Кузьма Чорны: словы з твораў пісьменніка, не зафіксаваныя ў ТСБМ (2/4)

Oct 29, 2013 14:33

Другая частка пазаслоўнікавай лексікі з твораў і карэспандэнцыі К. Чорнага (першую частку гл. тут)

АБКАЎТУНЕЦЬ, зак. Захварэць на каўтун (хваробу валос). - Каб твае ўнукі, дай божа, абкаўтунелі! (Зямля)
АБСТАЛЕЦЬ, зак. Тое, што і пасталець. Абжывецца, абсталее, дык і гаспадыня будзе добрая (Зямля)
АБСУДАК, м. Абраза, крытычная заўвага. Ні то што я што-небудзь маю проці Вашыновіча ці проці яго дачкі, яны мне аднолькавыя прыяцелі, і Вашыновіч і Барановіч, і не люблю я ў чужыя справы ўмешвацца, або ў чужую гаворку язык утыкаць, але далёка яшчэ той да Барановічавае Ганны. Гэта не абсудак, а праўда (Зямля)
АДОЛЯ, ж., у выразе: УЗЯЦЬ АДОЛІ - паправіцца, выздаравець ад хваробы. - Ну, як твая маецца? Нездарова нешта была, мая гаварыла. - Нешта ўсё ёй далягае, ніяк адолі не возьме (Зямля);  Дык от з таго самага часу і агарнула мяне хвароба нейкая. Я ж кажу, ніяк адолі не вазьму (Ibidem)
АЛІФА, ж. Тое, што і аліва, змазачнае масла. ... Мулін пачаў выціраць кудзеляю запэцканыя ў аліфу рукі (Маленькая трагедыя)
АПАЛЕРАВАЦЬ, зак. ? За дзень ён апалераваў некалькі разоў увесь горад, зарабіўшы на гэтай справе рознымі хітрасцямі і штукамі чатыры капейкі (Вечар)
АХОДЖВАЦЬ, зак. Хадзіць вакол чаго-н. з пэўнай мэтай. На пустым скверы нейкі вечна вясёлы авантурнік аходжваў на лаўцы жанчыну (Сястра)
АЦАПЕЦЬ, зак. Здурнець, з глузду з'ехаць. - Ціха ты, - штурхануў яго ў локаць белабароды Павал, - тут табе не вяселле. Што ты, чалавеча, ацапеў? (Зямля)
АЧЫСЦІЦЬ, зак. ... Зрабіць аборт. Каб ты раней, а цяпер позна. Раней, спачатку, то я табе парэкамендавала б бабу, і яна б цябе ачысціла (ЛЛ)
АШЛАПЫ, мн. Бярвёны ў зрубе, якія кладуцца над акном, зверху. [параўн. ням. Schlupf] У яго калацілася сэрца, калі ён давёў сцены да вокан, а калі ўжо палажыў ашлапы над вокнамі - як бы і ўсё будоўля была скончана (Заўтрашні дзень)
БІЗУН, м. Бедны чалавек. Як гэта жыць, каб свайго прытулку не мець! Гэта не чалавек, а пасвісцёл нейкі, бізун, бадзяга... Валацуга... (Зямля)
БОЎТНУЦЬ, зак. ... Стукнуць, ударыць. ... табе трэба было не слухаць гэтае гадаўкі, а боўтнуць ёй па карку... (Жаночая праўда і мужчынская крыўда)
ВЕСІЛКА, ж. Тое, што і восілка. І яна хапіла за весілку чайнік (Насцечка)
ВУГАЛЛЕ, н. Тое, што і вугаль. Сярод жалеза, вугалля, агню і дыму будзе так грымець і стукаць... (Сястра)
ВЫСЕЛАК, м. Тое, што і выселкі. Корпаўся ў зямлі ўвесь век бацька яе, на небагатым выселку з вёскі (Сястра)
