Кузьма Чорны: словы з твораў пісьменніка, не зафіксаваныя ў ТСБМ (3/4) (недакончана)
Dec 08, 2013 07:58
Трэцяя частка пазаслоўнікавай лексікі з твораў і карэспандэнцыі К. Чорнага (першую і другую часткі гл. тут і тут)
АБВАКОЛЬВАЦЬ, незак. Акружаць, праходзіць вакол чаго-н. Тут яна абвакольвала вядомую на ўсю ўсходнюю Случчыну Малібажкаву гару... (Пошукі будучыні); Побач яе пад каменнай навіссю лёг і Густаў. Вецер шастаў незазябленым іржышчам і абвакольваў гулам камень. (Тамсама) АБГАЛАЛЁДЗЕЛЫ, -ая, -ае. Пакрыты лёдам праз галалёдзіцу. Кружылася ў галаве, але радасна было яму ісці так паволі з вядром па абгалалёдзелай вуліцы. (Зямля) АГРЫБЕЦЬ, зак. Пастарэць, страціць прыгажосць пад старасць. - Ат, калі жывы чалавек, дык і ўсё будзе. Яшчэ і ажанюся, і на зямлі насяджуся. - Ажэнішся тады, як агрыбееш. - Не агрыбею яшчэ. А калі пастарэю трохі, дык тады якраз добра жаніцца. (Зямля) АДВАРОТНА, прысл. Гідка, ад якога верне. Каторы ўжо дзень не курыў, адваротна ўсё было. (Зямля) АКРОМ, прысл. Тое, што і акрамя. Гэта то ўжо, вядома, па-панску, але ж, акром гэтага, нічога больш і няма. (Зямля) АЛАВІК, м. Тое, што і аловак. А ўпоперак цераз увесь загад сінім алавіком размахнулася рэзалюцыя: «Пацалуй сабаку ў сківіцу». (Пошукі будучыні) БЛУЧКОВЫ, -ая, -ае. Зроблены з высокаякаснай воўны [ад укр. блучка]. Усю восень ён наймаўся на чужую работу з канём, а ранняй зiмой выфранцiўся сам, купiў ён блучковую хустку i чаравiкi i пачаў саромецца глянуць ёй у вочы. (Пошукі будучыні) БЫВАЛІШНІ, -ая, -ае. Той, што бываў раней. Ва ўспамінах і інстынктыўным адчуванні гэтага стук цэпа еднаўся з тым, бывалішнім. (Пошукі будучыні) ВАЗЮР, м., грэбл. Той, хто возіць [суфікс -юр- дадае слову грэблівую канатацыю: параўн. МАЗЮР] - Дык можна ж было ўчора пайсці да старасты, каб даў фурманку, а то мяне ганяў у мястэчка. Знайшоў сабе вазюра! Добры інтэрас! (Пошукі будучыні) [Глядзец болей]ВОБЦАС, прысл. Вельмі хутка, імкліва, кулём; стрымгалоў. Ды неяк не ўзялі яго адразу, дык ён на мяне вобцас калі кінецца, пераскочыў цераз мяне на двор. (Зямля) ВЫВАРАК, м., зневаж. Аб кім-, чым-н. дрэнным. - На і ты жуй, выварак чартоўскі! (Пошукі будучыні) ВЫГНАНСКІ, -ая, -ае. Прым. ад выгнаннік; уцекачоўскі, уцякацкі. Яшчэ некалі дзён назад тут дзень і ноч грукацелі выгнанскія фурманкі. (Пошукі будучыні) ВЯЛІСТЫ, -ая, -ае. Падвялы або падсохлы [В'ЯЛІЦА ж. Сухастой. В'ялiца - вяла дзерэвiна, котора шчэ не вусохла зyciм. Сямiгосцiчы. (Тураўскі слоўнік, т. 1)]. Паплаўны бераг памакрэў - пачыналася адліга. Колы клалі след на вялістай траве. Конь замакрэў, а ён усё гнаў яго. (Пошукі будучыні) ГУЛА, ж. ... Фіга [ НЗ] - Ну але, зробім. - Гулу ты асмаленую зробіш. (Зямля) ДРЫМЦЕЦЬ, незак. ?? - Захаладзіўся. А ў мяне - сам жа ведаеш. Нага гэтая, каб яна спярунела, кара нейкая дый годзе. - Баліць? - І баліць, і неяк аж тузае. - Дрымціць? - Але. (Зямля) ДУПЛЯВАЦЦА, незак. Утвараць дупло (пра дрэвы). Яблыні і ігрушы ўжо дупляваліся, але яшчэ садавіна адцягвала ўніз іх голле. (Пошукі будучыні) ЖОЎЦІЦЬ, незак. Рабіць жоўтым. Водбліскі захаду жоўцілі зямлю і сцены. (Зямля) ЗАПЕЧНІК, м. Запечны чалавек; які жыве бязвыезна ў сваёй мясцовасці, не ведае свету. Я хоць таксама жыў запечнікам, але яшчэ мой дзед... (Пошукі будучыні) ЗАЎБОЖАЦЬ, зак. Збяднець. [параўн. НЯЗБОЖНА у НЗ] - А што ты тут бубніў, што нядбалыя, ды