Акадэмічны правапіс. Уся праўда.

Jan 12, 2006 15:05


Tags: беларуская мова
Ну што тут скажаш? Смяяўся :)

Выказалася нейкая svicizianka (Адно напісанне ніку чаго вартае :))
Бачна, што аўтарка сама прадметам гутаркі не валодае, але ж ёсць палітычна (?) ангажаванай, ды й самаўпэўненасці і імпэту даволі. Філёляг.


А вы паспрабуйце мне даказаць іншае, бо пакуль што ў довадах убачыла толькі завучаныя цытаты з кансьпекту па СБЛМ.

Ну-ну, разумею, у канспекце ж не можа быць праўды, выкладчыкі ж нічога не ведаюць.
Ну што рабіць? Камусці трэба заняцца народнай асветай. Прыйдзецца мне.

Рысы так званай "тарашкевіцы" ("клясічнага правапісу"), што, як кажуць, кідаюцца ў вочы:
I. Залішняе пашырэнне фанетычнага прынцыпу правапісу: а) паўсюдная перадача асімілцяцыйная мяккасці (напрыклад, сьнег, радасьць), б) адлюстроўванне фанетыкі так званага "фанетычнага слова", што праяўляецца ў напісаннях тыпу ня быў
II. Шлях афармлення запазычанняў.

Недахопы з пункту погляду мовазнаўцы:
I. Лішкавасць. Іншымі словамі, такое ўжыванне не перадае ніякай інфармацыі: беларускамоўны носьбіт мовы не можа (дзякуючы склаўшайся артыкуляцыйнай базе) прачытаць, напрыклад, слова снег не як [с'н'ех] (у квадратных дужках - фанетычная транскрыпцыя, дзе сімвал ' перадае мяккасць) ці вымавіць напісанае не быў як-небудзь адрозна ад [н'а_быў] (падкрэсліванне паказвае, што гэтыя два лексічныя словы ўтвараюць адно фанетычнае слова). Пры гэтым, тэкст ў сярэднім праз "злоўжыванне" мяккім знакам падаўжаецца ў сярэднім на 2% (Тым самым змястоўнасць тэксту змяншаецца на гэтыя адсоткі).
Апрача гэтага, трэба памятаць, што, як пісаў яшчэ Леў Шчэрба, графіка пажадана павінна адпавядаць суадносінам "адна літара - адзін гук", што дарэчы больш-менш выконваецца ў беларускай лацінцы, на аснове якой - спадзяюся, гэта вядома ўсім - і пабудаваная "тарашкевіца", але паўсюдная перадача асіміляцыйнае мяккасці (асабліва зубных зычных! - бо гэта адна з найспецыфічных рысаў беларускай фанетыкі) у кірыліцы пашырае вобласць парушэння гэтага патрабавання графікі.
Так што трэба не прымушаць пісаць паўсюль мяккі знак, а вучыць рускамоўных людзей, якія авалодваюць беларускай мовай, слушна вымаўляць спалучэнні зычных у пазіцыях, дзе працуе асіміляцыйная мяккасць. Правапіс мусціь быць не мыліцай для вымаўлення, але аптымальным сродкам перадачы моўнай інфармацыі.

