Інфармацыя перавод Някляева і Халіп з СІЗА КДБ пад хатні арышт, з двума абавязковымі "гасьцямі" у суседніх пакоях, нешта вельмі востра нагадала ўрывак з Максавага раману- утопіі...
“СЕМ ЗЛАЧЫНСТВАЎ-АДНО ПАКАРАНЬНЕ
Ад трыццаці да пяцідзесяці гадоў хатняга арышту з канфіскацыяй маёмасьці: такую ёмістую й безапэляцыйную фармулёўку далі найноўшаму новаўведзеньню ў крымінальны кодэкс айчынныя крымінальнікі зь Міністэрства Калоніяў. Прыняцьце гэтага рашэньня сталася важкім крокам на шляху да гуманізацыі пэнітэнцыярнай сістэмы й падрыхтоўкі нашай краіны да канчатковага выхаду са складу Яўропы. Адразу ж пасьля адзінадушнага галасаваньня ў падтрымку гэтай рэвалюцыйнай зьмены ў заканадаўстве мы зьвярнуліся да намесьніка міністра Калоніяў Адольфа Рудольфавіча Вульфа з просьбай пракамэнтаваць такую радасную для ўсіх нас падзею. Чым было выклікана ўвядзеньне гэтае новай меры пакараньня?-запыталіся мы ў яго.
-Перадусім, недахопам месцаў у месцах упарадкаванага ўтрыманьня грамадзянаў,-адказаў нам Рудольф Адольфавіч.-Тым часам як дзяржаўнае жыльлёвае будаўніцтва ў гэтым годзе перавыканала леташні план па ўсіх паказчыках, дык нашае міністэрства сутыкнулася якраз з адваротнай праблемай: фактычна, нам болей няма дзе разьмяшчаць усіх жадаючых прайсьці цяжкім шляхам каяты ў сваіх колішніх антыдзяржаўных злачынствах альбо паводзінах. На апошняй супольнай нарадзе двух нашых ведамстваў, МінКалу й МінПляБуду, мы ўзьнялі гэтае пытаньне, у выніку чаго была створаная надзвычайная камісія па вырашэньні гэтай прыкрай сытуацыі.
-І якія былі вынікі ейнай працы?
-Я б ацаніў іх як вельмі прадуктыўныя. Па-першае, мы падрыхтавалі пакет дакументаў для прыняцьця пастановы аб зьяднаньні двух нашых установаў у адну.
-Нашыя віншаваньні! Неверагодна! Вось гэта сапраўды называецца барацьба зь бюракратызацыяй на справе, а не на словах!
-Дзякую. Цалкам з вамі згодны. Ужо ў наступным месяцы Міністэрства Плянаваньня й Будаўніцтва пераедзе ў наш будынак, а свой такім чынам ахвяруе Ўзорнай Дзіцячай Калоніі нумар адзін імя Недасяжнае Будучыні. Але што да вашага пытаньня: увядзеньне новай меры пакараньня, хатняга арышту з канфіскацыяй маёмасьці, зробіць у дадатак магчымым выкананьне праграмаў як у галіне дзяржаўнага будаваньня, так і ў справе спрашчэньня працэдуры судовага працэсу. Фактычна, абцяжараны, як вы трапна адзначылі, бюракратычным замаруджваньнем пераход кватэры зь ведамства аднога міністэрства ў ведамства другога цяперака будзе скасаваны дзякуючы нашаму зьяднаньню. Зараз пры арышце злачынцы яму ня будзе, як раней, загадзя вядома, што ён ужо ў чымьсці абвінавачаны альбо асуджаны-гэта толькі дапамагло б яму схавацца, альбо ўзяць сабе адваката-найміта, зь якіх у нас яшчэ сёй-той, трэбакі прызнацца, застаўся. Наступная выгода палягае ў тым, што ня трэба будзе й везьці яго ў астрог-гэта зьніжае верагоднасьць уцёкаў ад суда, што ў бальшыні выпадкаў адбываюцца па дарозе.
-І якой будзе цяпер працэдура самога арышту, калі не сакрэт?