ВЫСПЯЛІЦЬ, зак. Пакінуць нейкі плод на пэўны час, каб даспеў. - Палітыка. Я мяркую - выспяліць гэтыя гарбузы - р-раз... (Зямля)
ВЯЛІЧНЫ, -ая, -ае, у выразе БЫЦЬ ВЯЛІЧНЫМ каму-н. - быць цяжарам каму-н. [= расійск. "быть в тягость", тяготить] (Станкевіч) - От так жыве, жыве чалавек, многім пры жыцці вялічным бывае, ці, здаецца, на яго і злуюць, з ім і мірацца, але ўвагі мала звяртаюць (Парфір Кіяцкі); Тамаш выцер рукавом губы: - Як я табе вялічан зрабіўся. - Не ўмешвайся ты, бацька, не ў свае справы. Не можаш памагчы, дык лепш памаўчы (Зямля)
[Глядзець больш]
ГАРЛАЧ, м. ... Пра гарластую, крыклівую істоту. У падпечку заспяваў певень. Недзе за сцяною... следам за ім абазваўся другі. Жонка сказала: - Яшчэ гэты гарлач, каб ён здох, зараз усіх на ногі ўзніме сярод ночы (Зямля)
ГУСАК, м. Тое, што і гарнец? Пакойчык... быў застаўлены сталом, ложкам, двума крэсламі і каля дзвярэй - гарцам (гусаком) ад вішнёвай настойкі (Сястра)
ГУСТЫ, -ая, -ае. ... Насычаны, канцэнтраваны; не разбаўлены; моцны (у знач. 7).  Але вельмі нейкі чай тут густы падаюць, проста чорны, як дзёгаць. (Не пі густога чаю)
ДАМАВІТЫ, -ая, -ае. Тое, што і дамашні. Тут было ўтульна, і ўтульнасць гэтую павялічвала дамавітае шыпенне чайніка (Насцечка)
ДАПЫТНІК, м. Той, хто дапытваецца. Замест адказу хлопец уставіўся на свайго дапытніка і ўздыхнуў (ЛЛ)
ДАСЦІПНАСЦЬ, ж. ... Уменне добра апрануцца, элегантнасць. Каморнік устаў ісці. Алесь заўважыў цвёрды рух яго постаці, яго дасціпнасць у адзежы і думаў пра ўчараўняе спатканне з Ганнаю (Зямля)
ДАСЦІПНЫ, -ая, -ае. ... Добра, прыгожа апрануты, элегантны. Каморнік тут, на вуліцы, ад усяго навакольнага вызначаўся сваім выглядам. І выцерты і запылены гарнітур яго заставаўся ўсё ж зграбным; дасціпным быў ён сам (Зямля); Ты ж не брыдкая, ты ж нават прыгожая, каб ты адно адзелася як мае быць. Напрыклад, рудую сукенку з такім вузенькім паясом. Спрытны гэтакі, дасціпны гарнітур. З вузенькім каўнерыкам ніжэй шыі (Ibidem)
ДЗЯГЦЯНЫ, -ая, -ае. Тое, што і дзягцярны. Бацька замыкаў гумно і распускаў дзягцяны пах ботаў (Зямля)
ДЗЯДЗЬКАЎШЧЫНА, ж. Зямельная спадчына па дзядзьку. - Ва-первых, я далжон сказаць, што я жыву не на бацькаўшчыне, а на дзядзькаўшчыне (Малатарня)
ДУМАЛЬНІК, м. Чалавек, здольны глыбока, па-філасофску думаць, мысліць (Каўрус) [тут у іранічным сэнсе] - Я думаю тое, чаго табе ніколі не думаць. - Які ты ўжо думальнік вялікі. (Зямля)
ДУМНАСЦЬ, ж. Уласцівасць думнага; задуменнасць. І так цяпер тая дарога з'яўлялася для яе як бы ўвасабленнем думнасці над усім... (Сястра)
ЖОВІНЫ, мн. Нешта пажаванае. Серж скамячыў кавалачак паперы, пажаваў яе і пстрыкнуў пальцамі гэтыя мокрыя жовіны ў акно (Насцечка)
