Час страшэнна бяжыць, ажно здаецца, што нічога не паспеў, але калі азірнуцца і прыкінуць, то ўсё ж выходзіць, што год быў досыць плённы.
На першым месцы былі родныя. Дзеці растуць, разумнеюць і харашэюць, збольшага радуюць, а часам выводзяць, але ў меру. Адась бегае, падае, смяецца, просіцца на ручкі і балабоніць, Алеся даўно ўжо не, але і сама яна цяпер далекавата. Што да мяне, то я бываў часам невыносны (перадусім у дачыненні да жонкі), але ў цэлым у нас усё выдатна, у сям'і любоў ды лад і мы нязменна шчаслівыя.
З вясны да восені цягнулася змаганне з бюракратамі, ад чаго паўгода жылі ў няпэўнасці, ці застанемся тут або змушаныя будзем з'ехаць. Урэшце ўсё скончылася добра.
У далёкіх паездках сёлета мы былі трохі абмежаваныя са зразумелых прычынаў. Затое ездзілі і абходзілі блізкія ваколіцы, як ніколі раней. Амаль штовыходныя некуды выбіраліся. З сур'ёзнейшых паездак на некалькі дзён - на пачатку года Венецыя трое выходных запар, увесну Пэч і Мараўская Славакія, улетку Пелапанэс, увосень Есэнікі. Прагу, Браціславу не лічу, туды ў першай палове года я ўвогуле кожны тыдзень ганяў. Вену таксама не лічу, бо гэта, лічы, наш прыгарад, хоць выбраліся туды ўсяго пару разоў. Павадзіў трохі экскурсіі па Брне і не толькі, раз нават па-польску. А, і тройчы ездзіў у Беларусь.
Выйшлі дзве кніжкі, якія пераклаў (Гавэл для дарослых ды Чапэк для дзяцей), і дзве, якія рэдагаваў ("Мова" і "Вайзэр Давідзік"), дапрацоўваем іншыя, неўзабаве будуць яшчэ. Уклаў цалкам два часопісныя нумары - славацкую "Макулатуру" і "ARCHE"-Радзіма, апошні гэтымі днямі здаецца ў друк, нумар амаль на 500 старонак. Перакладаў з мастацкага досыць шмат, але пераважна дробны фармат - апавяданні, фрагменты большых твораў, вершы. З чатырох моваў, дарэчы. Аўтараў шмат, таму пералічваць не буду. Было шмат рознай нятворчай адміністратыўнай працы, без якой, на жаль, кніжкі зрабіць немагчыма.
Выкладаў і выкладаю. Асноўнае - чэшскую для замежнай моладзі, што рыхтуецца тут паступаць, сёлета дастаткова і беларуса-к. Мінулую групу навучыў добра, паглядзім, як новыя сябе праявяць. Яшэ да лета выкладаў беларускую ва ўніверсітэтах Брна і Прагі, але гэтая шабашка скончылася.
Вучыўся трохі сам, галоўным чынам штудыяваў вугорскую. Увосень нашая група распалася - страшэнна шкада. Але ўжо знайшоў сабе прыватную настаўніцу ў Брне, пасля НГ заняткі працягнуцца.
Пра здароўе. Зрабіў сабе аперацыю на вочы, бывайце лінзы ды акуляры. І чарговы раз пачаў бегаць. Яшчэ толькі другі тыдзень, але настроены рашуча. Сёння, напрыклад, 4 км.
Яшчэ шмат тармазіў, спазняўся, зацягваў працы і адцягваў дэдлайны. Зрэшты, пра негатывы не хачу, іх і так у глабальным плане надта шмат. Калі каго сёлета пакрыўдзіў - прашу прабачыць, а калі расчараваў - дык ужо які ёсць.
Абяцаў зноў тут змяшчаць прынамсі нейкія пераклады - буду. Але ўжо ў наступным годзе. Добрага вам 2015-га!