Хэйврыльская ваўчыца. Частка 2.
(Пачатак тут) Разня на востраве
Раніцай 30 красавіка, калі абенакі спалі ў сваіх вігвамах глыбокім сном, Ганна Дасцін пабудзіла Мэры і Сэмуэля. Узяўшы тамагаўкі, яны ўтрох перабілі ўсіх індзейцаў аднаго за другім. К. Мэзер піша пра Ганну: “Яна палічыла, што ніякі закон не забараняе ёй забраць жыцці тых, хто забіў яе ўласнае дзіця”. Англічане прыкончылі ўсіх, акрамя аднаго хлопчыка, якога збіраліся забраць з сабою ў якасці сведкі, але той сваечасова прачнуўся, збег у лес і схаваўся ў гушчары. Тое ж самае зрабіла адна з жанчын, якая выжыла, нягледзячы на страшныя раны на галаве. Астатнія - 10 чалавек: два мужыны, дзве жанчыны і шасцёра дзетак - усе як адзін палеглі пад сякерай шалёнай Ганны Дасцін і яе саўдзельнікаў.
Ганна Дасцін забівае індзейцаў. Літаграфія ХІХ ст.
Захавалася цікавае сведчанне пра лёс выжыўшых. Жыхарка Хэйврыла Ганна Брэдлі таксама трапіла ў палон разам з Дасцін і была адпраўлена ў Канаду ў адным з індзейскіх атрадаў. Пазней, вярнуўшыся да радзіму, яна падрабязна
распавяла аб сваім знаходжанні сярод абенакаў. Сярод іншага Брэдлі паведаміла, што ў адну ноч у іх лагер прыбегла жанчына-індыянка і сказала, што палонныя ў яе атрадзе паўсталі і забілі сваіх гаспадароў. На галаве жанчыны было ажно сем ранаў, нанесеных сякерай.
Выява з барэльефа на помніку Ганне Дасцін у Хэйврыле
Такім чынам, на світанку 30 красавіка на безыменным востраве адбылося масавае забойства. Як можна растлумачыць яго прычыны? Сентыментальныя аўтары мінулых часоў ставілі на першае месца пачуццё помсты: індзейцы забілі дзіця Ганны, і яна расправілася з крыўдзіцелямі. Сапраўды, помсту прасцей зразумець і прабачыць, чым спакойнае прадуманае вынішчэнне. Але насамрэч усё выглядае больш празаічна. Для выратавання англічанам былі патрэбны ежа, лодкі і зброя. Нават калі б ім удалося ўсё гэта выкрасці і ціхенька збегчы, індзейцы маглі арганізаваць пагоню. Менавіта па гэтай прычыне Ганна высекла і дарослых, і малых - каб не пакідаць сведкаў. Яна абачліва прапарола днішча ва ўсіх каноэ, акрамя адной. А напрыканцы не пагрэбавала здзерці з забітых скальпы, каб мець пацвярджэнне сваёй незвычайнай гісторыі.
Усе крыніцы адзінадушна сцвярджаюць, што менавіта Ганна Дасцін была ініцыятарам пабоішча. Ёй жа належыла асноўная роля ў яго ажыццяўленні. У дзённіку Джона Маршала (красавік 1697 г.)
пазначана, што Ганна ўласнаручна расправілася з забойцай сваёй дачкі. Што да яе супольнікаў, дык ім і ў петыцыі да Генеральнай Асамблеі, і ў тэксце К. Мэзера адведзена другаснае месца. Сапраўды, наконт старой Мэры Неф ніякіх дакладных звестак няма, а вось аб Сэмуэле Ленардсане ёсць цікавы
допіс у дзённіку знакамітага суддзі С. С’юэла, сучасніка тых падзей. Аказваецца, за дзень да бойні Ленардсан старанна выпытваў у свайго індзейскага гаспадара, якія той выкарыстоўвае прыёмы, каб забіваць і скальпіраваць англічан. Атрыманыя веды хлапец літаральна праз суткі ужыў на практыцы.
Вяртанне і ўзнагарода
Загрузіўшы ў каноэ зброю і ежу, а таксама, натуральна, здабытыя скальпы, былыя палонныя пусціліся ўніз па рацэ. Шлях назад аказаўся значна хутчэйшым. Праз некалькі дзён яны дабраліся да дома Лавуэлаў у старым Данстэйбле (Масачусецс) і спыніліся там на ноч (у 1902 г. у гэтым месцы быў пастаўлены памятны знак). Знешні выгляд, расповяд пра ўласныя прыгоды, а асабліва трафеі Ганны зрабілі незабыўнае ўражанне на 6-гадовага хлопчыка Джона Лавуэла. Пройдзе 30 гадоў - і ён сам стане адным з самых вядомых у Новым Свеце паляўнічым за скальпамі, а ў яго гонар будуць складаць эпічныя песні.
