Першыя звесткі аб велізарных вадаспадах на воз. Антарыа прыйшлі ў Еўропу амаль адразу, як толькі еўрапейцы праніклі ў рэгіён. Галоўную ролю адыгралі тут французы. У 1603 г. у вусце р. Св. Лаўрэнція ўвайшоў французскі карабель. Экспедыцыю ўзначальваў вопытны мараплавец Самуэль дэ Шамплейн, які неўзабаве праславіцца як айцец-заснавальнік Новай Францыі - французскай каланіяльнай імперыі ў Паўночнай Амерыцы. Яе сталіца і галоўны горад - Квебек - паўстане толькі ў 1608 г., а спачатку трэба было сабраць інфармацыю. Шамплейн уступіў у перамовы з мясцовымі плямёнамі. Сярод іншага, ён старанна апытвае іх аб навакольных землях. З іх аповядаў складваецца пэўная карціна. Аказваецца, вялікая рака (Св. Лаўрэнція) выцякае з сапраўднага "мора" (воз. Антарыа). З другога боку ў “мора” ўпадае іншая рака (Ніягара) і на ёй ёсць вялікі вадаспад. Індзейцы не змаглі (альбо не захацелі) перадаць яго веліч і рэальныя памеры - гэта зробяць самі французы, але значна пазней. Тым не менш, першы крок быў пройдзены - Ніягарскія вадаспады (пакуль безыменныя) трапілі на еўрапейскія карты.
Ніягарскія вадаспады на карце Шамплейна 1612 г.
І першая карта належыць, канешне, самому Шамплейну. Бо ён быў не толькі адважны першапраходзец, мараход, жаўнер і адміністратар калоніі, але і выдатны картограф. Па яго картах можна лёгка прасачыць, як эвалюцыянавала ўяўленне еўрапейцаў аб Паўночнай Амерыцы.
А яшчэ ён аказаўся вельмі добрым пісьменнікам. У тую эпоху падарожнік сам апісваў свае прыгоды. Шамплейн не стаў выключэннем. Яго кнігі (найперш “Дзікуны” і “Падарожжы ў Новую Францыю”) - найкаштоўнейшыя крыніцы па гісторыі Канады. Магчыма, яму не хапала высокай вучонасці, але ён паказаў сябе як аўтар праніклівы і назіральны, нават талерантны па мерках свайго часу.
Шамплейн зрабіў адзінаццаць паездак у Новы Свет, асабіста абследваў некаторыя рэгіёны Канады і ЗША, аднак Ніягарскія вадаспады ўбачыць яму так і не давялося. Пройдзе амаль сто гадоў, перш чым еўрапейскі падарожнік - француз, як можна здагадацца - сваімі вачыма зірне на гэты цуд прыроды. Аднак існуе версія, нібыта нашмат раней там пабываў адзін з паплечнікаў Шамплейна. Тут, праўда, усё будуецца на дапушчэннях, бо надзейных доказаў няма. Тым не менш, гісторыя Эцьена Бруле, перакладчыка і агента Францыі ў краіне гуронаў, настолькі цікавая, што яе проста нельга абмінуць увагай.
Эцьен Бруле быў адным з тых еўрапейцаў, якія на заранку каланізацыі пасяліліся сярод індзейцаў і перанялі іх лад жыцця. Для асваення Новага Свету такія людзі былі на вагу золата - яны служылі пасрэднікамі паміж нешматлікімі каланістамі і абарыгенамі. Поспех калоніі часта залежыў ад таго, ці ўдавалася знайсці паразуменне з мясцовымі плямёнамі. Вельмі патрэбны былі людзі, якія разбіраліся ў індзейскіх справах і гаварылі на іх мовах. Іх паслугі шчодра аплочваліся. Але такая праца мела свае недахопы: новаяўленыя “Скураныя Панчохі” завісалі паміж двума сусветамі і ніводны з бакоў не прымаў іх болей. Бруле адчуў гэта на сабе. Для каланістаў ён стаў дзікуном, а для індзейцаў застаўся “бледнатварым”. Нявызначанасць статусу ў рэшце рэшт прывяла яго да трагічнага канца.