З, прыназ. ... Ужываецца пры ўказанні на таго, хто з'яўляецца віноўнікам, прычынай чаго-н. - Ціха, вар'яты, у будзённы дзень гульню рспачалі. Зараз усю вуліцу збераце. Клемусь, гэта ўсё з цябе свет гарыць! (Зямля); Усе гэтыя моманты, новыя, раней не ўласцівыя яму, асабліва пачалі заўважацца ўсімі з аднаго выпадку, які адбыўся не вельмі даўно, ужо ў часы, якія могуць належаць да нашых дзён. (Пошукі будучыні)
ЗАЧЭПАЦЦА, незак. Задзірацца [параўн. зачэпа - задира, забияка]. Адзеты ён быў не то што лепш за тых дзяўчатак, з якімі бесперапынна зачэпаўся... (Насцечка)
ЗГАБЛЯВАЦЬ, зак. ... Зжыць, загубіць праз нядбайнае стаўленне, адсутнасць клопату. - Каб ён так жыў, як у яго гэты конб доўга выбудзе, ён яго як бачыш згаблюе. Балагольскае сэрца каменнае (Зямля)
КАВАЛЬЧУК, м. Сын каваля. Малады кавальчук, бацькаў падручны, пачаў нешта вельмі зарана на яе прыглядацца... (ЛЛ)
КАЗЯЛКІ, мн. Памянш.-ласк. ад козлы - прыстасаванне для пілавання дроў. Пад ліхтарамі на казялках ляжалі дошкі... ("Святая" папружка)
КАПЫЛ, м. ... Розум, клёк. Так, дык ён табе будзе да канца дзён сваіх так гібець, прападаць, колькі ты яму ні памагай, колькі ты яму ні давай. Усё - як вада у рэшата. Як у тхлань. Калі ў чалавека капылу няма, такога, які патрэбен. От як (Зямля)
КАШАВАРСТВА, н. Занятак кашавара. Пляцінскі раптам прыпомніў, як у часы свайго кашаварства, сышоўся ён быў з дачкою нейкага сталяра... (Захар Зынга)
КВІЛІВАСЦЬ, ж. ? Вечарамі халодныя літары кніг, тэрміны і канкрэтныя ўказанні медыцыны навострывалі памяць яго, вытваралі над думкамі практыкаванні надзвычайна шпаркай гнуткасці і момантнай квілівасці. (Сястра)
КЛЁК, м. ... Толк. Языком папрацаваць, дык у яго на гэта хапае досціпу. А калі дзе што якое, дык, тымчасове, клёку з яго жаднага няма (Зямля)
КУТКОВЫ, -ая, -ае. Кутавы, вуглавы. Ён адчыніў брамку ў сад, яна выйшла на вуліцу і стала каля кутковага акна (ЛЛ)
ЛАТОЧЫНА, ж. Ложбина, лощина (заболоченное место) ... млын стаяў, і вада спакойна абыходзіла яго бакавой латочынай (ЛЛ)
ЛАШЧЫЦЦА, ЛУЖЫЦЦА, незак. Тое, што і лушчыцца. - Я табе зараз пакажу такую ласку, што табе храпа пачне лашчыцца! (Парфір Кіяцкі); З шкуры лужымся, а нічога не выходзіць (Сястра)
ЛЮХТА, ж. ? Што тут гаварыць з шафёрам, калі ў машыне сядзіць свой чалавек! Дзверцы сапраўды адчыніліся, і з гэтай цеснай люхты выплыла мурластае рыла Вэлькі Шпулькевіча (ЛЛ)
