Пачынаю серыю допісаў, якія будуць прысвечаны багам, якіх ушаноўвалі на землях Беларусі. Бо часта пытаюцца, а што ў нас было, калі не было таго, пра што звычайна ў сеціве пішуць. Каб не паўтарацца, буду збіраць паціху патрэбную інфармацыю. Неяк ужо рабіў допіс з разважаннямі пра
Ярылу.
Адразу трэба падкрэсліць, што нельга казаць пра існаванне адзінага язычніцкага “беларускага” пантэона. Варта памятаць, што землі Беларусі, як кантактная балта-славянская зона, мелі пэўныя рэгіянальныя асаблівасці. Кожны рэгіён, племя маглі мець сваіх уласных багоў. Ці адзін і той жа бог у розных рэгіёнах, плямёнах, сацыяльных групах мог мець некаторыя адрозненні. Таксама вобраз аднаго боства ў межах адной сістэмы з цягам часу мог набываць новыя характарыстыкі, атрыбуты і функцыі.
Адпаведна, разглядацца будуць асобныя канкрэтныя звесткі пісьмовых і этнаграфічных крыніц пра багоў, якія дакладна былі вядомы на землях Беларусі, ці маглі быць вядомы з вялікай доляй верагоднасці. Ці ўтваралі яны адзіную сістэму, ці могуць яе ўтварыць - гэта іншае пытанне, якое будзе разглядацца асобна.
Вярхоўны бог: Дзіевас / Бог
Дзіевас, Дзіеўс, Дэйвс (Dievas, Dievs) - вярхоўны бог у балцкай міфалогіі. Dyeus, Dyeus phter наогул з’яўляецца вярхоўным богам, ушанаванне якога было вядома праіндаеўрапейцам. Ён пасля быў вядомы не толькі сярод балтаў: Дзьяўс - бог неба ў ведыйскім грамадстве, Зеўс у грэкаў меў адно з імёнаў - Дый, рымскі Дэўс і інш.
Лічыцца ўвасабленнем светлага дзённага неба. У латышоў ён меў таксама імя Debestevs або Debess tevs - “бацька неба”, што пераклікаецца і з беларускім “Неба - бацька”. Ён бацька сыноў (літ. Dievo suneliai, лат. Dieva deli), з якімі звязаны індаеўрапейскі культ Блізнятаў (напрыклад, інд. Ашвіны, гр. Дыяскуры). Гэты культ, як і архаічны
Блізнечны Міф, вядомы і беларусам.
Бог на гравюры Францыска Скарыны. Адпавядае тутэйшаму фальклорнаму вобразу.
Адзін з найбольш архаічных багоў, вобраз якога да канца не вызначаны, ён выступае як бог наогул. Лацінскім Deus ды літоўскім Dievas пасля сталі называць хрысціянскага Бога. З славянскім Богам, дарэчы, падобная сітуацыя. Паганскае імя аднаго з галоўных бостваў (“…а имѣемъ клятву от Бога, в неже вѣруемъ - в Перуна и въ Волоса, бога скотья…,”, “…а те из них, которые не крещены, да не имеют помощи ни от Бога, ни от Перуна…”) замацавалася ў хрысціянскай тэрміналогіі.
У беларускім і літоўскім фальклоры Бог і Dievas - найбольш вядомы герой легендаў і паданняў. Ён (“Бог”, “Над багамі бог”) стварае разам з Вяльнясам (Чорт, “Бог”) Сусвет, а пасля уладковае яго, вучыць людзей. У адным літоўскім касмаганічным паданні, адзін з багоў-творцаў названы pirmasis dievas (“першы бог”), а другі - antrasis dievas (“другі бог”), пры гэтым “першы” быў старэйшым і магутнейшым за “другога”.
У пісьмовых крыніцах Дзіевас сустракаецца рэдка. Найбольш раннія згадкі можна адшукаць у Галіцка-Валынскім летапісе (13 ст.) і прускім Эльбінгскім слоўніку (канец 14 ст.). У прускай мове Бог - Deywis. У знакамітых словах вялікага князя Гедыміна таксама прасочваецца культ Дзіеваса: "Хрысціяне шануюць Бога свайго па-свойму: русіны па-свойму, палякі па-свойму, а мы шануем Бога па нашаму звычаю".
У Галіцка-Валынскім летапісе ў пераліку багоў (таксама сустракаюцца ў Хроніцы Быхаўца (16 ст.)), якіх ушаноўваў князь Міндоўг згадваецца Нънадей, якога называюць “першым” (“…первому Нънадьеви…”). Імя, відавочна, утрымлівае элемент “deiv”. Невядома дакладна, ці гэта асобнае імя, ці эпітэт (што найболей верагодна), пад якім хавалася нейкае боства. З улікам таго, што яго называюць першым, то, магчыма, гэты эпітэт належыў менавіта Дзіевасу.
Праўда таксама ў гэтым пераліку ёсць яшчэ адно боства, імя якога ўтрымлівае кампанент “deiv” - Дзіверыкс. Мяркуюць, што Дзіверыкс магло значыць “Уладар багоў” (літ. dievų rikis) альбо “Біч бога” (літ. Dievo rykštė). Пад апошнім нібыта мог разумецца Грымотнік (Пярун/Пяркунас).