II. Шлях афармлення запазычанняў.
Тут увогуле пытанне невялікае. Штучнасць тарашкевіцкай традыцыі стыхійна адчуваецца носьбітамі мовы. Нават за прыкладами далёка хадзіць не трэба: на гэтай самай старонцы чытаем: booxter : Хаця й гэтыя оджыгі тарашкевіцы тыпу "псыхалёгіі" і "філязофіі" мне таксама не пасуюць.
Мовазнаўчы каментар: шлях засвойвання замежных словаў, які прапануе "тарашкевіца" пярэчыць жывой беларускай мове, і сам ёсць пазычаным з польскай мовы. Польская моўная традыцыя ухваляе, напрыклад, слова system. Але не беларуская. Беларуская мова перадае іншаземнае слова адпаведна вымаўленню мовы арыгінала (ва ўсялякім разе арыентуецца менавіта на мову-крыніцу!). Адкуль магло трапіць слова сістэма (першапачаткова грэчаскае) ў беларускую? Імаверна, з еўрапейскіх моваў - англійскай, нямецкай - у час узнікнення нашай літаратурнай мовы. Думаю, кожны ўяўляе, як гучыць гэтае слова па-англійску, так што кожны сам можа вырашыць, які шлях перадачы першакрыніцы больш адпавядае рэчаіснасці - сыстэма ці сістэма. Тая самая справа і з "псыхалёгіяй" - так гэта вымаўляцца згодна польскамоўнай традыцыі, да якой, на шчасце - не ў Польшчы Пілсудскага жывем, цяпер мы маем дастаткова волі не мець дачынення ў сваім уласным маўленні.

Мне таксама гэта на працягу 5 год даводзілі выкладчыкі, але ніколі не згаджуся, што тарашкевіца й наркамаўка розьняцца ня толькі правапісам.

Правапіс і правілы афармлення запазычанняў - уся розніца на бягучы час. "ніколі не згаджуся" - нават пытання няма аб іншым поглядзе, я нават не кажу, што філолагу павінна быць сорамна такое гаварыць. За 5 год не зразумець!

І яшчэ. Калі ўзгадваць прынцыпы беларускай мовы. Успомнім хоць бы фаналагічны, які, як вы мусіце памятаць найбольш уласьцівы большасьці беларускіх гаворак, а таксама літаратурнай мове. Дык чаму мы тады павінны адно гаварыць, а зусім іншае пісаць?

1. "Прынцыпы беларускай мовы" - у мовы няма прынцыпаў, трэба думаць, што гаворыш.
2. Ёсць прынцыпы арфаграфіі.
3. Прынцыпы арфаграфіі ўвогуле не маюць дачынення да гаворак, бо гэта ж менавіта гаворкі, а не літаратурная мова. Дыялект - непісьмовая форма літаратурнай мовы.
4. ! Асноўны прынцып беларускага правапісу - ФАНЕТЫЧНЫ. Гэтага не ведаць, ну словаў няма, філолаг.
5. Ніводная з арфаграфій, што зараз ўжываюцца для перадачы беларускага маўлення, нават нейкая транслітэрацыя англійскай азбукай, не пярэчыць сутнасці нашае мовы, больш за тое, усе існуючыя беларускія правапісы адпавядаюць фанетычнаму прынцыпу.
6. "Дык чаму мы тады павінны адно гаварыць, а зусім іншае пісаць?" Усё, сілаў няма, здурнець проста! Гэта да чаго аргумент?! Паўтараю, і тым і другім правапісам мы перадаем менавіта тое, што гаворым (у пэўных межах, зразумела). А наконт лінгвістычнага аспекту, дарэчы, гэта не адзіны шлях і закон. Здаецца, мільёны людзей не вельмі бянтэжыць тое, што яны па-расейску пішуць адно, а вымаўляюць іншае: мороз [марос], лесной [лисной], сжать [жжат'] ці нават [жжац']. Паглядзім на англійскую: пішам write, чытаем [rait], ці параўнайце work і walk, а four і for увогуле гучаць аднолькава, ці паглядзіце на your або are - ну такіх прыкладаў зашмат, кожны, хто вучыў яе, ведае як там да вымаўлення напісанага. Так што ўсіх падманулі! Дзеда Мароза не існуе! Даруйце, але я не вінаваты. Каму цікава патлумачу, што асноўны прынцып расейскага правапісу - марфалагічны, а англійскае пісьмо ў значнай ступені грунтуецца на так званым традцыцыйным напісанні. Увогуле раю: Лингвистический энциклопедический словарь. М.: Советская энциклопедия, 1990. С. 350-351 - Артыкул "Арфаграфія". Даволі зразумела напісана, нават з прыкладамі, і беларуская мова ўзгадваецца.

