Гэтая гадавая справаздача - самая нечаканая, а наступная (за 2023 г.) - самая непрадказальная.
- Геаграфія.
1-12 студзеня я быў у Беларусі. А 13 студзеня мы прыляцелі сям'ёй у Ізраіль - і па сённяшні дзень, да самага канца года, я ў Ізраілі, за выключэннем 11-13 красавіка ў Варшаве.
Так не планавалася. Думалі, што ў сакавіку-красавіку вернемся ў Мінск. Але 24 лютага застала нас у Ізраілі. Потым паўтара месяца неразумення, што рабіць далей. У красавіку вырашылі зняць кватэру на паўгода, арэнду якой восенню працягнулі яшчэ на паўгода (да канца красавіка 2023 г.). Цяпер плаўна прыходзіць усведамленне, што і гэтым можа не абмежавацца.
- Сям'я
Паша пайшоў у ізраільскі дзіцячы садок, нават паспеў за гэты год змяніць яго: у студзені-жніўні хадзіў у прыватны, а з верасня ўжо абавязаны хадзіць у дзяржаўны, куды і ходзіць.
- Бізнес.
BIVIAR Partners развіваецца, у тым ліку Data Science. З'яўляюцца новыя кліенты ў ЗША.
- Выкладанне.
Гэта першы год з пачатку маёй выкладчыцкай кар'еры (а пачалася яна ў 2009 г.), калі я ніводнага разу не вёў вочных заняткаў. Затое анлайн-заняткаў вёў шмат, нават умудраўся знаходзіць новых кліентаў у Беларусі.
У лістападзе правёў новы трэнінг: Google Sheets. Ужо другі год запар прэм'ера майго новага прадукту адбываецца ў лістападзе.
- Іншае.
Я пачаў вучыць іўрыт: самы базавы ўзровень засвоіў сам, а ў жніўні (31.07-25.08) прайшоў інтэнсіўны курс ульпана ўзроўню «Алеф++»: 20 заняткаў па 4 вучэбныя гадзіны. Магу тое-сёе сказаць і зразумець. У апошні дзень ульпана я нават упершыню ў жыцці публічна выступіў на іўрыце, распавядаў пра Марка Шагала.
У Ізраілі я сустрэў сваё 40-годдзе.