Памятны знак на месцы дома Лавуэлаў. Тут жа напісана і пра Ганну Дасцін
У красавіку 1697 г. Ганна Дасцін разам са сваімі спадарожнікамі паспяхова вярнулася ў Хэйврыл. Яе ліхтугі скончыліся. А вось шлях жанчыны да славы і нацыянальнага прызнання толькі пачынаўся. Па меркаванні яе мужа, праяўленая ёю адвага дае права на пэўную кампенсацыю. Плата за скальпы была ўстаноўлена ў Масачусецсы ў 1694 г., але ў 1696 г. яе адмянілі. Аднак подзвігі Ганны мелі настолькі экстраардынарны характар, што айцы калоніі павінны былі раскашэліцца.
21 красавіка Томас Дасцін з жонкай, а таксама Мэры Неф і Сэм Ленардсан прыбылі ў Бостан. Гісторыя жанчыны, таксама як і яе трафеі, былі прадстаўлены на суд грамадства. Гараджане ў здзіўленні разглядалі дзясятак высахлых скальпаў, незвычайную зброю і прылады, якія Ганна забрала з вострава - тамагаўкі, нож для скальпіравання, мушкет індзейскага воіна. Знакаміты прапаведнік Котан Мэзер захацеў асабіста перагаварыць з гераіняй. Яе прызнанні прывялі яго ў стан надзвычайнага захаплення. У асобе гэтай немаладой і сціплай жанчыны ён атрымаў чарговае пацвярджэнне асаблівай любові Госпада да пурытан Новай Англіі.
Рэчы Ганны Дасцін (са збораў Хэйврыльскага гістарычнага грамадства)
У такой сітуацыі дэлегаты Генеральнай Рады не маглі марудзіць. Ім хапіла аднаго дня, каб прызнаць, што здзейсненае спадарыняй Дасцін вынішчэнне ворагаў мае пазітыўнае значэнне для становішча правінцыі. Памер узнагароды быў канчаткова зацверджаны праз тыдзень, 16 чэрвеня. У адпаведнасці з рашэннем уладаў, Дасціны атрымалі 25 ф.ст., а Мэры Неф і Сэм Ленардсан - па 12 ф.ст. 10 шылінгаў кожны.
Далейшае жыццё Г. Дасцін не было адзначана нейкімі заўважнымі падзеямі. Разам з мужам яны вярнуліся ў Хэйврыл, дзе пасяліліся ў новым доме, які Томас збудаваў для сваёй сям’і. Гэта быў надзейны двухпавярховы будынак з цэглы, у якім можна было адчуваць сябе ў бяспецы (дарэчы, ён захаваўся). Яшчэ 5 красавіка 1697 г. улады абшчыны абвясцілі новае жытла Дасцінаў адным з гарадскіх гарнізонаў, а яго гаспадар стаў камендантам, пад кіраўніцтвам якога была чацвёрка жаўнераў.
Дом Дасцінаў у Хэйврыле
Ганна перажыла свайго мужа на дзесяць гадоў і памерла ў 1736 г.
Новая Яіль
Гісторыя Ганны Дасцін была настолькі незвычайнай, што не магла не ўвайсці ў “залаты фонд” нацыянальнай міфалогіі. Аднак найперш трэба было асэнсаваць яе, упісаць у існуючаю карціну свету. Гэтую справу ўзяў на сябе знакаміты пурытанскі прапаведнік кан. 17 ст. Котан Мэзер. Ён асабіста сустракаўся з Ганнай і ўважліва распытаў пра ўсе абставіны яе вымушанага падарожжа. Мэзер выклаў пачутае на старонках сваёй фундаментальнай працы “Вялікія дзеі Хрыста ў Амерыцы” (“Magnalia Christi Americana”), царкоўнай гісторыі амерыканскіх калоній у Новым свеце. Менавіта гэтая кніга стала для наступных пакаленняў асноўнай крыніцай аб прыгодах Ганны Дасцін, бо ўсе астатнія матэрыялы - дзённікі сучаснікаў, пісьмы, афіцыйныя пастановы - утрымліваюць толькі фрагментарныя звесткі.
