Сага аб вадаспадах на рацэ Ніягара
Якое галоўнае прыроднае дзіва ў ЗША? Я думаю, многія паставяць на першае месца Ніягарскія вадаспады. Яны знаходзяцца на рацэ Ніягара, што аддзяляе штат Нью-Ёрк (ЗША) і канадскую правінцыю Антарыа. Вельмі зручнае размяшчэнне: тры гадзіны язды ад Нью-Ёрка і яшчэ менш - ад Таронта. Ад турыстаў няма адбою. Ніягара - першае месца, куды вязуць замежных гасцей. Калі чалавек прыехаў наведаць сваіх сяброў ці сваякоў у Нью-Ёрк, хіба паедзе ён на экскурсію ў Каньён смерці ці ў Лагчыну секвояў праз увесь кантынент? А вось на Ніягару паедзе, абавязкова.
Альберт Бірштадт. Ніягарскія вадаспады, від знізу. 1869 г.
Калі казаць дакладна, гэта нават не адзін вадаспад, а цэлыя тры, аддзеленыя адзін ад аднаго астраўкамі, - Амерыканскі, Вэлюм нявесты і, на пэўнай адлегласці ад іх, гіганцкая Падкова. Яе яшчэ называюць Канадскім вадаспадам. Ён і сапраўды напалову канадскі - мяжа праходзіць прама па ім. Астатнія два - Амерыканскі і Вэлюм - знаходзяцца цалкам на амерыканскай тэрыторыі. Што, дарэчы, стварае амерыканцам немалыя нязручнасці: на вадаспады ім прыходзіцца любавацца зверху ўніз. Яны нават адмысловую пляцоўку пабудавалі, але марна: найлепшы від адкрываецца з супрацьлеглага берага, з Канады.
Альберт Бірштадт. Ніягарскія вадаспады. 1869 г.
Хаця трапіць туды для грамадзян ЗША не праблема. Праз раку перакінуты Вясёлкавы мост, па якому нават пешшу можна перайсці ў суседнюю краіну. Пасярэдзіне маста праведзена белая рыса, што абазначае дзяржаўную мяжу, а на абодвух канцах стаяць будкі памежнікаў. Калі няма чаргі, пешае падарожжа ў Канаду зойме не больш за паўгадзіны.
***
У гэтым тэксце размова пойдзе аб Ніягарскіх вадаспадах і тым, што з імі звязана. Я не стану пісаць пра розныя кур’ёзы, якія ў вялікай колькасці можна знайсці ў Вікі - хто першы прайшоў над вадаспадамі па канату; хто скочыў туды ў бочцы; хто сарваўся ўніз і застаўся жывы. Мяне цікавіць зусім іншае - культурнае і гістарычнае вымярэнне Ніягары. Я і сам напачатку не ведаў, як шмат тут цікавага. Аказалася, за лакаванай турыстычнай карцінкай хаваецца насычанае перапляценне падзей, вобразаў і людскіх лёсаў. Сюжэты нанізваюцца адзін на адзін і далёка ўводзяць ад заяўленай тэмы. Але аб чым бы ні пайшла размова, Ніягара нязменна будзе для іх адпраўнай кропкай…
Мапа Ніягары, сяр. ХІХ ст.
1. Ніягарскія вадаспады.
2. Нэві Айленд, на якім была абвешчана “Канадская рэспубліка”.
3. Прычал Шлосер - месца знішчэння “Кэралайн”.
4. Канадскі гарадок Чыпава.
5. Форт Шлосер.
6. Яма Д’ябла, дзе ў 1763 годзе індзейцы забілі некалькі дзясяткаў англічан.
7. Амерыканскае мястэчка Льюінстан (там жа раней быў форт Грэй).
8. Форт Ніягара (на яго месцы раней стаяў форт Канці).
9. Горад Буфала, штат Нью-Ёрк.
Возера Антарыа і ваколіцы.
1. Форт Франтэнак, пазней - горад Кінгстан (Канада).
2. Архіпелаг Тысяча астравоў.
3. Форт Ніягара (для прывязкі да папярэдняй мапы).