Мой ранейшы каментар: агульнапрыняты сучасны правапіс з'яўляецца больш адпавядаючым мове і больш удалым у навуковым плане (з пункту гледжання лінгвістычных аспектаў правапісу) - асабліва з дапаўненнямі, зробленымі ў апошні час Правапіснай камісіяй.
Прабачце, але як можна лічыць найбольш адпавядаючымі мове тыя варыянты, якія не адпавядаюць большасьці гаворак і якімі карыстаюцца толькі навуковыя колы, якія гэты варыянт сабе абралі. Ці вы лічыце, што тое, што прыняла АН РБ ёсьць адзіна слушным і правільным. Ёсьць шмат моўных дасьледваньняў ня менш тытулаваных і вядомых мовазнаўцаў, якія сьцьвярджаюць адваротную пазіцыю. Таму гэта ўжо пытаньне моўнай школы, якую вы найбольш упадабалі.

Ну увогуле нейкае бяздумнае трызненне.
1. З гаворками, здаецца, мы ўжо пытанне высветлілі.
2. "толькі навуковыя колы, якія гэты варыянт сабе абралі" - ага, відаць пазіцыя: "Усе дурні, адна я разумная. Што нам да таго, што кажуць людзі, якія прафесійна вывучаюць мову? Нам жа лепш вядома. Да таго ж напэўна, іх падкупіў урад" (ага, вялічэзнай зарплатай, дарэчы, у сярэднім -250 тысяч). Такім чынам, вы апрыоры лічыце, што знаўцы мовы ў гэтай мове якраз нічога не разумеюць у адрозненні ад вас.
3. Вы лічыце, што лінгвісты-навукоўцы, людзі, на якіх у значнай меры трымаецца сённяшняя беларуская мова і дзякуючы якім не згасае даследванне нашай моўнай спадчыны, адмыслова (напэўна, па-вашаму, з-за мазахізма) карыстаюцца "нязручным" правапісам ці ўвогуле імі кіруе жаданне зганьбіць/пашкодзіць нашую мову. Н-ды, класічная канцэпцыя з пошукамі ворагаў народа.
4. "прыняла АН РБ": паведамляю для тых, хто у танку: пытаннямі аб правапісе ў 90-я гг. займалася грамадская Дзяржаўная камісія, у якую ўваходзілі мовазнаўцы, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, Саюза пісьменнікаў, Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, прадстаўнікі друку; узначальваў камісію Ніл Гілевіч. Акадэмія навук, і Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа ў прыватнасці, не маюць паўнамоцтваў прымаць ці скасоўваць правапіс.
Зараз пытаннямі распрацоўкі правапісу займаецца ў асноўным ТБМ. Але вы напэўна палічаце, што і там усе ці дурні, ці купленыя.
5. Увогуле для грамадзяніна любой краіны выбар правапісу  "навуковымі коламі" і прызнаецца стандартным. Вырашэнне праблемаў, што датычацца мовы/маўлення таксама ўскладваецца на спецыялістаў. Нават пытання такога не ўзнікае. Кожны павінны займацца сваёй справай. Мовавед купляе прас, які распрацаваў спецыяліст-тэхнік, а тэхнік карыстаецца тымі правіламі пісьма, якія распрацаваў спецыяліст-мовавед. А не наадварот. Мовавед не купляе дэталі і не збірае прас у хаце.

Ёсьць шмат моўных дасьледваньняў ня менш тытулаваных і вядомых мовазнаўцаў, якія сьцьвярджаюць адваротную пазіцыю. Таму гэта ўжо пытаньне моўнай школы, якую вы найбольш упадабалі.

О! Не проста ёсць, але нават шмат! І хто ж гэта? Тым больш тытулаваныя! Ці не Вячорка? Гыгы.
"Пытаньне моўнай школы" - ну гэта не lol, гэта проста rofl! Моўнай школы такія выключна знешнія, прыкладныя пытанні ўвогуле не датычацца. Лінгвісту цікава не тое, што сярэднявечныя кітабы напісаныя арабскай вяззю, але тое, што яны напісаныя па-беларуску, і тое, чым асаблівая ў іх мова .

