Дзве дэвальвацыі на год, а “вертыкаль” нават не нахілілася

Jan 08, 2012 23:27


13 траўня 2011 года я напісаў пост пад назвай  «Дэвальвацыя як сродак захавання ўлады» (нагадаю, што тады яшчэ не была праведзеная нават першая афіцыйная дэвальвацыя беларускага рубля, пасля якой долар стаў каштаваць 5000 рублёў - матэматычна вывераны курс, як казаў намеснік старшыні Нацбанка Тарас Надольны).


Агульны сэнс маіх тагачасных - напаўсур’ёзных, напаўжартаўлівых - разважанняў заключаўся ў тым, што ўладам не трэба баяцца дэвальвацыі (ніякіх народных бунтаў з гэтай нагоды не адбудзецца) і правесці яе трэба як мага хутчэй (каб пазбегнуць яшчэ горшых фінансавых ці ўжо агульнаэканамічных наступстваў).

Ці здзейсніліся мае “прадказанні” і ці прыслухаліся ўлады да маіх “парад”? (Кажу “мае” не таму, што толькі я іх выказваў - прадказальнікаў і дарадцаў у нас багата і без мяне, - а таму, што 13 траўня я іх запісаў у сваім блогу).
  1. Дэвальвацыя была праведзеная. Праўда, у два этапы, і каб перад летам не трымалі курс рубля (той самы “матэматычны” ад Тараса Надольнага), дык увосень падчас выхаду на адзіную сесію ён бы не споўз на 180% у параўнанні з курсам на 1 студзеня 2011 года.
  2. Экспарцёры, насамрэч, атрымалі някепскія прыбыткі, бо для замежных пакупнікоў (асабліва з Расіі) кошты на нашыя тавары сталі меншыя. Аднак казаць, што на дэвальвацыі моцна ўзняўся айчынны вытворца (як тое, напрыклад, было ў Расіі пасля дэфолту 1998 года), не выпадае. Справа ў тым, што гэты вытворца моцна залежыць ад імпартных паставак (сыравіна, абсталяванне, энерганосьбіты), чаму ўзняліся амаль ўтрая кошты на многія тавары айчыннай вытворчасці для айчынных жа спажыўцоў.
  3. Бізнэсоўцы былі незадаволеныя фінансавымі паўмерамі (то бок першай дэвальвацыяй) і ўлетку сталі актыўна выводзіць свае прадпрыемствы за мяжу. Пасля другой дэвальвацыі гэты працэс прыпыніўся, бо зноўку стала зразумела, зыходзячы з якіх лічбаў можна ацэньваць прыбыткі і страты.
  4. Ні бюджэтнікі, ні тыя работнікі з дзяржаўных прадпрыемстваў, што ствараюць для краіны дададзеную вартасць, не паўсталі супраць уладаў, якія іх абрабавалі. Прычын гэтаму некалькі:

А) няма досведу арганізаціі і правядзення вялікіх страйкаў (не ў межах аднаго прадпрыемства ці цэха, а хоць бы агульнагарадской, калі не нацыянальнай);

Б) страх перад рэпрэсіўнымі дзеяннямі з боку ўлады;

В) адсутнасць яснай альтэрнатывы (маўляў: ну, станем бунтаваць, а дзе мы знойдзем тых, хто дапаможа нам вярнуцца ў адносна багаты 2010 год);

Г) паступовае, хоць і невялікае павышэнне рублёвых зарабкоў у бюджэтнай сферы і значна большае ў вытворчай галіне (асабліва на сталічных прадпрыемствах, адкуль, на думку ўладаў, маглі пачацца непрыемныя для іх падзеі).

5.  Беларускага НЭПа пакуль не відаць, але ж нейкія а-ля рынкавыя крокі ўрад усё-ткі робіць: курс рубля вызначаецца попытам і прапановай на валютнай біржы, грошы ў лістападзе ўжо не друкавалі, дзяржпраграмы на 2012 год скарацілі, пра сярэдні заробак у 500, 700 ці 1000 долараў да канца тыдня, месяца, года ці пяцігодкі не гавораць. Праўда, прыватнаму бізнэсу раздаюць адно абяцанкі-цацанкі. Але ж бізнэсоўцы асабліва не абураюцца, апазіцыянераў з прычыны незадаволенасцю ўладай сродкамі не падтрымліваюць, і бяда для многіх з іх не дэвальвацыя і ўнутраныя ўмовы вядзення бізнэсу, а Адзіная эканамічная прастора, бо расійскі і казахстанскі бізнэс значна мацнейшы за айчынны (сувязь паміж палітыкай і эканомікай у нашых бізнэсоўцаў да гэтай пары адна: не лезеш у палітыку - працуеш, палез - і няма бізнэсу; разуменне, што сваім няўдзелам у палітыцы яны і дазваляюць быць усялякім ТС і АЭП, у іх мо й ёсць, аднак дзейнічаць іначай, з палітычным ухілам, яны пакуль не гатовыя).

