Гады паўтары таму Я ПРЫСЬНІЎ, што шукаю ў "Яндэксе" інфармацыю пра загадкавы футурыстычны мікрааўтобус з апошніх кадраў "Каўказскае палоньніцы". Калі прачнуўся, то палез у "Яндэкс" і давай шукаць гэты самы мікрааўтобус. І з тае пары пачалося - я раскопваю інфармацыю, зьвязаную з прадметамі, якія атачалі мяне ў дзяцінстве - і дыяфільмы, і гумовыя ГДР-аўскія індзейцы, і этыкеткі, і магнітафоны-радыёлы-прыймачы, і ГДР-аўскія ж стэрэаскопы, і тое, і сёе.
Адным з моцных культавых пластоў зьяўляецца гарадскі транспарт. Днямі зьявілася інфармацыя, што старыя рыскія трамваі будуць працаваць у Менску толькі да канца году. Такім чынам, зьнікне перадапошні прадстаўнік транспарту майго дзяцінства, які можна пабачыць яшчэ зараз. Застанецца на вуліцах толькі стары тралейбус "ЗиУ", які імкліва замяняецца сучаснымі тутэйшымі мадэлямі.
Таму прапаную невялікі фотаэкскурс у Менск 1970-х.
Тралікі.
Той "ЗиУ", які езьдзіць дагэтуль, тады называлі "новым" - у параўнаньні са старой мадэльлю:
Тралікі гэныя езьдзілі да сярэдзіны 1980-х - не памятаю дакладна, калі менавіта іх перасталі выпускаць на лінію.
Аўтобусы.
А ці памятае хто бел-чырвона-белыя "Ікарусы-180"? А ў свой час яны былі бадай адным з сымболяў сталіцы БССР:
Бел-чырвона-белыя Ікарусы цалкам замянілі усім знаёмымі жоўтымі да Алімпіяды-80. Дарэчы, жоўтых у Менску ужо таксама на маршрутах няма. Няма і "Ліазу" з "ЛАЗам" ужо, але мой пост пра тыя мадэлі, якіх ня памятае частка маех LJ-фрэндаў.
На міжгародных маршрутах, апроч іншых, працаваў раскошны і элегантны "Ікарус-55" з характэрным выступаючым маторным адсекам ззаду:
Трамвай.
Той, што дажывае апошні год - РВЗ-6, тады таксама называлі "новым". Бо адначасова езьдзілі і "старыя" - КТМ-1і МТВ-82:
А на РВЗ-6 сьпераду была не такая як зараз лэйба заводу:
Таксоўкі былі прадстаўленыя "Волгамі" - як новымі ГАЗ-24, так і старымі ГАЗ-21:
Фотак значна больш, але тут - так, хуценька накідаў. Гэта пра менскае дзяцінства. Пра Ковенска-Віленскае нічога не паказваю, бо гэта - тэма не для гэтай вэрсыі майго LJ.
P.S. Дарэчы, а вось і "Старт" - той самы мікрааўтобус з "Каўказскае палоньніцы":
І яго гісторыя:
http://www.ctapt.by/