Ніягарскія вадаспады-2, гісторыя ЗША (1837 г.)

Dec 11, 2014 09:54


“Пірат Біл” і параход “Сэр Роберт Піл”

(Пачатак тут)

Сярод самых зацятых аказаўся Уільям Джонстан, па мянушцы “Пірат Біл”, легендарная асоба для Вялікіх азёраў. Ён нарадзіўся ў 1782 годзе ў сям’і амерыканскіх лаялістаў, што перасяліліся ў Верхнюю Канаду падчас Вайны за незалежнасць ЗША. Першыя трыццаць гадоў свайго жыцця Джонстан быў узорным падданым брытанскай кароны. Прырода надзяліла яго велізарнай фізічнай сілай і крутым норавам. Была ў яго і камерцыйная хватка. У шаснаццаць гадоў Джонстан уладкаваўся на працу ў кузню, у дваццаць два - заняўся вытворчасцю поташу, а ў дваццаць чатыры - займеў уласную шхуну, на якой перавозіў тавары са Злучаных Штатаў у Верхнюю Канаду па возеры Антарыа. Як было заведзена сярод перавозчыкаў, не абышлося тут без кантрабанды, найперш гарбаты (а ў Верхняй Канадзе з-за непамерных увазных пошлін амаль уся гарбата была кантрабанднай). У свае трыццаць Джонстан быў ужо ўладальнікам крамы ў канадскім Кінгстане. У тутэйшым грамадстве ён меў выдатную рэпутацыю як паспяховы бізнэсмэн і добры сем’янін.



Уільям Джонстан



І тут у 1812 годзе грымнула вайна паміж Англіяй і ЗША. Вялікія азёры сталі тэатрам ваенных дзеянняў. Становішча Джонстана рэзка пахіснулася. Галоўная крыніца яго даходаў - памежны гандаль - з пачаткам баёў прыйшоў у заняпад. Потым пачаліся і іншыя праблемы. Брытанскія ўлады западозрылі яго ў нелаяльнасці. Цяжка сказаць адназначна, што стала таму прычынай. Тэмперамент у Джонстана быў рэзкі, выбуховы, і ён лёгка мог ляпнуць штосьці прыкрае пра пыхлівых саноўнікаў з Лондана, якія развязалі гэтую шкодную, непатрэбную вайну. У яго мелася шмат партнёраў і знаёмых па той бок мяжы. Некалькі амерыканцаў, каго вайна заспела на канадскім беразе, з дапамогай Джонстана пераправіліся на айчыну. У дадатак ён усімі сіламі ўвільваў ад службы мясцовым апалчэнні, скліканым англічанамі для абароны правінцыі - не мог кінуць свой бізнэс без нагляду. Хадзілі чуткі, што аднойчы ён нават ударыў афіцэра.

Такім чынам, не трэба здзіўляцца, што за ім прыйшлі. У 1813 годзе Джонстан быў арыштаваны па падазрэнні ў шпіянажы. Ён збег з турмы і перабраўся на амерыканскі бераг (бо куды яшчэ яму было падзецца?) У адказ брытанскія ўлады канфіскавалі ўсю яго маёмасць, адрэзаўшы Джонстану шляхі вяртання. Ад гэтага часу бярэ свой пачатак яго асабістая вайна супраць Вялікабрытаніі, якая разцягнецца на доўгія дзесяцігоддзі.

Джонстан прапанаваў амерыканцам свае паслугі. Ён арганізаваў маленькі пірацкі флот, які распачаў аперацыі супраць брытанцаў у раёне Тысячы астравоў (архіпелаг у вытоку ракі св. Лаўрэнція у паўночнай частцы Антарыа). Навыкі кантрабандыста прыйшліся тут надта дарэчы! На лёгкіх шасцівёсельных гічках Джонстан і яго людзі наносілі імклівыя ўдары па брытанскіх камунікацыях. Пры найменшай пагрозе знікалі ў непралазным лабірынце выспаў і праліваў. Знайсці іх там не было аніякай магчымасці - Джонстан ведаў Тысячу астравоў як свае пяць пальцаў. Барацьба з брытанцамі ішла паспяхова. Аднойчы яму нават удалося перахапіць карэспандэнцыю з планамі англійскага наступлення.

