Хэйврыльская ваўчыца
I am Thankful for my Captivity,
twas the Comfortablest
time that ever I had;
In my Affliction God made
his Word Comfortable to me.
Я ўдзячна (Госпаду)
за маё паланенне,
бо гэта быў найлепшы час у маім жыцці;
у маіх ліхтугах Бог зрабіў сваё Слова
прыдатным для мяне…
(Ганна Дасцін, з
пісьма да старэйшын
Другой Царквы ў Хэйврыле, 1724)
На ўскраіне невялічкага мястэчка Боскавэн, што ў Нью-Хэмпшыры, у месцы, дзе рака Кантакук злучаецца з ракой Мерымак, знаходзіцца невялічкі астравок. На яго тэрыторыі разбіты парк, і ў добрае надвор’е гараджане ладзяць тут барбекю і адпачываюць. У цэнтры парку стаіць яго галоўная славутасць - статуя жанчыны з распушчанымі валасамі, апранутай у доўгае адзенне (падобнае на звычайную начную кашулю). У адной руцэ жанчына трымае індзейскую сякерку, у другой - звязак падазронных акруглых, як спартыўныя медалі, прадметаў.
Помнік Ганне Дасцін у Боскваэне, Нью-Хэмпшыр, ХІХ ст.
Манумент увекавечвае падзеі, што адбыліся тут у самым канцы 17 ст. Эпізадычныя па сваёй сутнасці, яны тым не менш занялі важнае месца ў амерыканскай нацыянальнай міфалогіі. Сама ж кабета стала самым вядомым жаночым персанажам каланіяльнай эпохі.
Жанчына з франціра
15 сакавіка 1697 г. атрад індзейцаў-абенакаў напаў на мястэчка Хэйврыл на поўначы Масачусецса. Атака прайшла ўдала - 27 гараджан загінула, 13 - трапіла ў палон. Захапіўшы здабычу, індзейцы паспешліва рушылі на поўнач, у французскую Канаду.
У кан. 17 стагоддзя такія набегі на Новую Англію сталі звычайнай справай. Ішла Вайна караля Вільгельма (1688 - 1697), амерыканскі водгалас вялікай вайны ў Еўропе; англічане спрабавалі захапіць французскія ўладанні ў Канадзе і Мэне, французы трымалі абарону і час ад часу пераходзілі ў контрнаступленне. Баявыя дзеянні вяліся пераважна рукамі індзейцаў. Саюзныя англічанам іракезы плюндравалі ваколіцы Манрэалю, а французы ў сваю чаргу нацкоўвалі на іх індзейцаў Мэну - Канфедэрацыю Вабанакаў, у якіх да пурытан былі старыя рахункі.
У лясной вайне перевага аказалася на баку французаў. Пад камандаваннем іх афіцэраў абенакі рабілі дзёрзкія набегі ўглыб Новай Англіі, палілі паселішчы каланістаў і забіралі іх у палон, а ўлады правінцыі толькі разводзілі рукамі - сродкаў барацьбы з ляснымі плямёнамі ў іх не існавала. Уцягнуўшы Масачусецс у змаганне з французскай Канадай, Англія не дала аніводнага жаўнера для абароны сваіх уладанняў. Каланісты засталіся бездапаможнымі перад маланкавымі ўдарамі з поўначы. Жыхароў франціра ахапілі роспач і адчай.
Пасля налёту на Хэйврыл не прайшло і тры месяцы, як у адзін дзень, 8 чэрвеня 1697 г., на разгляд Генеральнай Рады - вышэйшага органа кіравання калоніі Масачусецс - паступіла незвычайная
петыцыя. Яе падавец - Томас Дасцін з Хэйврыла - заяўляў, што “яго жонка … разам з нейкай Мэры Неф была захоплена гэтымі Бесчалавечнымі Індзейцамі, але знаходзячыся пад благаваленнем нябёсаў і пры іх дапамозе здзейсніла неверагоднае, а менавіта забіла столькі Варвараў, што ў адпаведнасці з законам Правінцыі заслугоўвае кампенсацыі з боку грамадства”. У пацвярджэнне сваіх слоў Дасціны прад’явілі скальпы знішчаных ворагаў, а таксама іх зброю і амуніцыю. Так на прасторах Новага Свету ўпершыню прагучала імя Ганны Дасцін.