У 1608 г. французская экспедыцыя на чале з Самуэлям дэ Шамплейнам заснавала першае пастаяннае паселішча на р. Св. Лаўрэнція, якое атрымала назву “Квебек”. Так пачалася гісторыя Новай Францыі. На адным з караблёў знаходзіўся малады (15 - 17 гадоў) хлапец з невялічкага гарадка Шампіньі-сюр-Марн пад Парыжам. Яго звалі Эцьен Бруле. Чаму Шамплейн узяў яго ў падарожжа, невядома. Магчыма, Бруле быў юнгай ці хлопцам на пабягушках.
Для далейшага апавядання важна апісаць этна-палітычную сітуацыю ў раёне р. Св. Лаўрэнція. Яна была напружанай. Кожнае племя імкнулася атрымаць манапольнае права на гандаль з французамі (французскія тавары ў абмен на бабровае футра). Шамплейн уступіў у саюз з мантанье (“горцы”, саманазва - іну, раён пражывання - Лабрадор і ніжняе цячэнне р. Св. Лаўрэнція) і алганкінамі (на рэках Атава і Св. Лаўрэнція). Аднак самым каштоўным набыткам былі гуроны. Гэты іракезскі народ займаў невялікую тэрыторыю паміж воз. Сімка і залівам Джорджыян-бэй на воз. Гурон. У адрозненні ад суседзяў, гуроны займаліся земляробствам (значыць, у іх заўсёды быў запас правізіі). Акрамя таго, Гуронія ляжала на скрыжаванні старажытных гандлёвых шляхоў. Гэта дазваляла ім узяць пад кантроль пастаўкі футра з глыбінь кантынента. Гуроны і французы адразу адчулі, якую карысць яны змогуць атрымаць адзін ад аднаго.
Разам з сябрамі зʼявіліся і ворагі. Галоўнымі праціўнікамі названых народаў былі іракезы - канфедэрацыя (Ліга) Пяці Нацый, чыі карэнныя землі ляжалі на поўдзень ад воз. Антарыа (суч. тэр. штата Нью-Ёрк, ЗША). Яны ў тую эпоху перажывалі ўздым, іх атрады пранікалі на поўнач ажно да Гудзонава заліва. Мясцовыя плямёны пасавалі перад іх доблесцю. З’яўленне французаў разам змяніла расклад сілаў. У 1609 г. на возеры, якое зараз носіць яго імя, Шамплейн асабіста прыняў удзел у бітве мантанье і алганкінаў з ватагай іракезаў. Кулі, выпушчаныя з яго аркебузы, забілі двух варожых правадыроў. Гэта зрабіла моцнае ўражанне. У наступны год (1610) мантанье самі прыйшлі ў Квебек упрошваць Шамплейна, каб той зноў ішоў з імі на іракезаў.
Тэафіль Амэль. Партрэт Самуэля дэ Шамплейна (неаўтэнтычны). ХІХ ст.
Новая бітва адбылася ў вусці р. Рышэлье. Вялікае войска алганкінаў і мантанье, разам з Шамплейнам і купкай яго жаўнераў, супраць сотні іракезаў. Зноў французскія мушкеты сказалі сваё важкае слова. Ледзь не пяцьдзесят іракезаў загінула, і літаральна адзінкі - сярод мантанье і алганкінаў.
Тры дні індзейцы святкавалі перамогу і катавалі палонных. Прыйшоў час разыходзіцца: Шамплейну і яго людзям - у Квебек, індзейцам - у свае землі. На развітанне яны вырашылі змацаваць свой саюз. Малады француз, спадарожнік Шамплейна, сказаў, што хоча пасяліцца сярод індзейцаў, каб вывучыць іх мову. Акрамя таго, ён мог бы сабраць інфармацыю аб іх краіне.
Шамплейну патрэбны быў перакладчык, ды і свой агент у стане індзейцаў лішнім не будзе. Ён ахвотна пагадзіўся. Алганкіны таксама не былі супраць. Яны хутка зразумелі, што ім гэта дасць. Калі малады француз будзе жыць з імі, гэта стане гарантыяй умацавання гандлёвых сувязяў. Іракет, правадыр алганкінаў, паабяцаў, што будзе адносіцца да юнака як да свайго сына.