Калі вайна скончылася, назад у Канаду ён, канешне, не вярнуўся. Разам з сям’ёй Джонстан асеў у горадзе Клейтан, штат Нью-Ёрк, на беразе р. Св. Лаўрэнція, і зноў узяўся за старое - за кантрабанду. Працаваў не пакладаючы рук, каб аднавіць страчаны дабрабыт. Справы пайшлі на лад. У кан. 1830-х гадоў Джонстан меў прыбытковы бізнэс і вёў размеранае жыццё прыстойнага буржуа. Аднак натура яго не змянілася, і кроў у жылах яшчэ не застыла.

Калі “патрыёты” ўзнялі зброю за свабоду Канады, Джонстан не мог застацца ў баку. У снежні 1838 года ён прыбыў на Нэві Айленд і прывез з сабою палявую гармату. Пазнаёміўся з кіраўнікамі інсургентаў. Тыя былі рады атрымаць чалавека з рэальным баявым вопытам. Мак-Кензі нават прызначыў яго адміралам паўстанцкага флоту (гэты флот існаваў пакуль што толькі ў планах).

У студзені 1838 года паўстанцы адступілі з Нэві Айленда. Амерыканскія ўлады арыштавалі Мак-Кензі. На ролю лідэра высунуўся новы чалавек - Дональд Мак-Леад. Ён быў афіцэрам канадскага апалчэння і змагаўся супраць амерыканцаў у вайне 1812 - 1814 гадоў, аднак пазней далучыўся да Руху рэформ. Па іроніі лёсу, яго колішнія ворагі сталі яго цяперашнімі саюзнікамі.

Становішча, у якім апынуліся паўстанцы, было няпростым. Пакінуўшы свае пазіцыі на Нэві Айлендзе, яны паспрабавалі перайсці да манеўранай вайны. “Патрыёты” раз за разам рабілі вылазкі на канадскую тэрыторыю, але безпаспяхова - апалчэнне лаялістаў адбівала іх кволыя наскокі. За кубкам піва ў таверне Ігл трое камандзіраў - Мак-Леад, Джонстан (дарэчы, непітушчы) і новаспечаны “капітан” паўстанцкага войска Дэніэл Х’юсціс (у жыцці - звычайны камерсант з Уотэртаўна, штат Нью-Ёрк) - вырашалі, што рабіць далей. Каб пераламіць сітуацыю, здавалася ім, патрэбны вялікі дэсант, высаджаны ў некалькіх месцах адначасова. Але дзе ўзяць транспарт? Адказ напрошваўся сам сабою: па Вялікіх азёрах курсіравалі брытанскія параходы. Дзёрзкі план, распрацаваны Джонстанам і Мак-Леадам у маі, прадугледжваў захоп адразу некалькіх суднаў - аднаго за другім.



Параход “Сэр Роберт Піл”

Уначы 30 мая 1838 года пасажырскі параход “Сэр Роберт Піл” спыніўся ля амерыканскага вострава Уэлслі на рацэ св. Лаўрэнція, каб папоўніць запас дроў для паравых катлоў. Капітан і матросы не маглі ведаць, што ў той жа час з другога боку да вострава прысталі лодкі з дваццаццю паўстанцамі, з Джонстанам і Мак-Леадам на чале. Атрад пачаў ціхенька прабірацца да парахода. Некалькі чалавек заблукалі ў незнаёмым лесе, так што калі людзі Джонстана выйшлі да месца аперацыі, іх засталося толькі трынаццаць. Але для захопу парахода і гэтага было дастаткова.

З дзікімі крыкамі паўстанцы выскачылі з лесу і праз некалькі імгненняў былі ўжо на палубе. Захопленая знянацку каманда супраціўлення не аказала. Пасажыры выскачылі на бераг у чым былі - напаўапранутыя, у начных кашулях і босыя. Ніхто іх не чапаў, так што ім, можна сказаць, яшчэ пашанцавала. Услед за пасажырамі на беразе апынуўся і экіпаж. “Сэр Роберт Піл” быў у руках захопнікаў.