Тое, як Мэзер падае гісторыю Ганны Дасцін, вынікае з агульнага характару кнігі. Гэта чыста рэлігійны трактат з даволі сумбурнай манерай выкладання фактычнага матэрыялу, але наскрозь прасякнуты ідэямі пратэстанцкага фундаменталізму. Пад пяром Мэзера Новая Англія ператвараецца ў Новы Ханаан, а пурытане - у “абраны народ”, які адмыслова пакінуў “заграсшую ў грахах” Еўропу, каб узвесці за акіянам “Горад-на-гары”, ідэальную абшчыну праведнікаў.
Мэзеру патрэбны былі надзейныя доказы, што ў Новым свеце Гасподзь не пакінуў каланістаў. Выпадак з Ганнай тут прыйшоўся надта дарэчы. Хто, як не Гасподзь, напоўніў яе сэрца адвагай, каб расправіцца з крыўдзіцелямі? Хто дапамог ёй вырвацца з рук варвараў? Шчаслівае выратаванне Ганны было несумненным знакам Боскай любові да ўсёй супольнасці пурытанаў.
Котан Мэзер ахвотна праводзіў паралелі паміж пурытанскай Новай Англіяй і Старым Запаветам. Для Ганны Дасцін ён ідэальнае параўненне - Яіль. У постаці сціплай жонкі фермера з Масачусецса прапаведнік разгледзіў рысы легендарнай гераіні габрэйскага народа.
***
Яе гісторыя - невялічкі эпізод з Кнігі Суддзяў Старога Запавету. Пасля прыходу ў Ханаан габрэям прыйшлося вытрымаць нямала войнаў гасударамі суседніх царстваў. Адным з іх быў Явін, цар горада Асор (чыі руіны на працягу стагоддзяў заставаліся пахаваны ў нетрах пагорку Тэль-Хацор на поўначы Ізраіля, пакуль іх не раскапалі археолагі). Ён заваяваў сыноў Ізраіля, і паставіў над імі свайго ваеначальніка Сісору, у якога было дзевяцьсот жалезных калясніц, і дваццаць гадоў панаваў Сісора над габрэямі. Прарочыца Дэвора натхніла Варака, сына Афінаамавага, кінуць выклік ворагу. Варак сабраў габрэйскае апаўчэнне - дзесяць тысяч воінаў - і начыста разграміў Сісору ў бітве каля гары Фавор. Сам Сісора збег; ён убачыў шацёр Хэвэра з племені кеніяў, роднаснага габрэям. Паміж Хэвэрам і Явінам быў мір, таму Сісора вырашыў шукаць тут паратунак.
Яго сустрэла Яіль, жонка Хэвэра. Яна супакоіла Сісору, напаіла малаком і схавала пад кілімам. І калі той заснуў, жанчына ўзяла кол ад намёта і адным ударам малатка ўвагнала ваеначальніку ў скроню. Сісора памёр, а Яіль папоўніла пералік біблейскіх гераіняў, якія з задумлівай кранальнай усмешкай папіраюць галовы ворагаў Ізраіля.
Фелічэ Фічырэлі. Яіль забівае Сісору. 1616.
“І вось Варак гоніцца за Сісарам. Яіль выйшла насустрач яму, і сказала яму: увайдзі, я пакажу табе чалавека, якога ты шукаеш. Ён увайшоў да яе, і вось, Сісара ляжыць мёртвы, і кол у скроні ў яго” (Суд. 4-22).
Гюстаў Дарэ. Яіль паказвае Вараку цела Сісоры. 1866
***
Котан Мэзер зрабіў вялікі ўклад, каб захаваць аповяд пра Ганну Дасцін для наступных пакаленняў, але яго інтэрпрэтацыя, заснаваная на пурытанскім фундаменталізме, ужо ў 18 стагоддзі выглядала недарэчнай. Інтарэс да ўсёй гэтай гісторыі таксама хутка загаснуў. Пакуль Ганна ціха дажывала свой век у Хэйврыле, падзея пачала забывацца. Больш за сто гадоў, з 1702 г. па 1815 г., яе імя не ўзгадваецца ні ў воднай друкаванай крыніцы. Тым больш незвычайным выглядае трыумфальнае адраджэнне яе славы ў ХІХ стагоддзі.