У сваёй кнізе Шамплейн не называе імя гэтага чалавека ("мой хлапец"). Аднак няцяжка зрабіць выснову, што гэта быў Эцьен Бруле. У тэксце аб падзеях 1618 г. Шамплейн між іншым агаворваецца, што Бруле трапіў да індзейцаў восем гадоў таму.
Так пачалася незвычайная кар’ера Эцьена Бруле. Можна толькі гадаць, чаму ён выступіў з такой ініцыятывай. Канешне, ён быў яшчэ вельмі маладым чалавекам, але старажылам па мерках Новай Францыі (пражыў у Квебеку цэлыя два гады, калі большасць каланістаў памірала ў першую ж зіму). Магчыма, яму банальна надакучыла прыслужваць. Перакладчык і пасрэднік паміж індзейцамі і гандлярамі пушнінай - гэта зусім іншы сацыяльны статус. Здаецца, Бруле хацеў стаць паважаным чалавекам. Забягаючы наперад, скажу, што яго разлікі цалкам апраўдаліся.
У чэрвені 1611 г. Шамплейн наведаў мясцовасць, дзе р. Атава ўпадае ў р. Св. Лаўрэнція. Цяпер гэта г. Манрэаль, а ў тую далёкую эпоху Лашынскія парогі стваралі непераадольную перашкоду для еўрапейскіх суднаў на шляху ў воз. Антарыа. Шамплейн планаваў зрабіць тут пастаяннае месца сустрэчы індзейцаў з французскімі гандлярамі. 13 чэрвеня сюды, на востраў Манрэаль, прыбылі правадыры гуронаў і алганкінаў. Бруле быў разам з імі, апрануты ў індзейскае адзенне. Ён (“мой хлапец”, як называе яго Шамплейн) правёў сваю першую зіму сярод абарыгенаў і вывучыў алганкінскую мову.
У тое лета на месцы будучага Манрэаля канчаткова аформіўся альянс паміж Францыяй і плямёнамі гуронаў і алганкінаў. Яшчэ двое французаў адправіліся жыць у індзейскія паселішчы. Іх прымалі ахвотна - гэта была прыкмета саюзных адносін. Як развіваўся лёс самога Бруле, дакладна невядома. Зыходзячы з пазнейшых падзей, можна зрабіць здагадку - пасля сустрэчы з Шамплейнам ён вярнуўся да сваіх індзейскіх сяброў, але пасяліўся не ў алганкінаў, а ў “больш перспектыўных” гуронаў. Так ці інакш, усё яго далейшае жыццё было звязана менавіта з гуронамі.
***
Гісторыя, дзякуючы якой Бруле трапіў у наш цыкл, адбылася ў 1615 г. У маі Шамплейн, пасля двух гадоў адсутнасці, вярнуўся ў Квебек. Разам з ім на амерыканскую зямлю сышлі чацвёра манахаў-францысканцаў, прызначаных ордэнам, каб несці індзейцам Слова Божае. Так пачалася супярэчлівая эпапея хрысціянізацыі абарыгенаў Канады. Але пра гэта размова пойдзе ў іншым месце.
З Квебека Шамплейн накіраваўся да Лашынскіх парогаў. Там, на востраве Монрэаль з 1611 г. знаходзілася, як мы памятаем, асноўнае месца гандлю індзейцаў з французамі. Звесткі аб прыбыцці правадыра "жалезных людзей" (так называлі французаў) ужо разнесліся па навакольных землях, і тубыльцы ў вялікім мностве спяшаліся на сустрэчу з ім. Прыйшлі гуроны і алганкіны - асноўныя партнёры французаў у Новым свеце - і калі Шамплейн са сваімі людзьмі прыстаў да вострава, на беразе яго чакалі сотні воінаў у скурах і пер’і.