МАГНАТ, м. ... Багатыр, багаты чалавек. Усё дабро засталося ў Сабастыяна.... А ён, магнат насупроць мяне, дзедзіч, старога каптана пашкадаваў мне, брату роднаму, каб яму бог здароўя пашкадаваў (Зямля); - Я не гультаю, дык я і маю кавалак хелба і  да хлеба. Я не галодны, але я і не магнат, як іншы (Ibidem); То што гэта, я багатыр? Магнат гэта я? (Ibidem)
МАЗЮР, м. ? - Эх ты, мазюр свінячы! - Хто я мазюр?! Сам ты мазюр! (Жаночая праўда і мужчынская крыўда)
МЕРКАВАННЕ, н. Спакой, лад, умеркаванасць. Усё забываецца, праходзіць. Таксама і тут, і ўсюды. Будзем жывы - меркаванне нейкае прыйдзе (Зямля)
МЕХАНІК, м., перан. ... Майстар, штукар, дасведчаны ў нечым чалавек; ахвотнік.. А-я-яй! Не спадобіў мяне бог быць такім майстрам. От бо бываюць механікі на свеце! (Жаночая праўда і мужчынская крыўда); - От корпаюся патроху. Бывала, дык я вельмі механік быў на гэтую штуку, а цяпер дык рукі не так служаць... (Сястра); Я там у яго плот папраўляў, дык вы думаеце з яго лёгка плату сарваць - от каб выпіць, дык ён механік на гэта... (Сястра)
МУДЗІЦЬ, незак. Рабіць дзіўныя, непатрэбныя, неразумныя ўчынкі [расійск. мудить] - Панкрат! - Ну, чаго? - Панкрат, не мудзі! (Сястра)
МЭТЛІК, м. Тое, што і мятліца, мяцёлка. Дарэшты высыхаў апошні авёс; мала яго засталося на полі, і мяцёлкі яго шумелі суха і сіратліва. Конец цягнула да гэтых прывабных мэтлікаў (Зямля)
НАВАЛЬНЫ, -ая, -ае. ... Стыхійны (БНсл.), бурны. Маланкі і громы непераможнаю навальнаю сілай сваёй разарвуць цяжкасць, і бурны веснавы дождж змые з зямлі ўсю гразь і бруд (Сястра)
НАДРУКАЎНІК, м. Месца, якім надрукаўнік ляжаў на вострым плечуку недарослай дзяўчынкі (ЛЛ)
НАДОБІНА, ж. 1) Рэч, патрэбная ў надзённым жыцці [гл. "надоба" у ТСБМ]; 2) зневаж. ? Які ён [плуг] твой? Ён калгасны, і калгасу гэтакая надобіна не патрэбна (Звяга); - Ты, чортава душа!, - загаварыў да яго Жывіцкі, - дурань ты, надобіна чартоўская! (Звяга); Свінячая ты спіна, конская ты грыва, сабачае сумленне, каровячае вымя, з-пад разніцы цюцька, аспіда ўнук і нашага крытыка крук. От як я табе выказаў, надобіна ты нядошлая! (З ліста К. Чорнага П. Глебку)
НАДСЦЕННЕ, н. Тое, што і столь. Фрэнч ляжаў увесь растрыбушаны і сатлелы, ён ляжаў на гнілых дошках, з якімі, відаць, нядаўна ўпаў з надсцення (ЛЛ)
НАЛЯЧЫЦЬ, зак. Тое, што і палячыць. - Не вельмі ён так налечыць (Зямля)
НАСПЕЎВАЦЬ, незак. Напяваць. Мікалай пачаў наспеўваць сабе пад нос нешта без слоў - ціхае і доўгае (Зямля)
НАЎЗАХАПЫ, прысл. Тое, што і наўзахапкі. Дык не, наўзахапы пабег, каб адно чалавека да рук прыбраць (Зямля)
ПАБІЯХАМ, прысл. Адаптацыя царкоўнаславянскага выразу "одним махом семерых убияхом". Так зараз піша на паперы -- за адным махам семсот галоў пабіяхам... (Зямля)
