(Працяг. Пачатак
тут)
Зіма ў Гуроніі
Падарожжа назад таксама не абышлося без прыгодаў. Спачатку ўсё ішло добра. На беразе Антарыа гуроны знайшлі свае каноэ там, дзе іх пакінулі. Вось быў бы канфуз, калі б іракезы знішчылі чоўны!
Індзейцы перабраліся на паўночны бераг. Цяпер яны рушылі назад у сваю краіну. Шамплейн прасіў, каб яго суправадзілі ў Квебек. І тут сталі ўзнікаць замінкі, адна за адной. Спачатку ніхто не хацеў ісці з ім. Потым, калі ў рэшце рэшт знайшліся чацвёра праваднікоў, аказалася, што няма лішняга каноэ. Шамплейн адчуваў, што гэта ўсё зачэпкі, а на самой справе гуроны проста не хочуць яго адпускаць. Яны ўсё робяць для таго, каб ён перазімаваў разам з імі.
Шамплейн думаў, што гуроны банальна апасаліся іракезаў. Насамрэч, іх матывы маглі быць больш складаныя. Шамплейн увогуле слаба разумеў іх ментальнасць. Гуроны ўспрымалі яго як ключавую асобу, на якой трымаецца альянс з Новай Францыяй (а значыць, і доступ да еўрапейскіх тавараў). Яны (наіўна) хацелі ўзяць яго пад кантроль, у ідэале - каб ён пастаянна пасяліўся ў іх.
Больш за ўсё гуроны баяліся, што Шамплейна “ўвядуць” іншыя плямёны. Зараз самы кароткі шлях у Квебек ад воз. Антарыа праходзіў па тэрыторыі, якую кантралявалі іракезы. Шамплейн мог трапіць да іх у палон. Альбо - яшчэ горш - наўмысна ўступіць з імі ў перамовы. Тады на змену франка-гуронскаму саюзу прыйдзе франка-іракезскі. Гэтага яны дапусціць не маглі, і Шамплейну воляй-няволяй прыйшлося ісці за імі.
Але яны ставіліся да яго з вялікай пашанай. Індзейцы разбіліся на маленькія групкі, і Шамплейна ўзяў да сябе адзін з найбольш уплывовых правадыроў - Аціронта.
Цяпер падарожнічалі няспешна. Дарога ад паўночнага берага Антарыа да воз. Гурон заняла амаль два месяцы. Набліжаліся халады, і воіны заняліся нарыхтоўкай правізіі. Адзін раз яны арганізавалі аблаўнае паляванне на аленяў. Яны паставілі ў лесе драўляныя загародкі, тры метры вышынёй і пад сотню, напэўна, даўжынёй, якія паступова звужваліся, пакідаючы толькі невялічкі праход на стыку. Затым частка індзейцаў пайшла праз лес; яны крычалі і стукалі дзеравякамі адна аб адну, гналі аленяў у імправізаваную кашару. А там ужо чакалі другія індзейцы і забівалі іх коп’ямі.
Паляванне на аленяў. З кнігі С. дэ Шамплейна.
Так за адзін прысест было здабыта 120 аленяў. Гуроны зрэзалі мяса і тлушч - іх трэба было даставіць у родныя паселішчы. Шамплейн з інтарэсам заўважыў, што кожны воін цягнуў ледзь не 40 кг прыпасаў.
Потым здарыўся непрыемны выпадак. Падчас палявання Шамплейн убачыў прыгожую птушку і пабег за ёй (што гэта была за птушка - невядома, але па апісанню выходзіць клёст). Раптам ён зразумеў, што забраўся далёка ў лес і адбіўся ад сваіх. Павярнуў назад і выйшаў у зусім незнаёмае месца. Так Шамплейн апынуўся адзін пасярод бяскрайніх лясоў Канады.
Ён тры дні так праблукаў, здабываючы ежу паляваннем (на шчасце, ружжо было з ім і запас пораху таксама). Нарэшце француз напаткаў на нейкі ручай і пайшоў уніз па цячэнню. Ён разлічваў, што гэта прывядзе яго да вялікага возера ці ракі. Так і адбылося. На беразе Шамплейн знайшоў пратаптаную сцежку і пакрочыў па ёй, і неўзабаве ўдалечыні з’явіўся слупок дыму.
