лагода мацярынства

Nov 01, 2013 23:53

Такім чынам, М. Кляйн абазначыла важнасць родаў, пераднатальнага перыяду і перыяду немаўляці ў развіцці чалавека; паказала неабходнасць стабільнага, уважлівага клопату пра немаўляці; абазначыла псіхалагічнае развіццё дзіцяці як двухбаковы працэс,  які залежыць ад таго, як даглядаюць дзіця і ад яго канстытуцыйных асаблівасцяў, падкрэсліла важнасць першаснай ідэнтэфікацыі з маці.
Н. Чодороў:як ствараецца мацярынства?
Нярэдка пры разглядзе мацярынства нярэдка прымяняецца слоўнік прыроднасці, і мацярынства выступае інстынктыўным. У гэтым выпадку кожная жанчына як бы запраграмавана прыродай на выкананне функцыі маці, і выконвае гэта аўтаматычна, вызначаным назаўсёды чынам. Н Чодороў жа ж разглядае мацярынства як сацыяльны ды культурны феномен, якому навучаюцца, які разгортваецца ў пэўным сацыяльным кантэксце, гэтым соцыюмам задаецца і рэгулюецца. Роля маці вымагае эмацыйна-псіхалагічных высілкаў - “праца пачуццяў”, насуперак забароны на пачуцці ды эмоцыі ў сферы прафесіяналаў. Мацярынства - прыватнае, укарэненае ў дамашні побыт, прафесійная ж праца публічная, па-за межамі сям’і. Мадэль сям’і, дзе хлопчык павінен атаесамляцца з бацькам, які адсутнічае, і выхоўваецца пераважна маці, прыводзіць да складанасці ў станаўленні ідэнтычнасці хлопчыка - ён павінен абвергнуць усй мацярынскае, якое яго атачае, на карысць ідэялізаванай і ў пэўнай ступері нерэалістычнай мужчынскай ролі. Выкарыстоўваючы псіхааналітычны ды сацыялагічны інструментар, Ходороў адзначае, што сучаснае (ёй) грамадства выхоўвае ў хлопчыка пагарду да маці ды страху перад ёй. Яна піша, што неабходны ўдзел абодвух бацькоў у выхаванні дзіцяці, іх эмацыйны ўнёсак і прысутнасць, а таксама важнасць удзелу іншых людзей у выхаванні - засяроджанасць на адным аб’екце (маці) ці нават двух (маці ды бацька) нуклеарнай сям’і прыводзіць да празмернай залежнасці чалавека ў дарослым жыцці. Таксама адзначаецца важнасць мадэлі выхавання ад сацыяльна-эканамічных “патрабаванняў”, ўплыву эаканамічнай сітуацыі на мадэлі сям’і, а значыць і мацярынства. З іншага боку аналізуецца, як наяўная мадэль сям’і фармуе пэўныя ўзоры сацыяльнага ўзаемдзеяння: мужчына ў выпадку адсутнасці эдыпальнага бацькі вымушаны выбудоўваць ідэнтычнасць ад супраціўнага, праз пераадоленне маці, што прыводзіць з адного боку да фармавання залежнай асобы (выгаднай капіталістычнай вытворчасці), калі рысы і ідэалы з’яўляўцца знешнімі адносна асобы, з іншага - фармуюць патрыярхатнае грамадства з пагардай да жанчыны. Гэтае грамадства разглядае жанчыну праз яе рэпрадуктыўныя функцыі, што зноў заключае яе ў сям’ю, і ва ўмовах капіталістычных стасункаў выціскае бацьку з сям’і.
Чодороў апісвае розныя шляхі, якімі ўсталёўваецца гетэрасэксуальнасць дзяўчынкі і хлопчыка і паказвае, што першасная ідэнтэфікацыя з маці, імкненне да яе, з’яўляюцца больш моцнымі, чымсці наступныя эдыпальныя выбары. Такім чынам, жанчыне больш складана атрымаць задавальненне ад стасункаў з мужчынам, таму як ён не супадае з першасным аб’ектам (а каханне, паводле псіхааналітычнай традыцыі, імкнецца да атрымання асалоды, што была характэрна для часу задавальнення немаўляці), і з’яўляецца ў пэўнай ступені нерэалістычным праз недастатковую прысутнасць бацькі ў выхаванні і сям’і. Недахоп часткова можа быць кампенсаваны праз больш цесныя стасункі з іншымі жанчынамі. Іншым выпадкам імкнення ўзнаўлення першаснага трохкутніка (маці, бацька, дачка), з’яўляецца ўзаемадзеянне жанчыны з уласным дзіцяці, якія ўзнаўляюць сітуацыю сімбіятычнага адзінства часу немаўляці жанчыны, а найбольш ярка праяўляюцца падчас цяжарнасці. Дзіця для жанчыны ўзнаўляе тое ўяўнае адзінства з маці, якое мужчына атрымлівае ў плоцевым акце. Цікава адзначыць, што псіхалагічная патрэба ў мужчыне з’яўляецца другаснай, і арыентацыя на мужчыну выяўляецца “Я хачу дзіцяці ад яго”, насуперак “Я хачу дзіця” пры адсутнасці такой арыентацыі. На гомасэксуальныя стасункі, якія б маглі задаволіць жанчыну, накладзена табу. Такім чынам, жанчына шукае задавальненне ў мацярынстве, дзе ажыццяўляюцца даэдыпальная сітуацыя жанчыны, і атаесамленне з дзіцяці, што дае магчымасць эмпатыі і праявам клопату пра яго. Мацярынства для жанчыны азначае падвоеную ідэнтэфікацыю - і з маці, і з дзіцем адначасова.