ПАДЛАВІЧЧА, н. Падлога? ... Франц Парасяціч ад дзвюх чарак ракам стаў ды пападлавіччу цэлы дзень поўзаў (Жаночая праўда і мужчынская крыўда)
ПАДШЭРАК, м. Падшыванец, падшпарак. Выціраць яе слёзы, так як і заўсёды, з'явіўся Юзікаў Юзік - хлапчук-падшэрак... (Вечар)
ПАЛІТУРОВАНЫ, -ая, -ае. ? У палітурованую шафу былі прыроблены грубыя дзверы з дрэнна абгаблёваных дошчак (Зямля)
ПАЛЯЖАННЕ, н. Кажуць пра паляжанне ў зямлі пасля смерці і шчаснае замагільнае быццё. Як на гэтым  свеце не было табе спакою, так і на тым паляжання табе не даюць, каб ім бог шчасця не даў (Зямля); Каб вашым дзядам у зямлі лёгкае паляжанне, а дзецям і ўнукам на гэтым свеце панаванне (Ibidem); - От гаварылі на яго ўсяк, а ён, патом, каб яму лёгкае паляжанне на тым свеце, добры быў чалавек. (Ibidem)
ПАСВІСЦЁЛ, м. Пусты, несур'ёзны чалавек. Як гэта жыць, каб свайго прытулку не мець! Гэта не чалавек, а пасвісцёл нейкі, бізун, бадзяга... Валацуга... (Зямля)
ПАЎЗАПЛОЦЦЮ, прысл. У месцы за плотам. Ціха сабе купчасціцца паўзаплоццю абпыленая ветрамі крапіва, дрэвы застылі над дарогаю і ржышчам (Сястра)
ПАЎПРЫЦА, ж. Калодачка для млёна ў верхнім жарне. - Але... ці не дастану я ў цябе паўпрыцы. Раскідаліся жорна, хоць ты што хочаш. А заўтра чуць свет трэба будзе вобмешкі ўмалоць (Зямля)
ПІЛАВІНЫ, мн. Тое, што і пілавінне. На падлозе насыпаны былі пілавіны, сталы былі пазаліваны атрамантам і голыя (Зямля)
ПОКЛІК, м. Тое, што і покліч. Праз паўхвіліны заводы далучылі свае галасы да агульнага покліку (Сястра)
ПРАЗЫЧЭЦЬ, зак. Тое, што і прагучаць. І гэтыя словы яго празычэлі і заціхлі, бо не жывуць зыкі доўга для вуха (Парфір Кіяцкі)
ПРАТВА, ж. Месца на рэчцы (возеры), дзе пяруць бялізну (ТСУЯ) І дзіўна - цяпер нікуды не спяшаў Ваця. Пайшоў паволі за станцыю, да рэчкі. Глядзеў на каламутную пратву зверху, за ёю кусты і лес - такі знаёмы, вымераны за апошнія дні (Сястра)
ПРАЎШЧЫК, м. ... Настройшчык. - Я хто?! Я праўшчык фартэпіянаў! От хто я! А ты хто?! (Захар Зынга)
ПРАШПЭЦІЦЦА, зак. Опростоволоситься. [параўн. англ. to fail] А цяпер стары як праштрапіўся нешта, прашпэціўся, дык гэтага ўмасцілі. (Бацькаўшчына); Дык гэты займаў вялікую недзе пасаду. Пасля прашпэціўся, яго знізілі, а цяпер зноў падмаецца (Сястра); - Салам пачаў гандляваць [Юстын]. Думае - забагацее. От бо народ! - Можа, і забагацее. - Дзе б бачыў. Хто тут лішне тое сала ў яго будзе купляць. Што гэта - горад? Гаворка. Уздурнеў чалавек. Адразу прашпэціцца (Зямля)
ПУЦІНА, ж. ... Тое, што і пуць, чыгуначная каляя. З высокіх і светлых вокан клуба чыгуначнікаў відаць былі канцавыя будынкі горада, пуціны чыгункі... (Захар Зынга)
