Рэканструкцыя выгляду Старога замка часоў Вітаўта ў Горадні

Mar 11, 2013 14:35



Паўтары гады назад зьвярнуў увагу, што рэканструкцыя Старога замка часу Вітаўта, выкананая Я. Вайцяхоўскім, з цяжкасьцю стасуецца са знакамітай выявай замка на гравюры Адэльгаўзэра ( тут і тут). Тады ўзьнікла ідэя, што брамай магла быць вежа, рэшткі якой захаваліся над стромам Нёмана. Аднак, адной "гульні ў 3D" не хапала, каб больш-менш упэўнена выступіць з гэтай ідэяй.

Нядаўна з дапамогай спадарыні Н. Сьліж натрапіў на апісаньне Старога замка 1578 года, зробленае літаральна за колькі год да яго грунтоўнай перабудовы на загад Стэфана Баторыя. Гэты інвентар быў знойдзены Ю. Ядкоўскім і ў 1923 годзе апублікаваны ў кнізе "Grodno" (кніга ў pdf ёсьць тут). Гэтае апісаньне, шэраг іншых пісьмовых, іканаграфічных крыніц, а таксама вынікі археалагічных дасьледваньняў прымусілі мяне яшчэ больш крытычна паставіцца да канцэпцыі Вайцяхоўскага, якая на цяперашні час з'яўляецца амаль кананічнай.

На пачатку шэраг рэканструкцый Старога замку. Ю. Ядкоўскі, 1923:



"Кананічны" варыянт Т. Андрэячыка на аснове дасьледваньняў Я. Вайцяхоўскага, 1938:



Рэканструкцыя, апублікаваная ў кнізе А. Краўцэвіча, 1993 (напэўна, на аснове археалагічных даследваньняў А. Трусава):



Інвентар 1578 года:

"Інвентар прыёму двару гарадзенскага староства і іншага мною, Станіславам Лакніцкім, сакратаром Яго Мосці Караля, учынёны у 1578 годзе.

Замкавыя будынкі.

Найперш мураваны гарадзенскі замак на гары, у якім чатыры вежы, а вакол апаўшыя бланкі.

Найперш вялікія падвойныя вароты на завесах ад Нёмана. Пры тых варотах узвод. Пад тымі варотамі турма для саджання злачынцаў, у якой акной з зашчэпкай. Там жа грамада цэглы. Над гэтымі варотамі вежа. У той вежы святліца. Апаўшыя жалезныя дзверы, што на зямлі ляжаць. З той ізбы усходы ў склеп. Усходы на гару драўляныя. Каля той вежы апаўшы гнілы ганак. Ад той вежы, ідучы па правым баку навокал, другая вежа ад ракі Нёмана, пад якой пограб. Дзверы на завесах. Над ім склеп, у якім дзверы на завесах з зашчэпкай, калодкай . Над тым склепам другі склеп. Дзверы на завесах. З яго драўляныя ўсходы на гару. Каля той вежы муру выпала на стаю , якая задылявана тарчыцамі у сем праслаў. Трэцяя вежа ад места. У ёй склеп. На доле дзверы на завесах. Над тым склепам другі склеп. У гэтай вежы апаўшыя дряўляныя усходы. Чацвёртая вежа круглая, у якой усходы высокія аж да верху, каля якіх фортка да двара. Дзверы на завесах з вялікай калодкай для замыкання. Там ля тых дзвярэй дзве вялікія куны для замыкання дзвярэй.

Наперадзе замка пры муры апаўшы драўляны свіран . Двое дзвярэй на завесах з зашчэпкамі, ўсходы два. Пад імі два мураваныя паграбы. У адным пограбе драўляная крата. Там жа дзве драўляныя ізбы без верху."

