10 рэчаў, якія мяне здзівілі на Мальце (частка 1)

Aug 07, 2015 18:08

О Мальта! Краіна гіганцкага кропу, ядомых кактусаў і звышвузкіх ходнікаў. Ты ўмееш здзіўляць.

1) Дарожныя знакі.
Па-першае, я цвёрда ўпэўнена, што дарожныя ўказальнікі на Мальце створаны для таго, каб выбесіць нават самага флегматычнага турыста.



Мала таго, што яны не дублююцца па-англійску, мальтыйцы лічаць абсалютна нармальным скарачаць назвы тапонімаў. Вось уявіце, едзеце вы па Беларусі і чытаеце "Бар'чы", "Г'ль", Гл'кае" і да т. п.  А для Мальты гэта натуральная справа, яны такія абазначэнні нават за рэбусы не лічаць.

А калі ўлічыць адметнасці графікі мальтыйскай мовы, то чалавек, звыклы да кірыліцы, часам увогуле трапляе ў пастку.





Не, паверце, гараж харошы і вельмі папулярны на Мальце, проста "Х" у мальтыйскай мове чытаецца як "Ш" :).

Мальта - мініяцюрная краіна, роўная па плошчы гораду Мінску (не смяяцца:), што не можа не адбіцца на дарожных знаках. Усе ведаюць нашы знакі, якія папярэджваюць пра міграцыю жывёл?

(фота з інтэрнэтаў)


Вось яны, суворыя мальційскія ласі.



Мала таго, пра міграцыю белых і чорных вожыкаў папярэджваюць розныя знакі. Даруйце за чорны гумар, але мальтыйцы, відаць, лічаць, што кіроўцы вельмі важна ведаць, вожыка якога віду ён раздушыў.



Пардон і за якасць, на хаду лавілі.

2) Адмысловая мальтыйская рэлігія - "прымхліва-забабоннае каталіцтва".

З аднаго боку, проста дзіўлюся набожнасці гэтай маленькай краіны. Адзін з кіроўцаў таксі, патрыятычна нахвальваючы сваю краіну, падкрэсліў, што мальтыйцы "very catholic" (што ў перакладзе мяне як філолага насмяшыла - яны, аказваецца, "вельмі каталічныя", азначэнне з разраду "трохі цяжарныя") і падкрэсліў, што ў іх краіне 369 цэркваў. Уявіце толькі: у Мінску 369 цэркваў! І норавы нацыі даволі строгія: паспрабуйце толькі пазагараць топлес ці хаця б пацалавацца на людзях - асудзяць у лепшым выпадку, а можа, і засудзяць - у горшым.

З другога - больш прымхлівую нацыю цяжка сустрэць на прасторах Еўропы. Вось што можна сказаць пра "вельмі католікаў", якія дагэтуль малююць сваім, названым хрысціянскімі імёнамі, рыбацкім чоўнам луцу вочы бога смерці Асірыса, каб чоўны бачылі дарогу аберагалі сваіх уладальнікаў.  Гэта настолькі папсовая славутасць, што я яе нават не фатаграфавала. Для найбольш цікаўных - гэта луцу.



З гэтага ж разраду такая адмыслова разрэкламаваная для турыстаў з'ява, як два гадзіннікі на цэрквах, адзін з якіх указвае правільны час для вернікаў, другі - няправільны, для д'ябла. Што за дзікая сумесь хрысціянства і паганства :). Дарэчы, убачыць такое можна далёка не на кожнай царкве, праспекты хлусяць.

А пра "крыжы вуду", прызначэнне якіх мы ўчора калектыўна спрабавалі вызначыць, я ўвогуле маўчу.

3) Цяга да манументалізму.
Мальтыйцы маюць неверагодную слабасць да сцягаў. Я ніколі не бачыла столькі сцягаў і такую іх разнастайнасць. Мне падаецца, калі два і болей мальтыйцаў аб'ядноўваюцца па якой-небудзь прыкмеце, яны заводзяць сабе ўласны сцяг. Не здзіўлюся, калі ў іх ёсць сцягі фірмы, школы, сям'і і да т.п.

Але не такія страшныя мальтыйскія сцягі, як іх памер. Вось адкуль у такой маленькай краіны такая цяга да манументальнасці, характэрная азіяцкім народам?

Можаце ўявіць сабе памер шараговага сцяга, замацаванага каля вууунь той крамы (глядзіце ўважліва на гэты аптычны падман - сцяг на заднім плане фота :).



Ці гэтага, які лунае над вёскай у некалькіх кіламетрах ад нас. Памерам з дом, не меней.



Цяга да манументалізму заўважаецца і ў культавай архітэктуры. Калі храм - дык ён абавязкова павінен быць бачны з Сіцыліі :). Кажучы сур'ёзна, на Мальце не проста мноства ВЕЛІЗАРНЫХ цэркваў, дзве з іх  - у Мосце і на Гоза - уваходзяць у першую дзясятку Еўропы па аб'ёме ратонды. Вось вам і карузлікавая дзяржава.

4) Манахромная архітэктура.
Разам з тым неспрактыкаваны турыст наўрад ці адрозніць адну архітэктурную славутасць ад другой, бо, пабудаваныя вось з гэтага мясцовага каменя - туфа - з захоўваннем яго натуральнага колеру, на першы погляд яны выглядаюць блізнятамі.



Вось, да прыкладу, Нацыянальнае Марыянскае свяцілішча Та'Піну на востраве Гоза.



Унутранае ўбранне выканана ва ўжо знаёмай вам гаме.





І толькі крыху  папрывыкнуўшы, пачынаеш атрымліваць эстэтычнае задавальненне ад такой архітэктуры.

5) Наскальны жывапіс.
Што рэальна здзіўляе - насычанасць мальтыйскіх помнікаў архітэктуры надпісамі "Тут быў Пітар". Такой колькасці надпісаў я раней не сустракала ў іншых краінах.

Вось, да прыкладу, сцены ўжо ўзгаданага мною Нацыянальнага свяцілішча Та'Піну.



Некаторыя з іх, мяркуючы па датах, даволі старадаўнія.



А гэтыя паломнікі, зыходзячы з ініцыялаў, Роберт і Барбара, тройчы прыязджалі пакланіцца цудадзейнай іконе Мадонны Та'Піну, і гэтыя падзеі педантычна занатавалі цвіком на сцяне. Маўляў, у нас усё запратакаліравана, шаноўная Мадонна, паспрабуй толькі не выканаць нашы просьбы.



Наступныя пісьмёны дзікіх народаў з мясцовага парка культуры і адпачынку, улюбёнага месца жыхароў Валеты - Садоў Барака Абамы.



Вось гэтыя старадаўнія сцены спрэс спісаны памятнымі крамзолямі.



Адной мне здаецца, што пайшоў ужо трэці слой наскальнага жывапісу?



І чаго толькі не пабачыла старажытная Валета на сваім гістарычным шляху. Але галоўнае ж каханне, праўда?



І напрыканцы. Нягледзячы на мае кепікі, адразу скажу, што Мальта мне спадабалася.

PS Астатнія пункты я напішу ў частцы 2, калі вам будзе цікава :).

адпачываць не работаць, дзіўнае побач

Previous post Next post
Up