***
Мала дзе ў сучасным свеце можна знайсці такія плённыя партнёрскія адносіны паміж краінамі, як тыя, што існуюць сёння паміж ЗША і Канадай. Аб якой бы сферы жыцця не пайшла размова - усё ў іх квітнее і буяе. Па ўсіх пытаннях - сардэчная згода. Цяжка паверыць, што ў ХІХ ст. усё было іначай. Дзвесце гадоў таму для янкі за ракой Ніягарай пачыналася варожая дзяржава. Фарпост іх заклятага праціўніка - Вялікабрытаніі. Непрыязнь была ўзаемнай. Англічане баяліся, што са Злучаных штатаў у Канаду перакінуцца ідэі рэспублікі і незалежнасці.
Альберт Бірштадт. Ніягарскія вадаспады. 1869 г.
Канфлікты паміж нацыямі ўспыхвалі рэгулярна. У 1812 годзе адзін з іх перарос у паўнавартасную вайну, разбуральную і крывапралітную. Яе самай яскравай старонкай стала кароткая акупацыя Вашынгтона і спаленне Белага дому англічанамі. Два гады канадцы і амерыканцы азартна знішчалі адзін аднаго на палях бітваў, хаця ў выніку абедзве краіны засталіся з тым, што мелі. У наступныя гады вялікіх войнаў ужо не было, але напружанасць захоўвалася. Многія амерыканцы не гублялі надзеі, што раней ці пазней іх паўночныя суседзі таксама скінуць брытанскае ярмо.
Аб гэтым нават у іх фальклёры ёсць. Вось, для прыкладу, байка пра волата-лесаруба Поля Баньяна. Спыталі яго неяк канадскія лесарубы: што рабіць ім з англійскім каралём? Яны, маўляў, ніяк не могуць навучыцца прамаўляць правільна “Ваша Вялікасць”. “Поль прыгадаў, як іх слаўны генерал Джордж Вашынгтон узяў ды выкінуў англійскага караля… прэч са сваёй зямлі… Дык вось, Поль параіў канадцам пайсці па прыкладу сваіх суседзяў-амерыканцаў”.
Справа “Кэралайн” (1837 г.)
У першай палове ХІХ ст. Канада была зусім не той ліберальнай дэмакратычнай краінай, якой мы яе ведаем зараз. Яна яшчэ ўвогуле не існавала як адзінае цэлае. Былі дзве правінцыі - англамоўная Верхняя Канада (суч. Антарыа) і франкамоўная Ніжняя (Квебек).
У кожнай з іх дзейнічала жорсткая сістэма кіравання. Былі выбарныя правінцыйныя асамблеі - фігавыя лісты парламентарызму. Былі прызначаныя з Лондана губернатары. На практыцы ўладу трымала ў руках мясцовая алігархія. Яе чальцы былі шчыльна павязаны паміж сабою сяброўскімі і роднаснымі сувязямі. У англамоўнай Верхняй Канадзе такая групоўка атрымала назву “Сям’я”.
Фрэдэрык Эдвін Чорч. Ніягарскія вадаспады. 1857 г.
Ёй супрпацьстаяла ліберальная апазіцыя. Прадстаўнікі сярэдняга класу - камерсанты, юрысты, журналісты - выступалі за дэмакратызацыю сістэмы кіравання. У Верхняй Канадзе, як у люстэрку, паўтаралася тая ж сітуацыя, што і ў Вялікабрытаніі: кансерватары-“торы” супраць лібералаў-“вігаў”. Тут, у Таронта, галоўным патрабаваннем апазіцыі было ўвядзенне “адказнага ўраду”. Мелася на ўвазе, што выканаўчая ўлада павінна быць адказнай не перад губернатарам, а перад правінцыйнай асамблеяй (так, як гэта робіцца ў сучасных парламенцкіх рэспубліках). Для прасоўвання сваёй ініцыятывы лібералы стварылі Партыю рэформаў, на чаля якога стаў папулярны журналіст Уільям Лаян Мак-Кензі. Ён быў даўнім крытыкам “Сям’і” і нават пэўны час займаў пасаду мэра Таронта.
Уільям Лаян Мак-Кензі
Улады не ішлі на саступкі, і страсці ў правінцыі разгараліся ўсё ярчэй. “Сям’я” таксама мабілізоўвала сваіх прыхільнікаў. У 1826 годзе банда багаценькіх сынкоў “торы” на чале з Сэмам Джарвісам, скарыстаўшыся адсутнасцю Мак-Кензі, разграміла яго друкарню.