Гэтым разам у іх на першым месцы былі не карыслівыя, а ваенна-палітычныя мэты. Пакуль Шамплейн адсутнічаў, сітуацыя ў рэгіёне пагоршылася. У 1614 г. на р. Гудзон галандцы пабудавалі факторыю - форт Насаў (на месцы суч. Олбані, штат Нью-Ёрк). Яны разгарнулі бойкі гандаль з іракезамі - еўрапейскія тавары ў абмен на пушніну. Адпаведна іракезы сталі вельмі зацікаўлены ў футры, і самы просты спосаб здабыць яго, да якога яны дадумаліся - адабраць у індзейцаў Канады. Яны і раней не давалі ім спакою, а зараз ад іх зусім жыцця не стала. Атрады іракезаў гойсалі ўздоўж рэк Атава і Св. Лаўрэнція, і мясцовыя плямёны ніяк не маглі з імі саўладаць.
Іракезская пагроза прымушала да кансалідацыі. Алганкіны і гуроны адкінулі ранейшыя крыўды і вырашылі аб’яднаць сілы для моцнага пранікальнага ўдару ў тыл Пяці Нацый. Іх мэтай стала вялікае паселішча ў глыбіні іракезскай тэрыторыі. Войска планавалі сабраць па індзейскіх мерках велізарнае - 2500 воінаў. Цяпер гуронам патрэбны быў Шамплейн і яго французы. Вось ужо некалькі гадоў ён, па розных прычынах, ухіляўся ад боек з іракезамі. Цяпер прыйшоў час зноў пусціць у ход аркебузу. Індзейцы настойвалі, каб Шамплейн ішоў у паход разам з імі.
Для француза іх прапанова выглядала цікава. Па-першае, гэта ўмацоўвала іх стратэгічны альянс. Па-другое, гэта быў выдатны шанец сваімі вачыма ўбачыць унутраныя раёны Амерыкі, дзе яшчэ не ступала нага еўрапейца. Ён не пакідаў надзеі знайсці праход у “Паўночнае мора” - магчыма, яму ўдасца штосьці разведаць аб ім. Гуроны казалі, што за іх “морам” ёсць яшчэ адно, і вада ў ім салёная… (Насамрэч, маецца на ўвазе воз. Верхняе) Таму Шамплейн пагадзіўся.
Аднак адразу ехаць ён не мог - трэба было спачатку зрабіць распараджэнні ў Квебеку. Дамовіліся, што Шамплейн хутка з’ездзіць туды і назад, а гуроны пачакаюць яго тут, на Лашынскіх парогах. Але калі ён вярнуўся, індзейцаў ужо не было. Справа ў тым, што Шамплейн затрымаўся - гаварыў, што абернецца за чатыры-пяць дзён, а адсутнічаў цэлых дзесяць. Гуроны вырашылі, што яго, напэўна, забілі іракезы, і спакойна разышліся па сваіх вёсках. Разам з імі ў Гуронію адправіўся адзін з манахаў - айцец Жазэф ле Карон, а з ім дванаццаць узброеных французаў.
Перад Шамплейнам цяпер паўстала дылема. Вайсковая экспедыцыя, відавочна, сарвалася. Але і вяртацца бясслаўна ў Квебек ужо не хацелася. Таму Шамплейн вырашыў, што адправіцца ў Гуронію ўслед за індзейцамі і паспрабуе дагнаць іх.
Яго атрад складаўся з дзесяці тубыльцаў і двух французаў. Адным з іх быў слуга Шамплейна, а другога ён у сваіх запісах абазначыў як “перакладчыка”. Несумненна, гэта быў Эцьен Бруле. Падарожнікі пагрузілі прыпасы на два каноэ і праплылі па р. Атаве аж да воз. Ніпісінг. (У 1613 г. Шамплейн ужо падарожнічаў па Атаве, але ў той раз дайшоў толькі да вострава Алюмет). Пагасцяваўшы ў тамтэйшых алганкінаў (якія прынялі французаў з усёй сардэчнасцю), Шамплейн са сваім маленькім атрадам рушыў далей, па Фрэнч-Рывер, пакуль не апынуўся на беразе воз. Гурон.
