Паданне пра Менеска. Храналогія.

Jan 22, 2012 22:46


Перачытваючы леташнія дыскусіі, я зрабіў некалькі высноў.


Па-першае, гэта жывы журнал, а не навуковы часопіс. Пакуль я кідаюся «парадыгмамі» ды рознымі «метадологіямі», некаторыя скардзяцца на сваю адукацыю. Трэба тлумачыць тэрміны ды пісаць папулярней. Хаця б на ўзроўні шрыфтоў ды абзацаў. І даруйце маю любоў да пруфлінкаў ды зносак - гэта прафесійнае) У гэтым посце амаль нічога новага, таму зносак на факталогію не будзе.

Па-другое, як адзначыў chareuski, нашае цікава нашым. Такія тэмы лепей весці па-беларуску. Для тых, хто слаба разумее мову, ёсць translate.google.com.

Па-трэцяе, maksim_l сваёй ідэяй «стрыжнявога кантэксту» пераканаў мяне, што стварэнне падання было не адным момантам, а працэсам. У сувязі з гэтым неабходна раскласці папалічках (г. зн. па датах) этапы фармавання падання. Папярэджваю: храналогія супярэчлівая і недасканалая. З цягам часу можа быць удакладненай.

Дата

Падзеі

Гіпотэза/ы

Да ХІ ст.

Фармуецца міфалагічны архетып «асілка». Атрыбуты: моцны целасклад, камяні->жорны->хлеб. Імя: варыятыўнае (вядомыя варыянты: Менеск, Менскі, Мінч), ад індаеўрапейскай асновы -*men - мяць, расціраць.
Upd. 02.06.2017. Абрад ініцыяцыі у родавай абшычне, "дом абразання", "вялікі дом", матыў пераправы, выпрабаванне ежай.

XI ст. да 1067 г.

Заснаванне горада Менеска

У касмаганічны сюжэт заснавання горада з прычыны сугучнасці імёнаў у якасці культурнага героя ўводзіцца архетып «асілка». Імя культурнага героя змяняцца ў бок падабенства да назвы горада, але варыятыўнасць захоўваецца.

XI ст. з 1067 г.

Бітва на Нямізе, спаленне горада. Княжанне Ізяслава Яраславіча, жанатага з польскай прынцэсай Гертрудай. Будаўніцтва каменнага храма. Вяртанне Ўсяслава Брачыславіча на Полацкі сталец і Менеска ў склад Полацкага княства.

Архетып «культурнага героя-асілка» экстрапалюецца на вобраз Святаполка Ізяславіча з прычыны будаўніцтва каменнага храма. З'яўляецца вобраз каменнай пабудовы, тэхніка якой спараджае вобраз каменнай мукі, а таксама польскі матыў. Вобраз Ўсяслава Брачыславіча (захаваўся ў летапісах, былінах, Слове пра паход Ігараў) - аснова персанажа «чарадзея»-антаганіста.

Храм будуецца пры Глебе Ўсяславічы.

Польскі матыў з'яўляецца ў часы Рэчы Паспалітай у сувязі з паходжаннем Антонія Тадэвуша Пшаздзецкага.

Upd. 02.06.2017. Польскі матыў у Сяргеева мае кабінетнае паходжанне, з'яўляецца вынікам кампіляцыі і красоверу з паданнем пра заснаванне польскага Мінску (Міньск-Мазавецкі) і гістарычна абумоўлены  «западнорусской» прапагандай.

1592 г. - канец XVI ст.

Будуецца мячэць у раёне, пазней вядомым як Татарскі канец. Жыгімонт III дазваляе пабудову моста і млыноў на р. Пярэспе. Згадваецца гасцінец «з Руси до Вильна».

З'яўляюцца арыенціры, да якіх пасля адбудзецца прывязка падання.

1629 г.

Жыгімонт III санкцыянуе павялічэнне колькасці млынавых колаў з чатырох да шасці.

Шасціколавы млын на невялікай рацэ дае нагоду для насмешак. Фармуецца карыкатурна-фантастычны вобраз млына.

1748 г.

4 снежня Аўгуст ІІІ намінуе на ўрад менскага войта Антонія Тадэвуша Пшаздзецкага. Род Пшаздзецкіх паходзіць з Мазовіі, але з XVII ст. асядае ў Літве. На працягу 1734-1770 гг. А. Т. Пшаздзецкі паступова выкупае ў Сапегаў і іхніх крэдытораў недалёкія землі Заслаўскага графства, трыманага Пшаздзецкімі ў заставе з 1698 г. А. Т. Пшаздзецкі меў «дужую будову цела, вялікую галаву і тоўсты карак», у сувязі з чым палітычныя праціўнікі далі яму мянушку Насарог. А. Т. Пшаздзецкі вядзе актыўную палітычную дзейнасць і часта ездзіць на сеймы.