Ходороў піша, што няма біялагічных падмуркаў для таго, каб жанчына прымала мацярынскую ролю і пачынала выконваць мацярынскія функцыі. Здольнасць да нараджэння і лактацыі ў пэўнай ступені звязаны з адказнасцю за дзіця, аднак мацярынства і мацярынсткая роля з’яўляюцца часткай сацыяльнай структуры і забяспечваюцца ёй, таму і павінны быць вытлумачаныя ў сацыяльных каардынатах. Аднак простага цверджання, што ролям хлопчыка ці дзяўчынкі навучаюцца таксама недастаткова. Важнымі ў працэсе ўзнаўлення мацярынства з’яўляюцца як сацыяльныя інстытуты, так і аб’ектныя стасункі, што адыгрываюць ролю ў псіхалагічным станаўленні. “Мацярынства ўладкавана так, што ўзнаўляе сябе. Гэты ўзнаўленне складаецца са стварэння жанчын з вызначанымі псіхалагічнымі здольнасцямі і перакананнямі, што ўваходзяць у структуру першаснага бацькоўства, і мужчын без іх”. Псіхааналіз дае магчымасць разглядаць узнаўленне мацярынства праз першасныя аб’ектныя стасункі, аднак не тлумачыць, чаму ў далейшым клопат пра дзіця прыходзіцца на долю жанчыны. Лактацыя ды цяжарнасць не з’яўляюцца дастатковым лагічным абгрунтаваннем. Здольнасць да бацькоўства развіваецца ў дзяўчат і затарможваецца ў хлопчыкаў у працэсе развіцця і сацыялізацыі. Такім чынам, мацярынская роля жанчыны пастаянна ўзнаўляецца і распаўсюджваецца не толькі на немаўлят, але і на астатнія яе ўзаеміны. Такім чынам, у сваёй дамашняй рабоце жанчыны стварае мужчын і дзяцей фізічна, псіхалагічна і эмацыйна, стварае і ўзнаўляе структуру свайго падпарадкавання. Здольнасць і гатоўнасць клапаціцца пра іншых перадаюцца ад жанчыны жанчыне пасрэдна псіхалагічных механізмаў, што шмат у чым вызначаюцца структурай грамадства - робіць выснову Чодороў. Яны не паходзяць непасрэдна з жаночай фізіялогіі. Жанчына ўваходзіць у мацярынскую ролю таму, што пра яе клапацілася жанчына. Мужчына ж мае праблемы з ажыццяўленнем клопату менавіта таму, што пра яго клапацілася жанчына. Адзначаюцца праблемы, уласцівыя грамадству ў розныя часы. Напрыклад, досвед Амерыканскай сям’і 20-40 гадоў з ізаляванай ад іншых ды ад сваіх родных жанчынай ды бацькам, які псіхалагічна адсутнічаў у сям’і, прыводзіў да праблем з залежнасцю-сепарацыяй, празмернай эмацыйнай перагружанасці дзяцей эмацыйнымі чаканнямі маці. Пазней, калі жанчына выйшла на працу (аналізуецца сярэдні клас ЗША), яна працягвае выконваць мацярынскія функцыі і павінна адпавядаць прафесійным патрабаванням. Акрамя таго, факт пераважнага клопату пра дзяцей жанчынай нараджае канфікт маскуліннасці ў мужчыны, пазбаўляе пэўнай часткі жыццёвага досведу, збядняе і стварае псіхалогію мужычнскага дамінавання і патрэбу пераўзыходзіць жанчыну, што ўрэшце рэшт і прыводзіць да гендэрнай няроўнасці. Чодороў прапануе раздзяліць клопат пра дзіцяці ад таго, хто гэты клопат аджыццяўляе, і кажа пра важнасць не біялагічнага кармлення (падкрэсліванне важнасці якога вядзе да замацавання жанчыны ў межах сям’і) а псіхалагічнага цяпла і кантакту. Я лічу важным і ўнікальным досвед біялагічнага кармлення, пры гэтым важным момантам - не замыканне яго домам, а магчымасцю выхаду ў публічную прастору і падтрымку грамадства жанчыны з маленькім дзіцяці, і далейшым удзелам супольнасці ў выхаванні дзіцяці. Пры гэтым вялікую долю клопату пра дзіця можа ўзяць на сябе мужчына - гэты клопат далёка не абмяжоўваецца кармленнем грудзямі.

Previous post Next post
Up