6. Што тычыцца сацыяльнай арыентаванасці эканомікі, то ў гэтым асаблівых змен не адбылося: Лукашэнка па-ранейшаму гаворыць пра яе, і ягоныя словы па-ранейшаму адпавядаюць рэчаіснасці малой часткай. Так, грошай у доларавым лічэнні на гэтую арыентаванасць стала меней, але шпіталі працуюць, пенсіі (хоць і невялікія) плацяць, на камунальныя паслугі выдаткоўваем каля траціны ад таго, што павінны выдаткоўваць, і г.д. Ільготы былі скасаваныя задоўга да крызісу, а банкам нават было рэкамендавана не налічваць штрафы за пратэрміноўку плацяжоў па крэдытах (асабліва ў тых выпадках, калі крэдыт прывязаны да стаўкі рэфінансавання).

7. Новай журналістыкі пакуль не з’явілася, але ж пра эканоміку (дакладней, пра  праблемы ў ёй) на дзяржаўным тэлебачанні сталі гаварыць больш адкрыта.

Здаецца, “пераацаніў” усе свае “прадказанні” і “нарады” і нават больш, чым было неабходна, бо ў самой нататцы ад 13 траўня я абмяжоўваўся выключна палітычнымі прыбыткамі для ўладаў у тым выпадку, калі яны пойдуць на дэвальвацыю, а цяпер трохі патупаў па полі эканамічных аналітыкаў.

Улады мяне не паслухаліся (смех у зале) і правялі дэвальвацыю ў два этапы. Што мы атрымалі ў выніку? Рэйтынг Лукашэнкі ў кастрычніку абрынуўся да 20%! І не дзіва, бо ў верасні пачала працаваць дадатковая сесія на валютна-фондавай біржы, якая і паказала рэальны курс беларускага рубля. 20 кастрычніка асноўная і дадатковая сесіі зніклі і на іх месцы з’явілася адна, курс на якой у першыя дні не нашмат адрозніваўся ад дадатковай. Каб на пачатку лета правялі нармальныя таргі, заснаваныя на суаднясенні попыту і прапановы, то курс бы затрымаўся каля 6000 рублёў за долар, і рэйтынг Лукашэнкі ў кастрычніку быў бы вышэйшым.

Аднак вось прыходзіць снежань - і Лукашэнку, па дадзеных НІСЭПД, гатовыя падтрымаць ужо 25% жыхароў Беларусі (Саннікава - 7%, Някляева - 6%). За два месяцы плюс пяць працэнтаў. Такім тэмпам праз год будзе ўжо 55%. Ну, а ў 2015 годзе, калі адбудуцца чарговыя прэзідэнцкія выбары, Аляксандр Лукашэнка ўвогуле будзе адчуваць сябе вельмі ўпэўнена і ў звароце да нацыі скажа наступныя словы: “Быў я вашым кіраўніком пры 3000 рублёў за долар, быў пры 8500 і 10000, буду і пры 11000, 12000 і г.д., усё залежыць ад таго, як будзе сябе паводзіць рынак”.

Праўда, для Аляксандра Лукашэнкі ёсць і кепская навіна. На пытанне “Каб вы ведалі чалавека, які б мог паспяхова канкураваць з А.Лукашэнкам на наступных прэзідэнцкіх выбарах, вы б прагаласавалі за яго ці за А.Лукашэнку?” рэспандэнты адказалі наступным чынам: за Лукашэнку - 21,7%, за ягонага канкурэнта - 44,6%.

З адказу на апошняе пытанне вынікае дзве задачы: адна - асабіста для Аляксандра Лукашэнкі і яго паплечнікаў - не дапусціць з’яўлення такога канкурэнта (пакуль яны з гэтай задачай спраўляюцца); другая - для палітычна актыўных грамадзян і ўсіх тых, каму надакучыла “беларуская манархія” - знайсці ці выхаваць мацнейшага за Лукашэнку кандыдата на прэзідэнцкую пасаду.

Дзейнасць апазіцыйных палітыкаў і грамадскіх актывістаў у 2011 годзе паказвае, што такая работа па пошуку/выхаванні альбо зусім не вялася, альбо вялася вельмі слаба. Будзем спадзявацца, што прычына гэтай пасіўнасці палягае выключна ў шоку, які мы перажылі пры сутыкненні з рэпрэсіўнай машынай, якую ўлады запусцілі 19.12.2010. Сітуацыяй крызісу апазіцыя не скарысталася - цяпер ёй трэба скарыстацца посткрызіснай стагнацыяй. Ці ёсць у яе шэрагах людзі, здольныя зрабіць гэта? Хочацца верыць, што ёсць. Час пакажа, ці мае гэткая вера пад сабой хоць нейкі грунт.

Ігар Драко, Arche.by (крыніца: belinstitute.eu)

Previous post Next post
Up