Дзядька Юзік-сталяр вучыў свайго сына Вітальку лічыць... Пальцы няспешна свае загінаў. Спачатку на левай руцэ - пяць. Потым на правай - тры… Пяць на левай, на правай - тры. Мой аднакласнік Віталька толькі восем і скончыў, а потым - турма. Столькі ж пальцаў было ў Куцапалага Юзіка.
** МАЛАКО У ранішнюю каву лію малако... Звычка, Завядзёнка. Ніколі не задумваўся пра тое, што малако -- першая ежа чалавека. Успомніў, як асцярожна мама ставіць на стол поўны кубак. Асцярожна і беражліва, бо ён наліты ўкрай і мне даводзіцца нагінацца, каб зрабіць першы глыток. Сёння, раптам, задумаўся і разліў малако...