Нататкі, што пісала пра групу ў ФБ сабрала ў адзін тэкст. Каб было зразумела крыху, што такое група. І навошта я зараз збіраю групу.
Я не люблю вялікія групы. Не надта яны мне і трэба. Калі не браць натоўп, вялікая група з цягам часу распадаецца на больш дробныя супольнасці-падгрупы. Вялікая група спрыяе замацаванню і нягнуткасці роляў, патрабуе пэўнай іерархічнасці. Гэтая гульня "статусаў" забірае шмат энэргіі, якая можа быць выкарыстаная са значна лепшым плёнам і вынікам. Фармат малой групы для навучання, добрага баўлення часу, тэрапеўтычных мэтаў я лічу ідэяльным.
Навошта ж патрэбна група? Група дае магчымасць даследаваць сябе, свае стэрэатыпы паводзінаў і рэакцый. Мы выбудоўваем свае паводзіны, свой асяродак, паводле абмежаванай колькасці сцэнароў, якія - збольшага - засвойваюцца ў сям'і, нейкая частка будуецца адпаведна перакананняў і чаканняў, атрыманых з іншых крыніцаў (літаратура, мастацтва). Група з'яўляецца сваеасаблівым люстэркам, што дазваляе паглядзець на сябе і ўсе гэта зразумець, усвядоміць. Група - гэта міні-лабараторыя, дзе становіцца магчымым практыкаваць новыя спосабы паводзінаў ды мадэляваць сітуацыі. Група дае падтрымку, адчуванне салідарнасці. Пазбаўляе праблемы катастрафіч насці і ўнікальнасці праблемаў за кошт падзялення досведам з іншымі. Група дае магчымасць аформіць у словы (вербалізаваць) тое, што толькі блукае на мяжы свядомасці, а пасля - выказаць ды быць ды пачутым. Група дае разнастайнасць пунктаў гледжання, варыянтаў развіцця падзеяў. Безумоўна, што чым болей кожны ўдзельнік дае групе, тым болей і атрымлівае. А таксама, што не ўсе адкрыцці пра сябе сустракаюцца радасна
Група звычайна праходзіць праз пэўныя стадыі. Пачатак існавання групы звязаны з досыць высокім узроўнем трывогі, якая ці ўсведамляецца і перапрацоўваецца, ці ігнаруецца на карысць утрымання "масак". У гэтым выпадку рух групавога працэсу можа быць запаволены. Прыймаюцца правілы групы, адбываецца знаемства, удзельнікі прыглядаюцца адзін да аднаго. У знаемстве і пачатку звычайна шмат энэргіі (за кошт трывогі), аднак мала ўсвядомленасці ды адказнасці. А яшчэ - мала блізкасці, даверу, прыняцця. У прынцыпе, не кожнай группе і патрэбна гэта - рухацца далей. Можна досыць прыемна і займальна бавіць час і без гэтага. Вечарынка, тусоўка, праца, вучоба - шмат дзе дастаткова пачатковага ўзроўню стасункаў для камфортнага суіснавання. Акрамя таго, фармат групы, мэта існавання, яе правілы (ці яўныя, ці прыхаваныя) нярэдка рэгламентуюць ступень блізкасці і яе магчымасць. Варта адзначыць, што правілы гэтыя часцей накладаюць забарону на адкрытасць і блізкасць (кшталту "не вер, не бойся, не прасі" ці "мужчыны не плачуць"), чым наадварот. Закрытасці спрыяе і папярэдні негатыўны досвед, калі адкрытасць, якая суправаджаецца ранімасцю, прыносіла боль, пакуты, здраду. (Пужаная варона ваду студзіць). Атрымліваецца, што сітуацыі блізкасці і адкрытасці строга рэгламентаваныя - сям'я, блізкія сябры. Пры гэтым і ў сям'і - вось ужо дзе здаецца нашае ўсе - не так бясхмарна. Варта ўзгадаць традыцыйныя патрыярхатныя сем'і, з іх гвалтам над жанчынай (білі, "вучылі жыць", гвалцілі - у сям'і) дзецьмі, старымі. Сучаснасць таксама далека не бесхмарная. Дзе ж тут да блізкасці - тут выжыць неяк. Але нярэдка і ў самых спрыяльных сітуацыях, "шчаслівых сем'ях", стасункі ці сыходзяць на павярхоўныя - іншыя клопаты, мэты, працэсы, ці першасна ўсталеўваюцца правілы ды традыцыі, што гэтую самую адкрытасць забараняюць (не казаць пра пачуцці, напрыклад, ці пазбягаць "негатыўных эмоцый" г.д.). І з сябрамі па-ўсякаму здараецца. Пры ўсёй любові - нейкія аспекты з сябрамі ўсё адно вырашаць не будзеш, і не заўседы сябры зацікаўлены ў тваім росце, тваіх пераменах. Бо гэта стварае рызыку застацца ззаду.