няўдалыя, каліва там саломы ці сечкі пад нагамі ўгледзеў, дык нядобра. А-яй, заўбожаеш! Маёнтак прападзе! Ідзі, бацька, у хату. (Зямля) З'АХВОЦІЦЦА, зак. Пачаўшы нешта рабіць з ахвотаю, потым страціць да гэтага інтарэс, цікавасць; схацецца. Пад вечар Юзік вучыўся калоць дровы. Юрка стаяў каля яго, залажыўшы рукі ў кішэні. - Дай я папробую. - Ты не ўмееш. - Лепш яшчэ за цябе. Я дома заўсёды калю. - Пачакай, я з'ахвочуся. (Зямля) З'ЯД-ЗВЯРЫНА, ж. Вельмі моцная, драпежная жывёла. - Эт, што там. Бывала, я ў пісара калоў, дык па пудоў семнаццаць япрукі былі. Як звер, ліха яму... Самае цяжкае - гэта аблажыць яго. Бывала, аж пена ў яго з роту падаць пачне. Што ж гэтакі з'яд-звярына. Не дай бог. (Зямля) ЗНАЦЦА, незак. ... Мець полавыя дачыненні. Бо гэтая ж самая Юлька гаварыла, што Ганна ўжо загрубела. - Якое дзіва, што загрубела, міленькія мае. Яны яшчэ з летку зналіся. - Не, не можа быць. Ганна! - А што цяперашнія маладыя - ні за грэх гэта ў іх не лічыцца, ні за сорам. (Зямля) КАМЛЯВАТЫ, -ая, -ае. Тое, што і камлюкаваты. Ён убачыў перад сабою бялявыя ад рэштак змытай дажджамі вапны камляватыя ствалы старога саду. (Пошукі будучыні) КРАКОС, м. Мнагалетняя травяністая расліна сямейства касачовых; шафран (Crocus sativus). Сэрца яе заныла: там, перад вокнамі, на круглай градцы, раслі два кусты ружовага кракосу, якія яна садзіла і палівала. (Пошукі будучыні) КУЛІК, м., у выразе КУЛІКА ЕЗДЗІЦЬ - ?? Яна адышлася трохі ад узгорка, пакуль Клемусь прыпыніў жарабіцу, пакуль завярнуўся і дагнаў яе. - Садзіся, Маня. - Гэта вы куліка ездзіце, ці што? - Аб'язджаем жарабіцу. - Бачу. (Зямля) ЛУШПАВІНА, ж. Тое, што і лупіна. Больш таго, у добрым жыцці дома ён выраўняўся і скінуў з сябе тую лушпавіну, што нарасла на ім за час бадзянняў па чужыне і па чужых людзях. (Пошукі будучыні) МУЖЫЦТВА, ж. Уласцівасць мужыцкага. Графа брала на ваніты ад гэтага Ракуцькавага мужыцтва. (Пошукі будучыні) НАВЕРЫЦЬ, зак. ?? - Гэта то трэба, але бяры сабе жонку па сваёй натуры. Бо табе ўжо наверыла абы-якая жонка. (Лявон Бушмар) ПАДКРЫЎЧЫСТЫ, -ая, -ае. Пакрыўлены. Там ён доўга шукаў падкрыўчыстай асіны і пад ею выграб з зямлі новы звязак паперак... (Пошукі будучыні) ПАКОЎНЯ, ж. Сумка. Фельчар стаў церабіць свае кішэні і сваю фельчарскую пакоўню. (Пошукі будучыні) ПАШАНОЎЛЯ, ж. Клапатлівае стаўленне. Адзежа на ім не мела пашаноўлі і догляду. (Пошукі будучыні) ПЕРАГНАЦЬ, зак. Перакласці, пералажыць. Пакуль салдат спаў да раніцы, я і гэтае [пісьмо] перагнаў на нашу мову. (Пошукі будучыні) ПОВЕЙ, м. Тое, што і павеў. Лёгкі повей ветру здзьмухнуў тытунь з паперкі, абвеяў мяккасцю твар. (Зямля) ПРАВЯРАЙЛА, м. і ж. Той, хто займаецца праверкай; правяральнік. - А ты што за правярайла гэтакі знайшоўся. Пры чым тут з бабаю. Што ты мяне, старога, бэсціш, смурод ты! (Зямля) ПРЫСТРОЙКА, ж. Нейкая рэч (прылада), прыстроеная, размешчаная дзе-н. [не блытаць з расійск. "пристройкой"] - За каморніка лепш. Хаця поле мераеш, ды ўсё. Але як гэта ён вылічвае? Паставіць нейкую прыстройку, паглядзіць і ведае... (Зямля) РАБОТА, ж. ... Аб чым-н. турботным, недарэчным, заблытаным; музыка. Ты пакінь енчыць. Што ты гэтых бабскіх плётак слухаеш. На чорта гэта мне, каб была ў хаце гэтая работа. Сціхні ты, ды не ўспамінай больш чорт ведае чаго! (Зямля); - Ат, гэтыя твае людзі. Нічога, тымчасове, гэтыя людзі не варты. Я раз