Loiow Oppidum, 1649-1651

Nov 26, 2011 01:51

Loiow Oppidum ці "места Лоеў" не адыграла якой-кольвек ролі ў вайне Януша Радзівіла з казакамі, аднак "засьвяцілася" на многіх малюнках з-за двух вялікіх бітваў, якія адбыліся ля яе сьценаў у 1649 і 1651 гадох. "Пашанцавала" Лоеву з прычыны знаходжання ў найбольш прыдатным месцы для пераходу Дняпра ўброд. Гэтым карысталіся казакі ў час сваіх рэйдаў у ВКЛ і Януша Радзівіл у час паходу на Кіеў у 1651 годзе.

Як піша Ткачоў, у пачатку XVI ст. гэтым бродам часта карысталіся крымскія татары для рэйдаў у глыб ВКЛ, якія ня раз палілі Лоеў ці "Лоеву гору". У свой час Леў Сапега нават сваім коштам заклаў "замак і места Лоеў на шляху татарскім". Ткачоў мяркуе, што Сапега толькі аднавіў ранейшыя ўмацаваньні, аднак магчыма тады места Лоеў было ўвогуле было заснавана ўпершыню і атрымала пэўныя правы. І менавіта гэтае места Льва Сапегі прадстаўлена на выявах сярэдзіны XVII ст.

Усе ніжэйпрадстаўленыя малюнкі належаць ужо вядомаму Абрагаму ван Вэстэрфэльту, акрамя пляну бітвы 1649 года з Theatrum Europeanum, які стварыў, напэўна, Крыштаф Эйгірд. Дадзеныя, а роўна як і малюнкі як і раней узятыя з артыкула Яна Якуба Дрэшчыка. За якасны плян Лоева з Theatrum Europeanum, на якім можна разгледзець папаленыя мяшчанскія халупкі, дзякую вельмішаноўнаму Кірылу. У лепшай якасьці пляны Рэчыцы і Лоева Эйгірда - тут.

У 1649 годзе, калі войскі пад камандаю польнага гетмана Януша Радзівіла падыйшлі да Лоева, места і замак былі спаленыя дашчэнту. На першым малюнку Вэстэрфэльта - Лоеў увогуле амаль "чысты".







Крыху інакш Лоеў паўстае на пляне з Theatrum Europeanum, на якім была адлюстравана бітва 31 ліпеня 1649 года.







На аснове абодвух выяваў можна зрабіць высновы, што ад мейскіх умацаваньняў на той час застаўся толькі вал. Згарэў і замак, хаця на першым малюнку на яго месцы быццам бачныя нейкія пабудовы ці руіны. 31 кастрычніка на месцы спаленага замка ўжо стаяла батарэя, аб чым сьведчыць другі плян і подпіс да яго: "Пераўтворанае ў попел места і замак Лоеў, у якім [месьціцца] батарэя і людзі, што там жывуць". Што засталося ад Лоева добра бачна на другім пляне, дзе сімвалічна ўся плошча былога места засеяна рэшткамі папаленых дамкоў. Адзінае, што захавалася ад места - царква на поўдзень ад замка.

Наступны малюнак паўстаў недзе перад другім спаленьнем Лоева, якое адбылося ў 1651 годзе. І гэты малюнак прысьвечаны менавіта Лоеву. Адчуйце закаханасьць галяндца Вэстэрфэльта ў ляндшафт і сцэны з жыцьця простых людзей.







Да 1651 года места паспелі аднавіць: на вале паставілі паркан з байніцамі, узьвялі трохпавярховую драўляную вежу-браму. За сьценамі пазьбіраліся мяшчане, якія ўжо панаставілі хатак і гаспод. Аднак замак на старым месцы па нейкіх прычынах вырашылі не аднаўляць. У прыватнасьці мы бачым паркан зь вежамі з тыльнага боку места, але ніводнага сьледу ад замку. Вартая ўвагі таксама драўляная царква са званіцаю, якая відаць перажыла 1649 год.




Замест старога замку на поўдзень ад места быў збудаваны ці то новы замак, ці то ўмацаваны двор. Бліжэй да паўднёвага боку стаіць вялікі дом перад якім разьмяшчаецца дзядзінец абкружаны парканам з байніцамі і нізкімі вежамі на рагох. У горад зь яго можна было трапіць па драўляным мосьце. Унізе двор прыкрывае трохбастыённы шанец, абсталяваны гарматамі і неблагой залогаю.

Колькі пастаральных сцэнаў з малюнку для асалоды.










Апошні раз Лоеў досыць умоўна "ўсплывае" на малюнку Вэстэрфэльда прысьвечаным бітве 6 ліпеня 1651 года.







Магчыма, места было адлюстравана надзвычай спрошчана, аднак больш верагодным падаецца тое, што ў 1651 годзе казакі наўпрост ізноў спалілі Лоеў дашчэнту. 

ФАРТЫФІКАЦЫЯ, АРХІТЭКТУРА

Previous post Next post
Up