Выпадкова натрапіў на артыкул-агляд беларускіх гістарычных сайтаў, у якім пару сказаў адводзіцца і маяму сціпламу сайціку.
"Некаторыя гістарычныя сайты наскрозь прасякнутыя асветным пафасам. Вось і «Бібліятэка гістарычных артыкулаў «ŽYVIE BIEŁARUŚ» (
jivebelarus.net) дэкларуе:
«Не ведаць гісторыю Беларусі-гісторыю сваёй краіны, гісторыю сваіх продкаў - гэта дурная тэндэнцыя ў сучасным грамадстве... Шмат гадоў нам даводзілі,што мы не нацыя, а толькі нейкі прыдатак расейскага народу. Але гэта ў корані падман, хлусня ды й проста глупства! ... Матэрыялы, сабраныя на гэтым сайце, прызваны гэта пацвердзіць».
Сапраўды, не ведаць гісторыю дрэнна, таму з вялікай цікавасцю звернемся да матэрыялаў, сабраных на згаданым сайце. Рубрыка «Гістарычны каляндар»: «20 студзеня 1886. Нарадзіўся Фабіян Акінчыц. Беларускі палітычны дзеяч, юрыст, выдавец, публіцыст. Лідар беларускіх нацыянал-сацыялістаў…» Рубрыка «Новыя артыкулы»: Ю. Туронак «Дзейнасць групы Фабіяна Акінчыца(1939-1943)», Ю. Грыбоўскі «Беларускі легіён СС: міфы і рэчаіснасць». Рубрыка «Асобы»: Ю. Туронак «Фабіян Акінчыц - правадыр беларускіх нацыянал-сацыялістаў». Рубрыка «Найноўшая гісторыя»: Л. Юрэвіч «Жыцьцё пад агнём. Партрэт беларускага военачальніка і палітычнага дзеяча Барыса Рагулі на фоне яго эпохі»… Можна працягваць і далей. Але і так відавочна, што сярод артыкулаў гісторыкаў Г. Сагановіча, С. Марозавай ці С. Куль-Сяльвестравай, сапраўды прысвечаных ВКЛ, чамусьці ўтульна ўладкаваліся матэрыялы пра фашысцкіх калабарантаў. Дзеля чаго? Неяк не спалучаецца гэта з пафасам звароту да карыстальнікаў. Няўжо менавіта на такіх прыкладах павінен фарміравацца патрыятызм?
Ці беларуская зямля настолькі бедная на герояў, што і такія пойдуць? Уладальнікі сайта могуць спаслацца на тое, што Тацыт вучыў пісаць гісторыю sine ira et studio («без гневу і прадузятасці»). Ды прадузятасць можа выяўляцца не толькі ў ацэнках, але і ў іх адсутнасці. Аўтары вышэйназваных артыкулаў гіпердалікатныя ў дачыненні да сваіх герояў: падрабязна называюць даты, імёны, нумары вайсковых злучэнняў - і ні слова пра ўдзел беларускіх нацыяналістаў у жудасных гітлераўскіх злачынствах. І гэта ўжо пазіцыя! Пазіцыя гісторыка як advocatus diaboli (абаронцы д’ябла). А чаму б таму самаму Ю. Туронку не пракаменціраваць цытату правадыра беларускіх нацыстаў Акінчыца з уласнага артыкула:
«Мы, беларусы, не павінны ацэньваць гэтую вайну толькі праз прызму беларускіх інтарэсаў. Мы павінны ўсвядоміць сабе, што вайна вядзецца ў імя будучыні ўсяго цывілізаванага свету. Ад таго, якая сіла пераможа, будзе залежаць лёс усіх народаў. Таму мы не можам абмяжоўвацца сутнасна памылковай формулай: «Пачакаць і пабачыць, якая сіла будзе карыснейшай для беларускай справы». Больш за тое, вайна вядзецца дзеля перабудовы Еўропы на новых гаспадарчых і палітычных асновах. Якой бы ні была гэтая Еўропа ў найбліжэйшай будучыні, мы, беларусы, не павінны шка-даваць Еўропы перадваеннай. Нічога ў ёй мы не мелі і мець не маглі... He мелі мы ў сваім краі ніякіх магчымасцяў для працы, нацыянальнай не толькі па духу, але і па форме. Затое цяпер такую магчымасць маем».
Тут якраз да месца было б спаслацца на нейкі інтэрнэт-рэсурс, дзе можна атрымаць поўную і дакладную інфармацыю пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны на Беларусі - толькі, на жаль, няма такога. На сайце Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (
www.warmuseum.by) ёсць малюнкі, плакаты, апісанні экспазіцый, але непасрэдна хронікі падзей, матэрыялаў па дыскусійных пытаннях няма. На сайце Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь» (
www.khatyn.by) тэма фашысцкага генацыду на Беларусі асвятляецца, але вельмі лаканічна. У Нацыянальнага гістарычнага музея сайта няма. Мы ўвогуле, як ні дзіўна, не маем ніводнага інтэрнэт-рэсурса, які б сістэмна, дакладна і падрабязна распавядаў пра падзеі айчыннай гісторыі."
***
Ад сябе зазначу, што нічыім адвакатам я не выступаю, проста хочацца аднавіць раўнавагу, пра той бок вайны напісаны тысячы кнігаў, а пра гэты адзінкі. З астатнім спрачацца ня буду, бо параўноўваць х.. з пальцам і шукаць змову там дзе яе няма гэта стандартны прыём аўтараў з ідэалагічнага аддзелу, і спадзяюся мае чытачы гэта разумеюць.
Цалкам артыкул
тут.
UPD. Прамазаў са спасылкай, цяпер правільная.