецік старая заўсёды трымала ў руцэ напагатове і адразу падавала таму, хто па яе прыходзіў, астатнія клала за пазуху і потым ужо дарыла каму-небудзь у палаце.
Прыйшоўшы з двара, яна звычайна садзілася на свой жалезны ложак і ў працягнутай перад сабой руцэ цярпліва трымала букецік. Калі яго доўга не бралі, Бортка перакладвала букецік з адной рукі ў другую і зноў выстаўляла перад сабой, аж пакуль санітарка, медсястра, я сам ці хто з хворых не падыходзіў і не браў букеціка з яе рук.
  Першыя дні майго доктарства Бортка была спакойная, нібы яе і зусім не было на свеце - за ўвесь час я нават ні разу не пачуў яе голасу. Але аднойчы, праз якіх тыдні тры, раніцай у мой пакойчык даляцелі незразумелыя гукі, падобныя на крык параненага зайца. Я выйшаў у калідор і, калі добра прыслухаўся, здагадаўся, што гэта крычыць нехта ў жаночай палаце. Хуценька падняўся наверх і ўбачыў неверагодную карцінку: санітарка Стася заўзята тузаецца з Борткай, стараючыся вырваць у яе з рук нешта закручанае ў анучку. Бортка з усяе сілы торгала анучку на сябе, спрытна пераменьваючыся з рукі на руку, яўна ловячы момант ударыць Стасю па руках і крычучы штосілы:
  - Уу-уу! Уу-уу!
  Убачыўшы мяне, Стася разгублена выпусціла са сваіх рук той дзіўны прадмет і хуценька загаварыла са мной, апраўдваючыся:
  - Во, паглядзіце, доктар, увесь матрац парвала, насмеціла - прыбіраць не спраўляюся!
  I толькі цяпер я разгледзеў, што прычынай такога дзіўнага выпадку была лялька, зробленая з анучак. Адчуўшы волю, Бортка адразу ўселася на матрацы, адзін канец якога быў задраны, і з яго шматкамі тырчала вата. Старая хутка супакойвалася, пагладжваючы рукой марлевую галоўку лялькі, раз-пораз туліла яе да грудзей.
  - Так і пакутуем, доктар, а вы яшчэ кажаце, - задыхаўшыся, як пасля цяжкай работы, паскардзілася Стася. - А там пад галавой што робіцца!
  I Стася ўмомант падскочыла да Бортчынага ложка, выхапіла з-пад падушкі мяшэчак і вытрасла з яго на падлогу яшчэ тры лялькі. Бортка зноў закрычала, кінулася з кулакамі да Стасі, і тая здрэйфіла - хутка вярнула ёй і лялькі, і мяшэчак і, як нешта гідкае ці небяспечнае, кінула ўсё разам Бортцы на ложак. Тая адразу пацішэла, ужо як стогнучы паспешна пачала навобмацак шукаць па ўсім ложку свае лялькі і, знайшоўшы, кожную ўпаасобку туліла да грудзей, прыціскала да твару. I супакоілася толькі тады, калі ўсё спарадкавала.
  - Кожны раз адбіраю гэтыя лялькі, а раніцай яны зноў ёсць, - ужо спакойна пачала расказваць Стася і, нібы засаромеўшыся свайго ўчынку, як па сакрэту, абмовілася: - Пэўна, іх ноччу робіць. Вунь пад ложкам трухі колькі! А каб бачылі, доктар, якія сукенкі сваім лялькам вымудрыла - не ўсякая краўчыха дадумалася б да такога. Без іголкі і без нітак шые - то цвіком, то трэскай якой. Ніткі - дык з ануч выцягвае.
  Гэтая сцэна не на жарт узрушыла і занепакоіла мяне: стала надта шкада Бортку, але ж і санітаркам хапала ад яе дзівацтваў - толькі падбірай і падбірай за ёй. Усё ж я сказаў Стасі пакласці на ложак Бортцы пушчэйшы матрац і больш не чапаць яе лялек.
У бальніцы ніхто да мяне не лічыў Бортку хворай. Была яна тут проста так, як утрыманка. Я ж загадаў медсёстрам, каб, як і ўсім хворым, раніцай і вечарам вымяралі ёй тэмпературу. А калі Бортка пачынала крычаць, што часта здаралася з ёй вечарамі, я даваў ёй валяр'янкі, а то і таблетку ад галаўнога болю. Яна з прагнасцю піла ўсе лякарствы і заўсёды лучыла момант злавіць маю руку ці крысо халата і пацалаваць. Мне заўсёды ад гэтага рабілася неяк не па сабе, находзіла пачуццё невядомай віны перад гэтай гаротнай жанчынай. Усё часцей і часцей пачынаў лавіць сябе на думцы, што з-за гэтага яе калецтва адношуся да Борткі не так шчодра, як да астатніх хворых, гляджу яе, як пад нейкім прымусам, хаця яна такі ж чалавек, як і ўсе. I сам я добра разумею ўсё гэта, але ўсё роўна ніяк не магу сябе перасіліць.