Галоўнай памылкай Я. Вайцяхоўскага, як нам падаецца, было перакананьне, што гатычная брама разьмяшчалася недзе паблізу ад пазьнейшай брамы баторыевага замку. Гэта прымусіла яго адсунуць круглую вежу-бергфрыд на поўнач, а ў вежы, рэшткі якой захаваліся над стромам Нёмана, бачыць крайнюю левую вежу, што бачна ў Адэльгаўзэера. Ніжэй - план замку з абазначэннем рэшткаў муроў розных часоў, выяўленых Я. Вайцяхоўскім і ягоная рэканструкцыя:





Мы ў сваю чаргу адштурхоўваліся ад дапушчэння, што брама размяшчалася над стромам Нёмана, а круглую вежу разьмясьцілі там, дзе Вайцяхоўскі лакалізаваў браму.

Слабаабгрунтаваным з'яўляецца сьцьвярджэньне Вайцяхоўскага аб існаваньні гатычнага палацу на месцы пазьнейшага баторыяевага палацу. Інвентар 1578 года пра яго не згадвае, а археалагічныя дасьледваньні пад кіарўніцтвам А. Трусава не выявілі будаўнічага слою, які можна было б зьвязаць з палацам. Падмуркі ж з часу Вітаўта, што Вайцяхоўскі знайшоў пад палацам Баторыя, больш слушна зьвязваць з "драўляным сьвірнам, які стаяў на двух мураваных паграбах".

Палац Вітаўта, на нашу думку, месьціўся ў "другой вежы ад Нёмана", пра якую згадвае інветнар 1578 года. Сама ж вежа стаяла не на рагу замкавых муроў, а на т.зв. "казематах", адкапаных яшчэ Ядкоўскім. Гэтыя "казематы" з'язляліся пограбам палацу, над якім узвышалася яшчэ два паверхі. Другі паверх узвышаўся над сценамі і бачны ў Адэльгазера. У сваю чаргу сьцьвярджэньне аб існаваньні вежы на заходнім рагу замкавых муроў не пацьвярджаецца археалогіяй.



Свае думкі наконт архітэктуры Старога замку ўвасобіў у 3D мадэлі, шэраг рэндэраў зь якой прапаную ніжэй. Больш грунтоўна свой варыянт рэканструкцыі замка зьбіраюся прадставіць на канферэнцыі ў Міры ў канцы красавіка, а затым у асобным артыкуле. Гэтым жа допісам хацеў зьвярнуць увагу неабыякавых да гэтай тэмы. Каментары, заўвагі і крытыка былі б мне вельмі карыснай.

Сама 3D мадэль апроч рэканструкцыі віду замка дала магчымасьць зрабіць пэўнае дапушчэньне адносна таго, як М. Цюнт выканаў малюнак замка. Сам сілуэт замка мастак зрабіў з кропкі, зь якой ён рыхтаваў агульную панараму Горадні, а скончыў маляваць з іншай кропкі, бліжэй да Каложы. У дадзеным выпадку, апроч уласнага аналізу архітэктуры замку я сьледую меркаваньню Н. Сьліж, якая прыйшла да такой высновы на аснове аналізу выявы Каложскай царквы. Дамалёўваючы замак з іншага боку Цюнт літаральна "павярнуў" фасады ўсіх будынкаў. У выпадку царквы і брамы Ніжняга замку (у канцы драўлянага маста) - гэта відавочна, бо мастак проста не мог бачыць іх фасады з першай кропкі. У выпадку ж палацу і брамы Старога замку гэта вынікае з параўнаньня з характарам падмуркаў будынкаў: брама была выцягнута па лініі поўнач-поўдзень, ад палац - па лініі ўсход-захад.

Гравюра Цюнта:



Мадэль (шэрым абазначаны некаторы дамінанты, якія можна лакалізаваць з дапамогай шведскай мапы 1655 года):



Сам замак:





Пры параўненьні гэтых малюнкаў варта ўлічваць, што сьцяна за "другой вежай над Нёманам", ці палацам на час падрыхтоўкі малюнка абвалілася, што адзначна ў інвентары 1578 года.

Прыкладна адсюль Цюнт дамалёўваў замак:



Яшчэ колькі больш-менш удалых рэндэраў:











ФАРТЫФІКАЦЫЯ, 3D рэканструкцыя

Previous post Next post
Up