Над Дар'янскім прабелам

Nov 06, 2010 15:53

Яшчэ з самага пачатку Пачо, у якога мы спыніліся, сказаў, што можа паспрабаваць выбіць нам дазвол на пералёт у грузавым самалёце. Але, маўляў, надта не спадзявайцеся, дазвол амаль нікому не даюць.

Аднак за цэлы тыдзень Пачо так ні з кім і не дамовіўся, сказаўшы, што забыў. І мы разам з астатнімі табурэтнікамі паехалі ў Калон, што на Атлантычным баку Панамскага перашэйку, каб шукаць на ўсіх лодку, якая са зніжкай завязе нас у Калумбію.

Пакуль карабель не разрульваўся. Раптам нам пазваніў Пачо і радасна сказаў, што атрымаў дазвол на наш пералёт у Калумбію на грузавым самалёце. Усяго за 40 баксаў аэрапортнага збору. Сапраўды вельмі шчаслівы збег абставінаў. Аказваецца, у Пачо свая кампанія па грузавых авіяперавозках. Аднак за год яшчэ нікому не далі дазволу, нават супрацоўнікам кампаніі Пачо. Але якраз у той дзень начальнік аддзелу авіяцыі міністэрства транспарту Панамы кудысьці з’ехаў і яго замяніў сябра нашага Пачо.

Мы вярнуліся з Калона ў Панаму. Заўтра ў нас самалёт. Прыехалі ў грузавы аэрапорт. Нас азнаёмілі са спісам тых, хто будзе на барту: пілот, памочнік пілота, інжынер і два пасажыры, то бок мы. Таксама нам уручылі копію дазволу з нашымі прозвішчамі. Знізу - прыпіска: Los mismos estaran acompanando instrumentos musicales ya que son parte de un grupo musical cultural Bielorusa.

Пакуль чакалі самалёту, пайшлі гуляць па аэрапорце. І раптам бачым - нейкі дзядзька гуляе з мядзведзем. “О, - думаем, - напэўна, цырк кудысьці ляціць”. А потым разважаем, мядзьведзь-то буры, наш. І дзядзька змахвае на славяніна. “Where are you from?” - Верасень крычыць услед. “Русія,” - адказвае той.




Юра тры гады працаваў з мядзведзем Макарам у Лацінскай амерыцы. Тры месяцы таму цырк распусцілі, клоўны зьехалі, а Юра з Макарам засталіся. Авіякампаніі не хочуць браць на борт ша цігадовага мядзведзя. Некалькі месяцаў парачка калясіла па Цэнтральнай Амерыцы ў пошуках магчымасці вярнуцца ў Расію. І вось ужо 19 дзён жывуць у гэтым грузавым аэрапорце. Здаецца, з’явілася магчымасць паляцець праз Кубу.

Мы пажадалі Юры і Макару дабрацца да радзімы, а самі пайшлі рыхтавацца да палёту. У грузавых самалётах у кабіне пілота, акурат за спіною кіроўцы авіялайнера, ёсць два пасажырскіх месцы. На іх мы і паляцелі.




Пачо вітаецца з пілотамі.



Наш самалёт 



Ніколі не ведала, што ў пілотаў так шмат усякіх кнопачак, стрэлачак, рычажкоў. З цяжкасцю разумею, як яны ва ўсім гэтым разбіраюцца. Але разбіраюцца - гэта факт. Перад самым палётам правяраюць спраўнасць усіх дэталяў, упэўніваюцца, што абодва штурвалы працуюць добра, націскаюць штук 25 розных кнопачак. І - на ўзлёт.










Вось гэтыя лічбы пасярэдзіне - альтометр, паказваюць вышыню на якой знаходзіцца самалёт
.






Увесь палёт інжынер правяраў нейкія паказчыкі, вылічваў папраўкі, запісваў іх на паперку і аддаваў пілоту. Пілот па гэтых лічбах падкручваў стрэлачкі на табло. Ляцець разам з пілотамі ў кабіне - адно задавальненне. Па-першае, ніхто не губляе часу і не настройвае на катастрафічны лад, расказваючы, як карыстацца выратавальным жылетам, кіслароднымі маскамі і г.д. Ды і па тварах экіпажу, нават калі самалёт вельмі моцна трасе, бачна, што ўсё ў парадку. Па-другое, пілоты час ад часу адрываюцца ад штурвалу, тыкаюць пальцам у акно і кажуць: “Вось гэта - рака Магдалена”, “А гэта - Анды”. І канечне ж, незабывальныя ўражанні ад таго, як бачыш спераду набліжэнне хмараў і неўзабаве іх рассякаеш.




Рака Магдалена.



Вось так, дарэчы, выглядае Дар'янскі прабел з вышыні самалёту.












Потым паказаліся горы



Потым пачалі з'яўляцца гарады 












Ужо прызямляючыся, у метрах 100 над зямлёю, адзін з пілотаў кідае штурвал і паказвае мне пальцам: “Глядзі, глядзі, гэта даліна Багата! Вельмі прыгожае месца!” “Так, думаю, чувак, але вазьміся, калі ласка за штурвал”. Карацей, палёт быў нармальны. Мы ў Багаце.
 фота verasen  i litota_ 

belarusian team, litota

Previous post Next post
Up