Гэта аказаліся як раз індзейцы з атраду Аціронты. Абодва бакі былі рады, што ўсё абышлося. Гуроны не хацелі, каб іх абвінавацілі ў забойстве француза. Адгэтуль і надалей адзін індзеец заўжды суправаджаў яго, куды б ён не ішоў.
У канцы снежня 1615 г. Шамплейн прыбыў у Гуронію. Аванцюру з паходам на іракезаў можна лічыць завершанай. Усю зіму і вясну Шамплейн правёў сярод гуронаў, і нават з камфортам. Не будзем забываць, што ў іх краіне пражывала пэўная колькасць яго суайчыннікаў. Акрамя Бруле (чый лёс пакуль што заставаўся невядомы), гэта былі тыя дзесяць чалавек, якія хадзілі з Шамплейнам у паход (і аказаліся нявартыя ўзгадвання ў яго кнізе) і айцец Жазэф Ле Карон. Так што ў нашага героя была неблагая кампанія.
Каб не губляць часу дарэмна (і калі дазваляла надвор’е), Шамплейн у суправаджэнні Ле Карона наведваў суседнія плямёны, завязваў кантакты і вывучаў абстаноўку. Аднак гуроны вачэй з яго не спускалі, каб ён не знайшоў сабе іншых партнёраў.
Так, напрыклад, яго адгаварылі ад падарожжа да племені, якое пражывала на р. Ніягара, як раз паміж краінамі гуронаў і іракезаў, і знаходзілася ў міры з абодвума (у еўрапейскай традыцыі яно атрымала назву "нейтралаў"). Шамплейну сказалі, што падчас вайны з іракезамі адзін з нейтралаў нібыта загінуў ад французскай кулі, і цяпер іх племя жадае помсты.
Другое перспектыўнае падарожжа таксама сарвалося. Шамплейн у лютым 1616 г. завітаў да племені ніпісінг, якое зімавала ў зямлі гуронаў. Яны яшчэ раней абяцалі адвесці яго на поўнач, да мора (заліў Джэймс - паўднёвая частка Гудзонава заліва). Шамплейн усё яшчэ не губляў надзею знайсці праход з Атлантыкі ў Ціхі акіян, і прапанова ніпісінгаў яго вельмі цікавіла. Аднак зараз умяшаліся новыя абставіны, і яму прыйшлося тэрмінова вяртацца ў галоўны “горад” Гуроніі - Каягэ.
Справа была вось у чым. Племя алганкінаў пад кіраўніцтвам Іракета - даўняга саюзніка Шамплейна - таксама зімавала тут, побач з Каягэ. Гэта была звычайная практыка: паляўнічыя-алганкіны з прыходам халадоў ахвотна перабіраліся да земляробаў-гуронаў, якія не ведалі недахопу ў правізіі. Паміж плямёнамі былі прыязныя, хоць і няроўныя адносіны. Мы ведаем, што алганкіны Іракета суправаджалі гуронаў у іх вайсковых экспедыцыях. Яднаў іх і сумесны гандаль з французамі.
Аднак час ад часу ўзнікалі і канфлікты, адзін з якіх прыйшлося разбіраць Шамплейну ў пач. 1616 г. У гуронаў было некалькі палонных іракезаў, і яны перадалі аднаго з іх Іракету. Гуроны чакалі, што алганкіны заб’юць палоннага пакутлівай смерцю, як у іх было прынята. Аднак палонны аказаўся вельмі добрым паляўнічым, і Іракет не толькі захаваў яму жыццё, але і наблізіў да сябе.
Гуроны былі страшна раззлаваныя. Яны параіліся паміж сабою і адправілі аднаго воіна знішчыць палоннага, калі ўжо Іракет не хоча зрабіць гэтага сам. Воін-гурон прыйшоў да алганкінаў і двойчы ўдарыў іракеза ў жывот каменным нажом на вачах у іх правадыроў. Усё гэта было зроблена без якогасьці там папярэджання, хутка і рашуча. Раз’юшаныя алганкіны накінуліся на гурона і прыкончылі яго на месцы.
Гэта дало старт класічнай індзейскай вендэце. У адказ гуроны напалі на хіжыны алганкінаў, разбурылі і разрабавалі іх, і нават двума стрэламі паранілі Іракета. Паколькі сіла была не на іх баку, алганкіны запрасілі міру. Іракет гатовы быў аддаць 50 вампумавых караляў, чыгункі і жалезныя сякеркі, а таксама дзвюх палонных жанчын. А таксама Іракет адразу паслаў за Шамплейнам у надзеі, што той выступіць пасрэднікам. Ён нават заплаціў вампум ніпісінгам, каб тыя адмянілі падарожжа.
