У афіцыйным стандарце беларускай мовы нарматыўны канчатак для назоўніка «грошы» ў родным склоне - -ай. Для назоўніка «грош» у форме множнага ліку роднага склону - -аў.
Можна заўважыць тэндэнцыю ўжываць і ў першым выпадку канчатак -аў. Няясна, чаму гэта людзі робяць. Магчыма, лічаць гэты канчатак больш беларускім, ці што? А можа, з няведання нормы.
Тым часам у слоўніку Байкова - Некрашэвіча пад «иметь» знаходзім: я имею недостаток в деньгах - у мяне бракуе грошы. Можна было б падумаць, што гэта памылка друку, ажно знаходзім у слоўніку доктара Яна Станкевіча тую самую форму і тры прыклады яе ўжывання: К яму безнадзейна хадзіць: усё роўна грошы ў яго няма. Хатніх грошы ня траць на свае патрэбы. Бяз грошы мы і ў судзе нехарошы.
Вывады:
Відаць, -ы - расава беларускі канчатак роднага склону (за яго падпісаліся Байкоў, Некрашэвіч і Станкевіч).
Канчатак -ай - канчатак савецкага стандарту.
Канчатак -аў - у найлепшым выпадку дыялектны, але наогул нейкі падазроны. Не ўжываць.
Дарэчы, паводле Яна Станкевіча, тая ж гісторыя з канчаткам роднага склону назоўніка «конь». У форме роднага склону множнага ліку ён мае канчатак -і: няма коні.
Updated:
Яшчэ адзін
прыклад ад
buyalski:
Неяк на тым тыдні разышлася пагаласка, што расейскія банкі пастанавілі забраць з заграніцы сваё золата. «Бирж. Вед.» на гэта пішуць, што гэта няпраўда, бо расейскім банкам німа чаго сысківаць з заграніцы, наадварот, расейскія банкі вінаваты загранічным банкам многа грошы і тыя могуць зажадаць звароту свайго золата (НН, 1913 г., № 4).