У тумане

Feb 25, 2013 23:07

Пад час прагляду часам падавалася, што фільм падобны па жанру да камэдыі чорнага гумару - абсурдныя сытуацыі і ўчынкі (абсурд як спадарожнік экзыстэнцыялізму), героі-слоўпокі, якія доўга паўтараюць адны і тыя ж фразы, робячы гэта не з-за свайго тугадумства, а каб пацягнуць час ў казытлівай сытуацыі, з надзеяй, што тая разьвяжыцца сама сабой.



Назіраючы за ўчынкамі герояў, узгадваецца Вэбэр з яго тыпамі сацыяльнага дзеяння: нібыта супрацьстаўляецца каштоўнасна-рацыянальнае (блізкае да традыцыйнага, але ўсё ж такі асэнсаванае) у Сушчэні (для якога лепш памерці, чым здрадзіць; лепш цягаць на гарбу труп няўдалага ўласнага ката, бо ня гожа кідаць) і мэтарацыянальнае (блізкае да афэктыўнага - абумоўленага патрэбай у выжываньні) ў Войціка, у паліцаяў (якія ўжо не валатузіліся з параненым, а зьнялі абутак ды прыстрэлілі - на той сцэне ўражлівыя дзевачкі адварочваліся, хаця ў фільме наогул мала такіх яўных падрабязнасьцяў, як у тым Лабірынце Фаўна, і ўсё, што паказваецца, гэта як паліцай прыкладае вінтоўку да пляча). Зрэшты, мажліва, што тыя і пайшлі ў паліцыі з аналягічнай рацыянальнай матывацыі - каб выжыць. Забаўляе, колькасьць паліцаў з агульнай колькасці мільгаючых на экране персанажаў. Калі б расейцы здымалі б, дык тыя б, безумоўная, размаўлялі бы па-беларуску. Хаця, гледзячы на цяперашнюю колькасьць людзей у праваахоўных ворганах, якія змагаюцца з бандытамі, такая колькасьць не падаецца гіпербалізаванай.

Напачатку рэжа слых расейская мова ў фільме - неяк яна не да месца, потым неяк прызвычайваешся. Гэта як глядзець "Рамэо ды Джульету" у веронскіх дэкарацыях, а ўсе размаўляюць па-кітайску. З цягам часу можна будзе сказаць, што так яно і было. Як быццам пры Пятры І мардва масковіі размаўляла па-руску.

У цэлым, я сказаў бы, што ў фільме замала беларускага духу. Відавочна, Лазьніца хацеў зрабіць інтэрнацыянальны прадукт. Вось, напрыклад, калі глядзіш "Чужую бацькаўшчыну", зьнятую яшчэ за саветамі, дык беларускасьць і актуальнасьць адчуваюцца ("Ой, пакоцяцца галовы! Ой пакоцяцца!"). А "У тумане" нават не як у тумане, а быццам за дзесяткамі водблікаў шкла, прыходзіцца здагадвацца, каб пазнаць унутраны дух, сутнасьць, гэтыя адценьні. Нібыта прыходзіцца дамалёўваць, бо, так, як герой Сушчэні, сапраўдны беларускі мужык не размаўляў бы.

Падаецца, што фільм глядзіцца прыстойна дзякуючы таму, што шмат сцэнаў зьнята на прыродзе і акторы проста з часам лепш ужыліся ў ролі ў тых умовах. Падазраю, што сцэну ў хаце здымалі адной з першых а вось, калі б зьнялі яе ў самым канцы, то і сыграна было б лепей. Неблагія эфекты з гукам - шэлест лісьцяў, калі Сушчэню выводзяць з хаты; гук друкарскай машынкі, калі яго адпускаюць немцы; і, безумоўна, выбух гранаты, кінутай паліцаямі ў хату.

Адзін з моцных момантаў, калі Сушчэня даводзіць Войціку, што ня мог здрадзіць, і яны адзін аднаго не разумеюць. Толькі той, хто здрадзіў, можа зразумець магчымасьць здрады. Пэўна, гэта адна са страчаных асаблівасьцяў традыцыйнага грамадства - што чалавек, які ўсё жыцьцё жыў у грамадзе, навідавоку, клапоціцца пра сваё добрае імя, і яму ўжо складаней перайсьці некаторыя маральныя бар'еры.

Як мне падаецца, фільм пра тое, як людзей, схільных да каштоўнасна-рацыянальнага дзеяньня, у гэтым сьвеце ў выніку чакае пагібель. Яны гінуць з-за сваёй прагі справядлівасьці. Дурні. Маці Бурава так і называе яго з-за гэтага - дурань. І цэнтральная фразай фільма, актуальнай для сучаснасьці, па мне, зьяўляецца яе "Бач ты - справядлівасьці захацеў", пасьля якой яна пачала жагнацца. Бураў хацеў справядлівасьці з машынай; потым пагадзіўся, каб пайсьці ў сасоньнік. У Сушчэні ж гэтае пачуцьцё справядлівасьці даведзена да асурду ў сваёй скіраванасьці на яго самаго. Я ўжо ў першых сцэнаў пачаў недзе здагадвацца, чым скончыцца ўвесь фільм (бо аповесьці не чытаў і сюжэту ня ведаў), калі той спытаў ці ўзяць рыдлёўку. Конец немного предсказуем. Калі той ужо сам сябе асудзіў, то, давёўшы ўсё гэта да абсурду, у выніку застаецца з-за клопату аб тым, што іншыя могуць пра цябе падумаць, накласьці на сябе рукі.

Усе лепшыя людзі гэтага сьвету ўжо даўно мёртвыя - каму ж тады застаецца глядзець гэты фільм? Для цёткі, што правярае квіткі, вельмі зручны фінальны стрэл - нібыта сыгнал адчыняць дзьверы на выхад. Калі пайшлі субтытры і заля пачала пляскаць у ладкі, гэта мяне неяк зьбянтэжыла - незразумела, ці то гледачы аддаюць даніну павагі стваральнікам фільму, ці то ўхваляюць учынак Сушчэні.

Але з усяго фільму асабліва ўразіў бомж. На выхадзе. Пэўна, у гэты час, калі ішоў фільм, ён ляжаў на вуліцы прытуліўшыся да дзярэй, за якімі цяпло ад сыстэмы атапленьня (працуючай на расейскім газе) і чалавечых целаў. Ці то спаў ці то нежывы. Я быў на нейкую мілісэкунду завагаўся - ці магу я што зрабіць для яго. Але, падумаўшы, што наўрадці і што прыстрэліць сябе з тае прычыны таксама не магу, пайшоў прэч.

рэцэнзыя, фільм

Previous post Next post
Up