занятак па голаснаму спеву

May 08, 2014 13:41

На вуліцы не цёпла. Але спяваць у памяшканні - не варыянт. Хаджу, выбіраю месца для спеваў. Тут толькі засеялі газон, а тут вось вецер гуляе. Трэба запытаць у гаспадара сядзібы, дзе лепш правесці занятак. Спыняемся на месцы каля садочку -- квітнеюць яблыні, каля хаты не так дзьме, трапляе вечаровае сонца.Так, месца выбрана. Затрымліваецца папярэдні майстар-клас. Нярвуюся, хаджу, учапіўшыся ў раздрукаваныя тэксты, у слінгу мяўкае Эмілія. Фатаграфуемся з адной удзельніцай, каб пабавіць час ды на памяць. Нарэшце, удзельнікі выходзяць на вуліцу. Невялікі перапынак, і я запрашаю да ўдзелу ў спевах. Прапаную захінуцца ў коўдры -- усё ж халодна. Расказваю коратка чаму мне цікавы спеў (уласнае жаданне гучаць), якія песні будзем спяваць (вясновыя календарнага цыклу). Прапаную дыхальныя практыкаванні. Пасьля клічам Ганну: "Гэй, Ганна, Ганна, гэй" (так мы робім на занятках звычайна. Звычайныя дзеянні крыху вяртаюць упэўненасць). "Вось суседзі здзівяцца" -- усё ж няёмка быць гучнымі. У адной з удзельніц нечакана для мяне -- голас звонкі, чысты, гучны. Адзначаю, але ў спевах пасля гэты голас амаль не праяўляецца. Ну і куды ён падзеўся?! Ну вось ён, чароўны момант. Прапанавала ўсім устаць, каб лепей гучаць, і -- як у халодную ваду -- пачынаю спеў. І ўжо падчас разумею, што вось адна ж спяваць павінна. І паказваць мелодыю. Не, я гэта разумела і раней, але неяк не так разумела. Далучаюцца, спяваюць. Я час ад часу сцішваюся, каб пачуць іншых. Вох, сцішваецца і "хор". Усё ж абапіраюцца на мяне, як вядучую. Вось зараз толькі ўсвядоміла важнасць гэтага досведу правядзення спеваў, менавіта як метафары -- увогуле весці. Другая песня -- Волотар. Спяваем яе два разы і нават -- па радочку кожная, з маёй дапамогай. Юр'я -- два разы, і на вось гэтай песні атрымаецца ўжо "зліцца" галасамі, атрымаць задавальненне ад супольнага спеву. Апошняя песня -- "Не жар загоряе." Прапаноўваю па радочку кожнаму ўдзельніку, але не наважваюцца. "Толькі з табой". Я тут вось вырашаю, што мусіць усім разам лепш, але ніяк гэта не абазначыла. Спяваем усе. Збіраю водгукі, "зваротную сувязь". На завяршэнне -- "Карагод вялікі яшчэ раз".

Previous post Next post
Up