Вельмі важным момантам існавання групы з’яўляюцца яе правілы. Менавіта яны падтрымліваюць бяспеку, ствараюць перадумовы для дыялогу, адкрытага ўзаемадзеяння, адпавядаюць мэтам існавання групы. Кожная група мае свой набор правіл. I лепш - калі гэтыя правілы прагавораныя, абазначаныя, агучаныя. У такім выпадку есць шанец, што іх зразумеюць і будуць прытрымлівацца. Часцей правілы ўсталёўваюцца на пачатку існавання групы. Для большасці груп такімі правіламі з'яўляюцца:
-"тут і цяпер"
-"канфедэнцыйнасць"
-увага да ўласных пачуццяў
-адсутнасць крытыкі, асуджэння, парадаў
-зварот да ўласнага досведу -правіла "стоп"
-пунктуальнасць
-спрыянне развіццю
-узаемапавага
-роўнасць
Такім чынам, з невялікімі адступленнямі, я падыйшла да наступнага перыяду існавання групы -- перыяду канфліктаў і высвятлення пазіцый. Простым яго не назавеш. Ен драматычны, насычаны перажываннямі і падзеямі. У гэты час выяўляецца прыхаваная і не агрэсія, ідзе змаганне за "статусы" ды месца ў групе, ставіцца пад сумніў аўтарытэт лідара, а таксама назіраецца тэндэнцыя да замацавання, фіксавання роляў у групе. Нярэдка так і здараецца "у жыцці” - у сям'і, працоўным калектыве, студэнцкай групе. Роля "прывязваецца" да чалавека, і адыйсці ад яе становіцца складаным. Бяда ў тым, што "харошай" ролі няма. Церпяць і тыя, хто апрануўся ў маску "ахвярнага казла", і тыя, хто выконвае ролю "крутога лідара". Аднак ролі вонкава спрошчваюць узаемадзеянне, эканомяць энэргію і ствараюць усе тую ж ілюзію стабільнасці, спрошчанасці і зразумеласці. Важна памятаць, што любы чалавек большы за наяўную ролю, а таксама адсочваць персанальную адказнасць ды агульны "малюнак" групы - калі ў групе ўсе ў "белых паліто", а адзін "дурны і не лечыцца" (ці наадварот), варта задумацца, што энэргія групы пайшла не ў тое рэчышча, і знікненне, выцясненне "ідэнтыфікаванага" праблемнага чальца палегкі не прынясе. Будзе знойдзены наступны.
Далей, пры ўмове добрага праходжання папярэдніх этапаў, распачынаецца этап сталай работы групы. Удзельнікі цэняць і паважаюць адно аднаго, імкнуцца дапамагаць і падтрымліваць. Усе высветлена, можна расслабіцца і прысвяціць час і сілы непасрэдна мэтам групы, работы на тое, дзеля чаго група і стваралася. Групавыя каштоўнасці ў гэты час пераважаюць над індывідуальнымі, расце задзіночанасць, салідарнасць. Сама група становіцца каштоўнасцю. Пры гэтым не адбываецца і зліцця, распушчэння асобы ці патрабаванняў знішчэння адрозненняў - кожны ўдзельнік каштоўны ў сваей непаўторнай індывідуальнасці.
I завяршэнне групы. Тут важна абазначыць, што група, якая існавала, працавала, задзіночыла, прынесла столькі добрага так ці інакш прыйшла да заканчэння. Падсумаванне вынікаў, сумесная фатаграфія на памяць, дыплем ці сертыфікат могуць стаць адзнакамі і рытуаламі завяршэння. Галоўнае - прыняць свае пачуцці ў сувязі з завяршэннем, падзяліцца імі. Завяршэнне аднаго азначае пачатак чагосці іншага, а сум суправаджае прыняцце адыходу таго, што аджыло і пераход да новага. I гэта нармальна.
-