Звесткі пра Мікалая Фёдаравіча Алферчыка, кіраўніка палітычнага аддзела акружной службы бяспекі СД у акупаваным Смаленску, даволі скупыя.
У асноўным, гэта
публікацыі савецкіх газет, або публіцыстыка тых самых часоў. Зразумела, партрэт смаленскага калабаранта, апісаны ў літаратуры, мае ў сваёй палітры толькі адценні чорнага колеру. Алферчыку інкрымінуюцца шматлікія вайсковыя злачынствы,
фальсіфікацыя "Катынскай справы", карацей,
"зверь был страшный". Гэта ідзе ў разрэз з
успамінамі некаторых беларускіх дзеячоў, для якіх Алферчык - "свой чалавек" і шчыры беларус.
У прынцыпе, з савецкімі даследчыкамі салідарны і папулярны аўстралійскі журналіст і аўтар кнігі War Criminals Welcome: Australia, a Sanctuary for War Criminals Since 1945, Melbourne: Black Inc., 2001 Марк Ааранс, які
абвінаваціў аўстралійскія спецслужбы ў вербоўцы і ўкрывальніцтве нацысцкага злачынцу Мікалая Алферчыка.
Дзякуючы шматлікім запытам, Ааранс дамогся выдачы суперсакрэтнага дасье аўстралійскіх спецслужбаў на Алферчыка. Дасье раскрывае нам дадзеныя, якія сабралі генерал Спрай і спецслужбы на жыхара Мельбурна, і якім чынам па ініцыятыве Спрая выведка «пайшла на экстраардынарныя меры, каб стварыць адпаведныя ўмовы» для «вярбоўкі Алферчыка». У тым ліку ў паперах апісваюцца таемныя сустрэчы Алферчыка і яго куратараў.
Часткова гэтыя дадзеныя даступны ў адкрытым доступе на партале Нацыянальных архіваў Аўстраліі. Дакументы раскіданыя па розных фондах, дзе Алферчык фігуруе як Nikolay PAVLOV [aka ALFERCHICK / ALFERTSCHIK] [ALFERCHIK].
Згодна сакрэтным дадзеным ад 22 траўня 1954 г., якія былі накіраваныя з офіса па міграцыі Аўстралійскай амбасады ў Кёльне ў Гаагу , Мікалай Фёдаравіч Алферчык хаваўся пад прозвішчам Паўлаў, якое, згодна іншым паперам, змяніў у 1946 г. Нарадзіўся 31.12. 1917 г. ў Гомелі, працаваў на электрастанцыі ў Пінску, адначасова з'яўляючыся трэнерам спартовага клуба. Пасля акупацыі Заходняй Беларусі бальшавікамі ён апынуўся ў Варшаве, дзе уладкаваўся на радыёзавод. У сталіцы Польшчы Алферчык пачаў супрацоўнічаць з Расейскай скаўцкай арганізацыяй, трэніруючы маладзёнаў.Глядзець падрабязней на скане:
У сакрэтных дакументах згадваецца, што жонка Алферчыка-Паўлава - руская, ураджэнка Харбіна. У справе BP25/1, якая захоўваецца ў Брысбане, маецца пашпарт Паўлавай, а таксама пасведчанне аб шлюбе з Мікалаем Паўлавым, 1923 года нараджэння.
Звесткі аб шлюбе (31-07-1955), імёны, адрас прапіскі (45 moore street morningside),год і дата нараджэння мужа (21-05-1923) адназначна звязваюцю дадзеную жанчыну з Мікалаем Паўлавым, пашпарт якога таксама маецца ў лічбовым архіве Брысбана (справа BP25/1). Падрабязнасці можна пабачыць у справах BP25/1, PAVLOV A M RUSSIAN: Pavlov, Anna Minailovna [nee Kiseleva]; child George - Nationality:Russian - arrived Sydney on Taiping 16 May 1954;
J25, 1968/18023, Pavlov, Nikolai; wife Anna [nee Kiseleva] and children George, Vladimir and Alexe, і інш.
Такім чынам, можна сцвярджаць, што на фота мы бачым Мікалая Алферчыка-Паўлава, былога афіцэра Смаленскага СД, які змяніў сваё прозвішча, год і месца нараджэння. Дапамагалі яму, як ужо было даказана Маркам Аарансам, аўстралійскія спецслужбы - ASIO.
Застаецца пытанне - хто ўсё ж такі адлюстраваны на вядомай выкадроўцы з нямецкага прапагандысцкага фільма часоў Другой сусветнай вайны. Ці гэта адзін і той жа не вельмі фотагенічны чалавек, ці пад Алферчыкам мы разумелі іншую асобу?
Свае заўвагі прашу пакідаць у каментах.