Такім чынам, у выніку можна сцвярджаць, што выбар "тарашкевіцы" замест акадэмічнага правапісу можа мець такія прычыны:
1. Суб'ектыўна-эстэтычныя/гульнёвыя: "ну падабаецца як пішацца/гучыць і усё тут!" Альбо носьбіт мовы гуляе, забаўляецца, імплікатыўна спасылаючыся на дыскурс, які ўласцівы тэкстам імігранцкага правапісу.
2. Бяздумна-пратэстныя (палітычныя): "абы менш на расейскую падобна было!": "Я - беларус! Я - беларус! Я - беларус! Гэта ты дурань, нічога не разумееш, а я беларус: паглядзі як я пішу - не так, як клятыя маскалі!"
Нарэшце, трэба сказаць, што гэта было б сапраўды смешна, калі б не было сумна. На такія дробязі людзі час марнуюць. А гэткі раскол у правапісе, між іншым, у выніку перашкаджае навучанню дзіцяці ў школе, стварае штучныя перашкоды для ўспрымання тэкстаў носьбітам мовы ці чалавекам, які шчэ толькі пачынае цікавіцца беларушчынай.
Але ж, усё не так ужо і кепска, бо, на маю думку, існуе яшчэ і трэцяя прычына і адапаведна ёй вялікая група людзей:
3. Проста так (без прычыны): тыя, хто не задумваўся над пытаннем правапісу і проста выкарыстоўвае тарашкевіцу па інэрцыі, напрыклад, таму, што пачынаў чытаць беларускія тэксты на тарашкевіцы, таму што яго знаёмыя/сябры ўжываюць яе, таму, што ён звязвае з гэтым правапісам рамантычны час пачатку стагоддзя, калі беларуская была насамрэч жывой і таямнічай, а потым, напрыканцы 30-х гг. за вернасць ёй (але не правапісу!) прыходзілася плаціць жыццём...

Н-ды, мы вось тут разважаем ці той правапіс, ці гэты - але увогуле, сапраўды дзіўна, што гэтае пытанне так сур'ёзна паўстае ў Беларусі. Насамрэч, ніякага асаблівага зместу ў яго няма. З боку гледжання мовы, гэта абсалютная дробязь. І чаго прыкручваць да арфаграфіі палітыку? Размяжоўваць "наркамаўку" і "тарашкевіцу"? Пры тым, што ні шчырай "наркамаўкі", ані "тарашкевіцы" даўно не існуе? Каму гэта выгадна - калі ні мове, ні яе носьбітам, ні дзяржаве, ні грамадству? Вось такія справы...

Так давайце, можа, нарэшце, мы, беларусы, ужо ж задумаемся й аб'яднаемся хаця б у гэтым.


Дадатак: "Гэта цікава" - трохі фактаў з артыкула А.І. Падлужнага "Сучасны стан беларускай літаратурнай мовы":
... "Мяккі знак для абазначэння асіміляцыйнага змякчэння зычных прапанавалі члены правапіснай камісіі С. Некрашэвіч, Я. Лёсік, В. Ластоўскі, П. Бузук, А. Багдановіч, У. Чаржынскі, Я. Бялькевіч, Я. Купала".
... "да 1926 года, паводле украінскага правапісу, ужываўся мяккі знак для абазначэння асіміляцыйнай мяккасці зычных. Але па дамоўленасці з прадстаўнікамі Заходняй Украіны і украінскай эміграцыі ў названым годзе пры рэформе правапісу быў выкінуты. З тых пор у гэтай мове існуе адзіны украінскі правапіс як на тэрыторыі Рэспублікі Украіна, так і за яе межамі".

беларуская мова

Previous post Next post
Up