За МТС па-беларуску

Apr 01, 2008 09:21




Прапаную ўсім ўдзельнікам суполкі АКТЫЎНА падтрымаць спробу беларусізацыі апэратару мабільнай сувязі МТС. Паспрабуем давесьці кампаніі пра неабходнасьць зьяўленьня галасавой інфармацыйнай сыстэмы МТС па-беларуску. Калі кіраўніцтва кампаніі пойдзе на гэты цалкам натуральны крок, то больш за тры мільёны беларусаў змогуць штодня чуць у сваіх слухаўках родную мову.

Ніжэй падаю тэкст звароту, які вы можаце выкарыстоўваць (капіяваць) і дасылаць на адрас кампаніі:

-----------------------------
Генэральнаму дырэктару
СТАА «Мабільныя ТэлеСыстэмы»
Карповічу У. С.

Паважаны Уладзімір Сігізмундавіч, зьвяртаюся да Вас як да генэральнага дырэктара СТАА "Мабільныя ТэлеСыстэмы" зь вельмі важным для беларусаў пытаньнем і прапановаю.

Ваша кампанія працуе на беларускім рынку ўжо шмат гадоў і зарэкамэндавала сябе, як вельмі адказны і прафэсійны партнэр. Тым ня менш мяне, як беларускамоўнага карыстальніка паслуг Вашай сеткі, вельмі хвалюе адсутнасьць магчымасьці паўнавартасна атрымліваць паслугі Вашай кампаніі на сваёй роднай мове.

Паводле артыкула 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь беларуская мова зьяўляецца дзяржаўнаю моваю ў краіне, аднак дагэтуль паслугі вашае кампаніі прадстаўляюцца толькі па-расейску ды на ангельскай мове. Вельмі прыемна, што існуе беларускамоўная вэрсія афіцыйнай старонкі Вашай кампаніі ў Інтэрнэце (хоць й ня ўсе яе функцыі даступны ў беларускамоўным варыянце). Аднак большасьць карыстальнікаў Вашай сеткі зьяўляюцца ўсё ж такі не наведвальнікамі сайту, а карыстальнікамі галасавых паслуг. Абанэнтская база Вашае кампаніі налічвае больш за тры мільёны карыстальнікаў. Натуральна, што вялізарная колькасьць зь іх зьяўляюцца носьбітамі беларускае мовы. Падчас апошняга перапісу каля 85% насельніцтва роднай мовай назвалі беларускую. Думаю, што сярод карыстальнікаў паслуг Вашае кампаніі гэтыя лічбы будуць падобнымі. Упэўнены, што пачуўшы ў слухаўцы родную мову павага да Вашае кампаніі і жаданьне карыстацца яе паслугамі ў іх толькі ўзрасьце.

Ужо даўно ні для каго не зьяўляецца сакрэтам, што беларуская мова ёсьць знакам элітарнасьці. Буйнейшыя кампаніі сьвету пры прасоўваньні сваіх прадуктаў на беларускім рынку абіраюць беларускую. Сацыялягічныя апытаньні і апытаньні на старонках буйнейшых інтэрнэт-сайтаў сьведчаць на карысьць беларускай мовы. Да таго ж некаторыя мабільныя апэратары сотавай сувязі ў Беларусі ўжо выкарыстоўваюць у сваёй працы з кліентамі беларускую мову.

Таму я заклікаю Вас зрабіць узаемавыгадны крок насустрач вашым кліентам і пашырыць выкарыстаньне беларускае мовы ў нашых з Вамі стасунках. Вельмі спадзяюся, што ўжо ў найбліжэйшы час галасавая інфармацыйная сыстэма МТС будзе мець магчымасьць задаволіць патрэбы беларускамоўных карыстальнікаў. Мне і многім маім сябрам, як і мільёнам іншых беларусаў, што часам ня могуць датэлефанавацца да сваіх родных ці знаёмых, у дадатак да звыклых "Абонент временно не доступен, перезвоните позже" і "The subscriber is not available now, please, call back later" будзе вельмі зручна і прыемна пачуць хоць і несуцяшальнае, але ж роднае "Абанэнт часова не даступны, патэлефануйце пазьней".

Прашу апавясьціць мяне аб прынятым Вамі рашэньні.

З удзячнасьцю, Аляксей Валабуеў
-------------------------------

Тэкст звароту НЕАБХОДНА даслаць па наступных адрасах (не абмяжоўвайцеся толькі электроннай поштай і скарыстайцеся паслугамі традыцыйнай):

СТАА «Мабільныя ТэлеСыстэмы»
пр-т Незалежнасьці, 95
Мінск, 220043
Рэспубліка Беларусь

Факс: (+375 17) 237-98-89

Email: 0890@mts.by

Таксама трэба скарыстацца формай зваротнай сувязі кампаніі на яе сайце: http://www.bel.mts.by/feedback.html
-------------------------------

Усю вышэйнапісаную інфармацыю абавязкова распаўсюдзіць ва ўсіх сяброўскіх суполках, кам'юніці, ЖЖ, сацыяльных сетках (як то Аднаклясьнікі і Вконтакте). Перадрук у свае блёгі, форумы і інш. вітаецца. Калі гэтую інфармацыю чытаюць журналісты і грамадзкія дзеячы то буду ВЕЛЬМІ ўдзячны за падтрымку.

"Усё ў нас атрымаецца..." ;-)
Previous post Next post
Up