У другой палове 1837 года канфлікт дасягнуў свайго апагею. “Сям’я” так закруціла гайкі, што прыхільнікі рэформ не бачылі іншага спосабу даць свабоду народу Верхняй Канады, як толькі захапіць уладу сілай. Мак-Кензі і яго паплечнікі пачалі рыхтаваць паўстанне. Цяпер яны ўжо выступалі за стварэнне ў Верхняй Канадзе самастойнай рэспублікі на амерыканскі ўзор.
Паўстанцы на маршы
У пачатку снежня 1837 года прыхільнікі Мак-Кензі спрабавалі захапіць Таронта. Яны былі слаба ўзброены і дрэнна падрыхтаваны, так што іх задума з трэскам правалілася. Улады Верхняй Канады склікалі апалчэнне і кінулі яго на падаўленне паўстання. Інсургентам прыйшлося адступіць. Яны перабраліся праз Антарыа і знайшлі прытулак на тэрыторыі ЗША.
Там іх сустрэлі з распрасцертымі абдымкамі. І ў нашыя дні, і тады амерыканскае грамадства сімпатызавала змагарам за свабоду і дэмакратыю. Тым больш, што цяпер размова ішла пра “братні” народ, бліжэйшых суседзяў, практычна супляменнікаў. Янкі не маглі застацца раўнадушнымі да іх барацьбы. Ім здавалася, што на поўначы пачалася сапраўдная вайна за незалежнасць.
Зусім іначай на гэта глядзелі з Вашынгтона. Прэзідэнт Марцін Ван Бурэн цудоўна разумеў, якія праблемы з-за гэтага могуць узнікнуць. ЗША ў тую эпоху яшчэ не былі звышдзяржавай - у адрозненне ад Вялікабрытаніі, дарэчы. Ван Бурэн не хацеў, каб хваляванні на мяжы прывялі да сур’ёзнай канфрантацыі паміж краінамі. Але ён мала што мог зрабіць. Амерыканцы, якія дапамагалі паўстанцам, рабілі гэта па ўласнай ініцыятыве. Мясцовыя ўлады, непадкантрольныя Вашынгтону, глядзелі на іх скрозь пальцы.
Праўда, у ЗША дзейнічаў закон аб нейтралітэце, які забараняў весці баявыя дзеянні супраць краіны, што знаходзіцца ў міры са Злучанымі штатамі. Аднак рыхтаваць паўстанне супраць іншай краіны закон не забараняў. Пакуль мяцежнікі не зрабілі першага стрэлу, арыштаваць іх было нельга.
А тым часам на амерыканскім беразе Ніягары забурліла кіпучая праца. Адчуўшы масавую падтрымку, Мак-Кензі і яго людзі сталі рыхтаваць новае паўстанне. Яны не хаваліся нават, бо тутэйшае насельніцтва было на іх баку. Штаб паўстанцаў размясціўся ў таверне Ігл (Eagle Tavern) у Буфала. Жыхары штату Нью-Ёрк забяспечвалі іх усім неабходным. Многія амерыканцы запісваліся ў атрады валанцёрамі. Неўзабаве сярод інсургентаў іх стане ледзве не больш, чым “прыродных” канадцаў.
Паўстанцы цяпер называлі сябе “патрыётамі”, а іх узброенае выступленне супраць канадскай алігархіі атрымала назву “Вайна патрыётаў”.
“Генералам” падстанцкага войску быў прызначаны амерыканскі грамадзянін Ранселар Ван Ранселар. Ён хваліўся, што ён - кадэт Вест-Пойнта і ваяваў за Балівара ў Лацінскай Амерыцы. І тое, і другое было няпраўдай. Затое ён паходзіў са славутай вайсковай дынастыі. Яго стрыечны дзед, генерал Стэфан Ван Ранселар, камандаваў амерыканскімі войскамі падчас уварвання ў Канаду ў 1812 гаду. Брытанцы задалі яму чосу пры Куінстанскіх вышынях. У той жа бітве атрымаў рану і бацька паўстанцкага “генерала” - палкоўнік Саламон Ван Ранселар.
