Ёсць адна рэч, добрая рэч, у правапісе Тарашкевіча, якую аўтары "Новаклясычнага беларускага правапісу" не зрабілі нормай, не актуалізавалі. Гэта захаванне "о" ("ё") і "э" ("е") не пад націскам у незасвоеных запазычаннях.
Сёй-той падумае, што ў сваіх разважаннях я цяпер пераказваю пункт гледжання Яна Станкевіча. Гэта не зусім так. Свой пункт гледжання на гэту праблему ў мяне развіўся самастойна, і толькі потым я даведаўся, што доктар Ян Станкевіч бачыў яе падобна. (Дарэчы кажучы, вельмі прыемна, калі дадумаешся да нечага сваім розумам, а потым высвятляецца, што "сур'ёзныя людзі" дарогай разважанняў прыйшлі да тых жа вывадаў.) Ян Станкевіч паўплываў, праўда, на мяне ў тым, што я прыняў яго пункт гледжання на тое, што, захоўваючы "о" ("ё") і "э" ("е") не пад націскам на пісьме, нам трэба вымаўляць на іх месцы "а" ў маўленні, бо гэта будзе ў згодзе з фанетычнымі заканамернасцямі беларускай мовы.
Захоўваючы "о" і "э" на пісьме, мы захоўваем пазнавальнасць асабовых імёнаў і тэрмінаў. Нават аўтары правіл рэфармаванай арфаграфіі згаджаюцца, што паслядоўнае адлюстраванне акання на пісьме стварае праблемы з адназначнасцю тэрмінаў і ідуць на кампрамісы (выключэнні), напрыклад, у напісанні складаных слоў.
Сёй-той, можа, можа скажа: "Але глядзіце, як мы пішам - дыдатыка, а не "дідактіка". Бачыце, як мы слова мяняем - і як так і трэба!" Але тут якраз не гэты выпадак. Паміж "і" і "ы" розніца малая - у тым, які зычны стаіць перад імі - мяккі ці цвёрды. І большасць моў не ведае розніцы паміж "д" і "т" мяккімі і цвёрдымі - для іх гэта адна фанема.
У выпадку з "о", "э" і "а" сітуацыя кардынальна іншая. У татальнай большасці моў гэтыя фанемы існуюць як асобныя. Запісваючы, напрыклад, імя японскага імператара як "Хірохіто", мы прыблізна можам уявіць і нават прыблізна аднавіць японскае вымаўленне гэтага імя. У той жа час, як беларусы, можам вымавіць яго па-свойму, як "Хірахіта" - мы беларусы, мы народ такі, акаючы...
А вось пішучы (і робячы гэта правілам) "Хірахіта", даведацца, як яно гучыць у арыгінале, мы зможам толькі глянуўшы ў энцыклапедыю. Да таго ж сёй-той чытае і тэксты на іншых мовах. Прывыкшы да формы "Хірахіта", сустрэўшы нейкага там Hirohito ў іншамоўным тэксце, ён можа і не пазнаць імператара адразу.
Калі адкінуць усю гэту аргументацыю, то натуральна ўзнікае пытанне: калі мы ўпорна ў пісьмовай мове ў запазычаннях мяняем іншамоўнае "о" на "а", як у спрадвечна беларускіх словах, дык чаму ж мы не прымяняем тую ж логіку да "э"? Строга кажучы,
у беларускай мове "э" не пад націскам не вымаўляецца. Дык давайце так жа акаць (якаць) у запазычаннях, як мы робім гэта ў спрадвечна беларускіх словах. Хто што скажа супраць гэтага?
А супраць гэтага паўтораць тыя ж аргументы, што я прыводзіў для "о". І што фанемы "а" і "э" існуюць як асобныя ў татальнай большасці моў, і што асабовыя імёны будуць мяняцца да непазнавальнасці, і што будуць праблемы з пазнавальнасцю і адназначнасцю тэрмінаў...
Дык што гэта за абсурд - для спрадвечна беларускіх слоў адна логіка, для "о" ў запазычаннях - другая логіка, для "э" ў запазычаннях - трэцяя логіка?
Хай бы колькасць гэтых "логік" скарацілася б прынамсі да дзвюх!
Аўтары "Новаклясычнага беларускага правапісу" гэтага не зрабілі - не вярнуліся да таго правіла, якое даваў сам Тарашкевіч. І за гэта ім - мінус у карму.