Недзе з месяц таму мы з Наташай зганялі ў Вілейку на імправізаваную экспедыцыю ў пошуках "пальшчызны" - шукалі там польскую міжваенную архітэктуру для суполкі
kresy_arch. А яшчэ проста гулялі, глядзелі па баках і фоткалі ўсё запар. Прэзэнтую вам свой невялічкі фотарэпартаж з Вілейкі.
Пачалі мы сваю "экспедыцыю", як і большасць турыстаў, з цэнтральнай плошчы. Касцёл Узвіжання Святога Крыжа і фантан, які нядаўна хуліганы ператварылі ў пенную ванну:
Каля касцёла адразу знайшоўся домік у "польскім" стылі і я ўжо ў думках паціраў рукі, маўляў, матэрыяльчык знайшоўся. Пагадзіцеся, вельмі адметная архітэктура:
Але высветлілася, што гэты парафіяльны дом - новабуд 2010 года. Касцёл і ваколіцы ў на фота 1980-х, ніякага дома яшчэ няма:
Другая пабудова на цэнтральнай плошчы, якая выклікала у мяне падазрэнні ў "крэсовасці" - гэта вілейскі райвыканкам. Дакладней ягоная кубічная частка, якая па стылю вельмі падобна да польскага функцыяналізма. На жаль, дакладна пра паходжанне гэтага будынка я пакуль не ведаю:
З плошчы мы пайлі па вуліцы Вадапьянава і натыкнуліся на такі вось шырокі дом. Пра яго я таксама нічога сказаць не магу, акрамя таго, што зараз тут музычная школа ці нешта такое:
Гэта не чарговы БЧБ сцяг Мірона - гэта прызнанне ў каханні па-вілейску:
Прывітанне мой упораты сябар Вентыляцыйныя хады ў кіслотных танах:
Зноў будынак без пэўнай часовай прывязкі:
За ім домік з цяжкім лёсам, бачна што ён неаднаразова дабудоўваўся і перабудоўваўся. Дарэчы тут месціцца рэдакцыя вілейскай "раёнкі":
Не звяртайце ўвагі, зафоткаў гэты слуп чыста як прадмет прафесійнай уваг - двухланцугоая лінія спажывецкай напругі са старымі добрымі голымі правадамі на вул.Горкага:
Па гэтай вуліцы мы выйшлі да вілейскай паліклінікі:
Цікава, што пабудавана яна паводле праекту, паводле якога будавалася і маладзечанская паліклініка, толькі з пэўнымі адрозненнямі: вілейскі будынак больш просты, з неатынкаваным фасадам, менш выразным тэхнічным паверхам і дадатковым цокальным паверхам, прыстасаваны да мясцовага ландшафту. Фота маладзечанскай паліклінікі з сайта
molodechno.com:
Адсюль пайшлі зноў да цэнтра па вуліцы Маркава. Я мімаходзь звярнуў увагу на гэты непрыкметны будынак, - з віду тыповая савецкая шэрасць, але хто яе ведае - можа гэта і тыповая польская шэрасць:
Насупраць шэрасці - не менш шэрае вілейскае радзільнае адзяленне. Па віду - польскія армейскія казармы, кшталту геляноўскіх. Але як сказалі пазней у краязнаўчым музеі - будынак радзільні, увогуле, дарэвалюцыйны:
Далей па вуліцы Маркава месціцца цудоўны мадэрновы домік канца ХIХ ст.:
Я канешне таксама раскатаў губу, на тое, што гэта польская міжваенка, але таблічка на сцяне не маніць:
Домік прыгожы і трохі злавесны...
...ці не тут Мунк чарпаў натхненне:)
Далей мы зноў выйшлі на плошчу і я не змог прайсці міма такога кадра:
Затым пайшлі да вуліцы Савецкай - адной з самых старых вуліц Вілейкі:
На ёй ёсць пару дамкоў цяжка вызначальнага перыяду пабудовы. Наконт гэтага я вагаюся паміж міжваенкай і пасляваенкай:
Гэты ці то дарэвалюцыйны, ці то міжваенны:
А тут вядзецца нейкая рэканструкцыя ці перабудова:
Ня ведаю наколькі афіцыйная...
З вул.Савецкай мы звярнулі ў Школьны завулак і, о цуд, сярод бульбянніку і парнікоў нападкалі, нарэшце, на самую сапраўдную польскую міжваенку - жылы дом для настаўнікаў былой гімназіі імя Сенкевіча, пабудаваны па праекту архітэктара Боемскага. Аб ім я пісаў месяц таму ў суполцы "крэсовай архітэктуры":
http://kresy-arch.livejournal.com/8761.html.
З двара дома бачна сама былая гімназія. Будавалася яна ў два этапы ў пачатку ХХ ст. і "за пальскім часам", таму я лічу, што гэты будынак не падыходзіць для суполкі
kresy_arch.
Ідучы далей па завулку, у адным з двароў я заўважыў такі рарытэт - спарахнелы ПАЗ-652, які выпускаўся на Паўлаўскім аўтазаводзе з 1958 па 1968 гады:
Такім ён хлопцам быў:
Далей пару фотак з серыі "што віжу аб тым і пяю". Як па мне, дык занадта смелая плошча асцяклення для нашых шыротаў:
Суравы вілейскі хлопец:
Змрочная позднесавецкая (ці раннебеларуская) міждомная арка:
Месца пасадкі алімпійскага мішкі 1980:
Далей мы пайшлі шукаць вілейскія могілкі і па дарозе я зафотаў некалькі падазроных на міжваенскасць дамкоў. Напрыклад тут падазрона высокі дах, але нешта мне падказвае, што гэта звычайная пасляваенная пабудова:
Закінуты неакласічны будынак ля плошчы. Па адных сведчаннях - гэта польскае казіно, па іншых недабудаваны ДК 1939-1941 гадоў:
Другая версія паходжання гэтага будынка мне падаецца больш імавернай, бо недалёка на плошчы месціцца шматкватэрны жылы дом, пабудаваны ў 1940-м годзе (дарэчы, таксама цікавая тэма для даследванняў - савецкія пабудовы 1939-1941 гадоў на тэрыторыі Заходняй Беларусі). Я яго не зафотаў, але ў пасце
darriuss'а
Вилейка фота гэтага дома ёсць (ружовы справа):
Могілкі мы знайшлі і пахаваенне польскіх жаўнераў на іх таксама. Думаю ў хуткім часе напісаць для
kresy_arch пост-агляд польскіх вайсковых надмагільных помнікаў.
Напрыканцы падарожжа мне патрапілася на вочы вілейская грамадская лазня. Здаецца мне, нешта ёсць у ёй міжваненнага:
Каля лазні цікавая кампазіцыя з вадаправодных трубаў:
Паслухаўшы блюз вадаправодных труб, мы накіраваліся дахаты:)