Не панікуйце: Юрась Навіцкі намаляваў новую кніжку. Пра катаваньні Праваабаронца і журналісты Юрась Навіцкі выклаў у Сеціва новую
маляванку. Пра гэнае сёньня нашае бліц-інтэрвію з аўтором.
- Юрась, пра што Вашая новая кніжка?
- Гэна не асобная кніжка, але працяг ужо вядомай кніжкі турэмных пэйнтрэпартажаў. Дапаможнік пра міліцэйскія катаваньні, зь якімі я сутыкаўся асабіста.
- Што Вас натхніла на ягонае напісаньне?
- Замоўныя артыкулы ў дзяржаўнай і жоўтай прэсе “як добра жыць у краіне позьняга лукашызму” пра міліцыю і турмы.
- Што зь імі ня так?
- Яны неабьектыўныя і/ці непрафэсыйныя. Гэнае заўсёдная беларуская хвароба - непрафэсыяналізм і хайп. Адны пішуць пра турму, пабыўшы хвіліну ў дэманстрацыйнай каморы, другія малююць на карцінах катаваньні, ніколі іх не перажыўшы і нават не ўяўляючы. Потым адзін аднаго ўзнагароджваюць за “лепшыя” дэмаартыкулы, пастановачныя фота і штучныя карціны.
- А Вашая кніжка лепей?
- Усё-ж-такі я журналісты і праваабаронца болей за 20 гадоў. Другое - прафэсыйны журналісты і праваабаронца заўжды ў нэўтралітэце. Трэйцяе - я бачыў праблему знутры. Няшмат. Але гэнае зусім іншы ракурс. І таго, што я бачыў, дастаткова.
- Але як Вы трапілі ў турму, маючы недатыкальны афіцыйны статус журналістага і праваабаронцы, пасьведчаньні?
- Проста не паведамляў міліцыянтам і судзьдзі. Інакш атрымаў бы штраф у горшым выпадку. А ў мяне і так дастаткова нясплочаных штрафаў. Але варта было таго. Інакш як даведаешся? Раней мы публікавалі маніторынгі - чырвоныя, чорныя, белыя кнігі (у 90-я, 2000-я), а зараз магчымасьці маніторыць няма, нашых праваабаронцаў не ўключаюць у грамадзкія камісыі.
- Чым Ваш “дапаможнік” можа дапамагчы людзям, якіх катуюць?
- Можа дапамагчы неабазнаным людзям, маральна не гатовым да катаваньняў. Папярэджаны - знакам тым, узброены. Падрыхтаваны чалавек ня будзе зшакаваны, ня будзе панікаваць, рабіць глупствы, захавае цьвярозы розум, што будзе толькі на карысьць яму.
- Пра што ваш паліпціх “Катаваньні”?
- Гэна ёсьць спроба перадаць з дапамогай мастацтва пачуцьці катаванага: боль, нянавісьць да катаў, злосьць, роспач, жах, шок, стрэс, ярасьць. Малюнкі былі зробленыя за вялікі пэрыяд часу, я некалькі разоў вяртаўся да гэнай тэмы. Магчыма, яшчэ вярнуся.
- Вашае першае затрыманьне?
- І першае, у 90-х, і апошняе, у 2010-х - за палітычны стрыт-арт. Плякаты і постэры на тумбох і стэндох.
- Вашае першае зьбіцьце?
- Папрасіў у міліцыянта прадставіцца. Іх шмат было.
- За што?
- Пры затрыманьнях. За сьцяг Эўрозвязу. За фатаграфаваньне “драздоў”. Пры законных патрабаваньнях з майго боку. Тройчы вымагалі флэш-карты са здымкамі “драздоў”.
- Якіх “драздоў”?
- Правакатароў пад выглядам удзельнікоў. Аналяг украінскіх “цітушак”. Вось адзін правакатар, заўважыўшы, што я яго сфатаграфаваў, паказвае на сваю бела-чырвона-белую стужку на рукаве, маўляў, я свой. Вось правакатары ідуць побач са мной у калёне пратэстоўцоў, пераапранутыя пад гопнікоў альбо ў камуфляжы бы беларускія нацыяналістыя, а пасьля акцыі чарадой бягуць у райадзел міліцыі. Вось яны падчас акцыі імітуюць пьяных і куражацца ці бьюцца на камэру, потым сядаюць у аўто БТ і зьяжджаюць. Нападаюць на удзельнікоў ці на міліцыянтоў, гаішнікоў. А вось яны за сьпінамі мірных дэманстрантоў дрэўкамі адабраных ад некага апазыцыйных сьцягоў і мегафонам з “Пагоняй” пачынаюць трушчыць на камэры шкло й дзверы Дома Ўраду, набітага амонам, бьюць тым жа мегафонам апэратара. Гэнае робіцца, каб справакаваць разгоны, атрымаць узнагароды, прэміі, а потым апраўдацца нэгатыўнай карцінкай на БТ. Самы раскручаны зь іх жоўтай прэсай - Дмитрий Дрозд. Таму агульная мянушка правакатараў - “дразды”. Я яшчэ дапішу гэную частку кніжкі пра іх, было ў мяне некалькі публікацыяў у Нашай Ніве і сацсетках, напрыклад, пра Плошчу-2006. Ёсьць шмат фота, цэлыя фотакаляжы-сборкі. “Дразды”, як я ўжо казаў, каб справакаваць жорсткія разгоны, вельмі часта нападаюць на ахову, фатографаў, апэратараў. Нашай здымачнай групе яны зламалі тры розныя камэры.
- Аці шмат правакатараў бывае на акцыях?
- Тых, каго я лёгка вылічваў - да траціны ўдзельнікоў. Але дасьледаваць кожнага ўдзельніка акцыяў мэта ня ставілася.
- Што значыць “зьбівалі за сьцяг Эўрозьвязу”?
- Было 90 год БНР. Кіраўнік разгону выціраў ногі аб сьцяг ЭЗ. Я яго сьпіхнуў, але з усіх бакоў пачалі лупіць, я ўпаў на той сьцяг, схапіў і не аддаў, хоць лупілі. Ня здолелі адабраць у мяне. Затрымалі разам зь іншымі, але мы ўдвох здолелі ўцячы з-пад канвою. І сьцяг быў уратаваны. Мы з Тацянай Грачанікавай зноў сустрэліся ўжо на Акадэміі Навук і разгарнулі сьцяг перад журналісцкімі камэрамі.
- Цяпер прэса ўскладае вялікія надзеі на новага міністра МВД, прадстаўляе яго як лібэрала. Вашае меркаваньне, чаго нам ад яго чакаць?
- Мы зноў вяртаемся да замоўных артыкулаў і жоўтай прэсы, якая залежна ад сваіх зацікаўленасьцяў, можа перавярнуць усё з ног на галаву. Я тут бачу проста пятага запар небеларуса на пасадзе міністра МВД, то бок, часовага выканаўцу. Супраць сыстэмы ён нават ня рыпнецца. Сталін іх мяняў ці не ўдвая часьцей, аднак вынік вядомы. У мяне няма ўражаньня, што нешта можа залежаць ад Караева. Можа, чалавек ён душэўны і любіць лато, аўто і шапіто, але ніякага значэньня тое ня мае.
- Дзякуй.
Матэрыял падрыхтавала Ярына Вярбіцкая