Першапачатковы план прадугледжваў, што з дапамогай гэтага судна паўстанцы захопяць яшчэ адзін, нават большы па памерах англійскі параход - “Вялікабрытанію”. Але тут выйшла неспадзяванка. “Сэр Роберт Піл” стаяў на прычале, а запусціць катлы не было каму. Пазней Джонстан і Мак-Леад сцвярджалі, што ім на дапамогу павінны былі прыйсці яшчэ сто пяцьдзесят добра ўзброеных “патрыётаў” разам з вопытнымі механікамі. Але з іх ніхто не з’явіўся. Адпаведна, уся далейшая аперацыя губляла сэнс.



Параход “Вялікабрытанія”

Джонстан не хацеў, каб іх авантура прапала дарэмна. Ён ператварыў яе ў акт помсты. Паўстанцы падпалілі пусты параход і пусцілі яго ўніз па цячэнню. Яны крычалі “Памятайма “Кэралайн”!” Арганізаваць дэсант не ўдалося, дык хоць уцерлі нос ненавісным брытанцам.

Напад на брытанскае судна не прайшоў незаўважаны. Адміністрацыя ЗША была вымушана прызнаць, што гэтым разам Джонстан і яго людзі перайшлі ўсе разумныя межы. На іх пошукі былі кінуты дзясяткі шпікоў і канстэбляў. У знак добрай волі Вашынгтон дазволіў брытанскім жаўнерам свабодна заходзіць на амерыканскую тэрыторыю. Вялікі атрад з Канады перайшоў мяжу і пачаў прачэсваць астравы ў вусці ракі Св. Лаўрэнція. Для Джонстана гэта ўяўляла смяротную пагрозу. Калі яго схопяць амерыканцы, ён рызыкуе правесці некаторы час у турме. Калі ён трапіць у рукі брытанцам, яго чакае шыбеніца - як пірата і дэзерціра.

На шчасце, у ліпені 1838 года англічанам прыйшлося ўбрацца дадому. Іх прысутнасць на амерыканскім памежжы раздражняла мясцовых жыхароў. Яны не маглі сцярпець, што брытанцы зноў, як і пяцьдзесят гадоў таму, свабодна швэндаюцца па іх зямлі. Акрамя таго, мясцовае грамадства сімпатызавала Джонстану, а не яго ворагам.

Увесь гэты час стары пірат працяўгваў хавацца ў заблытаным лабірынце Тысячы астравоў. Ён мог бы рабіць гэта і далей, але жыццё ўцекача было яму ўжо не па гадах. Калі знікла непасрэдная небяспека, Джонстан пачаў прамацваць глебу наконт дабраахвотнай здачы. Аб тым жа яго прасілі яго дзеці, якія жадалі, каб бацька вярнуўся да спакойнага буржуазнага жыцця.

У лістападзе 1838 года ён даў сябе арыштаваць і трапіў пад суд за парушэнне Акта аб нейтралітэце. Пачаліся доўгія разбіральніцтвы. Джонстану інкрымінірывалі ўдзел у шэрагу паўстанцкіх акцый - па іроніі лёсу, як раз тых, да якіх ён на самой справе не меў дачынення. Суд яго апраўдаў, але Джонстана працягвалі трымаць пад арыштам (праўда, не ў турэмнай камеры, а ў нумары гатэля). Старому пірату надакучыла гэтая цяганіна, і ён збег з-пад варты. У снежні Джонстана схапілі зноў (ці, дакладней, ён сам дазволіў сябе схапіць). Наступную зіму ён правёў у турэмнай камеры ў Олбані. Нельга сказаць, што ён надта там бедаваў. Пірат карыстаўся адноснай свабодай, мог выходзіць у горад, прымаў наведвальнікаў. Яго дачка Кейт пасялілася разам з ім, каб аблегчыць бацьку нягоды зняволення.