РАЗЛЯГ, м. Прасцяг, абшар. Лёгкі і неабдымны разляг поля, усюды ўпрыгожанага крывымі сценамі лесу, вялікасна адкрываў ласкавыя грудзі свае чалавечаму воку... (Сястра)
РАНДЭЛЕК, м. Невялікі рондаль, каструля. [ НЗ] Рандэлькі і сковарады ляжалі ўсюды побач з пучкамі свінога шчаціння (Сястра)
РАСКІДАКА, м. і ж. Неашчадны чалавек. - А чаго! Табе нічога не трэба, ні казы, ні шмазы, раскідака чортава (Вечар)
РАСПУСЦІЦЦА, зак., перан. ... Згубіцца сярод каго-, чаго-н. (у ТСБМ ёсць толькі ў прамым сэнсе). Уявілася, што ўсё ж гэта ёсць - і зыкі чутны, і агні гараць, і лёгкасць адчуваецца і не хватае толькі распусціцца ва ўсім гэтым... (Парфір Кіяцкі)
РЭЗАЦЬ, незак. ... Іграць (пра музыку). - А за граніцаю, калі ў каго нястраўнасць, дык лечаць музыкаю. Проста над вухам у яго рэжа музыка, дык кажа, ліха яму, так адразу ў жываце ўсё і ператваріць (Зямля)
СВЕЧНЫ, -ая, -ае. Прым. ад свечка. Так яны памеркавалі і, паглядаючы на ўсіх, падаліся назад да свечнай шафы (Зямля)
СВОЙКА, ж. ?? ... але чаму канешне, каб мне папаўся клін з логам? Што я за горшы?... - Ну то давай памяняемся. - Нашто нам мяняцца. Няхай будзе пры свойцы (Зямля)
СВЯРБЯЧЫ, -ая, -ае. Які свярбіць. Ён аж памахаў аблезлым хвастом ды пацёрся свярбячаю спінаю аб сцяну (Буланы)
СПЯШАННЕ, н. Паспех, спешка. У бальніцы ён прымусіў сябе зноў перамагаць сваё спяшанне (Сястра)
СТАВАРЫШЫЦЦА, зак. Здружыцца, пасябраваць. ... і дзіўна было, як гэта ён ставарышыўся з другім - гумарыстычным і вяртлявым (Сястра)
СТРУМЕННЕ, н. Струмяні. І тут выразна, так, як ніколі, уведаў ён і напоўніўся ад гэтага вялікай радасцю, што знаходзіцца ў самым цэнтры галоўнага струмення жыцця (Сястра)
ТАВАРЫНА, ж. Тое, што і тавар, аб'ект продажу. У нашы дні гэтую жоўта-аконную таварыну [дом] купляе часам якая-небудзь установа пад кватэры сваім кіраўнічым службоўцам (ЛЛ)
ТЛУМЕННЕ, ж., у выразе ТЛУМЕННЯ ДАЙСЦІ - растлумачыць, зразумець, дайсці розумам да чаго-н. Што ж здарылася, чаму вы мне не гаворыце? От ніяк не магу тлумення дайсці (Сястра)
ТОЎСЦЬ, ж. Тое, што і таўшчыня. Дрэнна ўшытыя ў плечы рукавы рудой жакеткі яго неміласэрна адтапырваліся каля плячэй усёю тоўсцю самаробнага сукна (Зямля)
ТЫДНЯВАЦЬ, незак. Рабіць што-н., займацца чым-н. на працягу тыдня. З самага ранку загадаў ён [Сабастыян] пастушку, якому была чарга цяпер тыдняваць у яго, падмесці двор (Зямля)
УБАНДАЖАВАЦЬ, зак. Забінтаваць. [параўн. фр. bander] - А-а-а, то і вам прыйшлося тады ў яго ўбандажавацца! Ён жа і Сашку тады руку ўбандажаваў (ЛЛ)
УДЗВЁХ, прысл. Тое, што і ўдзвюх, у колькасці дзвюх жанчын. Цяпер яны ўдзвёх блізка пазнавалі адна адну (Сястра)