Ён назваў яго Mer Douce - Прэснае мора. Шамплейн стаў першым еўрапейцам, які ўбачыў воз. Гурон (калі толькі Эцьен Бруле не зрабіў гэтага раней, але аб тым няма дакладных звестак). Цяпер да Гуроніі было рукой падаць. Атрад працягваў шлях уздоўж берагу на поўдзень і ў першай палове жніўня без асаблівых прыгодаў прыбыў у землі гуронаў.
Падарожжа Шамплейна, 1615 - 1616 гг.
Гэтае падарожжа, прадпрынятаяе спантанна, ужо само па сабе немалое дасягненне. Шамплейн зайшоў так далёка ў глыб кантынента, як ніхто іншы. Па дарозе ён усталяваў кантакты з усімі сустрэтымі плямёнамі, і сеціва французскіх партнёраў разраслося. А наперадзе была новая, яшчэ больш цікавая вандроўка.
Гуронія зрабіла на француза добрае ўраджанне - невялікая, але шчыльна населеная краіна, пакрытыя палямі, дзе раслі кабачкі і кукуруза. Гэта быў моцны кантраст з дзікімі лясамі Канады, якія да гэтага часу яму прыходзілася бачыць. У вёсцы Карагоўа ён сустрэў айца Жазэфа - той як раз абжываўся сярод сваёй будучай паствы. Манах пабудаваў невялічкую хатку побач з паселішчам індзейцаў і паставіў перад ёю драўляны крыж.
17 жніўня Шамплейн са сваім атрадам прыйшоў у Каягэ - “сталіцу” Гуроніі. Індзейцы былі рады яго бачыць - яны баяліся, што яго ўжо няма ў жывых. Раней яны лічылі, што паход на іракезаў трэба адкласці на наступны год. Цяпер, з прыходам Шамплейна, правадыры гуронаў зноў вярнуліся да гэтай ідэі.
Была яшчэ адна прычына, чаму гуроны ўсё ж рашыліся выступаць. Нейкае племя паабяцала ім сваю падтрымку. Гэта таксама былі праціўнікі іракезаў і пражывалі яны на поўдзень ад іх, так што паміж імі і гуронамі не было прамой сувязі. У іх было толькі тры паселішча, у акружэнні дваццаці варожых вёсак, але племя лічылася ваяўнічым, і гуроны вельмі на іх разлічвалі. Іх галоўны “горад” называўся Карантуан, таму далей у нашай гісторыі яны будуць ісці пад імем карантуанцы.
Нарады гуронскіх правадыроў ішлі адна за адной, з пірамі і пляскамі. Шамплейн быў незадаволены. Ён ніяк не мог зразумець, навошта марнаваць час на ўсе гэтыя цырымоніі. Але для гуронаў поспех экспедыцыі напрамую залежыў ад правільнага выканання ўсіх рытуалаў. Толькі ў пачатку верасня індзейскае войска выступіла на поўдзень. Шамплейна суправаджалі дзесяць французаў. Відавочна, у іх ліку былі Бруле і безыменны слуга, а таксама некаторыя з тых, хто прыйшоў у Гуронію разам з айцом Жазэфам. Шамплейн не дае аб іх ніякай інфармацыі і не называе імёнаў.
Па дарозе да іх далучаліся ўсё новыя і новыя воіны. Прыйшлі і алганкіны на чале з ужо знаёмым нам Іракетам. Агульная колькасць невядомая. Наўрадці індзейцам сапраўды ўдалося давесці лічбу воінаў да дзвюх з паловай тысяч. Пяцьсот выглядае больш рэалістычна. Заставалася пытанне, як узгадніць атаку з карантуанцамі. 8 верасня гуроны вырашылі адправіць да іх асобную дэлегацыю з дванацці чалавек. Падарожжа абяцала быць няпростым - маршрут праходзіў праз варожыя тэрыторыі. У любым выпадку, невялікі атрад рызыкаваў мацней, чым асноўнае войска. І вось тут на арэну зноў выходзіць Бруле. Ён папрасіў Шамплейна адпусціць яго таксама ў Карантуан. Сярод іншага, гэта быў выдатны шанец даследаваць новыя землі. Шамплейн падумаў і пагадзіўся.