  Аднойчы вечарам у нейкае свята хтосьці з санітарак паклікаў мяне падняцца ў жаночую палату. Калі я туды прыйшоў, убачыў, што ледзь не ўсе хворыя сядзяць на сваіх ложках і хто ўсміхаецца, хто ажно рагоча, а маладзенькая медсястра Марынка танцуе з... Борткай... Бортка, сагнуўшыся ў крук, бадзёра прытупвае то адной, то другой нагой і нязграбна, але даволі шустра пакручваецца пад выцягнутай уперад Марынчынай рукой, трымаючыся за яе пальцы.
  Мне стала неяк сорамна ад гэтай не зусім прыстойнай сцэны. Пасварыўшыся на Марынку за недарэчны жарт, адразу пайшоў на бальнічны двор падыхаць свежым паветрам, хутчэй забыцца на ўбачанае.
  З кожным днём я ўсё больш і больш пачынаў задумвацца над тым, што Бортка не прыроджаная калека, а нейчая злая воля зрабіла яе такой. Маю здагадку пацвярджалі і розныя послухі. Адны сцвярджалі, што Бортка гадавалася без маці, і бацька, узяўшы мачыху, за нешта не ўзлюбіў сваю дачку, дужа біў яе, малую, і «адбіў мазгі». Другія ж былі за тое, што Бортку скалечыла вайна. Аднак усё роўна здагадкі заставаліся здагадкамі, а чуткі чуткамі.
  Чым далей, тым больш неспакойна пачынала паводзіць сябе Бортка. Можа, таму, што надышла восень, зачасцілі дажджы і старая вымушана была сядзець цэлымі днямі ў палаце, а можа, што іншае турбавала яе - хто ведае. Хворыя не на жарт пачалі наракаць, што Бортка ноччу крычыць і гэтым самым усіх палохае, не дае спаць. I я вымушан быў хадайнічаць перад сельсаветам, каб адправілі Бортку ў дом інвалідаў.
  Той дзень, калі па Бортку прыйшла аўтамашына, выдаўся цёплы, сонечны. Але на душы ў мяне ўсё роўна было неяк нядобра, адчуваў у сябе нейкую трывожную прыгнечанасць. Як сонныя хадзілі санітаркі, медсёстры. Бортку пераапранулі ва ўсё новае, добра накармілі перад дарогай. Па старому звычаю, перш чым выйсці з палаты, усе, нават сама Бортка, крыху пасядзелі. На машыну пасадзілі яе Стася з Верай. Яны ціха плакалі. А Марынка дык тая ніяк не магла стрымаць сваіх слёз, плакала не хаваючыся, аж захліпалася. Вера адразу ж вярнулася назад, а Стася села побач з Борткай у кузаве газіка. Яна ўзахвоцілася праводзіць Бортку аж да самага месца.
  Мы ўсе як па камандзе развітальна замахалі рукамі. Бортка сядзела згорбленая, відаць, нешта падазраючы нядобрае, усё ёрзала па лаўцы, ліхаманкава абмацваючы борт грузавіка, а ў адказ нам за яе махала рукой Стася.
  Як толькі кранулася машына з месца, з Борткай здарылася немаведама што. Яна раптоўна ўзняла страшэнны крык, з усяе сілы і адчаем пачала біць Стасю па чым папала, стараючыся ўкусіць яе за рукі.
  Ад такой нечаканасці мы ўсе збянтэжыліся, як усё роўна прыраслі нагамі да зямлі і не ведалі што рабіць. Адна толькі Стася, ратуючыся ад Борткі, хуценька паляпала рукой па кабіне, падаючы знак шафёру, каб спыніўся, і кулем саскочыла з машыны. Следам за ёй выкулілася з кузава і Бортка. Прыгнуўшыся, прабегла да плота, пачала хапаць, тузаць на сябе штыкетніцы, пэўна, шукаючы брамкі ці намагаючыся праламаць у якім месцы лаз, і, раз-пораз абхопліваючы галаву рукамі, крычала што было духу:
  - У-уу! У-уу!
  I гэты яе крык разлятаўся па наваколлі жудасным нечалавечым стогнам, адклікаючыся ў сэрцы кожнага з нас пякучым болем. Той-сёй палахліва запазіраў па баках, машынальна адступіўшы на крок-два назад.
  - Не трэба адпраўляць Бортку ў дом інвалідаў! - першай апамяталася Марынка і, стаўшы ў нейкай рашуча-адчайнай позе перада мной, нібы запатрабавала. - Бортка павінна застацца ў нас!
  - Хай застаецца, хай застаецца! - дружна, у адзін голас падтрымалі Марынку санітаркі, медсёстры і нават хворыя, якія ледзь не ўсе высыпалі на бальнічны двор.
