http://zviazda.by/2013/07/4091.htmlЦарква… стала мостам
24.07.2013 19:04каментарыяў: 0Прагледжана: 78
Адметны лёс напаткаў царкву Святога Міхаіла, якая была ў вёсцы Лучын Рагачоўскага раёна. Дарэчы, нават Караткевіч у «Ладдзі роспачы» ўзгадвае яе. Цытую: «Дыякан царквы святога Міхала, што ў Лучыне пад Рагачовам, запісаў у сваім летапісе, што таго года ў ясны майскі дзень пралунаў рагачоўскімі вуліцамі страшны, як землятрус, шматразовы грукат. І было гэта так, што немаўляты плакалі, сабакі вылі, як падчас зацьмення божага сонца, а каровы мыкалі жаласна і працягла…»
Гэтую царкву пабудаваў у 1172 годзе смаленскі князь Рурык Расціслававіч у гонар нараджэння сына Міхаіла і назваў у яго гонар. Пазней сын атрымаў у падарунак сам Лучын. Падкрэслю, што царква была старажытнай.
У 1562 годзе Лучын быў разрабаваны і спалены крымскімі татарамі. Царкву давялося перабудоўваць. Новы будынак ствараўся падобным да мінулага. Так адбывалася неаднойчы.
Ужо нашмат пазней, у 1696 годзе, рагачоўскі стараста выдаў загад аб замацаванні веруючых з блізкіх і далёкіх вёсак за дзвюма цэрквамі Рагачова. У Лучыне ж была свая царква, таму прыхаджане павінны былі хрысціць дзяцей і ўступаць у шлюб у сваёй царкве.
Яна ўяўляла сабой вялікі будынак з дзвюма вежамі, увянчанымі пазалочанымі крыжамі. Заходняя вежа з’яўлялася званіцай, якая мела пяць званоў адзін менш за другі. У апошні, кажуць, ніколі не званілі. Гэта быў падарунак. Але чый - застаецца невядомым. Званіца мела чатыры незашклёныя вокны - на поўдзень, поўнач, усход, захад. Яны зачыняліся аканіцамі.
Знутры было намалявана блакітнае «неба» з зорачкамі, на вокнах і сценах - анёлы. Усюды віселі абразы. Муры і вертыкальныя слупы былі каменна-цаглянымі. Слупы зверху мелі бляшаныя накрыўкі. Прамежкі паміж слупамі былі застаўлены драўлянымі бярвенцамі аднолькавай таўшчыні і апрацоўкі.
За агароджай царквы раслі старыя ліпы. На адной з іх было гняздо буслоў, дзе кожны год выводзіліся бусляняты. Другое гняздо чамусьці заўсёды пуставала. Сама царква знаходзілася на вельмі прыгожым месцы на ўсходзе Лучына, недалёка ад берага Дняпра. Адсюль, з вышыні, відаць і Днепр, і заўсёды - усход сонца. Думаецца, гэтае месца князь выбраў таму, што яно выходзіла на ўсход. А абразы ў доме, як вядома, павінны размяшчацца на ўсходзе.
Вуліца, прылеглая да царквы, называлася «Сяло», а якая ішла ад царквы на захад - «Слабада». Апошняя выходзіла на «Шлях» і гэтае перакрыжаванне называлася «Растанькі». Там «расставаліся», калі па «Шляху» выпраўляліся ў розныя бакі.
Царква ў Лучыне прастаяла да 1943 года. Вядома ж, у гэты час Лучын быў акупаваны немцамі. І яны тут збіраліся ўладарыць. Таму рашылі пабудаваць мост цераз Днепр і па левым беразе - пойменным, сталі масціць грэблю да Ходасаўскага лесу - гэта 3 кіламетры. Высякалі гаі, разбіралі хаты жыхароў. Нарэшце вырашылі і царкву ўзарваць, а потым разабраць на будматэрыялы. Што і зрабілі ў 1943 годзе. Бярвенні што з царквы, што з агароджы былі вельмі акуратна апрацаваны - адно ў адно. Вось з гэтых бярвенцаў немцы і пабудавалі мост. Хто яшчэ бачыў яго, хоць і ў дзіцячым узросце, кажа, што быў ён вельмі прыгожы. І ўсе помняць менавіта тое, што бярвенцы былі вельмі прыгожыя, адно ў адно. Царква прастаяла 771 год і… ператварылася ў мост.
Як паставіцца да такога моста - пытанне асобнае. Ці царква ў выглядзе моста, ці - мост з царквы - праіснаваў год.
У 1944 годзе падчас аперацыі «Баграціён» артылерыйскім і авіяцыйным агнём Лучын быў зруйнаваны з зямлёй. З сотні дамоў умоўна ацалела сем. І мост… з царквы… накіраваным агнём разнеслі на трэскі. І сплылі яны ў Чорнае мора. Яшчэ нейкі час стаялі пашкоджаныя палі, але з часам і яны сплылі… Тэма вайны ў Лучыне - тэма асобная. Тут два разы стаяў фронт, два разы Лучын руйнаваўся. Зноў жа - дняпроўскі рубеж - кожны бок стараўся на ім утрымацца.
Вось такі лёс адной са старажытнейшых цэркваў - Лучынскай. Цяпер царквы ў Лучыне няма і не ўяўляецца магчымым, каб яна была. Мы ўжо не смаленскае княства, і няма смаленскага князя, каб пабудаваў.
Існуе толькі чарнавы малюнак лучынскай царквы. Яго «па памяці» маляваў Пятро Рыгоравіч Небераў. Ён быў чалавек разумны і пісьменны для свайго часу. Проста для сваіх нашчадкаў напісаў свае ўспаміны, сваё бачанне - аб жыцці даваенным - сваім і Лучына. Таксама намаляваў план даваеннага Лучына - дзе былі млыны, крупадзёркі, крыніцы, масты, нават калодзежы. Па малюнках Неберава вёска ўяўляецца вельмі цікавай і незвычайнай. Здаецца, 70 гадоў - для гісторыі не тэрмін, але нешта ўсё роўна знікае беззваротна, што ўзнавіць немагчыма. Таму ўсё, што засталося, - толькі гэты малюнак.
Соф’я КУСЯНКОВА.
Рагачоўскі раён