Наяўнасць аднаго элемента “deiv” у імёнах-тытулах розных багоў не павінна здзіўляць. У Хроніцы Мацея Стрыйкоўскага (1582 г.) ёсць пералік паганскіх літоўскіх бостваў, дзе імя Дзіевас было адным з кампанентам шэрагу імёнаў бостваў: Gulbi Dziewos, Goniglis Dziewos, Kielu Dziewos і інш. Падобная з’ява характэрна і для славянскай міфалогіі, дзе “бог” з’яўляецца часткай імёнаў, напрыклад, Чарнабог, Дажджбог, Стрыбог.
Між тым, асобна Дзіевас Стрыйкоўскім на згадваецца. Праўда ён “найпярвейшым богам” называе Пракарымаса (Prokorimos), што нагадвае імя прускага боства Акапірмс (у Беларусі аднойчы зафіксаваны як Акопірнас), імя якога значыць “Самы першы”. Мяркуюць, што пад гэтым эпітэтам можа хавацца Дзіевас. Тут варта ўзгадаць і “…первому Нънадьеви…” сярод багоў, якім маліўся Міндоўг.
У беларускім паданні родным братам Акопірнаса з’яўляецца Жалгіўн-Каралюс (Вужыны Кароль), што яшчэ раз паказвае на наяўнасць пары Нябесны Бог - Хтанічны Бог, што адлюстравалася ў міфах пра стварэнне свету. Памяць пра гэтую пару багоў захавалася ў запісе з Тураўшчыны: "Не вупрасіла ў небесного, то ў земельного не вупросіш".
У балцкіх народаў Дзіевасу былі прысвечаны пагоркі, што з’яўляецца яго натуральным месцам знаходжання. У літаратуры (В.Вайткявічус) згадваюцца 4 такіх пагорка ў Латвіі і 12 у Літве. У Літве ў адной мясцовасці вядомы суседнія пагоркі, назвы якіх значаць “Бог” і “Багіня”. Ёсць і назва пагорка, якая перакладаецца, як “Богава крэсла”. Тут варта прыгадаць урывак з Хронікі Літоўскай і Жамойцкай (16 ст.), дзе адлюстраваны міфалагічныя ўяўленні паганскага насельніцтва ВКЛ пра замагільны свет: “…же приидет Бог судити людей и сядет на горе высокой”. Відаць, тут таксама гаворка ідзе пра Дзіеваса.
Увагу звяртае той факт, што 9 з 12 “Богавых пагоркаў” Літвы знаходзяцца на ўсходзе краіны, не так далёка ад Беларусі, што паказвае на магчымасць існавання падобных сакральных аб’ектаў і на тэрыторыі нашай краіны. У сувязі з гэтым таксама варта прыгадаць наступнае меркаванне. У шэрагу выпадкаў вядомыя ў Беларусі ў розных мясцінах так званыя “Дзявочыя горы” могуць захоўваць сляды колішняга ўшаноўвання гор Дзіеваса, якія пазней у выніку дээтымалагізацыі былі перавытлумачаны як Дзявочыя або Паненскія. Не выключана таксама, што ў запісным на Тураўшчыне выразе “дзевоча ноч” у значэнні “зорная, месяцавая ноч” яшчэ захоўваюцца глухія нагадкі на даўнейшае значэнне імя Дзіеваса - “светлае, яснае неба”.
У Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл. быў вядомы камень з выемкамі з назвай “Дзево блюдас” (“Талеркі Бога”).
На землях Беларусі ўшанаванне магло быць распаўсюджана ад часоў з'яўлення тут першых індаеўрапейцаў (Бронзавы век), балцкіх плямёнаў да позняга Сярэднявечча, калі былі ахрышчаны (канец 14 ст.) літоўцы, якія жылі ў паўночна-заходніх раёнах краіны. У наступныя стагоддзі вобраз паганскага Дзіеваса паступова злучаўся з вобразам хрысціянскага Бога. Народна-хрысціянскі вобраз Дзіеваса/Бога, як і вера ў яго, застаецца актуальным і сёння.
Падсумаванне
Імя: Дзіевас (Dievas, Dievs, Deiwis). У славянамоўных крыніца яму тыпалагічна і функцыянальна, але не этымалагічна, адпавядае Бог
Імавернае імя-тытул: Ненадзей, Акопірнас (і падобныя)
Эпітэт: “Над багамі бог”, “Самы першы”, “Першы”, “Бацька-Неба”, "Нябесны"
Функцыі: Вярхоўны бог, Творца Сусвету, бог неба (дзённага светлага неба), суддзя ў замагільным свеце
Атрыбуты і выгляд: дакладна невядома. У фальклоры беларусаў і літоўцаў апісваецца ў выглядзе сівога барадатага старога, які жыве на небе і часам вандруе па зямлі адзін або ў суправаджэнні святых
Культавыя месцы: пагоркі
Наступны допіс будзе таксама прысвечаны Богу