Шамплейн і сам добра разумеў, што нельга дапусціць вайны паміж яго двума ключавымі саюзнікамі. Ён паспяшаўся ў Каягэ, сабраў правадыроў і пераканаў іх памірыцца. Ён сказаў, што алганкіны нават і не думалі зацяваць сварку, а што датычыць палоннага, то яны зусім не мелі да яго нейкіх асаблівых сяброўскіх пачуццяў. Аб гэтым сведчыць хаця б тое, што пасля забойства алганкіны засмажылі і з’елі яго цела. І ў гібелі гурона яны, магчыма, не вінаватыя. Па словах сведкаў, калі гурон ударыў палоннага іракеза, той паспеў вырваць нож і двойчы пырнуць у адказ. Карацей кажучы, гуроны прынялі выкуп і канфлікт быў вычарпаны. Праўда, алганкіны бурчэлі, што ў наступную зіму не пойдуць у Каягэ, бо ўся гэтая гісторыя дорага ім каштавала.
Толькі ў канцы чэрвеня 1616 г. Шамплейн вярнуўся ў Квебек. Амаль год ён правёў сярод індзейцаў, прайшоў тысячы міляў па лясах і азёрах, штурмаваў крэпасць іракезаў, блукаў у гушчары, заводзіў новыя знаёмствы і нават папярэдзіў міжпляменную вайну. Гэта магло б стаць сюжэтам прыгодніцкага рамана. І як у любым рамане тут павінна быць таямніца - што сталася з Эцьенам Бруле і чаму Карантуан не прыйшоў гуронам на дапамогу?
Адысея Эцьена Бруле
Шамплейн нічога не ведаў пра лёс Бруле да канца красавіка 1616 г. Ён ужо збіраўся рушыць з Гуроніі назад у Квебек, калі прыйшлі першыя звесткі. Вярнуліся індзейцы, якія хадзілі з Бруле ў Карантуан. Аднак і яны не маглі даць дакладнай інфармацыі. Па іх словах, падчас вяртання з Карантуана ў Гуронію яны разышліся, і з таго часу нічога аб ім не чулі.
Сустрэча Шамплейна і Бруле адбылася амаль выпадкова, праз два гады. Гуроны прыйшлі гандляваць з французамі ў месца пад назвай Тры ракі (зараз - горад Труа-Рыўер на р. Св. Лаўрэнція на паўдарогі паміж Манрэалем і Квебекам). Аказалася, Бруле быў разам з імі. Цяпер ужо Шамплейн не мог упусціць магчымасці як след распытаць свайго агента. Яго цікавілі падзеі двухгадовай даўніны. Вось што распавёў перакладчык.
Па словах Бруле, ён у кампаніі гуронаў без прыгодаў дабраўся да Карантуана. Тамтэйшыя жыхары сустрэлі іх з усёй індзейскай гасціннасцю. Карантуанцы пагадзіліся паслаць воінаў на аблогу фартэцыі. Але затым пачаліся бясконцыя піры і танцы, і час быў страчаны. У выніку, калі карантуанцы падышлі да крэпасці (а яе ад іх вёскі аддзялялі ўсяго тры дні шляху), гуронаў і Шамплейна там ужо не было. Як сцвярджае Бруле, падмога спазнілася літаральна на два дні.
Карантуанцы вярнуліся ў сваё паселішча, і француз, замест таго, каб рушыць назад у Гуронію, пайшоў разам з імі. Ісці па варожай тэрыторыі адзін ён баяўся. Прыйшлося чакаць, пакуль карантуанцы выдзяляць яму належны эскорт, а гэта здарылася толькі наступнай вясною. Так што ўсю зіму 1615/1616 гадоў Бруле правёў у незнаёмай краіне.
Часу дарэмна ён не губляў і старанна абследваў новыя землі. Завітаў да суседніх плямёнаў і нават праплыў па рацэ, якая цякла (кажа Бруле) у бок Фларыды (г.зн. на поўдзень) і ўпадала ў акіян. Клімат там быў мягчэйшы, чым у Новай Францыі, абарыгены моцныя і ваяўнічыя, але многія вобласці выглядалі незаселенымі. Мясцовыя жыхары з прыязню ставіліся да французаў, а галандцаў, наадварот, недалюблівалі за іх жорсткі нораў.
