У
першым паведамленьні аб замку Вітаўта ў Гародні прапанаваў сваю гіпотэзу, спантанна і, магчыма, ня зусім абгрунтавана. Але на маю радасьць атрымаў некаторыя заўвагі, якія мушу ўлічыць. Таму ў гэтым паведамленьні разьвіваю сваю ідэю далей і дадаю некаторыя новыя палажэньні.
1. Ляндшафт.
Ляндшафт і разьмяшчэньне ў ім замка - адзін з з самых важных фактараў, які даў магчымасьць высунуць гіпотэзу аб іншая арганізацыі Вітаўтавага замку ў Гародні. Таму трэ быць пэўным, што тут існуе неякая гістарычная праўдападобнасьць. Але глядзіце і крытыкуйце мэтад самі.
Агульнае навакольле зроблена па ВІГаўскай мапе 1929 года.
Саму горку замкавую "зьляпіў" па копіі з сучаснага геадэзічнага пляна Гародні. Адрозьненьне гэтай часткі можна заўчажыць на рэйндэрах. Далей наклаў плян замка. Усё адпаведна маштабіраваў. Але тут выявілася памылка, якую мусіў учора выправіць. У сучасным геадэзічны плян і польскай мапе поўнач вагаецца на 10 градусаў. Таму мусіў іх сумясьціць.
Карысным было таксама маштабіраваць і накласьці швэдзкую мапу 1655 года. Не скажу што ўсё проста выдатна лягло адно на адно, ёсьць пэўныя скажэньні. Але самае дзіўнае, што ў адным месцы сучасны выгіб Нёмана канкрэтна адрозьніваецца ад таго, што намалявалі швэды.
Атрымалася прыкладна так.
Адразу апішу, дзе найбольш балючыя момант майго мастацтва стварэньня ляндшафту: слабая, фактычна прымітыўная тэхналёгія мадэляваньня ляндшафту і немагчымасьць 100% адлюстраваньня таго што бачым на мапе.
Аднак, падаецца, у агульным можна "адчуць" гарадзенскі ляндшафт.
2. Кропка Цюндта.
На аснове мапы 1929 года паставіў некаторыя будынкі, што бачныя ў Цюндта, і месцазнаходжаньне якіх можна дакладна вызначыць. Гэта: мост зь вежаю, ратуша з крамамі, фара Вітаўта і Каложа. Затым паспрабаваў знайсьці кропку, зь якой магла адкрыцца панарама, якую бачым у Цюндта.
Скрыншот з 3DS Maxa якраз паказвае, дзе я лякалізаваў "кропку Цюндта" (гэта невялікае узвышша) перад якім адкрываецца від на рэчышча Нёмана. З гэтай кропкі далей рабіў ўсе здымкі варыянтаў замка. Атрымалася неяк так.
Параўнайце з Цюндтам.
3. "Замак Вайцэхоўскага"
Затым па пляне Вайцэхоўскага паставіў замак, выгляд з "кропкі Цюндта" і плян якога прапаную.
Нагадаю яшчэ раз, замак і будынкі на ім да горкі і да навакольнага ляндшафту з дапамогаю мапаў можна прывязаць "жалезна", каб ня узьнікала сумненьняў, што я магу яго павярнуць, як мне спадабаецца.
Адзіная заўвага, якую адразу ўнёс у Вайцэхоўскага - гэта вежа з боку Гараднічанкі (Гараднічанская, назавем яе так), як выявілася і было адлюстравана на рэканструкцыі Бачкова, была прыбудавана да абрончай сьцяны, таму каб ня блытацца адразу яе так і паставіў.
З "кропкі Цюндта"
Каб ня блытацца ў будынках патлумачы колеры: белы - вежа над Нёманам (нававем яе Нёманскай) і мур - гэта часткі майго рэканструяванага замку Баторыя, якія стаялі на сваіх месцах з часу Вітаўта, таму мяняць іх няма сэнсу. Цёмна-карычневы - Гараднічанская вежа, брама па Вайцэхоўскаму, рэшта муроў і круглая вежа-бэргфрыд. Сьветла-карычневым колерам пазначаны Верхняя царква і палац Вітаўта, цёмна-чырвоным колерам - квадратная вежа з боку места (назавем яе Мескай).
Мост ад брамы ня выдумляючы неякія дугі правёў проста па асі брамы ў бок Новага замку. Сама па сабе ідэя таго, што ён мусіць быць "крывы" вынікае з гравюры Цюндта, але ніяк ня тлумачыцца, а хутчэй супярэчыць ляндшафту.
Цяпер параўнаце выгляд "замка Вайцэхоўскага" з "замкам Цюндта"
4. Гіпотэза: брама над Нёманам
Неадпаведнасьць вышэйпрыведзеных абрысаў падаецца відавочнай. Таму ў галаву прыходзіць ідэя перанесьці мост ў вежу над Нёманам, якая на малюнку Цюндта бачна амаль па цэнтры. Разам з тым ўбіраем гіпатэтычную "браму Вайцэхоўскага" і пераносім на яе месца бэргфрыд. Нагадаю падмуркаў брамы і бэргфрыда ня выявілі, таму мы маем на гэта права.