Яшчэ адзін помнік Ганне Дасцін, у яе родным горадзе - Хэйврыле, 1879 г.
Яна распавяла гісторую свайго палону і цудоўнага вызвалення. Каб не прадстаўленыя доказы, у яе аповяд цяжка было б паверыць. Слабая жанчына зрабіла тое, што здавалася не пад сілу нават самым адважным апалчэнцам - уласнымі рукамі знішчыла атрад індзейцаў і, пасля блукання па дрымучых лясах Нью-Хэмпшыру, шчасліва выбралася да сваіх. Ніхто ў Новай Англіі не мог пахвастаць падобнымі прыгодамі. Слава пра мужную кабету хутка разнеслася па англійскіх калоніях, і вось знакаміты прапаведнік Котан Мэзер уключыў яе гісторую ў свае павучальныя тэксты, а губернатар далёкага Мэрыленду Фрэнсіс Нікалсан прыслаў кабеце багаты падарунак - аздоблены кубак.
Той самы кубак (са збораў Хэйврыльскага гістарычнага грамадства)
Улады Масачусецса таксама ў баку на засталіся. Хаця плата за індзейскія скальпы была адменена год таму, Генеральная Рада пастанавіла задаволіць прашэнне. Такія скнарлівыя ва ўсіх іншых справах бостанскія дэпутаты - купцы і прадпрымальнікі - на гэты раз прадэманстравалі нечуваную шчодрасць і выдаткавалі велізарную па тых часах суму - 50 фунтаў стэрлінгаў. Так што Дасціны вярнуліся ў родны Хэйврыл не з пустымі рукамі.
***
Ганна Эмерсан нарадзілася ў 1657 г. у Хэйврыле. Ва ўзросце двацаці год яна выйшла замуж за фермера і муляра Томаса Дасціна. І муж, і жонка былі сумленныя пурытане і рупліва дбалі пра свае шлюбныя абавязкі. У 1697 г. у сям’і было сямёра дзетак, а яшчэ чацвёра памерлі ў немаўлечым узросце. А 9 сакавіка 1697 г. (за тыдзень да атакі) Ганна разродзілася сваім дванаццатым дзіцяцей - малюткай Мартай. Прайшло некалькі дзён, а парадзіха яшчэ не паспела акрыяць і праводзіла шмат часу ў ложку, а па дому ёй дапамагала суседка - пяцідзесяцігадовая ўдава Мэры Неф. Яна ж глядзела за немаўляткай.
Сям’я Мэры Неф панесла ад вайны вялікія страты. Яе муж Уільям у 1688 г. пайшоў у войска Яго Вялікасці і загінуў ад індзейскай стралы ў лясах Мэну. Праз тры гады той жа лёс напаткаў яе старэйшага сына. Тры малодшыя пакінулі Хэйврыл і разышліся хто куды ў пошуках лепшай долі. Паколькі аб сваіх Мэры ужо не магла клапаціцца, яна часта прыходзіла ў дом Дасцінаў і гадавала іх дзетак. У дзень нападзення яна таксама знаходзілася побач з Ганнай.
Атака на Хэйврыл
Пагроза з боку варожых плямёнаў была неад’емнай часткай паўсядзённага жыцця на франціры. Трывожны сігнал для Хэйврыла прагучаў 15 жніўня 1696 г., калі ў ваколіцах горада індзейцы захапілі Джонатана Хейнса і яго чатырох дзяцей. Але з тых часоў больш нічога не адбывалася, і пільнасць жыхароў прытупілася. Чарговы рэйд - 15 сакавіка 1697 г. - як заўсёды заспеў іх знянацку.
