Час спусціцца ў сваю рэальнасць
Лепш часцей глядзець мясцовыя ўладныя “вячоркі” - гэта наша рэчаіснасць. Хутчэй прыйдзе жаданне нешта змяніць.
Калі мне было 7 гадоў, я ўпершыню паглядзеў фільм жахаў у нашым кінатэатры "Юнацтва". Гэта была карціна "Легенда аб дыназаўры", знятая японскімі кінематаграфістамі. Фільм распавядаў аб з'яўленні ў сучасным свеце дыназаўра, які папросту з'ядаў усё, што рухаецца, у тым ліку і людзей. Уражанні ад убачанага былі настолькі моцныя, што я не змог заснуць усю ноч, хоць побач спаў бацька. Страх, які зелез ў дзіцячую свядомасць, быў так вялікі, што я баяўся любога старонняга шоргату ў пакоі, а тлумачэнні бацькоў, што гэта было ўсяго толькі кіно, ніяк не супакоілі. З тых часоў я ніколі не сумняваюся ў тым, што кінематограф, тэлебачанне ўплываюць на навакольны свет і чалавека гэтак жа, як і падзеі, якія адбываюцца ў рэальнасці.
За мінулыя гады кінематограф і тэлебачанне сталі прыкметна больш жорсткімі. На блакітных экранах пасяліліся бязлітасныя тэрмінатары, метадычна расстрэльваючы сотні, тысячы людзей. Падаецца, што ўсе тэлеканалы ўключыліся ў вар'яцкую гонку - хто хутчэй вынішчыць род чалавечы. Кожны дзень нас палохаюць захопам закладнікаў, вайной, тэрарыстамі, мафіёзнымі кланамі, кіруючымі светам.
Запалохваюць ператварэннем людскага роду ў клонаў, гэта значыць у безаблічную масу безнадзейнікаў, якія страцілі здольнасць да самааднаўлення, і ўсеагульным Армагедонам - канцом святла.
На экране нас забіваюць штодня. Нам паказваюць, як гэта рабіць, як карыстацца зброяй, як вырабіць зброю і выбухоўку. І ўжо цяжка вызначыць грань паміж забойствам, паказаным у тэлефільме, і забойствам, паказаным у тэленавінах, бо рэакцыя ад убачанай смерці рэальнай і віртуальнай у чалавека амаль аднолькавая.
Кіношны забойца і маньяк выходзіць з экрана ў рэальнасць. Жорсткасць, ідучая з блакітнага экрана, спараджае жорсткасць у рэальным жыцці. А свядомасць не ў стане абараніцца ад чарговага крывапускальніка, які ходзіць па тэлеэкране. І ўжо фраза ахоўніка закона правінцыйнага мястэчка гучыць гэтак жа, як фраза аднаго з персанажаў баявіка: "Я ужо стаміўся збіраць трупаў".
Нас забіваюць. І мы выміраем. Не выключана, што нас вынішчаць. І праз якіясьці 100 - 200 гадоў на зямлі беларусаў будуць жыць чалавекападобныя істоты ў краіне пад назовам Еўракланаваны Звяз альбо Злучаныя Штаты Тэрмінатараў.
Можна доўга крытыкаваць кінематограф, тэлебачанне за непрафесіяналізм, але нельга забываць, якую ўсёткі інфармацыю павінна несці тэлебачанне, чаму яно павінна вучыць чалавека. Калі гэта роля гвалтаўніка чалавечай свядомасці, то я тройчы прагаласую за таго чараўніка, хто выключыць ўсю гэтую сатанінскую цемру. І калі такі канал адключаюць - гэта добра.
Я думаю, не варта праліваць слёзы па выключаных расейскіх каналах - іх трэба было адключыць яшчэ ў 1994 годзе. Лепш глядзець меней прафесійнае БТ, чым расейскі канал, які у дзесяты раз круціць "Тэрмінатара". Лепш часцей глядзець мясцовыя ўладныя “вячоркі” - гэта наша рэчаіснасць. Хутчэй прыйдзе жаданне нешта змяніць.
10 гадоў беларусы жылі, не жадаючы глядзець на сябе збоку. Яны глядзелі ў телелюстэрню, а бачылі адлюстраванне суседа. Беларусаў ставяць на месца - у іх інфармацыйную прастору. Хопіць лётаць у чужых аблоках - час спусціцца ў сваю рэальнасць.
dobramir333
http://www.arche.by/by/24/40/1989/