-Не сакрэт. Ня будзе затрыманьня, зьбіцьця, наручнікаў там, іншых лішніх непрыемнасьцяў альбо пагрозаў жыцьцю супрацоўнікаў ЦК. Проста аднойчы раніцай злачынца прачынаецца ў сваім ложку й бачыць краты на вокнах, пустую кватэру й новыя, умацаваныя дзьверы з новым замком. Вось і ўсё. Запэўніваю Вас, з такога астрогу ніколі й нікому ня прыйдзе ў галаву ўцякаць-бо куды ж уцячэш з уласнае хаты? Прычым мы прыйшлі да высновы, што ў сувязі з падаўжэньнем тэрміну затрыманьня, які цяперака складацьме... ці то пяцьдзесят, выбачайце, ня памятаю дакладных лічбаў... ці то семдзесят год, недзе так-дык вось, у сувязі з гэтым варта было б падбаць наконт паляпшэньня ўмоваў утрыманьня вязьняў. Усё-ткі нашая краіна стаіць на шляху паступовай лібэралізацыі й глыбокіх зьменаў у мэханізмах кіраваньня. Таму дзеля таго, каб падацца сьвету болей дэмакратычнымі, намі вырашана не адымаць болей у затрыманых пры хатнім арышце гострыя прадметы, матузкі, ланцужкі, не адламваць у лыжак чаранкі... А вось з мэблі ў хатах будуць, напэўна, апрача ложкаў, пакінутыя толькі люстэркі. Шмат хто з асуджаных пажыцьцёва зьвярнуўся ў нашае міністэрства з просьбай таксама пакінуць і тэлевізары; што ж, магу сказаць, што вырашэньне гэтага пытаньня наўпрост залежыць ад паводзінаў вязьня, якія будуць разглядацца адмысловай камісіяй.
-Скажыце, а што калі вязень, уявім сабе, дажыве да канца тэрміну свайго пакараньня пры такіх камфортных умовах... Як будзе выглядаць ягоны выхад на свабоду, вяртаньне да нармалёвага жыцьця, да сям’і?
-Па-першае, сям’і будзе дазволена застацца разам зь ім-мы ж не зьвяры, канец канцоў. Дастаткова перагарадзіць кратамі ў некалькіх месцах звычайную стандартную аднапакаёвую кватэру, каб атрымаць дзьве, тры, пяць... ды колькі заўгодна маленькіх камэраў. Па-другое, выхаду на свабоду як гэткага ня будзе. Гэта, безумоўна, не азначае, што падсуднаму будзе вернутая ягоная маёмасьць зноўку-што, выбачайце, застанецца ад той ад мэблі якімі трыццацьцю гадамі пазьней? Фактычна, мы папярэдне вырашылі выкарыстоўваць пакуль што так званае штучнае перапыненьне тэрміну пакараньня-то бок, калі заўгодна, эфтаназію-аднак потым, магчыма, штосьці ў гэтым пункце новага закону зьменіцца. У кожным выпадку, МінПляБудКал неўзабаве бярэ ў арэнду найбуйнейшыя могілкі сталіцы й абавязваецца прынамсі часткова аплочваць пахаваньні вязьняў, каб хоць неяк дапамагчы іхным сем’ям. Так што праблемаў зь пераходам да новага жыцьця ў вязьняў зусім ня будзе.
-Ці азначае гэта канчатковую й доўгачаканую адмену сьмяротнага прысуду ў Інфляччыне-апошняй з краінаў Яўропы, дзе ён яшчэ захаваўся й выконваецца публічна?
-Баюся падацца занадта патэтычным, але, безумоўна, гэтае гістарычнае вырашэньне дапаможа нам у хуткім часе цалкам перайсьці на новую сістэму й задаволіць нарэшце так званы цывілізаваны сьвет, які столькі год патрабуе ад нас адмены сьмяротнага прысуду. Як аўтар праекту магу пацьвердзіць, што зрух у гэтым накірунку быў адной з мэтаў, якую мы сабе ставілі. Гэты крок ёсьць неабходным перад абвяшчэньнем гамністыі ўсім асуджаным на сьмерць, якую кум першы консул Абакула Калгасенка мяркуе абвясьціць адразу пасьля ўступленьня ў функцыю першага й галоўнага дарадцы Яго Свацейшаства партыярха Ўсярускага Педафіла ў справах кіраваньня Інфляччынай. Першымі на сабе гэтае пакараньне выпрабуюць, бадай, арганізатары леташняга страйку будаўнікоў другарадзкага мэтрапалітэну, сябры так званага “незалежнага прафсаюзу”.
-Дзякуй Вам, Адольф Рудольфавіч, за гутарку.
-Вам таксама.”
(с) Макс Шчур
"Там дзе нас няма"(1999-2004)