Вясною Бруле зазбіраўся дадому, і карантуанцы паслалі з ім сваіх воінаў. Далейшая гісторыя пабудавана па схеме “цудоўнае выратаванне француза з рук крыважэрных дзікуноў”. Праходзячы па варожых землях, Бруле адбіўся ад сваіх спадарожнікаў і тры дні швэндаўся па лесе, пакуль не выйшаў да нейкіх індзейцаў. Гэта аказаліся іракезы. Спачатку яго прынялі добра, накармілі-напаілі, але калі даведаліся, што ён француз, іх тон рэзка змяніўся. Індзейцы звязалі Бруле і пачалі катаваць - выдзіралі пазногці і воласы з барады, прыпальвалі цела лучынамі. Адзін з іракезаў працягнуў руку, каб сарваць з яго шыі медальён Agnus Dei. “Не рабі гэтага, - папярэдзіў Бруле. - Мой Бог раззлуецца і заб’е цябе і тваю сям’ю”. Як па сігналу, неба завалакло хмарамі, бліснула маланка і раздаўся ўдар грому.
Індзейцы страшна напалохаліся і перадумалі забіваць Бруле. Наадварот, яны вызвалілі яго, перавязалі раны і праводзілі ў краіну гуронаў. Яны завяралі яго, што хочуць сябраваць з Францыяй, і Бруле, канешне, абяцаў, што пасадзейнічае.
У завяршэнне ён сказаў, што ўжо пасля вяртання праплыў на лодцы ўздоўж паўночнага берага воз. Гурон і ў наступным плануе працягваць свае вандроўкі ў тым кірунку.
Вось такую гісторыю перакладчык прад’явіў Шамплейну, і таму нічога не заставалася, як прыняць яе. Цяжка сказаць, паверыў ён ці не. У любым выпадку, яна не выклікала ў яго нараканняў. Ён нават паспачуваў Бруле, на чый лёс выпала столькі ліхтугаў. Шамплейн ухваліў яго план наконт воз. Гурон і адпусціў з мірам.
Відавочна, падарожжа невядома куды двухгадовай даўніны было ўжо для яго мала актуальна. А вось калі Бруле сапраўды абследуе рэгіён Вялікіх азёраў, гэта будзе рэальная карысць.
Цікава іншае. Аповяд Бруле змешчаны ў кнізе Шамплейна ад 1619 г. У наступным выданні - 1632 г. - увесь эпізод апушчаны. Можна падумаць, Шамплейн больш не лічыў яго праўдзівым ці вартым увагі. Аднак гэта не так. На карце Новай Францыі, складзенай Шамплейнам у тым жа 1632 г., ёсць і паселішча Карантуан, і нават прыблізны маршрут Бруле. Так што прычына ў чымсьці іншым. Магчыма, Шамплейн так раззлаваўся на Бруле, што выкрэсліў яго са сваіх тэкстаў. (Гісторыя іх сваркі прыведзена ніжэй).
Цяпер прыступім да аналізу. Канешне, Бруле мог выдумаць усё ад пачатку і да канца. Але, усё ж такі, дапусцім, што ў яго аповядзе былі і крупінкі праўдзівай інфармацыі. Пачнем з другой часткі. Пра сваё цудоўнае выратаванне Бруле ў 1620-я гады раскажа французскаму місіянеру Габрыэлю Сагару. У кнізе Сагара эпізод з Agnus Dei прыведзены амаль у тым жа выглядзе, што і ў Шамплейна. Выглядае, быццам Бруле прыйшлася даспадобы гэтая байка, і ён ахвотна пераказваў яе розным людзям. Наконт цуда Сагар скептычна заўважае, што Гасподзь дапамагае нават горшым людзям, чым Бруле. Дарэчы, пра падарожжа Бруле ў Карантуан у кнізе Сагара нічога не гаворыцца і няма ніякага тлумачэння, як ён трапіў да індзейцаў у палон. Відавочна, дла каталіцкага святара нябесная азнака цікавая сама па сабе.
Калі адкінуць містыку з медальёнам і навальніцай, выглядае, быццам іракезы спрабавалі праз Бруле ўсталяваць гандлёвыя адносіны з Францыяй. Практыка, калі еўрапейца спачатку збіраюцца рытуальна катаваць, а потым у апошнюю хвіліну адпускаюць, шырока вядома і па іншых крыніцах (узяць хаця б таго ж Джона Сміта і Пакахонтас). Відавочна, частка іракезаў шукала выхад на французаў, а Бруле абяцаў дапамагчы. Эпізод з медальёнам мог быць уведзены для большага драматызму.
