Кожны, хто за мінулыя 20 гадоў або «размаўляў», або «побач стаяў», амаль напэўна заўважыў пэўны звычай сЬвядомых, а часам і свядомых - перайначваць назвы і імёны. Вядомае і апраўданне: «Вяртанне» гістарычнай / ісцінна-беларускай назвы». Тытульны прыклад сярод назваў - проціпастаўленне «Мінск-Менск»; вядомае мноства іншых.
У нечым гэта можна зразумець - што савецкія, што польскія ўлады на гэтых землях свавольна абыходзіліся з імёнамі і назвамі. І нехта, хто не разрознівае ў сваёй галаве мінулага і сённяшняга часу, цалкам можа адчуваць нейкую «гістарычную крыўду». І сапраўды, можна ўхвальна ківаць, калі глядзець на гэта толькі абстрактна («гістарычная справядлівасць» і г.д.). І сапраўды, можна ў гісторыі пытання знайсці выпадкі, незразумелыя нават з боку уладнай логікі (як Менск→Мінск, або нястаўшы Магілёў→Шміт). І сапраўды, калі акадэмік Жураўскі адкідае наадрэз усе такія памкненні, і, фактычна, нават абвяргае права на незадаволенасць назвамі (тэкст 2002 году), ён таксама разважае занадта абстрактна.
Вядомы мінімум адзін прыклад такога перайменавання, дзе с(Ь)вядомыя проста падрабляюць доказы, або, як варыянт, каламуцяць ваду бясконцай балбатнёй і паўторамі. Гаворка пра горад Гродна, абласны цэнтр на захадзе Рэспублікі Беларусь. І пра вар'яцыі на тэму яго назвы - «Гародня» і «Горадня» (націск у абодвух выпадках на О)
Дарэчы, гэта хіба адзіны прыклад «выпраўлення гістарычнай несправядлівасці», у якім «гістарычна справядлівымі» з'яўляюцца ДЗВЕ назвы. А хто хоча сказаць пра націскныя дублеты ў бел. мове, адразу няхай шукае, дзе навукоўцы гэта сцвярджаюць для значных тапонімаў (Берасце/Бярэсце гэта не прыклад, а праява такога самага свавольства).
Апошнія праявы - некалькі старонак пустазвонства (але і фальсіфікацыі таксама) ў нядаўнім «падручніку «Гродназнаўства» (пра якасць знаўства ў ім - асобная гаворка); канцоўка ўводнага слова (відаць, натхнёная з вышыняў) ў «Магдэбургскай Гародні» Юры Гардзеева; індэксы ў нядаўніх тамах «Метрыкі» (там наогул ніяк не тлумачылі). Заўважым, што і тут не абыйшлося без дзвюх вар'яцый.
У падручніку пішуць так прыблізна, што, дзей, ты вырасцеш, малады чытач і дакапаешся, як жа правільна (?!). Што ж, чытач вырас і дакапаўся.
Народная назва: Горадна (націск на О). Вядома з зафіксаваных апавяданняў мінімум двух мясцовых жыхароў аб часах 1920-х-1930-х гг. Ускосна пацвярджаецца тапонімамі з назвай Горадна (двор у Лідскім павеце; сяло каля Зарыцы і Грандзічаў).
Гістарычная (да палякаў і рускіх) назва: Городно (націск, хутчэй, на першае О). Вядомая яшчэ ў 16 ст. Напрыклад, «Акты 1555 года»: з места з Городна [1555] С.7 §14; идетъ з Городна С.18 §32; до Городна С.50. І само сабою, што ў месным склоне такая назва будзе выглядаць так: писан в Городне [1555?] С.9 §16; а геаграфічная прыналежнасць так: в мѣсте Городенскомъ [1555] С.12 §21.
Цікава, што і ў бел. нац. друку пач. 20 ст. яшчэ можна сустрэць: Городзеншчына, Городна [р.с.] Городно [наз.с.], на вуліцах Городна [р.с.], Городно, у Городні [той самы месны склон!] (усё паводле факсім. выд. Я. Варонко. Беларускі рух ад 1917 да 1920 году (1920)); камэндант м. Городно (шыльда на камендатуры на здымках вясны 1919: «Літоўская місія», «Беларускія гусары»).
Таму, калі ў нашыя дні ў выданні батураўскіх актаў (Метрыка, Т.70) рэдактары (пэўна, дужасЬвядомыя!) пішуць у індэксах Горадня, то гэта-такі нахабны падман і спроба «замацаваць» улюбёную назву явачным (але і падманным) парадкам. Але затое ў якой яны пажонднай кампаніі: «З сённяшняга дня Горадня называецца Гартэн!»
Мяркую, можна больш не думаць, што «някаў» цікавіць гістарычная назва. А вось каб навязаць іншым людзям на язык, што самім падабаецца - во! Не дарма вакол гэтага пытання гэтулькі доказаў такога тыпу: «А я [галасую] за Горадню. І вы хоць лузніце, а і так буду казаць Горадня/Гародня [і казаць замест беларускіх словаў польскія і г.д.]»
Хаця ўсё гэта не больш як адлюстраванне таго, што беларуская мова ў наш час, бадай што, канчаткова, на вялікі жаль, ператварылася ў «парційны значок».