Падаецца так больш падобна на Цюндта.
5. Верхняя царква.
На плян, як вы памятаеце, ад пачатку паставіў т. зв. Верхнюю царкву (сьветла - шэрая). І што цікава, яна "вылеза" зьлева ад Нёманскай вежы, дзе мы бачым нейкі будынак з трохкутным франтонам у Цюндта. Верагодна, што гэта яна і ёсьць.
Выгляд і разьмяшчэньне Верхняй царквы паводле А. Трусава:
6. Асаблівасьці маста.
Прапанаваная гіпотэза тлумачыць выгіб маста, які добра бачны ў Цюндта. Калі ў выпадку "замка Вайцэхоўскага" мост выгібалі толькі дзеля павагі да Цюндта, то тут гэты паварот неабходны чыста тэхнічна.
Аднак, магчыма, мост паварочваў двойчы. На гэта скіроўвае выгляд ці дакладней "паварот" брамы на мост на тэрыторыі Новага замку. Цюндт бачыць выхад з гэтай брамы, таму, магчыма яна была павернута вось прыкладна так:
7. Мэтамарфоза Цюндта
Параўнайце рэканструкцыю і малюнак Цюндта.
Падаецца мастак наўмысна паварочаў фасадамі да нас Гараднічанскую, Нёманскую вежу-браму, Верхнюю царкву і браму на Новым замку. Напэўна, таму ў дасьледчыкаў складваецца ўражаньне, што мы бачым менавіта усходні бок замка.
8. Спроба вэрыфікацыя Вайцэхоўскага.
Паспрабуем павярнуць камэру, каб убачыць усходні бок замка ў варыяньце Вайцэхоўскага.
Іншымі словамі можна паспрабаваць дапусьціць, што Цюндт замаляваў усю прыгожую пэрспэктыву на Нёман, а пасьля падыйшоў да Старога замка з боку Новага і замаляваў яго з гэтага боку. Так у прыватнасьці нам удалося схаваць сьцяну, што ідзе да Гараднічанскай вежы і саму вежу. Тут жа ў нас выскачыла Верхняя царква зьлева ад брамы, але фактычна да немагчымасьці разьвернутая да нас. І пераблыталіся месцамі палац Вітаўта і Меская вежы: "павылазілі з іншых бакоў".
Вэрсія, такім чынам, таксама слабая.
10. Нёманская вежа.
У кнізе "Стары замак у Гродне" быў апублікаваны цікавы і, напэўна, самы стары плян замка Баторыя.
Зьвярніце ўвагу на вежу над Нёманам. Складваецца адчуваньне, што тут першапачаткова меўся праезд, які затым у час перабудовы Баторыя быў закладзены.
Маё адчуваньне, канечне, вельмі перадузятае, але, пагадзіцеся, канструкцыя муру дзіўная.
11. Вежа над Гараднічанкаю
Калі прымаем за верную гіпотэзу і рэканструкцыю прапанаваную тут, тады тлумачыцца трохі дзіўны выгляд крайняй вежы на гравюры Цюндта.
Гэта наўпрост вежа над Гараднічанкаю, перад якой выступае абарончы мур з галерэяй, а сама вежа з'яўляецца хутчэй не абарончым збудаваньнем, а жылым ці гаспадарчым і па сумяшчэньні абарончым. Прыстаўленая знутры да муроў яна стаяла на самым бясьпечным накірунку. Зьвярніце ўвагу, што яна не мая падобна астатнім вежам завяршэньня з зубцамі, а адпаведна і баявой галерэі.
12. Раскопкі
Найбольш карысную для вывучэньня гісторыі замка схему муроў зрабілі ў 1938 годзе па выніках працы польскіх спэцыялістаў. На ёй у прыватнасьці ня бачна, каб да вайны знайшлі рэшткі "брамы Вайцэхоўскага" і бэргфрыда.
Шмат фартыфікацыі замка капалі пад кіраўніцтвам Трусава ў 1980-ых гадох. Ніжэй схема з кнігі.
Капалі ды ізноў не знайшлі іх. Як напісана ў кнізе: "як выявілі" (цалкам не зразумела хто і калі) брама Вітаўта знаходзілася ля сучаснай брамы, а падмуркі бэргфрыда нібыта пазьней зьнішчылі. Іншымі словамі, маналіт замка Вайцэхоскага застаўся непарушны.
На жаль па выніках пасьляваенных раскопак ня была падрыхтавана мапа з аналізам муровак на тэрыторыі помніка, як гэта зрабілі палякі.
13. Гіпатэтычны плян.
Урэшце апошняе. Ніжэй прапаную мадэрнізаваны гіпатэтычны плян Гарадзенскага замку.
Заключэньне.
Спадзяюся на слушную крытыку, а найперш чакаю яе з боку археалёгіі і пісьмовых крыніц па гісторыі замку, зь якімі я знаёмы слаба.