Дом Дасціна стаяў на паўночна-усходняй ускраіне і быў разгромлены адным з першых. На шчасце, гаспадар сям’і працаваў у полі і сваечасова заўважыў набліжэнне лясных воінаў. Ён сабраў дзяцей, а сам схапіў мушкет і ўскочыў на каня. Перад ім паўстала цяжкая маральная дылема. Бліжэйшы гарнізон - цагляны будынак з тоўстымі сценамі, дзе жыхары ратаваліся падчас небяспекі - знаходзіўся ў міле ад дома Дасцінаў. Верхам на кані Томас лёгка адарвецца ад пагоні, але ён можа ўзяць у сядло толькі аднаго дзіцяцю. Гэта азначае пакінуць астатніх у руках нападнікаў.
Тады ён зрабіў па-сапраўднаму высакародны ўчынак. Загадаўшы дзецям бегчы ў гарнізон з усіх ног, Томас павольна паехаў следам, трымаючы стрэльбу напагатове. Надзея заключалася ў тым, што ніхто з індзейцаў не захоча атрымаць кулю, і Дасцінам удасца сысці цэлымі. І хаця працэсія рушыла з хуткасцю пяцігадовага дзіцяці, ім пашанцавала. Котан Мэзер запіша потым, што некалькі індзейцаў пэўны час крочылі за імі і нават пальнулі па ім, а Томас стрэліў у адказ. Аднак так ці інакш фермер і яго дзеці шчасліва дабраліся да гарнізона і схаваліся за яго сценамі.
Томас Дасцін і дзеці ратуюцца ад індзейцаў. Малюнак ХІХ ст.
А ў доме яшчэ заставаліся Ганна, Мэры Неф і малютка Марта. Яны ці то не паспелі, ці то не змаглі сысці разам з астатнімі, і трапілі ў палон. Абенакі схапілі місіс Дасцін і пагналі з сабою, нават не даўшы як след апрануцца. Завяршыўшы ў Хэйврыле сваю крававую расправу, лясныя воіны спяшаліся адступіць у родныя мясціны, у Канаду, каб адарвацца ад магчымай англійскай пагоні. Яны адразу бязлітасна расправіліся з тымі, хто мог стаць абузай у доўгім і стомным падарожжы. Адзін з індзейцаў выхапіў з рук Мэры Неф маленькую Марту і раструшчыў яе галоўку аб бліжэйшае дрэва - прама на вачах яе маці. У забойстве немаўляткі нападнікі не бачылі нічога заганнага - усё роўна дзяўчынка не вытрымала б пераходу. У наступныя дні, калі хто з англічан падварочваў нагу, ці падаў, ці па якой іншай прычыне не мог ісці далей, абенакі без цырымоній прыкончвалі яго сваімі тамагаўкамі. Але здаровых не чапалі, разлічваючы на багаты выкуп.
Індзейцы забіраюць Ганну Дасцін і Мэры Неф. Выява з барэльефа на помніку Ганне Дасцін у Хэйврыле
Ганне пашчасціла - яна засталася ў жывых, хоць і прыходзілася кожны дзень рабіць па 10-12 міляў па лясной глушы. Адышоўшы на бяспечную адлегласць ад англійскіх паселішчаў, пераможцы (да якіх далучыліся шматлікія члены іх сем’яў) падзялілі паміж сабою жывыя “трафеі” - кожны ўзяў сваю долю - і працягвалі шлях невялікімі групкамі. Цяпер атрад, дзе былі Дасцін і Неф, складаўся з двух дарослых воінаў (у тым ліку і той, што забіў Марту), трох жанчын і сямі падлеткаў рознага ўзросту. Котан Мэзэр у сваім тэксце асабліва падкрэслівае, што індзейцы былі хрысціянамі і старанна прытрымліваліся распарадку малітваў. Адзін з іх доўга жыў у сям’і вялебнага айца Роўландсана ў Ланкастэры і быў пратэстантам. Але потым, як і іншыя абенакі, з палітычных прычын перайшоў у каталіцтва: “Спачатку я маліўся на англійскі манер і думаў, што гэта добра, - гаварыў ён. - А потым убачыў, што французская вера лепшая” (
з дзённіка суддзі С. С’юэла).