Як потым стане ясна, новаспечаны “генерал” не падыходзіў для сваёй ролі. Камандзірам ён быў нікуды не вартым, ды яшчэ і аматар выпіць. У апраўданне скажу, што і ваяваць ён, у прынцыпе, не збіраўся. У Мак-Кензі і яго паплечнікаў існавалі нейкія зусім неапраўданыя надзеі, што як толькі іх атрады пяройдуць канадскую мяжу, увесь народ выступіць на іх баку. Вельмі хутка падобныя ілюзіі разаб’юцца ўшчэнт.
Нэві Айленд, рака Ніягара
11 снежня невялікі атрад “патрыётаў” пад кіраўніцтвам Ван Ранселара высадзіўся на маленькім востраве Нэві Айленд (Navy Island) на рацэ Ніягара, у некалькіх мілях вышэй па цячэнню ад вадаспадаў. Востраў знаходзіўся ўжо на канадскай палове ракі, так што фармальна нейтралітэт ЗША не быў парушаны. Паўстанцы абвясцілі аб стварэнні Канадскай рэспублікі і сталі рыхтавацца да пераправы на канадскі бераг. Напачатку іх было ўсяго дваццаць восем чалавек, але валанцёры ўсё прыбывалі і прыбывалі, і ў канцы месяца іх армія налічвала ўжо некалькі сотняў добра ўзброеных жаўнераў. Яны нават займелі ўласную артылерыю, пазычаную з арсеналаў Буфала, і час ад часу палілі з яе па міліцыі лаялістаў, якія ўжо чакала іх на беразе.
Справа ў тым, што брытанскія ўлады таксама не гублялі час дарэмна, і насупраць Нэві Айленда ў канцы снежня стаялі дзве з паловай тысячы апалчэнцаў (іх яшчэ называлі “лаялісты”) пад камандаваннем бравага палкоўніка Алана Мак-Наба. Разлік Мак-Кензі на ўсеагульнае паўстанне яўна не апраўдваўся. Жыхары Верхняй Канады маглі колькі заўгодна спачуваць ліберальным ідэям, але гэта зусім не значыла, што яны падымуць зброю супраць Кароны і законнага ўрада.
Каб падтрымліваць пастаянную сувязь з Нэві Айлендам, амерыканскія прыхільнікі Мак-Кензі арандавалі невялічкі параход “Кэралайн” (“Caroline”). Ён належыў нейкаму Уільяму Уэлсу з Буфала. 29 снежня 1837 года судна зрабіла пару рэйдаў паміж востравам і амерыканскім берагам ракі, выгрузіўшы чарговую групу валанцёраў і адну гармату. На ноч “Кэралайн” стала на прычале Шлосер (найбліжэйшая прыстань на амерыканскім баку Ніягары). Вялікая група новапрыбыўшых “патрыётаў” засталася начаваць у бліжэйшай таверне.
Прычал Шлосер
За ўсімі гэтымі перамяшчэннямі пільна назіраў са сваёй лодкі намеснік шэрыфа ніягарскай акругі (правінцыя Верхняя Канада) Аляксандр Мак-Леад. Ён паведаміў пра ўсё палкоўніку Мак-Набу. Параход дазволіць мяцежнікам перакінуць на востраў яшчэ больш людзей, зброі і боепрыпасаў. Акрамя таго, стала ясна, што тут замешаны іх амерыканскія пасобнікі. Было вырашана ўзорна правучыць “праклятых янкі”.
Намеснік шэрыфа ніягарскай акругі Аляксандр Мак-Леад на лодцы правёў рэкагнасцыроўку і высветліў месцазнаходжанне парахода. Апалчэнцы сабралі штурмавую групу. Пад пакровам цемры вялікі атрад - восемдзесят чалавек з капітанам Др’ю на чале - на сямі лодках адчаліў ад канадскага берага. Дзве лодкі адсталі і вымушаны былі павярнуць назад, а вось астатнія незаўважна падышлі да “Кэралайн”. На параходзе ў тую ноч, з 29 на 30 снежня, знаходзіліся дзесяць чалавек экіпажу і яшчэ амаль дваццаць паўстанцаў, якім не хапіла месца ў суседняй таверне. Матрос на вахце заўважыў набліжэнне лодак і спытаў: “Хто ідзе?” “Сябры!” - адказаў нехта з канадцаў. “Назаві пароль!” - зноў крыкнуў матрос. “Зараз, зараз, дай толькі падняцца на палубу”, - адгукнуўся капітан Др’ю.
