ГОРАЎЗЫХОДНІК, -а, мн. -і, -аў, м. Тое, што і альпініст. || ж. гораўзыходніца, -ы, мн. -ы, ніц. || прым. гораўзыходніцкі, -ая, -ае.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы, 2005, с. 154.
Гугл ведае ўсё. Але гэтага слова ён не знае. Знаходзіць яго толькі ў электроннай версіі ТСБЛМ на «Родных вобразах». Здаецца, гэта слова прыдумаў нейкі мовазнавец пры пасадзе і паспрабаваў укінуць у гэты ваш афіцыйны стандарт беларускай мовы.
Ну што ж, калі высокаму начальству захочацца ўвесці напісанне «сэканоміць» замест «зэканоміць» або
зноў зрабіць «ідыш» нескланяльным словам, або дабавіць у «акадэмічны» слоўнік сёй-той з неафіцка-каляпалітычных жарганізмаў, мы ж падпарадкоўваемся. Чаму б не пачаць ужываць «гораўзыходнік», калі такое слова дае «акадэмічны» слоўнік?
АСБМ - афіцыйны стандарт беларускай мовы - гэта не ўся беларуская мова, гэта трэба разумець. У афіцыйны стандарт не ўсё ўзята з Купалы, не ўсё ўзята з Коласа; прыкладныя лексічныя межы АСБМ акрэсліў «сталінскі» РБС-1954 і крыху пазней пашырылі «акадэмічныя» слоўнікі. АСБМ мог быць і горшым, мог быць і лепшым. Але ён выкладаецца ў школах і мае афіцыйны статус, гэтага нельга ігнараваць.
Яго карыстальнікі могуць, застаючыся ў межах АСБМ, імкнуцца да таго, каб іх мова была «бліжшая да нормальнае, чымся да нягоднае». Але ім даводзіцца мірыцца з тым, што рэгуляваць АСБМ могуць не толькі тыя, хто любіць беларускую мову і зычыць ёй дабра, але і проста мудакі пры пасадах.
Як карыстальнік афіцыйнага стандарту я, калі бачу магчымасць манеўру, задаю сабе пытанне: «What would Stankevich do?», і раблю выбар - на карысць «дзеючы» замест «дзейны», на карысць «цяпер» замест «зараз»...
Некалі прыйдзе той дзень, калі не змагу трываць больш мудакоў пры пасадах. Тады перайду на стандарт доктара Яна Станкевіча - развіты альтэрнатыўны стандарт беларускай мовы, які заслугоўвае таго, каб яго папулярызаваць.
Абы толькі не густаўшчына! Не так, што «гэта слова вычытаў у Ластоўскага, тое бачыў у Станкевіча, а так у нас “у дзярэўне ґаварат”, а так “мы з пацанамі па прыколу гаворым”»... Паглядзіце, колькі ў нас «неабмыльных веданьнікаў» у галіне беларускае мовы. 95 % усіх носьбітаў мовы вераць: «Што мне той Станкевіч, або Лёсік, або Сцяцко, або Пацюпа. Яны ж такія дурныя, не цямяць нічога. Іншая справа - я, такі разумны. Я ж такі знаток беларускай мовы, што - ого! Усім пакажу, як трэба правільна па-беларуску гаварыць!»
Такіх я не люблю яшчэ больш, чым мудакоў пры пасадах. «Знаючы - ды не даволі - свой неафіцка-каляпалітычны жаргон сваю мясцовую гаворку, некаторыя ўважаюць, што могуць разьвязаваць моваведныя пытаньні з галіны беларускае мовы. Сваім цёмным упорам яны ствараюць хаос і анархію» і топяць і так слабую беларускую мову. Цьху на вас.
У миня фсё.