Шамплейн адпраўляе Бруле ў падарожжа
Бруле і дванаццаць індзейцаў сышлі прэч, а галоўныя сілы гуронаў рушылі далей. Яны падарожнічалі пераважна па вадзе, а дзе трэба - пераносілі каноэ на руках. Нарэшце перад імі ўзнікла воз. Антарыа. Гуроны і Шамплейн перабраліся на паўднёвы бераг ва ўсходняй частцы возера. Індзейцы старанна схавалі свае чоўны ў лесе - навокал ляжала краіна іракезаў.
Аблога фартэцыі
У гісторыкаў няма адназначнага адказу, дзе канкрэтна знаходзілася крэпасць, якую збіраліся штурмаваць гуроны. Гэта не віна Шамплейна - наадварот, ён вельмі падрабязна апісвае свае падарожжы па рэках і азёрах, скрупулёзна, дзе толькі мог, пазначае адлегласці. Але паспрабуйце суаднесці яго тэкст з сучаснай картай!.. Наш герой ішоў праз краіну, аб якой не меў аніякага ўяўлення, цалкам паклаўшыся на сваіх індзейскіх саюзнікаў.
У навукоўцаў існуе кансэнсус, што войска пераправілася праз воз. Антарыа ў яго ўсходняй частцы. Шамплейн не ўжывае слова “Антарыа” і называе яго “возера энтуанаронаў”. Пад “энтуанаронамі” ён разумеў, здаецца, адно з плямён іракезаў, магчыма, анандага ці анэйда (тэрмін “іракезы” ён выкарыстоўвае ў сваіх творах таксама).
Далей гуроны накіраваліся на поўдзень, углыб суч. штата Нью-Ёрк і прайшлі так 25 - 30 лье, у тым ліку праз раку, якая выцякала з вялікага возера 25-30 лье ў акружнасці (зноў “25 - 30 лье” - так у Шамплейна) і ўпадала ў Антарыа. На ролю возера лепш за ўсё пасуе воз. Анэйда. Тут таксама, здаецца, усе згодныя. Адсюль да месца прызначэння заставалася літаральна некалькі кіламетраў.
9 кастрычніка разведчыкі гуронаў упершыню напаткалі праціўніка. Чатыры жанчыны, трое мужчын, трое хлопчыкаў і адна дзяўчынка былі захоплены ў чатырох лье ад варожай фартэцыі. Для пачатку гуроны адрэзалі адной з жанчын палец на руцэ. Шамплейн умяшаўся - гэта супярэчыла яго ўяўленню аб правілах вайны. “Нашыя ворагі абышліся б з намі так жа, - паціснуў плячыма Іракет. Аднак жанчын гуроны больш не краналі (у адрозненне ад палонных-мужчынаў).
Такім чынам, крэпасць іракезаў знаходзілася дзесці побач з воз. Анэйда. Шамплейн піша, што яна адным бокам упіралася ў невялікую сажалку, і гэта наш апошні арыенцір. Гісторыкі і краязнаўцы гойсалі па ваколіцах у пошуках прыдатнага месца. Выказваліся розныя меркаванні. У другой палове ХІХ ст. у цэнтр увагі трапіла ўрочышча Нікалз Понд - не сажалка, а хутчэй буйная лужыня ў ваколіцах вёскі Канастота, штат Нью-Ёрк. Там былі знойдзены рэшткі індзейскага паселішча, каменныя прылады і наканечнікі стрэлаў.
Ветэран Грамадзянскай вайны генерал Джон Кларк, які адначасова быў знаным спецыялістам па гісторыі іракезаў, абвясціў, што менавіта ў Нікалз Понд знаходзілася фартэцыя, якую ў 1615 г. штурмавалі Шамплейн і гуроны. Ён абапіраўся найперш на малюнак аблогі з кнігі Шамплейна. На ёй паказана, што фартэцыя стаіць як бы на паўвыспе: ззаду - возера ці сажалка, а з абодвух бакоў - шырокія ручаі ці вадасцёкі. На думку Кларка, у ваколіцах воз. Анэйда толькі Нікалз Понд трапляе пад гэтую схему.