назаўсёды скажу. На чорта мне ўся гэтая работа. На чорта яна, тымчасове, мне. (Ibidem) РАЗБАЗЫРАНАСЦЬ, ж. Лянота, распушчанасць. - Гэта гультайства, разбазыранасць. (Зямля) РАД-НЯВОЛЯ, прысл. Хоцькі-няхоцькі. Рад-няволя, а трэба было сказаць праўду, або што добрае выдумаць. (Пошукі будучыні). Рад-няволя, а ісці трэба. Пархвен выйшаў з натоўпу, і два немцы сталі паабапал яго. (Вялікае сэрца); То калі мы раней так сабе хаваліся, дык цяпер, рад-няволя, а трэба здабываць зброю. (Пошукі будучыні) РАССКОГЛІЦЦА, зак. Расскуголіцца. - Ты зноў расскоглілася? Баба дурная! Бацька пісем не шле, а возьме і сам калі-небудзь з'явіцца ў хаце. (Пошукі будучыні) РАСЧОМАЦЬ, зак. Дапетрыць, скеміць, зразумець. А мы тут развялі палітычныя гаворкі, не расчомаўшы, хто ў нас пад бокам мыецца... (Мяшчане ў густой пары) РАСЧОМАЦЦА, зак. Тое, што і ачомацца. - Ну, пэўна, што адразу, каб не даць яму раз гэтае... расчомацца. (Зямля) СВЯТЫЯНСКАЕ ЗЕЛЛЕ, н. Тое, што і святаяннік. Упартая піжма купчасцілася побач дробнай лазы, і чабор цвіў разам з святыянскім зеллем над густым дываном спарышу і дзяцельніку. (Пошукі будучыні) СІНЯВІЦЦА, незак. Рабіцца сінім. Праз чвэртку кіламетра ён азірнуўся і ўбачыў таго хлопца: гнучыся паўз жыта, ён ішоў у глыб поля, дзе сінявілася далёкая істужка лесу. (Пошукі будучыні) СПОСАБ, м. .. Дапамога; тое, што можа спасабіць, дапамагчы. У яго пачалі заводзіцца грошы. "Божа мой, вось быў бы спосаб Тамашу!" (Пошукі будучыні) СПЯРУНЕЦЬ, зак. Згарэць. Каб яна спярунела, гэткая жытка. (Зямля) СЯЎНІК, м. = расійск. севалка (БНсл.) - На рове нарэжу лазы... - На што яна табе? - Буду сяўнік плясці. (Зямля) ТАХЦІЦЬ, незак. ... 1) ?? - Чаму ты гэтае ямы не затохціш гноем. Узяў бы сахор ды затахціў бы. Вучыся гаспадарыць, сынку. (Зямля); 2) перан. Грувасціць, складаць без жаднага парадку. Знімае боты, чаравікі, хусткі, сукенкі, нагавіцы, паясы, рубашкі і кашулі і ўсё тохціць у чамадан. (Пошукі будучыні) УВЯЗІЦЦА, зак. Увязнуць. Так што было падобна, што гэта каменны зуб увязіўся ў зямлю... (Пошукі будучыні) УСШУШУКАЦЦА, зак. Узвар'явацца, узняць шум. Тут мы яго ў кустах на дарозе і прыкончылі... Конь праз гадзіну якую адвязаўся і прыйшоў на атаву за садам. Тут яго убачылі, паднялі гвалт, усшушукаліся і найшлі таго ў кустах. (Зямля) ФАРФАР, м. Канец. Падпаўзе гэтая мурашка да бутэлечнага, тымчасове, горла, панюхае, і пойдзе шчыгіляць сабе, пане мой, у бутэльку. А там пляснецца на дно, дык, тымчасове, там ён і фарфар. (Зямля) ЦУРАЧКА, ж. Аскепачак, шчэпка. На ветры кажушок - той усё самы, без каўняра, пахне тым жа ветрам і воўнаю. Пад барадою ў кажушку чорны гузік, на жываце - выламаная з веніка цурачка. Так і зашпілены гэты кажушок. (Зямля) ШАНАВАЦЬ, незак., у выразе ШАНУЮЧЫ ВАС (ЦЯБЕ) - прабачце (выбачайце) за (грубае) слова (Янкоўскі, С. 64) Я хоць, сказаць, і не малады ўжо, але яшчэ рабіў бы, каб не нага гэтая. Абы адно мокра і холадна на дварэ, дык боль пераходзіць у спіну. Тады сагнуцца не магу, так і варушуся, як слуп. Шануючы цябе, не магу і портак падцягнуць... (Зямля) ШЧЫГІЛЯЦЬ, незак. ?? Падпаўзе гэтая мурашка да бутэлечнага, тымчасове, горла, панюхае, і пойдзе шчыгіляць сабе, пане мой, у бутэльку. А там пляснецца на дно, дык, тымчасове, там ён і фарфар. (Зямля)
Крыніцы:
Янкоўскі - Янкоўскі Ф. М. Сучасная беларуская мова. - Мн.: Выш. шк., 1984. - 176 с.