Сапраўды, у гэты час “эпапея” Ганны Дасцін набывае экстраардынарную папулярнасць, а сама яна ператвараецца ў найбольш “раскручанага” жаночага персанажа каланіяльнай эпохі. Яе імя з’яўляецца на старонках дзясяткаў кніг, даведнікаў і біяграфічных альманахаў; вядомыя аўтары ствараюць уласныя версіі яе прыгодаў; у яе гонар ставяцца помнікі. Амерыканцы ХІХ стагоддзя цвёрда ўпэўнены, што Ганна Дасцін уваходзіць у спіс самых славутых жанчын у гісторыі, побач з Лукрэцыяй ці Клеапатрай. Пра яе прыгоды ведае кожны школьнік, пісала ў 1874 г. адна правінцыйная газета, а другая ў 1890 г. патэтычна ўсклікала: “Хто не чуў пра Ганну Дасцін?..”
Ніводная іншая жанчына не артымала такога манументальнага ўшанавання. У 1874 годзе ў г. Боскавэн (Нью-Хэмпшыр), на тым самым востраве, дзе Дасцін высекла індзейскую сям’ю, паўстаў помнік у яе гонар, створаны на ахвяраванні публікі. Пяць тысяч гараджан, нягледзячы на праліўны дождж, сабраліся на яго адкрыцці 17 чэрвеня, а сама цырымонія ператварылася ў гарадское свята, з урачыстымі прамовамі і канцэртам.
Як бачна, кабета з Хэйврыла заняла важнае месца ў нацыянальнай міфалогіі. Гэта тым больш дзіўна, бо яе ўчынак не ўпісваецца ў тагачасныя ўяўленні аб жаночай дабрадзейнасці. У грамадскай свядомасці жанчына мусіла быць бязвіннай ахвярай, а зусім не бязлітаснай помсьніцай са зброяй у руках. Адкрыты супраціў лічыўся чыста мужской прэрагатывай.
“Індзейская праблема”
Уся гісторыя ЗША ХІХ стагоддзя прайшла пад знакам “індзейскай праблемы”. Хвалі еўрапейскай каланізацыі каціліся на захад, і іх непазбежным вынікам былі канфлікты з карэннымі амерыканцамі, якія не хацелі аддаваць “бледнатварым” свае землі без бою. Ад вайны Тэкумсе ў 1811 - 1812 гг. і да бітвы пры Вундэд-Ні (1890 г.) пытанне амерыкана-індзейскіх стасункаў нязменна стаяла на парадку дня. Перамога над семіноламі ў Фларыдзе, высяленне індзейцаў з Джорджыі і “Дарога слёзаў”, асваенне Каліфорніі і войны з плямёнамі Вялікіх раўнін - усе гэтыя падзеі сталі этапнымі ў вырашэнні “індзейскага пытання”.
Сама грамадская парадыгма змянялася. У кан. 18 ст. айцы-заснавальнікі - Вашынгтон і Джэферсан - зрабілі стаўку на паступовае “акультурванне” індзейскіх плямёнаў, “уцягванне” іх у поле еўрапейскай цывілізацыі. Вынікам гэтага эксперыменту стала ўзнікненне “Пяці цывілізаваных плямёнаў” (чэрокі, чэкаса, чокта, крыкі, семінолы), еўрапеізацыя іх паўсядзённага жыцця і стварэнне пісьмовасці Секвоі. Аднак з 1820-х гадоў грамадскія настроі павярнуліся ў адваротны бок. Парадаксальным чынам пашырэнне дэмакратыі прывяло да росту ксенафобіі. Белая бяднота з паўднёвых штатаў, атрымаўшы выбарчыя правы, стала патрабаваць выдалення індзейцаў. У тым жа самым былі зацікаўлены сотняў тысяч імігрантаў з Еўропы: яны мелі патрэбу ў свабодных землях. Адпаведныя настроі падхапілі палітыкі - найперш з паўднёва- і імігранцкі-арыентаванай Дэмакратычнай партыі. Усё гэта гарманічна спалучылася з “перадавымі” канцэпцыямі тагачаснай навукі аб “цывілізаваных” і “нецывілізаваных” народах. У выніку ў амерыканскім грамадстве паўстала цэласная сістема поглядаў на “індзейскую праблему”.
У яе аснове ляжала ўпэўненасць, што белыя і індзейцы не могуць суіснаваць на адной тэрыторыі. Каб пазбегнуць немінучых канфліктаў, ім трэба жыць асобна. На практыцы гэта азначала, што індзейцы павінны пакінуць большую частку сваіх земляў і перасяліцца ў бясплодныя рэзервацыі. Аўтары гэтай ідэі прыкрываліся маральнымі аргументамі: маўляў, толькі так можна абараніць індзейцаў ад поўнага вымірання, захаваць іх лад жыцця - бо ўспрыняць еўрапейскую культуру яны няздольныя.