Яшчэ адным спадарожнікам Ганны аказаўся Сэмуэль Ленардсан. Гэты 14-гадовы хлапец з Вустэру (Масачусецс) быў захоплены індзейцамі года паўтара таму, але потым прыжыўся сярод абенакаў, вывучыў іх мову і стаў для іх зусім сваім. Яго гаспадар, стары індзеец, давяраў яму, як чальцу сям’і, але Дасцін меркавала, што юнак у глыбіні душы прыгнечаны сваім цяперашнім жыццём і будзе не супраць вярнуцца да англічан.
За два тыдні атрад адышоў ад Хэйврыла прыблізна на 150 міляў. 30 сакавіка яны спыніліся ў часовым лагеры на востраве, што знаходзіўся на скрыжаванні рэк Мерымак і Кантукук. Тут былі вігвамы, каноэ і запасы правізіі. Пільнасць захопнікаў знізілася: паблізу не было паселішчаў англічан, а значыць, не было куды бегчы, бо ў лесе жанчын чакала галодная смерць. Іншая справа, калі б ім удалося захапіць лодкі і прыпасы, тады б з’явіўся шанец спусціцца ўніз па рацэ, аднак індзейцы і падумаць не маглі, што дзве немаладыя стомленыя кабеты паспрабуюць адабраць усё гэта сілай.
Да мэты падарожжа - вялікага індзейскага “горада” - заставалася яшчэ палова шляху, але абенакі ўжо смакавалі катаванні, якія чакаюць там жанчын. Яны гаварылі,
запісаў Мэзер са слоў Ганны, што “калі яны прыйдуць у горад, з іх сарвуць адзенне і прагоняць бізунамі праз шыхты цэлай арміі індзейцаў”.
Гэта самы спрэчны момант у яе апавяданні. Вядома, што індзейцы сапраўды катавалі палонных. Варожых воінаў, трапіўшых у іх рукі, чакаў жахлівы лёс. Іх прывязвалі да слупа і пасля доўгіх здзекаў спальвалі зажыва. Экзекуцыя праходзіла з тэатральнай пышнасцю. Індзейцы любілі, каб смяротнік мужна пераносіў пакуты - гэта сведчыла аб велічы яго духу. Аднак бывала і па-іншаму: катаванні раптам спыняліся, і ахвяру прымалі ў склад племені (узяць хаця б Сэмуэля Ленардсана, спадарожніка Ганны). Такі спосаб дазваляў індзейцам кампенсаваць ваенныя страты.
Гэта ўсё датычыла мужчын, з жанчынамі абыходзіліся іначай. Іх забойства не прыносіла вялікай доблесці. Таму калі яны выжывалі падчас нападзення, індзейцы звычайна не рабілі ім шкоды. Канешне, бывалі інцыдэнты, калі і з імі распраўляліся са звярынай жорсткасцю. Але найчасцей іх забіралі дзеля выкупу альбо выдавалі замуж за чальцоў племені. У апошніх выпадках палонніцы даволі хутка пераймалі індзейскі лад жыцця. І потым, калі ўзнікала магчымасць вярнуцца да сваіх, многія англічанкі жадалі застацца са сваімі новымі сем’ямі.
Вось чаму сведчанне Ганны выклікае здзіўленне, бо не адпавядае звычайнай практыке. Але не варта забываць, што яе аповяд, запісаны Котанам Мэзерам, адносіцца да спецыфічнага жанру літаратуры - гісторыя аб палоне “белага чалавека” ў дзікуноў (captivity narrative), які ў тыя часы перажываў свой росквіт. Тут ёсць свае правілы, свая схема, заснаваная на супрацьпастаўленні прыгнятальніка і яго ахвяры. Здаецца, ці то Мэзер, ці то сама Ганна адмыслова ўключыла гэтыя словы ў вусны індзейца, каб яшчэ раз падкрэсліць яго брутальнасць. Пагроза катавання і здзекаў, навісшая над Ганнай і яе таварышчам па няшчасцю - Мэры Неф, мусіла служыць апраўданнем для таго, што здарыцца далей…
(Працяг будзе)