З прычыны моцнага целаскладу, а таксама пазнейшай пабудовы млына вобраз «культурнага героя-асілка» экстрапалюецца на А. Т. Пшаздзецкага. З’яўляецца польскі матыў, а таксама матывацыя персанажа «скупіць усе землі навокал». Адбываецца прывязка падання да Віленскага шляху, па якім А. Т. Пшаздзецкі, відавочна, ездзіў з Заслаўя ў Менск. Частая адсутнасць А. Т. Пшаздзецкага ў Менску спараджае матыў нябачнасці Менеска

Шпілеўскі мог мець на ўвазе не нябачнасць Менеска, а знаёмасць інфармантаў з ім толькі па «фантастычных аповедах».

1751 г.

З ініцыятывы войта лянтвойт Пшысецкі 27 красавіка склікае ў ратушу магістрат, чэрнь і просты народ, спайвае іх і заклікае да гвалтоўных дзеянняў. Апоўначы каля тысячы ўзброеных людзей разбураюць замкавы млын з мостам. Пасля крывавай сутычкі з замкавымі жаўнерамі нападнікі вяртаюцца ў места. Акрамя таго, войт самаўпраўна будуе млын на абодвух чужых берагах магутнасцю 24 карцы.

Па скарзе намесніка старасты Вузлоўскага Аўгуст ІІІ склікае камісарскі суд.

Узнікае матыў збору дружыны, а таксама піроў як яго механізму, і поўначы як часу падзей. 24 карцы = 336 гарцаў = 7 старых шанкаў. Колькасць колаў у карыкатурна-фантастычным вобразе млына дасягае сямі. Скліканы каралём камісарскі суд спараджае вобраз «чарадзея»-антаганіста.

1773-1796 гг.

З’яўляюцца праваслаўныя могілкі Пярэспа

З’яўляецца апошні з арыенціраў, да якіх пасля адбудзецца прывязка падання.

Пачатак XIX ст.

Гарадская дума на Віленскай заставе ў раёне сучаснай трамвайнай станцыі «Тэатр моладзі» на скрыжаванні вул. Крапоткіна і пр. Пераможцаў збірае ў падарожных натуральны падатак - камяні на брукаванне гарадскіх вуліцаў. Мапы мясцовасці фіксуюць наяўнасць характэрнага для вадзянога млына «возера» пры вусці Пярэспы, але сам млын адсутнічае.

Суседства млынавога «возера» з мытнай заставай, поўнай камянёў, дае нагоду для насмешак пра іх прызначэнне. Такім чынам фармуецца вобраз каменнай мукі. З’яўляецца матыў боязі мытніка, выражаны ў прыказцы. Адбываецца прывязка падання да Пярэспы. Адсутнасць млына спараджае матыў «нябачнасці» Менеска.

Шпілеўскі мог мець на ўвазе не нябачнасць Менеска, а знаёмасць інфармантаў з ім толькі па «фантастычных аповедах».

1854 г.

П. М. Шпілеўскі публікуе варыянт падання ў часопісе «Современник».

1892 г.

А. М. Сяргееў публікуе варыянт падання ў часопісе «Север».

У дадатак да гэтай храналогіі варта прывесці версію
chareuski наконт паходжання гарадской легенды пра прыбіральню каля Купалаўскага тэатра: «Пасля вайны тут з’явілася шмат людзей з усходу, якія не ведалі ні тутэйшай гісторыі, ні тутэйшых традыцыяў. Вось і нараджаліся такія байкі ў асяродку людзей, якія нармальных прыбіральняў ніколі не бачылі». Цымес у тым, што некаторыя легенды маглі стварацца новымі насельнікамі мясцовасці для тлумачэння існуючых з’яў.

У нашым выпадку такая з’ява - сам горад, які «простонародье» клікала Менскам. Экскурсаводы любяць параўноўваць сённяшнюю сталіцу Беларусі з міфічнай птушкай Феніксам, якая згарае і нараджаецца зноў. За мінулыя стагоддзі Менск неаднаразова гарэў і аднаўляўся з розных прычынаў, пералік якіх складзе іншую храналогію. Для новых насельнікаў тлумачэннем існавання горада мог служыць вобраз культурнага героя-заснавальніка. Перад 1751 г. Менск сур’ёзна пацярпеў падчас Паўночнай вайны ў 1706-1707 гг., а таксама ад пошасці ў 1710 г. Калі не памыляюся, да першай публікацыі падання ў 1854 г. падобных разбурэнняў, спалучаных з хваляй масавых перасяленняў, не было нават падчас вайны з Напалеонам у 1812 г. Гэта ставіць пад сумнеў частку храналогіі да 1748 г., акрамя запісаў «XI ст. да 1067 г.» і «1592 г. - канец XVI ст.» (справа не ў падзеях, а ў гіпотэзах аб свядомасці мяшчанаў, аўтарства якіх збольшага належыць
maksim_l). Застаецца спадзявацца, што з цягам часу ўсё высветліцца.

Менеск

Previous post Next post
Up