Пра Вільню і гарэлку

Sep 27, 2011 01:14

Спачатку мушу патлумачыць пра гарэлку. Хто не разумее пра што, яно і лепш, прапускайце

А гісторыя такая. Выпадкова сустрэўся нядаўна з адным менскім сябрам-дызайнэрам і яго сямействам… у Вільні, на Піліс (не, праз прабел!;)). Яны з адпачынку вярталіся, у мяне аўтобус на MJR праз паўгадзіны. Ну аблабызаліся на радасьцях, давай за жысьць церці. І тут ён пытае: а памятаеш твае фоткі з паясамі, ці можна ўзяць для канцэпта гарэлачнага? Гледзячы для чаго, кажу. Калі публікаваць, то яны для іншага былі зробленыя, а калі проста кліенту паказаць ідэю, то бяры, дарагой. Глядзіш пракоціць - збацаем фотасэсію…

Але, відаць, атмасфера віленская расслабіла абодвух. Карочы, з-за міамаходнасьці сустрэчы і сонечнага надвор’я, атрымаліся ў нас банальнае непаразуменьне - што можна, а што ня можна. У выніку матэрыял патрапіў на публіку, апублікавалі адны, перапосьцілі другія, а за імі і блогеры падцягнуліся… І хоць бы хто з рупліўцаў дадумаўся да першакрыніцы праклікаць і пазырыць капірайты…

Блогеры на маю просьбу пасты павыдалялі, каб ня множыць памылку і не ствараць бучу. Яшчэ раз дзякуй вам за паразуменьне. Другія таксама апэратыўна адрэагавалі, першыя выдаляць цягам дня. Прапаную лічыць інцыдэнт вычарпаным.

Адно, пра тую ж самую акурат гарэлку і тую ж самую акурат Вільню нагадалі гісторыю. Сьвежую, на злобу дня. Адзін мужык, як туды ехаўшы, вёз поўны бак пару законных пляшак, каб троху грашэй зарабіць на розьніцы коштаў. Ну час такі, крызіс. І акурат гэтыя дзьве і вёз - сіненькую і чырвоненькую. Але віленскія таксісты, якія і скупляюць тавар, менавіта гэтую гарэлку не ўзялі, бо вытворца ім невядомы. Маўляў, "крышталь" яны ведаюць, а гэта - не. Пры тым знаўцы кажуць, што крышталь гоніць шлак, а тут нібыта якасны пардукт. Акрамя гарэлкі чалавек вёз яшчэ блок сігарэт, сігарэты ўзялі без пытаньняў. Ну вы запомнілі што вазіць, так? ;)

Гарэлка тая не прапала, вядома, паехала сабе на кангрэс беларусістаў, дзе і прыняла пакутніцую сьмерць у імя беларускае навукі. Але дзе мараль?

Мараль такая, як ня дзіўна: крытэр пасьпяховасьці тутэйшага гарэлачнага брэнду - віленскія (а заадно гудагайскія, беластоцкія, тэрэспальскія і інш.) таксісты. Вось на каго трэ працаваць рэклямшчыкам. Вось пра каго мусіць думаць дырэктар па продажы, маркетоляг, брэнд-манагер і дызайнер. Плацінавы корак, срэбныя вензеля і сьлёзы хрысьціянскіх немаўлят унутры - усё фігня, калі ты ніхто для загарэлага кіроўцы старога Фольксвагэна на стоцісе. Таму кожнаму таксісту - буклет, а лепш налепку з цыцкамі, каб на панэль ля іконкі прылепіць. Ну і пробнічак у прабірцы. Тады і экспарт у краіне будзе, і валюта, і кангрэс беларусістаў не паретворыцца ў… ;))))

Беражыце сябе :)

брэндынг, дызайнэрскае, Вільня, парнічок

Previous post Next post
Up