Нікалз Понд
Версія Кларка хутка атрымала папулярнасць. Мясцовыя ўлады паставілі ў Нікалз Понд памятныя знакі і ўзялі пад ахову. У ХХ ст. там рэгулярна праходзілі археалагічныя раскопкі, аднак іх вынікі аказаліся супярэчлівыя. З аднаго боку, сапраўды, у далёкія часы ў Нікалз Понд існавала вёска іракезаў. З другога боку, паселішча было закінута за стагоддзе да паходу Шамплейна, а сам вадаём быў не сажалкай, а балотам. І хаця афіцыйна Нікалз Понд застаецца месцам бітвы, усё больш спецыялістаў схіляюцца да думкі, што фартэцыя іракезаў лакалізавана няправільна.
Ужо ў нашыя дні Дэвід Фішэр, аўтар выдатнай біяграфіі Шамплейна, выставіў гіпотэзу, што крэпасць знаходзілася на паўднёвым беразе маленькага воз. Анандага, на тэр. суч. г. Сіракуз, штат Нью-Ёрк, у 15 км. ад воз. Анэйда. Ніякіх доказаў, акрамя ўласнага пераканання, ён прывесці не змог.
Аднак вернемся ў 1615 год.
Захоп палонных сведчыў, што праціўнік не падазрае аб нападзе. Гэта давала шанец захапіць фартэцыю знянацку, адным ударам. Але скаардынаванай атакі не атрымалася. 10 кастрычніка ў тры гадзіны апоўдні гуроны і алганкіны пачалі хаатычна нападаць на іракезаў. Паўсюль у ваколіцах крэпасці завязаліся баі. Момант раптоўнасці быў упушчаны.
Тут яскрава праступіла розніца паміж еўрапейскай і індзейскай традыцыяй. Для Шамплейна адзінай мэтай было авалодаць варожай пазіцыяй. Гуронскую моладзь, наадварот, найперш цікавіў іх сацыяльны статус. Яго можна падняць, калі праявіш доблесць у бітве і захопіш палонных для далейшых тартураў. Шамплейн не мог зразумець гэтай логікі. Яму здавалася, гуроны згубілі верную перамогу.
Іншыя планы таксама пайшлі прахам. Шамплейн спадзяваўся, што яго прысутнасць да пары застанецца ў таямніцы. Тады ён і другія французы выйдуць на поле бітвы ў вырашальны момант і здабудуць вікторыю сваімі аркебузамі. Аднак яму амаль адразу прыйшлося пусціць зброю ў ход. Пачуўшы грукат ружэйных стрэлаў, іракезы тут жа адступілі за сцены крэпасці.
Гуроны таксама спынілі атаку. Яны адышлі ад фартэцыі метраў на трыста, селі і пачалі раздумваць, як быць далей. Шамплейн лаяўся на іх апошнімі словамі, і ў рэшце рэшт індзейцы паабяцалі, што будуць выконваць усе яго ўказанні.
Новы штурм быў арганізаваны па правілах еўрапейскай вайсковай навукі. Увесь наступны дзень кіпела работа. Шамплейн загадаў пабудаваць перасоўную канструкцыю з платформай, накшталт абложнай вежы, вышэй за варожы частакол, а таксама драўляныя мантэлеты - вялікія абложныя шчыты, за якімі будуць хавацца гуроны ад стрэл і камянёў іракезаў. План заключаўся ў тым, каб паставіць на верхнюю платформу некалькі французаў з мушкетамі, і тыя будуць весці абстрэл унутранай прасторы крэпасці. Тым часам гуроны, пад абаронай мантэлетаў, падыйдуць ушчыльную да частаколу і падпаляць яго.