УЗНЕЛЮБІЦЬ, зак. Адчуць непрыхільнасць да чаго-н.; не ўпадабаць нешта. Тады любіў я яго толькі адзін момант, а пасля зноў узнелюбіў за тое, што гэта слабая трава, якая гойдаецца на ветры... (Сястра)
УЛЕГАВАЦЬ, зак. УЛЯГОЎВАЦЬ, незак. 1) Уладкаваць, асталяваць, умеркаваць. Людзі ім цікавіліся: тут жа ўсё было гэтак умеркавана, улегавана дзесяткамі год, гэта усё было аднастайна... (Бацькаўшчына); І заўтра ж бацька зноў сюды прыедзе, улягоўваць яго на кватэры. (Тамсама); Аб гэтым думаў і Кастусь Прыбыткоўскі увесь час, пакуль улягоўвалася на месцы яго гармата... (Скіп'ёўскі лес); 2) Зрабіць прыдатным для чаго-н. Колькі там тае зямлі! Больша там з яго [балотнага кліна] таго клопату, чым тае карысці, пакуль яна будзе так ляжаць і пакуль яе не ўлегаваць як мае быць (Зямля)
УПАД, м. ... Тое, што і ўпадак. Прызнаюся, гэта быў момант упаду духу, за які цяпер чырванею (ЛЛ)
УРУЧАЦЬ, незак. ... Ручацца (звычайна з адмоўнай часц.). - Ён панаваты. А панаватыя заўсёды свінаватыя бываюць. Ну, можа, ён і не такі. Я не ўручаю. Можа, і не (Зямля); - Дзіва што... Я. тымчасове, не ўручаю, але гаворкі пайшлі, што Алесь распарадзіўся, каб і звону царкоўнага не было. (Ibidem)
УСПАМАГАЦЬ, зак. Дапамагаць чалавеку (аднаасобна ці калектыўна), сыходзячы не з уласнага жадання, а з сацыяльна-калектыўных установак. . ... не канешне галетніка ўспамагаць сваім уласным ды родным (Лявон Бушмар); - Я не на яго. Я на ўсіх. У нас зямлі і так нехапае, а гэта яшчэ нейкага успамагай (Зямля)
ХВАРАВЕКАВАТЫ, -ая, -ае. Хто жыве ўсё ці частку жыцця (вякуе) нездараўчаным, з заганай здароўя, хваробай. [Хворовековаты -- хваравіты. Хворовековаты вуон, чыго з ёго хоціеціі // Скарбы народнай мовы, 2005] Ён [старэйшы брат] быў хваравекаваты і пасля бацькавай смерці застаўся служыць да старэйшага брата свайго... (Нянавісць); Вядома, ён [Радзівон Цівунчык] нездараўчаны цяпер стаў, немагушчы; ён і здаўных быў хваравекаваты (Сястра); - Бог ведае. Вельмі ж хваравекаваты ён зрабіўся. Рабіць ніяк не можа. А яшчэ нага гэтая яго мучыць (Зямля)
ХВАРОБЫ, мн. Вокліч, які звычайна выказвае пачуцці.нездавальнення ці нязгоды з нечым. [параўн. какого черта - якой хваробы; дохера (вельмі многа) - да хваробы]. Тут гэта назнарок падстроена багатырамі, - калі ён дасць колькі рублёў, дык гэта яму, як пугаю па вадзе; ды разам з сабою беднякоў у адну кучу згалабурдзяць, хочуць на чужым карку ў рай уехаць. Хваробы! (Зямля)