  На душы ў мяне было нядобра, неяк хваравіта, у галаве пуста, нібы там і праўда гуляў вецер.
  - Гэта яна, мусіць, вайны баіцца, - нечакана, недзе з-за спіны, як праз сон пачуў я голас новенькай хворай, якую раніцай прывезлі на «хуткай дапамозе» з раённай бальніцы далечвацца.
  - Вайны? - не зразумеў я, раптоўна адчуўшы ва ўсім сваім целе незразумелую гарачыню, павярнуўся і падазрона паглядзеў на жанчыну. Гэтак жа падазрона і як са страхам паглядзелі на яе і ўсе астатнія.
  - Яна, мусіць, думае, што яшчэ не скончылася вайна і што зноў на машыне яе павязуць мучыць, - не зважаючы на нашы падазроныя позіркі, спакойна, як ні ў чым не бывала адказала жанчына і дабавіла: - Яе ў вайну фашысты былі забралі на машыну і замучылі ў камендатуры да паўсмерці.
  Невядома чаму, але ўсе, як і я сам, адразу паверылі словам гэтай жанчыны. Медыцынскія работнікі і хворыя тут жа з усіх бакоў акружылі новую пацыентку і наперабой пачалі распытваць у яе, што і як было.
  А тая расказала, што ў вайну ў суседняй вёсцы нямецкі афіцэр хацеў знахальнічаць маладую прыгожую жанчыну, дык яна, баронячыся, дужа ўкусіла яго за палец. Раз'юшаны афіцэр на вачах у жанчыны застрэліў яе дваіх дзяцей, а самую фашысты зацягнулі на машыну і адвезлі ў камендатуру. Там ёй выкалалі вочы і білі прыкладамі па галаве. Збілі так, што галава была ўся, як крывавы клубок. Жанчыну не застрэлілі, а выкінулі ў канаву даходзіць. Там нехта з вяскоўцаў падабраў яе, і яна неяк выжыла.
  - Я, праўда, пасля вайны яе так і не бачыла, - закончыла свой расказ жанчына. - Мусіць, гэта яна і ёсць.
Забыўшыся пра Бортку, пра ўсё на свеце, я думаў аб тым, як давесці Бортцы, якая не змагла пачуць на свае вушы, што вайна даўным-даўно скончылася, не пабачыла на свае вочы радаснага салюта перамогі, не ведае, што яе мучыцелі атрымалі сваё, заслужанае. Раптам у натоўпе нехта ўскрыкнуў, і адразу ўсе кінуліся ўрассыпную. Я тут жа ўбачыў, што прама на мяне, выпрастаўшыся на ўвесь рост, са сціснутымі і паднятымі ўверх кулакамі, нібы здань, ішла Бортка.
  Я не ведаў, што рабіць, чуў, як дранцвеюць і ногі, і рукі. Але чамусьці хутка ачомаўся і пайшоў насустрач Бортцы, не ведаючы, як патушыць яе гнеў, чым суцешыць і вярнуць яе ранейшы давер...
  Яна, мусіць, пазнала мяне па паху лякарстваў, якімі вечна пахнуў мой халат, спынілася, быццам застыла, і з нейкай асцярожнай пяшчотай узяла мяне за рукі вышэй локця, у нейкім адчайным даверы ўтуліўшы галаву мне ў грудзі.
  - У-у-у!.. У-у-у!.. - ужо куды цішэй, але неяк надрыўна-натужліва загучаў яе голас, як бы намагаючыся прарэзацца.
  Сам таго не заўважаючы, я асцярожна, па-сыноўняму ласкава пачаў гладзіць яе па галаве, павязанай бялюткай хусткай-пялёнкай. I  тут з усіх канцоў пачалі падыходзіць да нас бальнічныя работнікі, хворыя. Зусім не зважаючы на мяне, сталі яе супакойваць, стараючыся зрабіць ёй нешта прыемнае. Потым усе гуртам павялі яе ў палату.
  Я тут жа ўспомніў, што на мансардзе, побач з жаночай палатай, ёсць даволі ніштаваты пакойчык, заняты пад розныя, не зусім патрэбныя бальнічныя транты. Адразу ж я і сказаў санітаркам вызваліць той пакойчык ад непатрэбшчыны, прывесці яго ў парадак,   прыбраць і пасяліць туды хворую.

Даўно ўжо я не працую ў той сельскай бальніцы, ды і самой яе там ужо, казалі, няма. Пабудавалі замест яе новую, вялікую ў другой вёсцы. Не ўсіх памятаю ўжо і медработнікаў, а хворых і пагатоў таго. Толькі Бортка яшчэ і сёння мне ўспамінаецца, і тады мне цяжка, неяк няўтульна і трывожна робіцца на душы

Рассказы

Previous post Next post
Up