Аблога фартэцыі. З кнігі С. дэ Шамплейна
Тут трэба сказаць, што крэпасць іракезаў была выдатна ўмацаваная. Яе атачаў частакол у некалькі радоў, вышынёй дзесяць метраў, з галерэямі для стральбы па нападніках. Адным бокам паселішча прымыкала да вадаёму, а ўздоўж сцен беглі вадасцёкі, каб перашкодзіць ворагам запаліць іх. Узяць такую крэпасць штурмам было няпростай задачай.
Па сігналу Шамплейна, гуроны зноў пайшлі ў наступ. Дзвесці воінаў падцягнулі платформу да крапасной сцяны. Наверсе заселі трое лепшых французскіх стралкоў. Іракезы абсыпалі іх стрэламі і камянямі, але не зрабілі ніякай шкоды. Затое французы беспакарана адстрэльвалі ворагаў аднаго за другім, і тым прыйшлося адступіць углыб крэпасці, схаваўшыся за дамамі. Цяпер, калі праціўніка адагналі ад сцен, гуроны маглі спакойна запаліць крэпасць. Аднак нічога з гэтага не выйшла.
Зноў падвяла адсутнасць дысцыпліны. Замест таго, каб пад манэлетамі праламіць частакол, гуроны сталі выхваляцца. Яны выскоквалі з-за шчытоў, дражнілі іракезаў, марна пускалі стрэлы ў паветра - карацей, паводзілі сябе як заўсёды. Нават вогнішча расклалі з наветранага боку, і полымя хутка загасла. Гуроны гойсалі ўздоўж сцен з паходнямі ў руках, агню не хапала, і яны толькі заміналі адзін аднаму. Пасярод усяго гэтага тлуму мітусіўся Шамплейн, і яго голас патануў у агульным ляманце.
Так магла выглядаць аблога фартэцыі іракезаў
Тым часам іракезы ачунялі і перайшлі ў атаку. Ачагі ўзгарання былі залітыя вадой, і на галовы гуронаў абрынуўся шквал стрэлаў і камянёў. Французы на платформе білі без перапынку, і многія іракезы паляглі ад іх куляў, але прарвацца ў форт так і не ўдалося. Бой трываў тры гадзіны, і ў рэшце рэшт гуроны адступілі, выносячы сваіх параненых (у тым ліку двух сваіх галоўных правадыроў і пятнаццаць лепшых воінаў). Шамплейну таксама прыляцела - адна страла трапіла яму ў нагу, другая - у калена.
Сабраўшыся воддаль ад крэпасці, індзейцы селі раіцца наконт далейшых дзеянняў. Шамлпейн быў раз’юшаны. У роспачы ён выказаў усё, што думаў аб іх манеры ваяваць. Такі выдатны шанец у іх быў, і так бяздарна яго страцілі. Пра новы штурм гаворка ўжо не ішла - гуроны селі чакаць падмогі з Карантуана. Бо карантуанцы абяцалі прыслаць пяць сотняў воінаў, і для ўзгаднення дэталяў да іх, як мы памятаем, былі адкамандзіраваныя дванаццаць гуронаў і Эцьен Бруле.
Аднак ішоў дзень за днём, а карантуанцы так і не з’яўляліся. Паміж індзейцаў пайшлі размовы, што трэба вяртацца. Дарэмна Шамплейн заклікаў іх зрабіць яшчэ адну спробу. Увесь гэты час у ваколіцах фартэцыі ўспыхвалі толькі кароткія сутычкі, якія не маглі даць перавагу ніводнаму з бакоў.
16 кастрычніка войска гуронаў адступіла ад крэпасці і пачало шлях назад. Эпапея скончылася няўдала - так думаў Шамплейн. Аднак іракезы атрымалі суровы ўрок, і іх набегі на Атаву на некалькі гадоў спыніліся.
З-за раны ў калене наш герой не мог ісці самастойна. Індзейцы спавілі яго, як немаўля, і неслі па чарзе ў вялікім плеценым кошыку. Так жа паступілі і з іншымі параненымі. Шамплейн прызнаецца: боль ад іракезскай стралы - нішто ў параўнанні з пакутамі чалавека, якога пераносяць такім чынам. Ён быў шчаслівы, калі зноў змог стаяць на нагах.
(Працяг будзе)