Я дзевяць год не пісаў тут пра падарожжы. А пра Туркменістан захацелася. Мы з братам былі там з 18 да раніцы 22 жніўня 2024 г.
- Краіна свецкая. Ёсць шмат мячэцяў, распаўсюджаны іслам, а паўсядзённае жыццё яму зусім не падпарадкаванае.
- Для ўезду ў Туркменістан патрэбная віза грамадзянам абсалютна ўсіх краін свету, за выключэннем уладальнікаў спецыяльных пашпартоў.
- Пры гэтым у 2024 годзе беларусу атрымаць туркменскую візу значна прасцей, чым шэнгенскую. Вось і думай, якая краіна закрытая.
- Вельмі шмат зялёнага колеру: пачынаючы са сцяга і далей у аэрапорце, на дахах дамоў, нават шашачкі на таксі зялёныя. Зялёны колер сімвалізуе не іслам, а ці то дываны, ці то жыццё і зямлю.
- Не ведаю ніводнай іншай краіны, дзе можна было б спакойна пакідаць каштоўныя рэчы навідавоку ў машыне. Можна было б падумаць, што гід рызыкаваў нашымі рэчамі, каб пераканаць нас у бяспецы, калі б ён не пакідаў у той жа машыне ва ўсіх на вачах вялікі пачак сваіх уласных грошай (на вока ў эквіваленце 100-200 даляраў).
- Я раней чуў, што Ашхабад называюць белым горадам, і думаў, што гэта метафара. Не, усё літаральна: горад забудаваны белымі будынкамі і напоўнены белымі машынамі.
- Нягледзячы на папярэдні пункт, на вяселлі, што мы спаткалі, нявеста была не ў белым.
- У Ашхабадзе забароненыя машыны любых колераў, акрамя белага, светла-шэрага і светла-серабрыстага. Машыны такіх адценняў складаюць у горадзе 100%. Не 90%, не 95%, а менавіта 100%. Па-за сталіцай такіх колераў таксама відавочная большасць, хаця часам сустракаюцца іншыя.
- Ашхабад напоўнены будынкамі быццам з іншай планеты. Сярод іх самае вялікае ў свеце кола агляду ў памяшканні, самы вялікі па некаторых параметрах фантан, будынак МЗС з вялізным глобусам наверсе, статуі, палацы і шмат іншага.
- Такія фантастычныя будынкі ёсць не толькі ў Ашхабадзе: так, мы пабывалі ў горадзе Мары́ (калі па-беларуску не паставіць правільна націск, то атрымаецца «горад мары»), і там яны таксама ёсць, хоць не ў такой канцэнтрацыі і колькасці.
- Туркменістан - нейтральная краіна. Плюс: няма ворагаў. Мінус: няма сяброў. Аб нейтралітэце нагадвае каласальная Арка нейтралітэту (якую, дарэчы, аднойчы перанеслі на іншае месца ў Ашхабадзе).
- Большасць жанчын - у нацыянальным адзенні: расфарбоўка сукенак вельмі розная і часта яркая, а фасон практычна аднолькавы і прыгожы. Мужчыны ж апранаюцца зусім без нацыянальных асаблівасцяў: носяць максімум цюбецейкі, а часцей не. Мы заспелі туркменскае вяселле, дзе жанчыны былі апранутыя як у часопісах, а мужчыны як ходзяць у краму.
- Сімвал Туркменістана - васьміканцовая зорка, якая фактычна ўяўляе сабой два квадраты, накладзеныя адзін на аднаго. Тут цікавая паралель з Зоркай Давіда, дзе адзін на аднаго накладзеныя два трохвугольнікі.