Цяпер пераходзім да галоўнага - лакалізацыя Карантуана. Гэтае пытанне ўжо даўно турбуе гісторыкаў. Справа ў тым, што ніводны пазнейшы падарожнік не ўзгадвае гэтае паселішча. Аповяд Бруле ў пераказе Шамплейна - адзіная крыніца, дзе аб ім гаворыцца. У адрозненні ад Шамплейна, Бруле амаль нічога не кажа пра свой маршрут. Вядома, што Карантуан стаяў у трох днях шляху ад “энтуанаронаў” (іракезаў) і ў сямі днях - ад галандскіх гандлёвых пляцовак. З галандцамі жыхары Карантуана сутыкаліся непасрэдна (і нават захапілі аднойчы траіх, але адпусцілі). І нарэшце, Бруле сцвярджае, што там была вялікая рака, якая цякла ў акіян.
Вось, у прынцыпе, усё, што мы ведаем. На падставе гэтых звестак Шамплейн размясціў Карантуан на сваіх картах Новай Францыі 1619 і 1632 гадоў. Хаця яго ўяўленне аб тых мясцінах было вельмі цьмянае, выглядае, быццам Карантуан мог знаходзіцца дзесьці ў раёне сучаснага штата Пенсільванія. А рака, адпаведна, альбо Дэлавэр, альбо Саскехана.
Самуэль дэ Шамплейн. Карта Новай Францыі. 1619 г
Самуэль дэ Шамплейн. Карта Новай Францыі. 1632 г.
Калі англійскія каланісты ў пач. XVII ст. пачалі асвойваць тэрыторыі сучаснага Мэрыленда і Пенсільваніі, сярод мясцовых плямёнаў іх найбольш уразілі саскеханокі. Гэта быў народ сапраўдных воінаў - усе як адзін велічэзнага росту, моцныя і грозныя. Нават еўрапейцы іх пабойваліся. Саскенахокі гаварылі на адной з іракезскіх моваў, але ў склад Лігі Пяці нацый не ўваходзілі, трымаліся асобна. Жылі яны ўздоўж рэк Саскехана і Дэлавэр. Лёс іх, як і ў большасці плямёнаў, склаўся трагічна, але гэта было ўжо пазней.
Сярод навукоўцаў існуе кансэнсус, што менавіта саскеханокі былі тымі саюзнікамі, якія абяцалі прыслаць пяць сотняў воінаў на дапамогу гуронам. Менавіта да іх была адпраўлена дэлегацыя, у іх паселішчы Бруле правёў зіму 1615/1616 гг.
Карантуан знаходзіўся ў трох днях шляху ад крэпасці іракезаў, але дзе дакладна? Пэўную падказку дае карта Шамплейна 1632 г. Побач з паселішчам там паказана нешта, падобнае да вялікага кургана. Відавочна, Шамплейн абапіраўся на нейкія звесткі ад Бруле, якія не трапілі ў асноўны тэкст кнігі. Паколькі ніякіх іншых зачэпак няма, гісторыкі кінуліся шукаць узвышша. У кан. ХІХ ст. ужо знаёмы нам генерал Кларк абвясціў, што на яго ролю лепш за ўсё пасуе ўрочышча Спэніш Хіл - вялікі пагорак з плоскім верхам на самай мяжы штатаў Пенсільванія і Нью-Ёрк. Ён як раз знаходзіўся на патрэбнай адлегласці ад Нікалз Понд (па Кларку - месцазнаходжанне іракезскай фартэцыі). У ХХ ст. Спэніш Хіл вывучалі археолагі, аднак надзеі не спраўдзіліся. Індзейскіх артэфактаў было знойдзена вельмі мала, і яны мелі выпадковы характар.
Спэніш Хіл
Навуковая грамадскасць падзялілася на "фантазёраў" і "скептыкаў". Да ліку першых адносіцца даследчыца Дэб Твіг (яна нават вядзе
адмысловы сайт, прысвечаны Карантуану). Яе аргументы на карысць Спэніш Хіл наступныя:
а) Шамплейн / Бруле не кажуць, што Карантуан знаходзіўся менавіта на пагорку; магчыма, паселішча было дзесьці побач;
б) на працягу двух стагоддзяў на Спэніш Хіл працавалі фермеры, і яны даўно павыкопвалі ўсе артэфакты;
в) археолагі-аматары, якія даследвалі пагорак у пач. ХХ ст., утойвалі знаходкі і прадавалі іх у прыватныя калекцыі.