Гэты стэрэатып у поўнай меры праявіўся ў амерыканскай культуры. Тэзіс аб “прыроджаным” дзікунстве карэнных амерыканцаў патрабаваў мастацкага пацверджання. Узнік велізарны попыт на вобраз індзейцаў як першабытных лясных варвараў - крыважэрных, бязлітасных і няздольных да прагрэсу.
Джон Вандэрлін. Смерць Джэйн МакКры. 1804
Карціна “Смерць Джэйн МакКры” (1804 г.) амерыканскага мастака Джона Вандэрліна стала адным з першых мастацкіх твораў са Злучаных Штатаў, выстаўленых у парыжскім Салоне. Яна выдатна ілюструе тагачасны амерыканскі светапогляд. “Цывілізацыя” прадстаўлена ў выглядзе безабароннай белай жанчыны. Індзеец увасабляе прымітыўную дзікунскую злобу. Яго агрэсія вынікае не з нейкіх знешніх абставін, а з самой яго ўнутранай сутнасці. Каланізатары, наадварот, кіруюцца выключна высокімі памкненнямі і ніколі не пачынаюць першымі. Але сутыкнуўшыся з беспрычыннай варожасцю абарыгенаў, белым людзям супрацьволі прыходзіцца брацца за зброю.
Вось тут і хаваецца прычына, чаму вобраз Ганны Дасцін быў так запатрабаваны ў ХІХ стагоддзі. Яе гісторыя аказалася выдатнай ілюстрацыяй тагачасных стэрэатыпаў. Індзейцы першымі напалі на каланістаў, забралі іх у палон і забілі дзіця на вачах у маці. Тым самым яны далі ёй маральнае права на помсту. Постаць Ганны Дасцін з сякерай у руцэ - гэта сама цывілізацыя, якая карае дзікуноў за беспадстаўную агрэсію.
Такім чынам, гісторыя кабеты з Хэйврыла атрымала ў ХІХ стагоддзі новае прачытанне. У адрозненні ад часоў Котана Мэзера, яна не ўспрымалася цяпер як сляпая прылада боскага гневу. Адбыліся і іншыя цікавыя змены. Так, аўтары ХІХ стагоддзя старанна замоўчвалі той факт, што з дзесяці забітых індзейцаў шасцёра былі дзеці. Знішчэнне і скальпіраванне дзяцей ужо тады апраўдаць было немагчыма. Наадварот, насуперак паведамленням крыніц, яны падкрэслівалі, што Ганна захавала жыццё індзейскаму хлопчыку - не для таго, каб забраць яго ў палон (як было на самой справе), а таму, што яе сэрца сціснулася ад мацярынскага шкадавання. Дзеля абялення Ганны аўтары не грэбавалі прамым падлогам.
Другая тэндэнцыя - рост інтарэсу да яе мужа, Томаса. У параўнанні з начной масакрай, яго мужны ўчынак не выклікаў ніякіх маральных праблем.
Подзвіг Томаса Дасціна. Выява з барэльефа на помніку Ганне Дасцін у Хэйврыле
Як вынік усіх гэтых маніпуляцый, Ганна Дасцін у амерыканскай масавай культуры ўспрымалася як станоўчы персанаж, нягледзячы на відавочную жахлівасць свайго ўчынку. Аднак і тут былі выключэнні. Знакаміты пісьменнік з Новай Англіі Натаніэль Готарн, палкі выкрывальнік пурытанскага фанатызму і ханжаства, у сваім
эсэ назваў Ганну Дасцін “старой крывавай вядзьмаркай”, якую варта было ўтапіць у рацэ Кантукук.
У сучаснай Амерыцы наконт Ганны Дасцін - які і ў любым іншым пытанні - няма адзінадушша. Кожны аўтар сам выбірае, якую пазіцыю заняць. Як легендарная гераіня каланіяльнай эпохі, яна працягвае прысутнічаць у грамадскай свядомасці. Аднак маральныя меркаванні і паліткарэктнасць пакідаюць усё менш месца для яе ўсхвалення. Сімпатыя да кабеты, якая дзеля выратавання пасекла і скальпіравала дзесяць чалавек, крок за крокам адыходзіць у мінулае.