Іх рэгулярна наведвалі журналісты. За гэты час Джонстан ператварыўся ў мясцовую знакамітасць. Многія прыходзілі ў турму, каб сваімі вачыма зірнуць на праслаўленага пірата. Шмат гаварылі і аб яго дачке, якая самаахвярна дапамагала свайму старому бацьке. Стала вядома, што пакуль Джонстан хаваўся на астравах, Кейт насіла яму ежу праз брытанскія патрулі. Уражаныя адвагай гэтай сціплай маладой жанчыны, некалькі чалавек нават зрабілі ёй прапанову, але яна адмовіла.

Джонстан адчуваў сімпатыю грамадства, і гэта давала яму надзею на шчаслівае вырашэнне яго справы. Так і адбылося. У красавіку 1839 года яго выпусцілі пад заклад. У гэты час двое яго старых падзельнікаў абрабавалі ў Верхняй Канадзе паштальёна. Падазрэнне пала на Джонстана, і ён у чарговы раз схаваўся ад правасуддзя.

Гэтая валтузня разцягнецца яшчэ на год. У жніўні 1839 г. Джонстана апазналі і арыштоўвалі ў Нью-Ёрку. Суддзя прызначыў заклад у 10 тыс. даляраў (потым сума была зменшана напалову). Пакуль ішлі разбіральніцтвы, стары пірат збег, але ў кастрычніку, калі пачало халадаць, дабраахвотна вярнуўся ў турэмную камеру. Зіму 1839 - 1840 гг. ён і Кейт правялі з адносным камфортам - у гарадской турме Олбані. Аднак халады прайшлі, сонца стала прыпякаць, і душа старога пірата запрасілася на волю. У маі 1840 г. ён узламаў замок у камеры і сышоў прэч - на гэты раз назаўжды. Больш за краты ён не вяртаўся.

“Ніякая турма не можа стрымаць мяне”, жартаваў Джонстан. Але апынуўшыся на волі, ён прыклаў немалыя намаганні, каб урэгуляваць свае адносіны з уладамі. Вясною 1841 года Джонстан падаў прэзідэнту петыцыю аб памілаванні. Яе падпісалі многія вядомыя дзеячы штату Нью-Ёрк. Адказ Ван Бурэна быў адмоўны. Ён небеспадстаўна лічыў, што беспарадкі на мяжы падарвалі яго імідж і прывялі да паразы на выбарах. Аднак праз дзесяць дзён Ван Бурэна на пасадзе змяніў Уільям Гарысан. Як і Джонстан, новы прэзідэнт быў ветэранам вайны 1812 - 1814 гадоў.

За сваё кароткае праўленне Гарысан не падпісаў аніводнага памілавання. Аднак Джонстана ніхто больш не чапаў. Наадварот, праз некалькі гадоў ён атрымае пасаду наглядчыка маяка на адным з Тысячы астравоў - зусім недалёка ад месца, дзе ён пусціў на дно брытанскі параход “Сэр Роберт Піл”. Відаць, у старога пірата знайшліся магутныя заступнікі і ў сталіцы, і на малой айчыне…

Яшчэ пры жыцці вакол вобраза Джонстана круцілася нямала недарэчных легендаў. Ён стаў персанажам мясцовага фальклёру. На берагах Антарыа маці палохалі яго імем непаслухмяных дзетак. На самой справе Джонстан вельмі мала нагадваў класічнага пірата з прыгодніцкіх кніжак. Гэта быў звычайны добрапрыстойны джэнтльмен, які час ад часу трапляў у складаныя сітуацыі. Насуперак народнай пагалосцы, няма ніякіх звестак, што з часоў вайны 1812 - 1814 года ён забіў хоць аднаго чалавека. А для нашай гісторыі ён важны тым, што адпомсціў брытанцам за спаленую на Ніягарскіх вадападах “Кэралайн”.



Луіс Рэмі Міньё. Ніягарская вадаспады. 1866 г.

(Працяг будзе)
Previous post Next post
Up