Матрос нават не паспеў западозрыць нядобрае, як праз некалькі імгненняў апалчэнцы ўварваліся на палубу. Мяцежнікаў заспелі знянацку - соннымі і без зброі. І ўсё роўна без бойкі не абышлося. Апалчэнцы пусцілі ў ход цясакі, абардажныя шаблі і пісталеты. Сведкі казалі, што з палубы раздаваўся звон клінкоў і прагучала некалькі стрэлаў. З абодвух бакоў былі параненыя. Аднак перамога дасталася, канешне, капітану Др’ю і яго малайцам. А поколькі масавае знішчэнне праціўніка не ўваходзіла ў іх планы, яны проста выгналі паўстанцаў і экіпаж на прычал. Затым падпалілі пусты параход і сапхнулі яго ўніз па цячэнню. А самі з пачуццём выкананага доўгу вярнуліся на канадскі бераг.
Гібель “Кэралайн”, тагачасная літаграфія
Агонь хука зрабіў сваю справу: не дайшоўшы да вадаспадаў, “Кэралайн” развалілася на часткі і патанула. Яе рэшткі можна было бачыць там яшчэ некалькі гадоў. Аднак на многіх малюнках для большага драматызму паказана, як параход, ахоплены полымям, падае з неабсяжнай вышыні ў бездань. Карцінка выходзіць ўражлівая - шкада, што прыдуманая…
Гібель “Кэралайн”, тагачасная літаграфія
Наступнай раніцай звесткі аб знішчэнні “Кэралайн” разнесліся па акрузе. Што тут пачалося! У ЗША выбухнула сапраўдная патрыятычная істэрыя. Падумаць толькі, брытанскія вайскоўцы здзейснілі акт агрэсіі супраць Злучаных штатаў! Усе газеты трубілі аб гэтым. Хутка папаўзлі правакацыйныя чуткі, быццам падчас пажару на параходзе заставаліся людзі - амерыканскія грамадзяне, якіх апалчэнцы-лаялісты халаднакроўна асудзілі на гібель. Іх жыцці забралі агонь і Ніягара. Колькасць “ахвяр” расла як снежны ком.
Гібель “Кэралайн”, тагачасная літаграфія
На самой справе, як стала вядома неўзабаве, з амерыканскага боку загінуў толькі адзін чалавек - негр Амас Дурфі. Прычым адбылося гэта не на параходзе, а ўжо на беразе. Пісталетная куля прабіла яму галаву. Невядома было нават, адмыслова гэта было зроблена ці выпадкова. У любым выпадку, мяцежнікі зрабілі з Дурфі бязвіннага пакутніка. Яго цела было выстаўлена на ўсеагульны агляд перад уваходам у таверну Ігл у Буфала - як красамоўнае сведчанне вераломства подлых брытаў.
З боку нападнікаў наймацней пацярпеў лейтэнант Шэфард Мак-Кормік - ён атрымаў некалькі куляў і шабельных удараў і застаўся інвалідам на ўсё жыццё (парламент Верхняй Канады пазней прызначыў яму пажыццёвую пенсію). У астатніх былі толькі лёгкія раны.
У сярэдзіне студзеня 1838 года пад агнём брытанскай артылерыі “патрыёты” адступілі з Нэві Айленда назад на тэрыторыю ЗША. Там іх лідары, у тым ліку сам Уільям Мак-Кензі, былі арыштаваныя амерыканскімі ўладамі за парушэнне Акту аб нейтралітэце. Прэзідэнт Ван Бурэн не збіраўся псаваць адносіны з Брытаніяй дзеля купкі канадскіх рэспубліканцаў.
Фрэдэрык Эдвін Чорч. Ніягарскія вадаспады. 1867 г.
У Таронта спадзяваліся, што з мецяжом закончана. Аднак яны глыбока памыляліся. Сутычкі на мяжы не заціхалі яшчэ год. То тут, то там вырасталі атрады “патрыётаў”, якія спрабавалі з боем прарвацца на канадскую тэрыторыю. Па гэты бок граніцы іх падтрымлівалі тысячы амерыканскіх грамадзян. Адныя давалі мяцежнікам прытулак, забяспечвалі правізіяй і зброяй, другія станавіліся ў іх шэрагі самі. Некаторыя з іх працягалі змагацца нават тады, калі большасць канадцаў склала зброю…
(Працяг будзе)