ЦЯГНУЦЬ, незак. Адчуваць абрыдласць да чаго-н.; адварочваць ад чаго-н. ** Падобнае нешта было і тады яшчэ, калі падыходзіла пара выязджаць яму з таго хутара і калі патрэбна было займацца той гаспадарскай работаю, ад якой ужо цягнула яго (Сястра)
ЧАМЯРХНУЦЬ, зак. ад гукаперайм. "чамярах" (зрабіць нейкі рэзкі рух). Махнуць (рукой), рэзка крутнуцца. - Яй-права, я як чамярхнуў бы дзе-небудзь ды ўсыпаў бы, каб памятала, сукіна дачка... (Маленькая трагедыя); - ...Дык мухі сабе сядзяць ды жывяцца ў цыганскай барадзе. А цыган, калі чамярахнуў рукою!.. ... - ...Дык ён калі чамярахнуў, дык іх усе і падушыў (Зямля)
ЧАРЦЮК, м. Тое, што і чарцяка (ужываецца як фамільярна-грубаватае слова-зваротак). - Завязіце яго ў школу, ён мне жыць не дае, гэты чарцюк, - сказаў бацька шафёру... (Насцечка)
ЧВІР, ЧВЫР, м. Тое, што і жвір. Самы ўзгорак, а там жа пескавата, діха яму. Каб трохі, дык адзін чвір (Зямля); Чвыр ляжаў змерзлымі камякамі пад лаваю ў запасе (Ibidem)
ШАБАЛКІ, мн. Вокліч, які звычайна выказвае моцныя ці нечаканыя пачуцці. А раз чалавек да чаго не прывыкне - шабалкі, канай, а нічога не выйдзе. Капут (Сястра)
ШАРМАЧОК, м. ? - А самі ў колькі год ажаніліся? - зацікавіўся раптам млынар. - У трыццаць чатыры... з першай жонкай дзяцей не меў. - Так і жылі да трыццаці чатырох год? - Не, чаму так, было дзейсцвіе. Вэня адразу падлавіў: - Шармачок? - Павэдлук халасцяцкага палажэння, - змрочна абарваў яго Стафанковіч... (Люба Лук'янская)
ШКРЭБАЛЫ, мн., грэбл. Боты. Чым ты іх квэцаеш, халера цябе ведае, гэтыя свае шкрэбалы? (Срэбра жыцця)
ШМОК, м, зневаж. Мужчынскі палавы орган (з ідыша). - А ты адкуль ведаеш, шмок ты, - ускіпеў Зынга (Захар Зынга)
ШУМ, м. Пена [любая пена, не толькі на сырадоі]. Спусціўшы вочы трохі ніжэй, Ваця ўставіўся імі на белы шум на піве ў шклянцы (Сястра)
ШЫБІНЯ, ж. ? Здаецца, не маладзіком гнаў падлу [самагонка], а якая, ліха на яе, моцная, аж язык у самую шыбіню пайшоў! (Жаночая праўда і мужчынская крыўда)

Заўвагі:
** Словы "цягнуць" (адчуваць патрэбу ў чым-н., хіліць на што-н.) і "цягнуць" (адчуваць абрыдласць да чаго-н.; адварочваць ад чаго-н.) - антонімы паводле дэнатату з аднолькавым сыгніфікатам. Гэта даволі рэдкая з'ява ў любой мове (параўн. фр. jamais - ніколі і à jamais - назаўсёды; бел. "няма змогі" (няма сілы) і "змога напала" (знямога, слабасць напала)

Скарачэнні:
1. Станкевіч - Станкевіч Я. (пры ўчасьці Ант. Адамовіча). Маленькі маскоўска-беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразэолёгічны і прыказкаў ды прывітаньні, зычэньні і інш. / Пасьляслоўе В. Вячоркі. 3-е выд. Мн.: Навука і тэхніка, 1992.
2 .ТСУЯ - Толковый словарь украинского языка [1]

Чорны, ТСБМ+

Previous post Next post
Up