Тым не менш, на сённяшні дзень большасць даследчыкаў схіляецца да думкі, што Карантуан знаходзіўся ў гэтым рэгіёне, але ў нейкім іншым месцы.
У першай частцы эсэ я сказаў, што ёсць версія, быццам Бруле падчас свайго падарожжа наведаў Ніягарскія вадаспады. Адкуль гэта ўзялося? Пачнем з таго, што ніякіх звестак пра маршрут Бруле ў Карантуан у кнізе Шамплейна няма. Аднак відавочна, што гэты маршрут адрозніваўся ад таго, па якому рухалася асноўнае войска. Гуронская дэлегацыя павінна была абмінуць варожыя землі.
На карце Новай Францыі 1632 г. мы бачым пункцірную лінію, якая вядзе ад чагосьці на захад ад воз. Антарыа (на самой справе там воз. Эры, але на карце яно паказана ўмоўна) на поўдзень і па шырокай дузе на ўсход (так, каб землі іракезаў засталіся “зверху”), пакуль не ўпіраецца ў Карантуан. Прынята лічыць, што так Шамплейн паказаў маршрут Бруле. Калі верыць карце, гуронская дэлегацыя абышла іракезаў з захаду і поўдню.
З пач. XVII ст. еўрапейскія першапраходцы ведалі пра т.зв. акружны гандлёвы шлях, які звязваў Гуронію і тэрыторыю суч. Пенсільваніі і Вірджыніі ў абыход краіны іракезаў. Магчыма, менавіта ён паказаны пункцірам на карце Шамплейна. Магчыма таксама, менавіта па ім прайшлі Бруле і яго спадарожнікі.
Найлепей вядома паўночная частка гэтага шляху, якая мае назву “таронтаўскі маршрут”. Ён злучае краіну гуронаў і паўночны бераг воз. Антарыа. Апошні адрэзак праходзіць па р. Хамбер, якая ўпадае ў Антарыа як раз у раёне суч. Таронта. Гэты шлях актыўна выкарыстоўваўся індзейцамі і еўрапейскімі траперамі да пач. ХІХ ст. Цалкам лагічна, калі Бруле і гуроны выбралі яго для свайго падарожжа.
Фрэдэрык Чэленер. Эцьен Бруле ў вусці р. Хамбер. 1956 г.
Такім чынам, нацбольш іх верагодны маршрут сапраўды праходзіў недалёка ад Ніягары. Але бачыў Бруле знакамітыя вадаспады ці не - адказ залежыць ад таго, у якім месцы ён і таварышчы пераправіліся праз азёры. Гэта можа быць заходні край Антарыа, усходні край Эры альбо р. Ніягара, якая злучае абодва вадаёмы. У апошнім варыянце вадаспады былі прама на яго шляху. Паколькі ніякай інфармацыі няма, можна толькі фантазіраваць. У сяр. XVIIІ ст. на р. Ніягары каля вадаспадаў праходзіла сцежка, па якой індзейцы перацягвалі свае каноэ. Ці існаваў гэты маршрут на 150 гадоў раней - невядома.
Як бачым, Эцьен Бруле сапраўды мог праходзіць каля Ніягарскіх вадаспадаў - і стаць, тым самым, першым еўрапейцам, які пабываў там. Аднак яго маршрут рэканструяваны вельмі гіпатэтычна. У любым выпадку, Шамплейну ён нічога не сказаў пра вадаспады. Няўжо яны так мала ўразілі яго? І нават калі ён і сказаў нешта, Шамплейн ніяк не адзначыў гэта ў кнізе. На яго позніх картах Ніягарскія вадаспады выглядаюць так жа сціпла, як на самай першай.
Так ці інакш, Бруле ўвайшоў у гісторыю як сапраўдны піянер. Калі яго аповяд праўдзівы, у 1615 - 1616 гадах ён прадпрыняў незвычайнае, поўнае небяспекаў падарожжа з Канады ў бок сучаснага штата Пенсільванія. Трапіўшы да саскэханокаў, ён працягваў свае вандроўкі. Нажаль, рэальны маштаб яго адкрыццяў невядомы. Бруле не пакінуў ніякіх запісаў, і аб яго прыгодах мы ведаем выключна з чужых слоў.
(Працяг будзе)