Пустыня Данакіль

Mar 31, 2015 00:45

Пустыня Данакіль знаходзіцца на паўночным-усходзе Эфіопіі каля мяжы з Эрытрэяй. Так як рэгіён неспакойны, турыстам трапіць туды можна толькі ў складзе турыстычнай групы, самастойнае перамяшчэнне забаронена. Працягласць стандартнага тура па пустыні складае чатыры дні, і каштуе ён ад 500 да 600 долараў, адпраўленне з горада Mekele. Я купіў тур у кампаніі Ethio Travel and Tours (www.ethiotravelandtours.com), офіс якой размешчаны ў гатэлі Hatsey Yohannes у цэнтры Mekele.



У групу, акрамя мяне, уваходзіла восем турыстаў з Нідэрландаў, ЗША, Новай Зеландыі і Германіі, а таксама сем чалавек персаналу - гід, кухар, два ахоўнікі і тры кіроўцы. Перамяшчаліся мы на трох джыпах.



Пустыня Данакіль лічыцца адным з самых негасцінных месцаў на планеце з-за высокай тэмпературы і вулканічнай актыўнасці.





Дзеці клянчаць грошы



Уздоўж дарогі цягнуцца бясконцыя караваны, якія перавозяць соль на продаж з пустыні ў гарады.



Горад Berhale



У першую ноч мы начавалі ў вёсцы Hamedela. Спалі на драўляных ложках пад адкрытым небам.



Вёска Hamedela



У цэнтры вёскі стаіць вышка



Спадарожнікавая талерка на халупе



Генератар, які забяспечвае вёску электрычнасцю.



Адзін з нашых ахоўнікаў

Раніцай мы прачнуліся пад сумны і працяглы "Алах Акбар", які разносіўся праз дынамікі па ўсёй вёсцы і заклікаў жыхароў на ранішнюю малітву. Большая частка насельніцтва Эфіопіі - хрысціяне, але паўкачавое племя афар, якое засяляе пустыню, вызнае іслам.



Пасля сняданку мы паехалі на вулкан Далол. Нашы ахоўнікі засталіся ў лагеры, а нас цэлы дзень ахоўвалі чатыры эфіопскія салдаты.









Гара Далол, якая ўтварылася ў выніку апошняга вывяржэння вулкана ў 1926 годзе, узвышаецца над раўнінай прыблізна на 50 метраў і мае памер 1,5 х 3 км.



Гара Далол

Далол лічыцца самым нізкім наземным вулканам, яго вяршыня знаходзіцца на вышыні 48 метраў ніжэй узроўня мора. Гэтаму месцу таксама належыць рэкорд самай высокай сярэднегадавой тэмпературы на планеце - плюс 34,4 градусаў па Цэльсію.



Від на пустыню Данакіль з гары Далол



У трыццаціметровым кратары на вяршыні гары Далол утварылася салёнае жоўта-фіялетавае возера.







Недалёка ад кратэра знаходзіцца паселішча Далол, якое было заснавана ў пачатку ХХ стагоддзя. У ім жылі рабочыя, якія займаліся здабычай калійнай солі. Зараз паселішча закінута.



Паселішча Далол







На паўднёва-заходнім баку гары Далол у выніку эразійных працэсаў утварыліся саляныя каньёны.











Вулкан з'яўляецца небяспечным месцам для прагулак, так як можна праваліцца ў кіслотную ваду або атруціцца вулканічнымі газамі.



У некалькіх кіламетрах на поўдзень ад гары Далол знаходзіцца возера з гейзерамі. Возера мае дыяметр каля 50 метраў, вада ў ім жоўтага колеру.



Наш гід каля жоўтага возера



Вада ў возеры не прыдатная для ўжывання. Птушкі гінуць, калі п'юць гэтую ваду.



Адным з традыцыйных заняткаў афараў з'яўляецца здабыча солі. За сотні гадоў методыка здабычы не змянілася: людзі разбіваюць соль на кускі, грузяць на вярблюдаў і вязуць яе некалькі дзён да бліжэйшага горада. У 2009 годзе ўрад Эфіопіі даў брытанскай кампаніі дазвол на распрацоўку радовішча ў Далоле, але афары, якія лічаць пустыню сваёй уласнасцю, пачалі нападаць на кітайскіх рабочых, таму праект прыйшлося згарнуць.











Вечарам мы наведалі салёнае возера Карум.











Пераначавалі мы зноў у вёсцы Hamedela, а раніцай паехалі да вулкана Эрта Але. Дарога да яго заняла цэлы дзень.



Па дарозе на вулкан мы заехалі ў адну вёску. Яна была маленькая, але кідалася ў вочы вялікая колькасць мужчын з аўтаматамі. Як аказалася, там быў прапускны пункт на вулкан. Наш гід абавязаны быў паказаць перміт, але не мог яго знайсці. Каля гадзіны нашы суправаджальнікі спрачаліся з мясцовым начальнікам. Той катэгарычна адмаўляўся прапускаць нашу групу, але, на шчасце, у адным з заплечнікаў урэшце рэшт той дакумент знайшлі.





У той вёсцы мы пад'ехалі да калонкі, каб набраць вады.









Вечарам мы прыехалі ў вёску Dodom, якая ляжыць у падножжа вулкана Эрта Але. Жыхароў я там не бачыў, стаялі толькі пустыя хаткі пасярод застылай лавы.



Вёска Dodom



Від на вулкан Эрта Але з вёскі Dodom

Кратэр вулкана знаходзіцца прыблізна ў 15 кіламетрах ад вёскі Dodom. Пад'ём наверх заняў у нас тры гадзіны. Так як хутка пачало цямнець, ішлі мы з ліхтарыкамі, ежу і рыштунак цягнулі вярблюды.



Начавалі мы ў некалькіх сотнях метраў ад кратэра. Спалі ў спальніках пад адкрытым небам.



Эрта Але - самы актыўны вулкан Эфіопіі. Ён таксама з'яўляецца адным з пяці вядомых вулканаў на планеце, якія маюць пастаяннае лававае возера. Вулкан актыўны з 1967 года.



Да самага краю кратэра вулкана падыходзіць небяспечна, так як зямля пад нагамі можа праваліцца з-за высокіх тэмператур.



У 2012 годзе на вяршыні вулкана баявікі з Аб'яднанага рэвалюцыйна-дэмакратычнага фронта Афара забілі пяцярых турыстаў, а дваіх выкралі, таму зараз там пастаянна дзяжураць вайскоўцы эфіопскай арміі.





Раніцай па той жа самай сцежцы наша група вярнулася ў вёску Dodom.






У вёсцы мы паснедалі і паехалі назад у Mekele.





Эфіопія

Previous post Next post
Up